Грамадства

«Аднойчы дэпутат пакрыўдзіўся, што мы параўналі яго з бамжом». Як цяпер жыве фельчар Сумкін, на стрым да якога завітала Ціханоўская

Фельчар і блогер з Гродна Фёдар Сумкін многім стаў вядомы пасля таго, як да яго стрыму далучылася Святлана Ціханоўская. Дзевяць год ён працаваў на «хуткай». «Наша Ніва» звязалася з Сумкіным, каб даведацца пра яго цяперашнюю працу, рэаліі медыцыны, вясёлыя і не вельмі гісторыі пацыентаў, яго аповеды, якія цытуюць на школьных іспытах, ды шмат пра што іншае.

Усе фота: асабісты архіў

У мінулым верасні Фёдар з'ехаў у Польшчу, дзе ўладкаваўся на працу ратавальнікам. Аднак пры гэтым не перастаў здымаць сатырычны блог. 

«Наша Ніва»: У чым прынцыповая розніца паміж беларускім медыцынскім «федльдмаршалам», як ты сам сябе характарызаваў, і польскім ратаўніком?

Фёдар Сумкін: У зарплаце (смяецца). Тут можа накідваць галаўнога болю такая ж лухта, што і ўнутры саветскай сістэмы аховы здароўя — бюракратыя, скаргі не па адрасе, беспадстаўныя выклікі і гэтак далей. Але ацэньваецца ўсё значна вышэй, чым беларускія ганарары ў 600 рублёў.

Дарэчы, тут увогуле цікава з сістэмай заробкаў. Шмат хто афармляе дамовы кшталту айчынных ІП ды атрымлівае грошы брута, пасля чаго сам сплачвае падаткі. Профіт такой мадэлі ў неабмежаваных магчымасцях: можаш узяць працы столькі, колькі пажадаеш. Загрузка штатнага супрацоўніка рэгулюецца строгімі правіламі — з нармаванымі рэжымамі працы ды адпачынку. А «фрыланс» дазваляе хоць чацвёра сутак запар не вылазіць з выклікаў. І калі не памрэш ад гэтай інтэнсіўнасці, атрымаеш мех грошай.

Да таго ж у Польшчы зусім іншае стаўленне да хуткай дапамогі, як да медыцынскага сэрвісу. Мы як прызвычаіліся? Кашлянуў неяк дзіўна альбо атруціўся пасля святаў — і адразу тэлефануеш 103, пасля чаго брыгада абавязкова прыязджае. У Польшчы ж ты звяртаешся па дапамогу, маўляў, тэмпература 40, галюцынацыі ды нейкае раздражненне скуры, а ў адказ чуеш: «Ну, калі ты здолеў націснуць пальцамі кнопкі слухаўкі ды маеш ногі, руш, даражэнькі, у лякарню». Хуткая дапамога займаецца выключнымі выпадкамі, калі чалавека сапраўды трэба тэрмінова ратаваць.

«НН»: Твая цытата: «Вялікая медыцына пачынаецца з аднаразовай коўдры». Можаш патлумачыць на прыкладзе, чаму?

ФС: Першае, што прыемна кідаецца ў вочы, калі пачынаеш працаваць у польскай медыцыне, — аднаразовы матэрыял у безлімітным доступе ды яшчэ розных памераў, калі патрэбна. І ты разумееш, што пасля ўжывання ніхто не будзе мыць нейкія трубкі альбо сціраць сіліконавыя пальчаткі. Ніхто не будзе эканоміць на пластырах, калі чалавеку трэба заклеіць рану. Ніхто не будзе трымаць пад ветэранам увесь дзень судна, каб яно цалкам «запоўнілася», а адразу ж выкіне аднаразовую ёмістасць…

Карацей, усё арыентаванае на тое, каб і лекару, і чалавеку, што ў лякарню паступіў, было камфортна: каб мінімізаваць рызыку заразіцца чым-небудзь, каб абодва бакі адчувалі сваю годнасць.

У Беларусі такога няма і блізка. Ты прыходзіш у амбулаторыю, кажаш: «Дайце пальчаткі». А табе прэтэнзія: «Куды мінулы камплект падзеў? Учора ж давалі. Што значыць «аднаразавыя»? Давай там эканомней: спаласні іх, падсушы — і норм будзе».

«НН»: Яшчэ адзін твой выраз, які тычыўся ключавога прынцыпу постсавецкай медыцыны: «Хто апошні кранаў цела, той ідзе ў пракуратуру». А што скажаш на гэты конт адносна Польшчы?

ФС: У краінах кшталту Беларусі, Украіны, Расіі лекарская ментальнасць прыблізна аднолькавая: калі чалавеку стане блага на вуліцы, ніхто не пойдзе яго ратаваць. Хай сабе ты найлепшы спецыяліст у сусвеце, але калі ідзеш з крамы, то маеш у руках пакет малака, пачак цыгарэт ды запалкі. І з такім наборам прыстасаванняў наўрад ці каго ўтрымаеш на гэтым свеце.

Як вынік, ментальнасць постсавецкага доктара спрацоўвае аўтаматычна: калі палезеш, але не ўратуеш, то ў адпаведнасці з заканадаўствам, пасля можаш атрымаць па поўнай праграме — з перспектывай турмы…

Існуе нават чорны жарт: маўляў, калі ў людным месцы нехта страціць прытомнасць, з натоўпу навокал гэтай асобы адразу стане хутка-хутка збягаць адзін чалавек. Гэта доктар.

У Польшчы ўсё зусім інакш. Дзеці з самага ранняга ўзросту пачынаюць пакрысе атрымліваць веды па медыцынскай падрыхтоўцы — да іх прыходзяць спецыяльныя настаўнікі, тлумачаць меры бяспекі, паказваюць, як дапамагчы адно аднаму спачатку ў элементарных, а пасля ў больш складаных сітуацыях.

Акрамя таго, велізарная ўвага абароне здароўя і ратаванню жыцця надаецца на стандартным працоўным узроўні. Напрыклад, шараговае прадпрыемства складаецца з некалькіх аддзелаў. І дзесьці раз на год дырэктар вырашае: трэба, каб кожны яго падначалены ўзнавіў базавыя медыцынскія веды. Ён тэлефануе ў прыватную медыцынскую кампанію, якіх тут шмат, ды пакідае запыт: дайце курс, каб нават Валя-бухгалтарка стогадовая зразумела, што рабіць пры форс-мажорах.

Пасля прыязджае брыгада з манекенамі, прыладамі неабходнымі ды выкладае так, што не толькі Валя, а кожны з яе паплечнікаў здолее пасля чалавеку на вуліцы дапамагчы.

Вось табе рэальны прыклад. Мясцовы паліцэйскі ехаў на працу і патрапіў у затор. Выйшаў з машыны, каб высветліць, што да чаго, ды ўбачыў, што вадзіцель гадоў 60, з-за якога ўсе спыніліся, страціў прытомнасць. Коп выбіў шкло, выцягнуў мужыка на зямлю, пачаў рэанімаваць, бо зразумеў, што сэрца дало збой. Побач пажарныя спыніліся, таксама далучыліся — выцягнулі аптэчку, выклікалі дапамогу. І вось пакуль прыехала «хуткая», ужо амаль нябожчыка з таго свету выцягнулі. Той дацягнуў да лякарні — і цяпер жыве сабе цудоўна. Вось зладжаная праца людзей, якія не «кінулі дурное», а рабілі тое, чаму іх вучылі з дзяцінства

«НН»: Ці змянілася тваё стаўленне да платнай медыцыны пасля працы ў Польшчы?

ФС: Чалавек пачынае нешта з паслуг цаніць толькі тады, калі аддае за гэта грошы. Як толькі штосьці перападае задарма, стаўленне мяняецца. Ты ж часта чуеш у беларускіх лякарнях, як дарослыя людзі крычаць на медыкаў, абураюцца ўмовамі, у якіх ідзе прыём, пагражаюць пісаць у Следчы камітэт, праўда? Дык вось, у Польшчы такога не пачуць, бо ніхто з працаўнікоў не адрэагуе. Усім пофіг: персаналу не хапае, урач адзін, працуе як можа. Таму час чакання ў прыёмным пакоі тут можа скласці восем гадзін!..

Мы не ўмеем цаніць тое, што маем. Вось лічы: у Польшчы просты візіт да лекара, каб ён на цябе паглядзеў — 60 нашых рублёў, столькі ж каштуюць аналізы, якія абавязкова прызначаць. Пасля доктару што-небудзь не спадабаецца і ён выдасць накіраванне на УГД — рыхтуйся выдаткаваць яшчэ 150 рубасаў. Плюс усялякія дробязі, якія агулам вывядуць сярэднестатыстычную асобу на 300 рублёў. Адчуваеш розніцу з Беларуссю — колькі б там не даводзілася праводзіць у чэргах?

