Хачу паслаць ясны сігнал Пуціну: стомы не будзе, не дамо зрабіць Украіну другой Беларуссю — Барэль
Высокі прадстаўнік ЕС у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль падкрэсліў, што члены Еўрасаюза прадоўжаць падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй насуперак спекуляцыям аб магчымай «стомленасці». Пра гэта Барэль заявіў паводле вынікаў нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў ЕС у Стакгольме ў пятніцу, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Топ-дыпламат Еўрасаюза падкрэсліў, што за 15 месяцаў вайны Расія не адмовілася ад намеру «падпарадкаваць» Украіну і працягваць яе знішчаць. Таму важна забяспечыць доўгатэрміновыя інструменты падтрымкі Кіева ў дадатак да кароткатэрміновых, якія існуюць у цяперашні час.
«І я хачу паслаць выразны сігнал Пуціну: няма і не будзе ніякай стомленасці. Мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну столькі, колькі ёй трэба, і столькі, колькі спатрэбіцца», — сказаў Барэль.
Ён падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі Украіна не можа адмовіцца ад барацьбы, бо гэта паставіла б пад пагрозу яе існаванне як нацыі, затое Расія не хоча гэтага зрабіць.
«Многія людзі кажуць, што хочуць міру. Мы хочам. І тыя, хто хоча міру больш, чым хто-небудзь іншы, — гэта ўкраінцы. Украінцы хочуць міру. Мы хочам міру. Але мы не хочам капітуляцыі. Мы не хочам, каб Украіна стала другой Беларуссю», — падкрэсліў топ-дыпламат ЕС.
Раней Барэль заявіў, што Пекін, хоць і застаецца важным партнёрам Бруселя, ужо страціў магчымасць быць пасрэднікам у развязанай Расіяй вайне.
Каментары