Якую рэформу па пенсіях запусцяць з кастрычніка і якія да яе ёсць пытанні

З 1 кастрычніка работнікі пры жаданні змогуць выплачваць страхавы ўзнос на дадатковую ашчаджальную пенсію — да 10% ад свайго заробку. Наймальнікі будуць абавязаныя ў такім выпадку пералічваць на гэты рахунак яшчэ да 3%. Прычым ёсць нюанс: працадаўца павінен пералічваць такі ж працэнт, як і работнік, але не больш за 3%. Да прыкладу, калі спецыяліст кампаніі вырашыць уносіць на дадатковую пенсію 2% ад свайго заробку, то столькі ж павінен дадаць і наймальнік. А калі работнік абярэ тарыф у 5%, то наймальнік «дакіне» максімальныя 3%.

Пры гэтым наймальнік будзе пералічваць грошы на дадатковую пенсію работніка з абавязковых страхавых адлічэнняў. Нагадаем, цяпер для большасці працадаўцаў адлічваюць 34% ад зарплаты работніка — 6% зарплатнага фонду ідзе на выплату рознай дапамогі, 28% — на пенсійнае страхаванне.

У Мінпрацы скептычна выказваліся пра рэформу ашчаджальнай пенсійнай сістэмы, якую ўвядуць з 1 кастрычніка. Асноўнае пытанне якраз тычылася таго, хто будзе кампенсаваць «абавязковыя страхавыя ўзносы, якія наймальнік, як чакаецца, будзе накіроўваць на ашчаджальную пенсію.

«Дзяржава, вядома, недаатрымлівае — з'яўляюцца прыбыткі, якія выпадаюць, — удакладняюць у кампаніі «Стравіта». — Яны (у залежнасці ад патрэбы) стануць пакрывацца за кошт рэспубліканскага бюджэту, калі работнік, за якога частку ўзносаў працадаўца накіроўвае на імянны рахунак, аформіць сабе звычайную пенсію ў пенсійнай сістэме. Разлічвацца яна будзе па тых жа нормах, што і ва ўсіх астатніх. У гэтым і заключаецца дзяржаўнае суфінансаванне».

У бюджэце ФСАН, са сродкаў якога выплачваюць пенсіі і дапамогу, не першы год назіраецца дзірка, праз якую патрабуюцца штогадовыя ўліванні — субвенцыі з дзяржбюджэту. Пра гэта раней заяўляў у ліку іншага Аляксандр Лукашэнка. Мінпрацы і іншым профільным ведамствам не ўдаецца вырашыць гэтую праблему.

Дзе будуць захоўвацца пералічаныя работнікамі грошы на другую пенсію

«Унёскі налічваюцца і назапашваюцца на персанальным рахунку, у адрозненне ад Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, — удакладняюць у страхавой кампаніі «Стравіта», праз якую будуць адлічваць грошы на дадатковую пенсію. — Пасля гэтыя сродкі размяшчаюцца на рынкавых умовах у дэпазіты, каштоўныя паперы. Гэта дазваляе абараніць сродкі грамадзян ад інфляцыі».

Прыбытковасць па дамове дадатковага ашчаджальнага пенсійнага страхавання маюць намер усталяваць на ўзроўні стаўкі рэфінансавання. «Парадак налічэння і размеркавання дадатковай даходнасці (страхавога бонусу) будзе ўстанаўлівацца страхоўшчыкам па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў», — тлумачаць у страхавой кампаніі. Прасцей кажучы, тым, хто вырашыць аформіць страхоўку на другую пенсію, абяцаюць прыбытковасць на ўзроўні стаўкі рэфінансавання, якая цяпер складае 12% гадавых. Аднак такая працэнтная стаўка не захавае зберажэнні ад інфляцыі, калі яна будзе трымацца і далей на такім жа ўзроўні, як і цяпер. Нагадаем, у маі гадавая інфляцыя склала 17%.

Каму адмовяць у страхоўцы на дадатковую пенсію

У пенсійнай праграме, якая стартуе з кастрычніка, не змогуць удзельнічаць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя, а таксама работнікі, у якіх працадаўца знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі або банкруцтва. Беспрацоўныя таксама не змогуць аформіць такую страхоўку, як і тыя, каму да выхаду на пенсію застаецца менш за тры гады. Для работнікаў, за якіх наймальнікі не выплачваюць унёскі ў ФСАН, таксама будзе недаступная гэтая пенсійная праграма.

