Каракалпакстан, у якім адбываюцца хваляванні — самы буйны рэгіён Узбекістана на захадзе краіны. Цяпер ён лічыцца суверэннай рэспублікай у складзе Узбекістана з правам выхаду з яго складу па выніках рэферэндуму. У новай Канстытуцыі гэта палажэнне прапануецца выключыць.

Увогуле новая Канстытуцыя прымаецца ў Узбекістане перадусім для таго, каб «абнуліць» прэзідэнцкія тэрміны цяперашняга лідара Шаўката Мірзіёева, які ў мінулым годзе заступіў на другі і паводле Канстытуцыі апошні тэрмін. Але апрача таго, як выглядае, вырашылі ўрэгуляваць і некаторыя іншыя непрыемныя для ташкенцкіх уладаў пытанні.

Пратэсты нібыта ідуць ужо некалькі дзён, але узбекскія ўлады старанна хаваюць мітынгі, падкантрольным уладам СМІ не дазволена публікаваць інфармацыю пра хваляванні. 

Ужо ўвечары 26 чэрвеня, як паведамляюць мясцовыя інфармацыйныя каналы, у сацсетках з'явіліся заклікі да масавых выступленняў. 27 чэрвеня жыхары Нукуса пісалі, што ў горадзе абмежавалі доступ да мабільнага інтэрнэту. У пятніцу, мяркуючы па відэа, якія публікуе інфармацыйны телеграм-канал ORDA, на вуліцах Нукуса сабраліся, па меншай меры, сотні, а хутчэй за ўсё і тысячы людзей са сцягамі Каракалпакской Рэспублікі.

Лідар каракалпакскіх пратэстоўцаў, юрыст Даўлетмурат Тажымуратаў, абвясціў, што ўзгадніў з уладамі правядзенне мірнага мітынгу 5 ліпеня. Але пасля людзі ў цывільным забралі яго з сям'ёй і вывезлі ў невядомым кірунку. Народ стыхійна пачаў выходзіць на вуліцу, патрабуючы неадкладна вызваліць Тажымуратава. Ёсць інфармацыя, што ў выніку яго адпусцілі.

Па паведамленнях мясцовых навінавых паблікаў, у Каракалпакстан уведзеныя дадатковыя сілы узбекскай Нацгвардыі. Праводзіліся затрыманні.

МУС Узбекістана зрабіла заяву аб сітуацыі ў Нукусе. У ёй дэманстрацыя названая «незаконнай», а таксама гаворыцца аб «няправільным тлумачэнні канстытуцыйных рэформаў». «Перад дэманстрантамі выступіў кіраўнік рэспублікі. Людзі пачалі разыходзіцца. Зараз паліцэйскія праводзяць з прысутнымі тлумачальную працу,» — пазначана ў заяве.

Каракалпакстан займае траціну тэрыторыі Узбекістана. Больш за 80 працэнтаў плошчы рэгіёна займаюць пустыні. Каракалпакстан размешчаны ў даліне ракі Амудар'і і даходзіць да берагоў Аральскага мора, пасля высыхання якога паўночна-заходняя частка вадаёма з-за шчолачных соляў была аб'яўленая зонай экалагічнай катастрофы.

Тут жыве звыш аднаго мільёна 800 тысяч чалавек, з іх больш за паўмільёна — каракалпакі. Этнічна і моўна яны больш блізкія да казахаў, чым да ўзбекаў. Уласна казахі паводле апошняга перапісу насельніцтва, які адбываўся ў Узбекістане яшчэ пры СССР, у 1989 годзе, складалі траціну насельніцтва рэспублікі. Якая дакладная этнічная сітуацыя там цяпер — можна толькі здагадвацца. 

14 снежня 1990 года парламент Аўтаномнай Рэспублікі Каракалпакстан у складзе Узбекскай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якая прадугледжвала поўную незалежнасць дзяржавы. Аднак урад Узбекістана ў 1993 годзе падпісаў з Каракалпакстанам міждзяржаўны дагавор тэрмінам на 20 гадоў аб уваходжанні Рэспублікі Каракалпакстан у склад Узбекістана. У пагадненні было агаворана права выхаду аўтаномнай рэспублікі з Узбекістана шляхам правядзення рэферэндуму. Але ў 2013 годзе, калі гэты тэрмін падышоў да канца, абяцанне было проста забыта — ва Узбекістане была жорсткая дыктатура Іслама Карымава, які не зважаў ні на народ, ні на законы.

Клас
24
Панылы сорам
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Каментатарка / Адказаць
01.07.2022
Калі ўжо ўсе ў міры жыць будзем!
0
Alex / Адказаць
02.07.2022
Так могуць і да грамадзянскай вайны скаціцца. А там яшчэ і Талібан пад другім бокам, і з суседзямі кыргызамі ды таджыкамі праблемкі могуць ізноў узнікнуць на ўсходзе краіны... Ташкенцкая ўлада можа дагуляцца.
0
Лым / Адказаць
02.07.2022
Як там пачуваюцца нашы айцішнікі, якія з'ехалі ў пошуках дэмакратыі?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру