У ByPol з'явілася магчымасць праверкі беларусаў на паліграфе. Хто з палітыкаў яго прайшоў?
Такая паслуга для ўсіх жадаючых дзейнічае ўжо некалькі тыдняў. Прадстаўнік па законнасці і правапарадку Аб’яднанага кабінета, кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў расказаў «Нашай Ніве», хто праходзіць паліграф і ці трэба ўводзіць такую ўмову ў якасці абавязковай пры прыёме на працу ў дэмакратычныя структуры.
«Нашы супрацоўнікі прайшлі паліграф двойчы ў розных людзей. Я ўвогуле шмат разоў праходзіў.
Абавязковым гэта з’яўляецца для людзей, якія ў нас праходзяць спецыяльную падрыхтоўку, а таксама тых, хто ўступае ў харугвы. Проста цяпер у нас ёсць свая апаратура», — кажа Азараў.
Паліграф — дэтэктар хлусні — працуе па прынцыпе вымярэння фізіялагічных змен у арганізме чалавека: частата дыхання, пульс, ціск і гальванічная рэакцыя скуры, пад якой разумеюцца яе электрычныя ўласцівасці.
Сярод іншага — адсочванне змяненняў у зрэнкавай рэакцыі і дзейнасці мозгу з дапамогай МРТ.
Звычайна паліграфолагі выкарыстоўваюць пры тэставанні набор са значных і нязначных пытанняў. Паколькі на нязначныя пытанні (напрыклад, «Вы калі-небудзь хлусілі?») немагчыма адказаць «не» і пры гэтым не зманіць, лічыцца, што фізіялагічная рэакцыя на іх — базавае значэнне.
«Не ведаю нікога, хто змог бы падмануць паліграф», — кажа Азараў.
Разам з тым многія ставяцца да паліграфа сумнеўна, лічаць, што заўсёды магчыма кантраляваць свае эмоцыі і рэакцыі або наадварот чалавек можа занадта расхвалявацца, а значыць і вынік можа быць любым.
Тут трэба разумець, што мозг не можа падмануць сам сябе, незалежна ад жадання чалавека ён узнаўляе пэўныя рэфлексы.
Вынік праверкі на паліграфе можа быць недакладным пры скажэнні чалавекам сваіх фізіялагічных рэакцый. Напрыклад, прыём прэпаратаў, накіраваных на ўзбуджэнне цэнтральнай нервовай сістэмы ці на яе тармажэнне.
Сюды ж адносяць псіхічны спосаб падману паліграфа: спробы медытаваць, увесці сябе ў транс, вырашаць у розуме арыфметычныя задачы, перанясенне думак з аднаго на іншы прадмет. Але гэта будзе заўважана паліграфолагам. Як і варыянт фізічнага супрацьдзеяння дэтэктару хлусні: скажэнне рэакцый шляхам наўмысных рухаў або напругай мышц для выкліку рэакцыі, якая ўзнікае ад болевага эфекту.
Сярод людзей, якія запісваліся на падрыхтоўку ў ByPol, з дапамогай паліграфа выяўлялі тых, хто насамрэч не хоча ўдзельнічаць у «Плане Перамога».
«Казалі, што ёсць жаданне, а пасля высвятлялася, што не. Можа быць, яны хацелі атрымаць падрыхтоўку проста задарма, — разважае Аляксандр Азараў пра матывы. —
Канечне, трэба, каб паліграф быў у шматлікіх арганізацыях, але так зрабіць складана. Патрэбны рускамоўны спецыяліст, апаратура. Цяжка гэта знайсці, мы першыя, у каго такое з’явілася».
Ахвотных прайсці паліграф пакуль няшмат.
«Хто ўжо ў нас быў? Таццяна Зарэцкая, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі, Анастасія Касцюгова, Валер Мацкевіч, Андрэй Ягораў і іншыя. Святлана Ціханоўская хоча прайсці, але гэта будзе для яе арганізавана не ў Варшаве, а ў Вільні, бо займае ўсё 3-4 гадзіны.
Палітычныя дзеячы да нас звяртаюцца. Ці, напрыклад, як Яўген Буры — ён захацеў паказаць, што не з’яўляецца агентам рэжыму Лукашэнкі», — тлумачыць ён.
Аляксандр Азараў кажа, што праходзіць паліграф — гэта распаўсюджаная працэдура, калі чалавек наймаецца ў сур’ёзную структуру.
«Грошы за гэта мы не бяром, бясплатна», — падсумоўвае ён.
«У цэлым каля 50 пытанняў»
Прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры падзяліўся з «Нашай Нівай» сваімі ўражаннямі ад праходжання паліграфа.
«Жаданне такое я праявіў сам. Асацыяцыя з «Байпол» падпісала пагадненне аб супрацы яшчэ летам. Давер з іх боку да мяне быў. Мая ініцыятыва з паліграфам больш накіраваная на тых бізнэсоўцаў, якія да нас звяртаюцца. Шмат хто асцярожнічае, пытаюцца, дзе іх даныя будуць захоўвацца, якая гарантыя, што мы іх нікуды не перадамо.
Я гэта зрабіў, каб да нас, Асацыяцыі, было больш даверу. Хацеў паказаць, што мы сапраўды ўсё робім на карысць дэмакратычнаму руху і тым краінам, дзе мы знаходзімся, пацвердзіць, што ў нас няма мэты, напрыклад, нашкодзіць нацыянальнай бяспецы Польшчы», — расказвае ён.
Усяго ў паліграфолага было 6-7 блокаў, у кожным з якіх 6-8 пытанняў. Яны паміж сабой перагукаюцца.
«Напрыклад, ці супрацоўнічалі вы з рэжымам Лукашэнкі, ці маеце аператыўны псеўданім? Усе пытанні накіраваныя на высвятленне тваёй дзейнасці. Я ўпэўнены, што падмануць тут немагчыма.
Дакумент мне ніякі не выдалі. Тое, што я яго прайшоў, можна пацвердзіць па запыце ў «Байпол».
Лічу, што ў арганізацыях, ініцыятывах трэба такое прапаноўваць людзям і глядзець на іх рэакцыю. Не бачу нічога складанага ў праходжанні паліграфа, калі чалавеку няма чаго хаваць. Можна пасля быць у ім упэўненым», — лічыць ён.
Каментары
усё ўзведзенае ў абсолют выклікае асаблівые сумневы