Літаратура

«З галавой занураешся ў эмоцыі». Ганна Янкута — пра новы беларускі раман пра сталенне

Гісторыя сталення дзяўчыны з сям’і, дзе дарослыя не здольныя ўзяць за яе адказнасць, фотаздымкі Нарачы і музыка — усё гэта спалучае раман «Linea lateralis» Яны Гульцяевай. Ганна Янкута расказала, чым яе захапіла кніга, што падалося няўдалым і чаму яна хацела б мець такі раман у свае падлеткавыя гады.

Пра гэтую кнігу я збіралася напісаць даўно, бо прачытала, як толькі яна выйшла. Але ўсё ніяк не складвалася. І вось пабачыла нядаўна ў аўтаркі, што кнізе спаўняецца паўгода — добрая нагода ўсё ж вярнуцца да яе і напісаць, бо кніга шмат у чым незвычайная.

«Linea lateralis» — дэбютны раман Яны Гульцяевай, і што досыць нязвыкла для дэбютаў апошніх гадоў (прыгадваецца толькі яшчэ адно выключэнне — Макар Валынкін) — ён аб'ёмны. Кніга густоўна аздобленая фотаздымкамі Нарачы, якія можна разглядаць цэлую вечнасць, і спасылкамі на музыку, якую можна слухаць прыкладна столькі ж. Усё гэта задае пэўную рамку для ўспрымання рамана, робіць яго шырэйшым за самога сябе.

Сам раман можна аднесці да young adult (якога ў нас вельмі не хапае) ці нават да Bildungsroman. У цэнтры — гісторыя дзяўчыны-падлетка з дысфункцыйнай сям'і, дзе ніводзін з дарослых не здольны ўзяць на сябе адказнасць за дзіця. Раман паволі вядзе праз школьныя гады Міры да яе паступлення ва ўніверсітэт, вучобе ў якім, мабыць, будзе прысвечаны працяг.

Маё дзяцінства і падлеткавыя гады прайшлі ў зусім іншых абставінах (месца, час, сітуацыя ў сям'і, адносіны ў школе), але шмат якія тыпажы, сітуацыі і адчуванні — абсалютна пазнавальныя. Чаго, дарэчы, я не магу сказаць пра «Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай — у нейкім сэнсе гэтая кніга для мяне мала чым адрозніваецца ад «Гары Потэра» Джаан Роўлінг.

Магчыма, розніца паміж дзяцінствам у Мінску і не-Мінску сапраўды была (а можа, і застаецца) вельмі адчувальнай. Яна Гульцяева ў інтэрв'ю кажа: «Не ўпэўненая, што падлеткі — мэтавая аўдыторыя кнігі». А я б вельмі хацела, каб абедзве гэтыя кнігі ўжо існавалі ў мае падлеткавыя гады, гэта былі б мае вокны на такое рознае жыццё. Здаецца, у той час мне не трапілася нічога, што расказвала б пра маіх аднагодкаў у Беларусі (хаця нешта ж напэўна было).

У «Linea lateralis» мне вельмі падабаецца апісанне «звычайнага» жыцця: падзеі ў школе, адносіны з бацькамі і сваякамі, сябрамі, настаўнікамі і аднакласнікамі, новыя знаёмствы, не заўсёды добрыя.

Мой любімы момант (бачыла тое самае ў іншых водгуках) — гэта гісторыя пра маяк. У складаным, псіхалагічным, рэалістычным рамане такі загадкавы і яскравы эпізод, які застаўся без тлумачэння, зрабіўся асобнай пярлінкай, якая адцяніла асноўнае дзеянне.

Што было для мяне цяжкім — гэта вельмі кароткая дыстанцыя паміж аповедам і пачуццямі. Для мяне дыстанцыя, тое, як пісьменнікі з ёй працуюць — адна з найважнейшых рэчаў у прозе. Тут аўтарскі падыход да дыстанцыі кардынальна адрозніваецца ад майго.

Чытаючы гэтую кнігу, ты з галавой занураешся ў эмоцыі і пачуцці, жывеш у іх напоўніцу, і да гэтага варта быць гатовай/гатовым. Ёсць у гэтым апісанні эмоцый нешта ад аўтафікшну (хоць у адным водгуку якраз ёсць супрацьпастаўленне «Linea lateralis» «сучаснай эканомнай ліхаманкавасці аўтафікшну»). Але таксама я падазраю, што канцэнтрацыя на эмоцыях — цалкам натуральная для кніг young adult. Растлумачыць эмоцыі, правесці праз іх чытача і паказаць, што так адчуваць нармальна — адна з магчымых функцый такой кнігі.

Што падалося не надта ўдалым — кампазіцыйная рамка: адкуль гісторыя ўзялася, хто, як і каму яе расказаў. Атрымліваецца, што ў кнізе адразу некалькі гераінь-апавядальніц («апавядальніца» і «каментатарка»), што ўскладняе структуру.

Але на асноўнай гісторыі гэта не адбіваецца — яна ўцягвае ў сябе, нягледзячы на псіхалагічную складанасць, і не адпускае.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла на свабоду апошняя група асуджаных па справе ваўкавыскага чата2

«Беларускую мову я люблю нават больш за рускую — яна бліжэй да сэрца». Мараканец 18 гадоў жыве ў Салігорску і не можа нацешыцца15

Ва Украіне запэўнілі, што ЗША працягваюць перадаваць разведвальныя звесткі2

За «апраўданне генацыду беларускага народа» будуць завочна судзіць Кацярыну Ваданосаву10

Закрываюць на рэканструкцыю касцёл на Кальварыйскіх могілках у Мінску

Беларуска з заробкам 2 500 BYN падарожнічае двойчы на год і ўжо наведала 34 краіны2

«Каб рабіць рэчы, у якіх я слабы». Стваральнік Linux патлумачыў, чаму любіць ШІ і які менавіта

«Проста ў нас шапіто скончылася». У Белдзяржцырку патлумачылі, чаму вымушаныя шукаць адразу 15 супрацоўнікаў7

Пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце распачалі 11 крымінальных спраў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць