«Аднойчы папрасілі намаляваць аголеную жанчыну на камбайне». Мастак-аэраграфіст з Гродна расказаў, ці можна зарабіць на гэтым хобі
Сяргея Вяленду ў Гродне ведаюць, напэўна, усе аўта– і мотааматары. Мастак-аэраграфіст днём працуе станочнікам на мясцовым прадпрыемстве, а ў вольны час з дапамогай фарбаў і паветра наносіць чэрапы, ільвоў, анёлаў на элементы мотаэкіпіроўкі, робячы іх непадобнымі да іншых. Журналістам av.by Сяргей распавёў, колькі каштуе пафарбаваць моташлем ці аўтамабільны капот, якую самую незвычайную замову ён атрымаў і чаму ніколі не возьмецца за рэтрамашыны.
«Я малюю ў сваім гаражы! Можа, не вельмі атмасферна тут», — сказаў гродзенскі мастак па тэлефоне, калі з ім дамаўляліся аб сустрэчы.
Але, ледзь пераступіўшы парог гаража, які знаходзіцца на ўскраіне горада, журналісты апынуліся ў сапраўднай майстэрні творцы. На паліцы ад старой кухні хаатычна расстаўленыя шматлікія слоічкі з фарбай, тут жа — пэндзлікі, скотч, газеты. Побач шлемы — ужо размаляваныя і яшчэ толькі падрыхтаваныя.
Сяргей паводле адукацыі — прафесійны мастак, паводле закліку душы — аэраграфіст, а працуе станочнікам.
— Зарабіць на жыццё выключна аэраграфіяй у нас немагчыма, бо існуюць пэўныя абмежаванні ў ПДР — многіх гэта, вядома, спыняе. Хоць у той жа Еўропе, напрыклад, гэта вельмі развіта. Людзі цэлыя фуры размалёўваюць!
Таму мой асноўны занятак не звязаны з размалёўкай мота– і аўтамабільнай тэхнікі. Я прыходжу пасля працы ў гараж і адводжу тут душу, — тлумачыць гродзенец.
Упрыгожваць транспартныя сродкі аэраграфіяй у Беларусі забаронена. Пункт 194.13 ПДР прадпісвае:
«Забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з вонкава бачнымі налепкамі (выявамі), акрамя ва ўстаноўленым парадку размешчаных апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, прадугледжаных у дадатку 5 да гэтых Правіл, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку да адпаведнай арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка)».
Парушэнне гэтай нормы можа выклікаць папярэджанне ці штраф да 1 базавай велічыні.
«Звычайна работнікі ДАІ часта заплюшчваюць вочы на малюнкі. Праблемы ўзнікаюць пры праходжанні тэхагляду. Там могуць прымусіць перафарбаваць. Хоць я чуў шмат гісторый пра тое, як малюнак замазвалі, а пасля тэхагляду зноў адмывалі. Але, бывае, трапяцца прынцыповыя супрацоўнікі станцыі — і ўсё!»
Першыя работы ў Сяргея з'явіліся яшчэ ў 2013 годзе. Умеў прыгожа маляваць, прафесійна трымаць пэндзаль у руках, ведаў толк у фарбах і мроіў аб аўтамабілях і матацыклах. Усе гэтыя навыкі і захапленні прывялі гродзенца да мастацтва аэраграфіі:
— Ніякіх курсаў я не заканчваў. Бо іх проста няма! Глядзеў праграмы па тэлебачанні пра аўтамабільны цюнінг. Захацелася даведацца, ці змагу я! Аднойчы пайшоў на рынак, купіў на разборцы капот ад Golf 2 — знайшоў самы танны за 20 даляраў. Гэта і была мая першая спроба пэндзля!
На старэнькім капоце Сяргей намаляваў д'ябла з крыламі. Чаму менавіта такі малюнак абраў, гродзенец ужо дакладна і не памятае. Тады была мода на падобныя матывы, ды і філасофія ў малюнак закладалася простая: аберагаць кіроўцаў ад няшчасных выпадкаў. Але ў той момант важнай здавалася не сама карцінка, а неабходнасць паспрабаваць, атрымаецца нешта ў мастака-самавука ці не!
«Малюнак атрымаўся! Аднак тады не было ніякіх анлайн-пляцовак для продажу, машыны я не меў. Я проста паставіў гэты капот на лесвічнай пляцоўцы і не ведаў, што з ім рабіць. А потым занёс і падарыў яго таму самаму прадаўцу», — успамінае Сяргей.
Далей мужчына пачаў эксперыментаваць з рознымі паверхнямі: камусьці размаляваў халадзільнік, камусьці — сейф. Але асаблівае задавальненне прыносілі, вядома, аўто і матацыклы. Калі ў Гродне пачалі з'яўляцца розныя клубы аўтааматараў, мастацтва аэраграфіі стала вельмі запатрабаваным.
«Людзі проста гарэлі жаданнем нешта намаляваць на сваім капоце, неяк вылучыцца. І нікога не спынялі праблемы з тэхаглядам. Калі быў фестываль SunDay, мы размалёўвалі капоты ў рэжыме рэальнага часу. Народу каля нас збіралася ого-го! Потым пачалася пандэмія. Фестываль не праходзіў. Усе пацішэлі з машынамі. Цяпер калі і прыязджаюць, то хочуць, каб я размаляваў падкапотную «ўнутранку», нейкія элементы асобныя ці ў салоне нанёс эмблему.