Да таго ж тут ёсць яшчэ адзін важны нюанс. Чалавек так палічыць грошыкі, палічыць — ды і вырашыць сядзець на дупцы роўна. Маўляў, не так ужо моцна і баліць. А з-за гэтага можна прапусціць нешта сапраўды сур'ёзнае кшталту апендыцыта. Таму я быў бы шчаслівы, калі б у сістэмах аховы здароўя абедзвюх краін можна было б карыстацца нейкім сімбіёзам, бо годныя ідэі існуюць і там, і там.

«НН»: Ці ёсць ў польскай медыцынскай сферы зайздрасць па фінансавай прыкмеце?

ФС: Скажам так, мне, як і шматлікім эмігрантам з Беларусі ды Украіны, трэба прайсці яшчэ доўгі шлях па мясцовай легалізацыі. Таму на велізарныя грошы пакуль не прэтэндуем і, адпаведна, зайздрасці не выклікаем. Мая зарплата — не роўня стандартнай польскай для ратавальніка, але значна вышэйшая за айчынную. На гэтыя грошы магу спакойна жыць: аплачваць камунальныя паслугі, арандаваць жытло, набываць ежу без нейкіх штучных абмежаванняў. Так, дарагія пакупкі пакуль, можа, і патрабуюць «падціснуцца». Але калі ў сям'і два чалавекі з Беларусі працуюць медыкамі, то нават і адкласці нешта атрымаецца.

А што тычыцца мясцовага лекара, які нарадзіўся, вырас ды вывучыўся ў Польшчы, а пасля абраў працу доктара, то ён увогуле на цэны не зважае і баланс на картцы не правярае. Вось табе медыцынскі факт: калі панаваў «кавід» і зарплата памнажалася ўдвая, людзі збудавалі цэлыя дамы ды набылі шыкоўныя машыны.

«НН»: У допісах ты часта называеш жонку Святлану «жонкай дзекабрыста». Але я ніколі не паверу, што эміграцыя не праверыла вашы адносіны на трываласць. Распавядзеш пра самы складаны момант?

ФС: Ведаеш, у нас часта падпісчыкі ў сацсетках запытваюць, як пераехаць і не развесціся. Але мы не мелі сварак з-за нерваў альбо паклейкі шпалер. Хутчэй, багата клопату прынесла афармленне дакументаў, загрузка ды разгрузка рэчаў і іншыя бытавыя дробязі, якіх проста было вельмі-вельмі многа.

Але мы ўцямілі: гэта проста складаны перыяд у жыцці, і каб яго пераадолець, трэба набрацца цярпення. Не высвятляць, хто мае рацыю, хто вінаваты, а аб'яднаць высілкі. Да таго ж варта нагадваць сабе кожны дзень: што б навокал ні адбывалася, вы адно для аднаго павінны быць на першым месцы. Не павышаць голас, не злавацца, не біцца ў істэрыках, бо ў кожнага ў гэты момант у душы ціхая дэпрэсія.

«НН»: Вашы сумесныя ютуб-скетчы месцамі круцейшыя за серыялы Лапенкі. Скажы, калі б інстытут «НИИ ХЕРА нового» (выраз са скетча Сумкіна. — «НН») адкрыў філіял у Польшчы, на што б скардзіліся яго супрацоўнікі?

ФС: Перш за ўсё, на партыю ўлады. Гэта ўвогуле фетыш нейкі палякаў — «гнаць» на палітыку. А яшчэ дасталася б спартсменам і царкоўным дзеячам. Тут так заведзена…

Хаця, ведаеш, цяпер разумею, што не ведаю ніводнай краіны, дзе б казалі: у нас танны бензін, не растуць цэны ды і прэзідэнт выдатны. Ды і футбалісты з хакеістамі пад кпіны ўсюль трапляюць. Таму як ў Беларусі, так і тут — «НИИ ХЕРА нового».

«НН»: Папсовае пытанне, але не магу не задаць. Наколькі істотна прыраслі карыстальнікамі твае сацсеткі пасля сумеснага стрыму са Святланай Ціханоўскай?

