Дзмітрый Дзёмушкін.

Дзмітрый Дзёмушкін.

Дзёмушкін — адна са знакавых фігур рускага нацыяналізму. Ён быў арганізатарам «рускіх маршаў», удзельнічаў у РНЕ, «Славянскім саюзе» і іншых радыкальна нацыяналістычных арганізацыях і групоўках. Расійскія ўлады каралі яго за экстрэмізм, 8 месяцаў Дзёмушкін правёў у калоніі. 

Яшчэ да пачатку так званай «спецаперацыі» Дзёмушкін крытыкаваў расійскія ўлады за іх пазіцыю па Украіне. З аднаго боку, ён, як класічны рускі шавініст, не прызнаваў асобнай ўкраінскай нацыі (лічыў большасць жыхароў Украіны рускімі), з іншага боку, лічыў вайну з украінцамі ненармальнай, бо для яго гэта была вайна адных рускіх супраць іншых «рускіх». 

«Чаму мяне пастаянна клічуць ваяваць за Рускі свет з рускімі? Мы адразу адназначна вырашылі, што не будзем ваяваць. Ва ўкраінцаў пад вайной з Расіяй разумеецца не вайна з тэрыторыяй або знішчэнне расейцаў, а барацьба з Пуціным і кампаніяй. Этнічнай вайны ва Украіне няма», — казаў ён у інтэрв’ю ў 2015 годзе.

«Рускія нацыяналісты не настолькі дурныя, каб прыняць гэтую ідэю: калі Пуцін з кімсьці не знаходзіць супольнай мовы, то гэты народ — наш вораг», — кажа ён.

У інтэрв’ю ён сцвярджаў, што расійскія ўлады яшчэ ў 2014 годзе прапаноўвалі яму ехаць на вайну ва Украіну. З ягоных слоў, на той момант віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Рагозін (цяперашні кіраўнік Раскосмасу), які дэкларуе ультраправыя погляды, яшчэ да акупацыі Крыма прапаноўваў яму сабраць радыкалаў і ехаць ва Украіну. Менавіта Рагозін, са слоў Дзёмушкіна, ужо тады займаўся адпраўкай баевікоў на ўсход Украіны.

«Гэта была афіцыйная размова. Гэта быў люты месяц, яшчэ да рэферэндуму ў Крыме, яшчэ да ўсіх гэтых рэчаў, калі я павінен быў стаць мэрам аднаго з буйных гарадоў і паехаць туды, сабраўшы нацыяналістаў», — успамінае Дзёмушкін, дадаўшы, што адмовіўся ад гэтай прапановы, бо разумеў, што гэта будзе «проста ўтылізацыя людзей».

Тут варта нагадаць, што ў рускім нацыяналізме ў 2014 годзе здарыўся раскол: частка нацыяналістаў паехала тады ваяваць ва Украіну, і многія апынуліся па розныя бакі барыкад. Некаторыя падтрымалі Украіну, апынуліся ў «Азове», іншыя — выступілі на баку ДНР і ЛНР. Дзёмушкін заняў трэцюю пазіцыю: ён выступіў рэзка супраць паездак рускіх нацыяналістаў ва Украіну.

Тады здарылася дзіўная рэч. З аднаго боку, расійскія ўлады і мэйнстрымныя палітычныя сілы перанялі нацыяналістычную рыторыку. З другога боку, з палітычнага поля амаль зніклі класічныя рускія нацыяналісты, і той раскол адбыўся, у тым ліку, па ўкраінскім пытанні.

«Усё, што там было зроблена, у канчатковым выніку было зроблена супраць інтарэсаў рускіх. Людзі пад сцягам «рускі свет», пад падставай абароны рускай мовы зрабілі рускаму народу самую вялікую мядзведжую паслугу. Не ведаю, за што яны там змагаліся, але для «самасційнасці» Украіны расійская ўлада зрабіла сёння больш, чым Сцяпан Бандэра і Уладзімір Ленін разам узятыя. Яны гэтую «самасційнасць» яшчэ б 200 гадоў спрабавалі выхаваць, а дзякуючы гэтым падзеям, яны сапраўды стануць асобнай дзяржавай і народам», — наракаў Дзёмушкін у 2019 годзе. 

«Я абсалютна не сумняваюся, што нашай уладзе па вялікім рахунку напляваць на ўсіх рускіх ва Украіне. Зараз іх турбуе толькі адно — каб сцэнар Майдану не паўтарыўся ў Расіі», — казаў ён.