У асноўным прыязджаюць матацыклісты — вось у гэтых хлопцаў фантазіі хоць адбаўляй!»
— І што часцей за ўсё просяць намаляваць?
— Сягоння вельмі папулярны матыў Red Bull і ўсё, што з ім звязана. Ёсць вечныя тэмы: прырода, жывёлы, космас… На самай справе, фантазія байкераў вельмі ўражвае, таму складана так адназначна адказаць.
— Што самае складанае ў гэтым мастацтве?
— Навучыцца. Табе трэба адным рухам аднаго пальца рэгуляваць два паказчыкі — паветра і фарбу. Наогул, гэта досыць працаёмкі працэс. Трэба ўзгадніць эскіз з заказчыкам. Бывае такое, што прынясуць шлем і скажуць: «Ты мастак — сам думай!» А здараецца, стаяць у прамым сэнсе слова над табой і ледзь не лінейкай вымяраюць кожны міліметр.
Шмат часу сыходзіць на падрыхтоўку паверхні. Аэраграфія не выконваецца на пашкоджаным матэрыяле — яго трэба зачысціць, апрацаваць. Часам мне даводзіцца нават адпраўляць кліентаў на пескаструмень.
— А якая была самая незвычайная замова?
— Пажылы мужчына папрасіў намаляваць аголеную жанчыну… на камбайне! Я кажу яму: «Ну, гэта ж не твая тэхніка!» А ён быў настойлівы: хачу — і ўсё тут! З начальствам, маўляў, сам дамоўлюся. Я, вядома, адмовіў такому кліенту, каб пазбегнуць праблем.
— Ну, а колькі каштуе размаляваць шлем і капот?
— Усё залежыць ад складанасці працы, колькасці колераў, плошчы і шчыльнасці малюнка. У сярэднім за размалёўку шлема прашу 150 даляраў. У Мінску, я ведаю, хлопцы бяруць больш. А вось за капот — каля 700 даляраў.
— Выдаткаў па матэрыяле шмат? Якое абсталяванне неабходна для стварэння малюнка?
— Аэрограф (прылада для распылення фарбы накшталт аэразольнага балончыка, але значна танчэйшая і акуратнейшая), фарба і пэндзлікі. Вельмі шмат пэндзлікаў! Скотч, каб нешта адбіць тонкае, трафарэты розныя.
Я нават выкарыстоўваў баскетбольную майку ў сетку. Трэба было стварыць імітацыю тканіны на шлеме! У гэтым мастацтве экспромту заўсёды знойдзецца месца. Эфект мармуру дасягаецца звычайным пакетам, а пёры — пры дапамозе пэндзля для румян. Увогуле ж выдаткаў тут не так ужо і шмат — аэрограф ды фарба.
Самы просты аэрограф для старту каштуе 20 даляраў, добры — прыкладна 250 даляраў. Канструктыўна яны нічым не адрозніваюцца. У даражэйшых варыянтаў матэрыял корпуса лепшы — у іх і магчымасцяў больш. Чым дыхтоўнейшы аэрограф, тым больш якасную працу можна рабіць.
Тое ж самае і з фарбай. Некаторыя аэраграфісты выкарыстоўваюць звычайную аўтамабільную, а некаторыя — спецыяльную на воднай аснове. Што тычыцца тэрмінаў вырабу малюнка, то на яго сыходзіць ад двух дзён да некалькіх месяцаў.
— А бывала такое, што ты камусьці адмаўляў? Акрамя таго пажылога камбайнера!
— Бывала! Вось прыехаў да мяне неяк мужчына на Mercedes-Benz W140. Прыгожы, дагледжаны аўтамабіль, ад якога вее легендай! Гаспадар хацеў бізона на капоце. Ну які бізон? Гэтая машына самадастатковая, і любое ўмяшанне яе толькі сапсуе. Ёй не трэба такое! Як і любым іншым старым аўтамабілям у добрым стане.
— Як ты лічыш, ці можа аэраграфія прыносіць прыбытак і быць паўнавартаснай працай у нашым горадзе і краіне ў цэлым?
— Для гэтага як мінімум павінны быць паслабленні з боку ПДР. Хоць бы дазвалялі капот размаляваць! А пакуль тых, каго не палохаюць заканадаўчыя перашкоды, не так ужо і шмат. І гэта трэба дакладна разумець, калі плануеш зарабляць на гэтым відзе мастацтва.
«Я атрымліваю камфорт ад таго, што проста катаюся». Гродзенская моталэдзі расказала, як асвоіла круты японскі байк
«Не трэба нічога баяцца, давайце рухацца наперад». Блогерка з Асіповічаў расказвае ў тыктоку, як пад 50 гадоў рэзка змяніла жыццё і стала дальнабойніцай
«Больш за ўсё стамляецца, вядома, задняе месца, агнём гарыць!» Бабруйскі пенсіянер на мапедзе аб'ехаў усю Беларусь і даязджаў нават да Каўказа
Каментары