Крама JYSK у Каменнай горцы, па адчуваннях, займала больш за трэць гандлёвага цэнтра ProDom, які сабраў пад адным дахам больш за 50 вытворцаў мэблі і тавараў для дома і ўжо дакладна з'яўляўся якарным арандатарам.

Праз паўгода на яго месца ніхто так і не прыйшоў — пустую прастору закрываюць ралетныя краты, міжволі выклікаюць асацыяцыі з «жалезнай заслонай».

Унутры і звонку няма ні прыкмет жыцця, ні аб'яў з нагоды арэнды, а прадаўцы ў суседніх крамках паціскаюць плячыма — «хто ж такую арэнду сёння пацягне».

А вось у іншым раёне бойкае месца пуставала адносна нядоўга — цяпер там працуе вялікая крама AMI (брэнд належыць айчыннай мэблевай фабрыцы «Лагуна»).

Адрозненні бачныя няўзброеным вокам: калі JYSK браў колькасцю і разнастайнасцю асартыменту, накшталт IKEA — сярод паліц і стэлажоў у дні зніжак і распродажаў часта ледзь можна было праціснуцца — то ў AMI, падобна, вырашылі паказаць прыгожае.

У краме вельмі прасторна — паміж паліц, канап, ложкаў і крэслаў можна свабодна хадзіць, і пры гэтым неяк нягуста. Крэслаў камп'ютарных — тры штукі, сталоў — менш дзясятка, канапаў, ложкаў і шаф больш, але месца ў вялізнай зале яны займаюць няшмат. Крэслы з псеўдааксамітнай абіўкай і гучнымі назвамі «Харлі», «Рычы», «Леон» стаяць роўнымі каляровымі радамі, нібы хутка пачнецца нейкі сход.

Сінтэтычныя пакрывалы і пацешныя падушкі, якія ператвараюцца ў пледы, усякія дробязі для кухні і ваннай, шэрагі штучных кветак і калядных гномаў, танныя бляшаныя хлебніцы, падлогавыя вешалкі — на большасці этыкетак гэтых тавараў значыцца Кітай або Тайвань.

У будзень днём пакупнікоў амаль няма. Затое гандлёвая плошча сапраўды не пустуе.

***

З крамамі H&M, якіх у Мінску было ўсяго дзве, справы ідуць больш сумна.

На плошчах адной з іх, у ГЦ Galleria, у снежні працаваў кірмаш падарункаў і сувеніраў ручной працы «Гарошак-маркет». Але пасля Новага года тут пуста.

Толькі ў частцы залы на другім паверсе на момант візіту працягвалася дабрачынная калядная акцыя — збор падарункаў для дзяцей-сірот, жыхароў псіханеўралагічных інтэрнатаў і рэабілітацыйных цэнтраў.

Пры гэтым на сайце гандлёвага цэнтра аб'яў з нагоды арэнды няма, а былы двухпавярховы магазін H&M пазначаны на плане проста пустымі прастакутнікамі.

Тая ж гісторыя — у ГЗЦ Palazzo, дзе крама вядомага шведскага брэнда прапрацавала тры гады. Сёння тут пусты ўчастак, закрыты шторамі і ралетамі, і ніякіх намёкаў, хто прыйдзе, калі прыйдзе, замест яго.

Адзіная ў Беларусі афіцыйная крама Timderland працавала ў ГЦ «Карона Замак» цэлых пяць гадоў, з лістапада 2017-га да снежня 2022-га. Па словах беларускіх аматараў брэнда, выбар мадэляў адзення і абутку тут заўсёды быў даволі нядрэнны, а цэны хоць і немаленькія, але «прымальныя».

У канцы мінулага года ўладальнікі абвясцілі аб распродажы рэшткаў са зніжкамі да 90% і аб закрыцці як гандлёвага пункта, так і інтэрнэт-крамы. «Шэрым» імпартам, па словах уласнікаў крамы, займацца было проста немэтазгодна, з-за змены і падаўжэння маршрутаў паставак цэны выраслі б яшчэ больш — а колькасць плацежаздольных пакупнікоў у Беларусі па зразумелых прычынах зменшылася.

Праз месяц шыльда яшчэ засталася — але сам магазін выстаўлены на продаж разам з усім абсталяваннем. Некалькі маладых людзей падыходзяць, разглядаюць пустую чорную вітрыну і фатаграфуюцца на фоне — мабыць, на памяць пра тое, што «няма таго, што раньш было».

У пачатку мінулай восені зачыніліся і крамы адзення Tommy Hilfiger і Calvin Klein, якія таксама працавалі ў ГЦ «Замак». Літаральна за пару тыдняў тут распрадалі тавар і знялі шыльды. Цяпер гэтыя павільёны працуюць, але пад іншымі назвамі, Point і Top Place, і з іншым асартыментам, хоць на сайце гандлёвага цэнтра абодва брэнда ўсё яшчэ пазначаныя.

— Calvin Klein ў Беларусі? Забудзьцеся, — смяецца знаёмая модніца. — Яны як летась сышлі, так і не абяцалі вярнуцца. Хіба што ў добрых сэкандах нешта сустрэнецца.

Клас
5
Панылы сорам
10
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
3