ФС: Аўдыторыя павялічылася дзесьці на сем тысяч чалавек. Але не адсочваю пільна там лічбы, не ўкідваю грошы ў рэкламу альбо накруткі. Больш скажу: калі блог перастане існаваць, не кінуся ў дэпрэсію. Перажываць буду толькі за тое, што згублю сувязь з годнымі людзьмі — тымі, што і падыскутаваць здольныя, і пажартаваць, і абмеркаваць нешта істотнае.

На жаль, са Святланай Георгіеўнай такой пастаяннай сувязі няма. Але падчас яе візіту ў Беласток пайшлі на плошчу, дзе адбывалася сустрэча ды пару хвілінак пагаманілі. Дарэчы, упершыню пабачыліся ўжывую.

«НН»: Затое яна цяпер ведае, каму пісаць у дырэкт, калі патрэбная хуткая медыцынская парада!

ФС: Ведаеш, у такія моманты прыгадваю правіла, якое патрабаваў засвоіць першы беларускі доктар, з якім працаваў пасля пераходу ў «хуткую».

Няма розніцы, каго лячыць, бамжа альбо дэпутата — баліць аднолькава абодвум.

Таму калі нават у асабістых паведамленнях просяць нейкіх парад па лячэнні, то заўсёды імкнуся адказаць. На гэта ідзе некалькі хвілін, але чалавеку можа быць каласальная карысць. Таму без праблем і Ціханоўскай дапамог бы, і ўмоўнай Марыне са Свіслачы альбо нават фраў Меркель, калі б нямецкай валодаў (смяецца).

Дарэчы, рэальная гісторыя з беларускага мінулага. Аднойчы прыехалі на выклік да пацыента, зрабілі, што патрабавалася, і чуем у адказ: «Дзякуй вялікі! Усё файна. Але ж вы так зрабілі, бо ведалі, што я — дэпутат якогасьці там сходу нейкага склікання?» Мы ў адказ: не, нават не мелі ўяўлення. Нам увогуле няма розніцы, хто вы: дэпутат, выхавацель ці бяздомны. Усіх трэба лячыць аднолькава добра… І што ты думаеш? Ён пакрыўдзіўся, што яго параўналі з бамжом, некуды патэліў, пасля чаго нам «прыляцела» ад кіраўніцтва. Але нам ужо было пофіг: сваю справу трэба рабіць сумленна.

«НН»: Так, рыторыка выключная. Але давай уявім такую сітуацыю: выклікаюць вас па дамамогу, а там Лукашэнка ляжыць пры смерці. І ад тваіх дзеянняў залежыць далейшы лёс чалавека…

ФС: Тут ува мне памірае Гіпакрат (смяецца). Насамрэч, не ведаю. Спадзяюся проста, што такое ніколі са мной не здарыцца. Пытанне і праўда добрае, але не знаю, як адказаць. Мяркую, што ёсць прафесійныя інстытуты, якія займаюцца юрыдычнымі пытаннямі. І гэта ў іх кампетэнцыі даваць юрыдычныя характарыстыкі дзеянням Лукашэнкі, судзіць яго і вырашаць лёс.

Я камунікую з доктарам, што працуе ў бальніцы адной з гарачых кропак Украіны — там пастаянна бамбяць ды страляюць. Пытаюся: «Доктар, як ставіцеся да расійскіх салдат, якія да вас напэўна ж таксама паступаюць? Яны ж толькі што стралялі ва ўкраінскіх вайскоўцаў». Чую ў адказ: «Стабілізуем стан кожнага параненага. А ўжо далей імі займаюцца пракуратура ды вайсковы суд. Наш абавязак — дапамагчы чалавеку, а кім ён будзе пасля, калі ачуняе, вырашаць не нам». Мне гэтая пазіцыя блізкая.

Хаця, ведаеш, да 2020 года ў Беларусі хапала знаёмых ды прыяцеляў як у міліцыі, так і ў пажарнай службе — існавала прафесійная еднасць нейкая, ніхто адно аднаму ў спіну не пляваў. Аднак пасля таго, што адбылося ў жніўні, утварыўся вадападзел. Усім, хто застаўся ў сістэме, давёў: болей па парады не звяртайцеся. Калі сутыкнёмся на працы — патраплю да вас на выклік у дзень змены на «хуткай», то адварочвацца не буду, зраблю працу як мае быць. Але ў прыватным парадку вас для мяне больш не існуе, бо мы маем розныя каштоўнасці.

«НН»: Ты пісаў, што не вельмі старанна вучыўся ў школе. Але цяпер сваімі казкамі ды допісамі так ці інакш уплываеш на генерацыю беларусаў. Ці адчуваеш гэта — і адказнасць за тое, што пішаш?

ФС: Ну ўсё ж такі двоечнікам я не быў (смяецца). Проста ў пэўны момант зразумеў, колькі непатрэбнага месціцца ў праграме. Напрыклад, навошта наведвальнікам медкаледжа «асновы беларускай дзяржаўнасці»? А там процьма была прадметаў, дзе патрабавалася проста прыйсці ды пасядзець, каб атрымаць залік. Марнуеш час замест таго, каб атрымліваць практычныя веды…

Пра гэта казаў і студэнтам, што завітвалі на практыку ў Беларусі: вучыцеся не для адзнакі. Лічба можа быць збегам абставінаў: у выкладчыка дрэнны настрой — нешта дома здарылася альбо ён атрымаў па галаве на нарадзе — вось і «прыляцела» табе. Але «тройка» не мае значэння, калі ў галаве ёсць веды. Атрымай, перавары ды захавай, каб своечасова карыстацца. Усё астатняе — лухта.

Калі шчыра, заўсёды атрымліваў кайф ад працы з моладдзю, бо ты ўжо прайшоў увесь шлях, а яны толькі пачынаюць. І тыя эмоцыі, што хлопцы з дзяўчатамі атрымліваюць, тыя пераўтварэнні, якія ў іх адбываюцца — гэта фантастыка, калі сачыць за ўсім у рэальным часе. Таму разумею, канечне, і што такое «адказнасць», і тое, што маю яе перад тымі, хто тэксты чытае.

Дарэчы, яшчэ адна гісторыя на гэты конт — па сёння грэе душу. Піша дзяўчына: «Вітанні, Фёдар, вы мяне не ведаце і ніколі не бачылі. Гэтым летам я скончыла школу. На выпускным іспыце далі заданне прадставіць нейкі твор сучасных айчынных аўтараў ды яго прэзентаваць. Я абрала ваш, патлумачыўшы: маўляў, гэта тэкст блогера, а блог — праява сучаснага літаратурнага мастацтва. Таму пераклала фрагмент вашай казкі пра сум, зачытала. Камісія слухала ў маўчанні. Але калі скончыла, сказалі, што напісана годна — і паставілі «дзевяць»… Клёва, скажы? Вось для такіх момантаў хочацца нешта рабіць — каб людзям было шчасце.

«НН»: А каб шчасце было табе, давай прапаную адно жаданне, якое б насамрэч змяніла беларускую медыцыну. Што б ты абраў?

ФС: Ох, я цяпер быццам герой таго мема, якому трэба ціснуць чырвоную альбо жоўтую кнопкі — хвалююся, аж пот з ілба цячэ (пасміхаецца). Медыцына — гэта не будынкі, не веды, не машыны. Гэта людзі, якія там працуюць. Таму я б стымуляваў працу кожнага чалавека. Грашыма, зразумела. Бо ў Еўропе даўно ўжо зразумелі: розніцу ў паслугах, у іх якасці робіць менавіта чалавек. Сваёй працай. Таму калі матываваць чалавека ўкладацца ў тое, што ён робіць у жыцці найлепш, у выігрышы абавязкова застануцца ўсе бакі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Усе навіны →
Усе навіны

Сын Трампа назваў ідыётамі тых, хто даў дазвол на дальнабойныя ўдары па Расіі18

У Абхазіі паспрабавалі захапіць Дзяржтэлерадыёкампанію1

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто1

У Германіі і Аўстрыі за крадзяжы з крамаў затрымалі беларусаў

У выніку ўдару па Сумах дзесяць загінулых, паўсотні параненых1

Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?1

Зяленскі пракаментаваў дазвол ЗША атакаваць тэрыторыю РФ7

Коўшык: Гэта і рукамі Рамашэўскай здарылася так, што «Белсат» цалкам залежны ад Польскага тэлебачання12

Францыя і Брытанія таксама дазволілі Украіне атакаваць тэрыторыю РФ дальнабойнымі ракетамі SCALP / Storm Shadow12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Галоўнае
Усе навіны →