Калі ж расійска-ўкраінская вайна перайшла ў гарачую, адкрытую фазу (тое, што ў Расіі назвалі «спецаперацыяй»), Дзёмушкін перайшоў да яшчэ больш вострай крытыкі. 

«Відавочна, што супраціў узброеным сілам Расіі аказваюць зусім не «фашысты-наркаманы», як гэта спрабуюць паднесці. У вайне ўдзельнічае рэгулярная украінская армія … Не бачу я і натоўпу радаснага народу, які вітае войскі, што «вызваляюць» іх ад фашызму. Буйныя гарады не здаюць, высокі ўзровень супраціву, інакш усё б ужо скончылася», — казаў ён.

«Вы можаце бясконца спасылацца на гісторыю, распавядаць пра развязаную васьмігадовую вайну ў Данецку, пра неабходнасць і вымушанасць, але ніхто ў свеце не зразумеў і не прыняў гэтай неабходнасці штурмаваць Кіеў.

Ніхто не верыць у вайну супраць нацыстаў і наркаманаў з мэтай вызваліць насельніцтва Украіны. У гэта ўжо дарэчы і нашы запісныя «патрыёты» не вераць», — дадаваў ён.

«Хай будзе Пуцін, казалі нам, толькі б не было вайны! Хай будзе Пуцін, а што, вы хочаце, як у 90-я, казалі яны. У выніку атрымаем і вайну, і найгоршы варыянт 90-х», — крытыкуе цяперашнія парадкі Дзёмушкін. 

«Вярнуцца ў СССР сённяшняя Расія ніяк не зможа. СССР меў у сваёй арбіце палову свету, гэта не толькі краіны Варшаўскай дамовы, але і шматлікія саюзнікі, на якіх быў ідэйна-палітычны ўплыў. Таму былі велізарныя рынкі тавараў, доступ да тэхналогій, вялікая доля ад сусветнай прамысловасці. РФ пахваліцца прамысловасцю і сябрамі сёння не можа. Таму ізаляцыя СССР гэта зусім не тое, што адбываецца цяпер з намі. Сёння вярнуцца ў СССР немагчыма, але магчыма прыйсці ў Паўночную Карэю», — кажа ён пра ізаляцыю краіны. 

«Усе самыя гнюсныя санкцыі і абмежаванні ў дачыненні да людзей увёў не Захад, а наш урад», — адзначае рускі нацыяналіст. 

«Грошы, што выдзяляліся на Украіну, паспяхова раскрадаліся чыноўнікамі і сілавікамі розных узроўняў, наўзамен Пуціна кармілі прыемнай дэзынфармацыяй, што магло адбіцца на ключавых рашэннях. У выніку Украіна апынулася не проста прагулкай і вызваленнем насельніцтва ад «фашыстаў-наркаманаў», а вялікай праблемай. Нечакана моцны супраціў нават у рускамоўных гарадах Паўднёвага ўсходу справакаваў ланцуговую рэакцыю свету», — апісвае ён сваё бачанне падзей. 

«Мы жывём у дзіўны час. Калі брутальныя нацыяналісты выступаюць за мір, а мірныя прыхільнікі партыі ўлады і музыкі патрабуюць крыві, вайны і бамбёжак», — піша Дзёмушкін. 

«Амаль 100 дзён кровапралітнай братазабойчай бойні паміж Расіяй і Украінай. Катастрофа для людзей, якія думаюць, была відавочная з самага пачатку, як і абсурднасць будаўніцтва «рускага свету» падобным чынам. Але і праз сто дзён крывавай бойні яшчэ шмат тых, хто патрабуе яе весці і нарошчваць, аж да апошняга рускага. Ім ужо складана сфармуляваць, якія мэты ставіліся першапачаткова для «спецаперацыі» і якія вынікі атрыманы на выхадзе вайной. Вайна ўжо можа быць проста дзеля вайны, бо адступіць нельга, адступіць значыць прайграць, прызнаць пралікі і памылкі уладаў. А гэта немагчыма, Акела не прамахваецца», — адзначае грамадскі дзеяч. 

«Непрыхаваная істэрыя захапіла федэральныя тэлеканалы расійскага тэлебачання. Прапаганда нянавісці, злосці, выключнасці, распальвання варожасці, нацыянальнай нецярпімасці стала звычайнай справай», — абураецца рускі нацыяналіст. 

Клас
140
Панылы сорам
2
Ха-ха
10
Ого
21
Сумна
1
Абуральна
2