Дзмітрый з Альшан раскрытыкаваў бярозаўскую тушонку. У адказ яму многае патлумачылі
Карыстальнік Threads Дзмітрый мае ўсяго некалькі дзясяткаў падпісчыкаў і менш за дзесяць пастоў, пераважна рэлігійнага зместу — ён евангельскі хрысціянін з Альшан, — якія амаль ніхто не лайкаў. Аднак сітуацыя рэзка змянілася, калі мужчына апублікаваў крытычны допіс усяго на некалькі слоў: «Бярозаўскага МК не раю, тушонка — адзін тлушч, вытворчасць г. БЯРОЗА».

Каб пацвердзіць свае словы, ён дадаў некалькі фотаздымкаў. Пост хутка сабраў звыш 26 тысяч праглядаў. Карыстальнікі паспяшаліся патлумачыць Дзмітрыю, у чым яго фатальная памылка і якія кансервы трэба выбіраць.

Найперш людзі звярнулі ўвагу на тое, што замест свіной тушонкі Дзмітрый набыў зусім іншы прадукт — «Сняданак турыста».
«Замест таго, каб узяць кансервы той самай Бярозы, дзе напісана «Свініна тушаная» і пазначаны працэнт мяса па закладцы, вы набылі танны «Сняданак турыста», які і не прэтэндуе на статус тушонкі».
Людзі параілі Дзмітрыю больш уважліва вывучаць інфармацыю пра склад прадукту, які ён набыў.

«На бляшанцы напісана: «масавая доля па закладцы 40%». Наступным разам паспрабуйце пачытаць, каб не здзіўляцца».
«У нас ёсць куча тушонкі з закладкай мяса 97,5%, бярыце яе, у складзе напісаны працэнт закладкі мяса. Быццам маленькія дзеці, на такіх прастакоў і разлічана».
Як заўважаюць дасведчаныя ў гэтым пытанні беларусы, колькасць мяса ў прадукце наўпрост уплывае на яго кошт. Не варта чакаць, што ў «Сняданку турыста» за 3—4 рублі будзе шмат мяса.

«Аўтар, бярозаўская тушонка — найлепшая!!! Уважліва чытай, што бярэш: колькасць мяса па закладцы ў працэнтах і колькасць тлушчу ў «Сняданку турыста», вырабленым па ТУ, значна меншая, чым у «дастаўскай». І яшчэ: гэтая тушонка лічыцца паходнай. Ты хацеў, каб за 4 рублі там паўкаровы ўпакавалі)))»
«Сняданкі турыста», незалежна ад вытворцы, каштуюць у раёне 2,5—3 рублёў. Сапраўдная тушонка з закладкай 97—98% каштуе 5—7 рублёў за бляшанку. Як кажуць, адчуйце розніцу».
Адзін з каментатараў нават апублікаваў фота менавіта той тушонкі вытворчасці Бярозаўскага мясакамбіната, якую варта было купляць.

Некаторыя карыстальнікі адзначылі, што набыты прадукт «будзе добрым з бульбай». А вось калі хочацца паесці менавіта мяса, «трэба браць з закладкай звыш 90%». Бо «сняданак турыста — гэта не паўнавартасная тушонка. Яго трэба разаграваць на агні і есці разам з бульбай».

Яшчэ адзін карыстальнік падзяліўся падрабязнай інструкцыяй:
«Браць тушонку трэба не ніжэй за 72% па закладцы!!! 72% ідэальна падыходзіць для макароны па-флоцку. Ад 80% можна есці як мясны халадзец. Ну а калі хочацца зрабіць бутэрброды з тушонкай — бярыце 92%».

Аднак знайшліся і тыя, каго абурыла такая спажывецкая непісьменнасць.

«Чарговы чалавек, які не ўмее чытаць. І да дарослых гадоў не разумее розніцы паміж дзяржстандартамі і ТУ».
Некаторыя параілі аўтару выдаліць допіс, каб не ганьбіцца.
«Чэл, пакуль не позна і гэта бачылі толькі 18 тысяч чалавек. Там тры кропкі ў куце > выдаліць публікацыю. Потым пачытай, чым адрозніваецца дзяржстандарт ад ТУ, і навучыся шукаць на бляшанцы працэнт закладкі».
Сам аўтар застаўся пры сваім меркаванні і ўпэўнены ў сваёй праўдзе: «Няхай увесь свет бачыць, што тлушч прадаюць па цане тушонкі».

Цяпер чытаюць
«Чаму я павінен даказваць, што не дармаед?» Прадпрымальніка з Гомеля памылкова запісалі ў незанятыя — ён даведаўся толькі пасля вялізных рахункаў за камуналку
Каментары