«У выпадку міліцыянераў і вайскоўцаў узносы ў ФСАН не выплачваюцца, такім чынам, яны не могуць прыняць удзел у гэтай праграме», — удакладняюць страхавальнікі.

Ці можна атрымліваць зарплату ў рублях, а збіраць — у далярах?

Не. «Накапленні на «другую пенсію» і выплаты праводзяцца ў беларускіх рублях», — удакладняюць у кампаніі «Стравіта».

Ці можна адмовіцца ад страхоўкі да выхаду на пенсію і атрымаць раней свае грошы?

— Калі спыніць выплату страхавога ўзносу, то накопленая да гэтага перыяду сума замарожваецца, аднак на яе працягвае налічвацца даходнасць і бонус, але атрымаць яе можна толькі пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або пры неспрыяльных падзеях, напрыклад, у выпадку ўстанаўлення інваліднасці I або II групы, — удакладняюць у страхавой кампаніі.

Пры гэтым нават пры выхадзе на датэрміновую пенсію атрымаць гэтыя грошы не атрымаецца. «Выплата праводзіцца толькі пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту», — дадаюць у страхавой кампаніі.

Што будзе са ўзносамі, калі страціць працу?

«Калі чалавек, які заключыў дагавор страхавання, па нейкіх прычынах стаў беспрацоўным, то выплата страхавых узносаў прыпыняецца, — тлумачаць страхавальнікі. — Калі сітуацыя з працаўладкаваннем вырашыцца, трэба напісаць заяву аб аднаўленні выплаты страхавых узносаў». Пра штрафныя санкцыі ў кампаніі не ўдакладняюць.

Ці можа наймальнік адмовіцца ад гэтай праграмы?

Не. «Працадаўца не мае права адмовіць ва ўдзеле ў страхаванні», — удакладняюць у страхавой кампаніі. То-бок, калі работнік захоча рабіць адлічэнні на другую пенсію, то наймальнік абавязаны таксама рабіць іх.

Ці можна работніку мяняць памер адлічэнняў на другую пенсію?

— Так. «У перыяд накаплення ўдзельнік праграмы раз на год можа ўносіць карэктывы ў абраны ім тарыф і змяняць працэнт адлічэнняў на асабісты рахунак, — тлумачаць страхавальнікі. — Хтосьці пачне з праграмы «3+3», калі 3% ад свайго заробку пералічвае страхавальнік, а 3% — працадаўца. На нейкім этапе ён можа звярнуцца ў страхавую кампанію і павялічыць памер адлічэнняў. Ці наадварот, калі першапачаткова быў абраны больш высокі тарыф, то ў выпадку зніжэння ўзроўню даходаў яго можна паменшыць».

Некаторыя беларусы ўжо цяпер аформілі страхоўку на дадатковую пенсію. Што будзе з імі з 1 кастрычніка?

Чыноўнікі плануюць, што пенсійныя дамовы, якія беларусы ўжо аформілі ў страхавых кампаніях праз наймальнікаў або самастойна, захаваюцца. Гэта значыць, іх можна будзе працягваць папаўняць. Праўда, такой магчымасцю карыстаюцца каля 5% работнікаў. У Мінфіне сярод прычын, чаму беларусы не спяшаюцца афармляць такія страхоўкі, раней называлі тое, што «чарада дэвальвацый падарвала давер да фінансавых інструментаў». Адкуль у беларусаў цяпер павінна дадацца аптымізму і даверу — адкрытае пытанне.

Калі можна будзе атрымаць накопленыя грошы?

Гэтыя сродкі можна будзе атрымаць па сваім выбары на працягу 5 або 10 гадоў. Але зрабіць гэта можна будзе толькі пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. На сёння гэта 63 гады для мужчын, а для жанчын — 58 гадоў.

Ці можна атрымаць у спадчыну такую пенсію?

У Мінпрацы раней паведамлялі, што «прадугледжваецца магчымасць атрымання ў спадчыну ашчаджальнай пенсіі».

Але раней міністр працы Ірына Касцевіч, кажучы пра атрыманне ў спадчыну такой пенсіі, рабіла агаворку — у тым выпадку, калі гэта вельмі важна».

Клас
2
Панылы сорам
6
Ха-ха
30
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
13