Грамадства44

Беларус у ЗША спеў песню NaviBand і стаў зоркай тыктока. Хто гэты хлопец?

Сяргей Ульянаў з Мінска стаў зоркай тыктока пасля таго, як праспяваў у Лос-Анджэлесе песню «Гісторыя майго жыцця» NaviBand. Зрабіў ён гэта для блогеркі Sixthreezerobicycles, якая ездзіць па горадзе на трыцыкле з усталяванай на рулі гукавой калонкай і прапануе мінакам праспяваць любую песню за невялікую ўзнагароду. Відэа хутка набрала 230 тысяч праглядаў.

У 2015 годзе Сяргей (пад псеўданімам Рэй) выступаў з гуртом Navi на адной сцэне

Сам Сяргей кажа, што гэта крыху крыўдна: трэба зняцца ў нейкім дзіўным відэа, каб атрымаць увагу. Але сам мужчына вядзе блог, дзе распавядае аб больш сур’ёзных рэчах і дзеліцца сваім вопытам. А падзяліцца яму насамрэч ёсць чым. Ён прыехаў працаваць ва Украіну за два тыдні да пачатку вайны, потым выехаў у Турцыю праз Румынію, адтуль паляцеў у Мексіку і толькі з адзінаццатай спробы прайшоў мяжу ЗША, дзе папрасіў прытулку — і амаль месяц правёў у турме для мігрантаў. Цяпер Сяргей будуе новае жыццё ў новай краіне і марыць аб тым, каб стаць акцёрам у Галівудзе.

У Беларусі ён працаваў у сферы маркетынгу і адначасова займаўся творчасцю: здымаўся ў рэкламе, запісваў песні. Як шмат хто з артыстаў, спрабаваў прасоўвацца і ў Расіі — у 2016 годзе вядучы музычны канал Russian MusicBox узяў у ратацыю яго кліп на песню «Бывай.by». Гэта быў першы выпадак у гісторыі канала, калі ў эфіры пачала гучаць беларуская мова.

— У 2020 годзе я браў удзел у пратэстах у Беларусі і потым нават напісаў песню пра гэта. Пасля таго як двух маіх сяброў затрымалі, пачаў думаць аб тым, каб з’ехаць з краіны, бо разумеў, што заставацца небяспечна. Мяне вельмі ўразіў кейс з Мікалаем Брэдзелевым, які працаваў у А1 — яго затрымаў ГУБАЗіК і прымусіў распавядаць аб сваёй арыентацыі на камеру. Я не хацеў апынуцца на яго месцы.

Сяргей Ульянаў. Фота: асабісты архіў героя

Сяргей знайшоў працу ва Украіне і за два тыдні да пачатку вайны пераехаў у Палтаву. Грошы на першы час яму пазычыла сястра. А потым здарылася 24 лютага.

− Я прачнуўся рана з-за выбухаў. Выйшаў на вуліцу і пабачыў сапраўдны апакаліпсіс: людзі ў паніцы пакавалі рэчы ў машыны, таксі выклікаць было немагчыма… Я не ведаў, што рабіць — з'язджаць ці не? Ці звольняць мяне з працы, калі я з’еду? Грошай амаль не заставалася — я ж патраціўся, каб уладкавацца на новым месцы, а першы заробак не паспеў атрымаць. У выніку на працы Сяргея сказалі, што тыя, хто хоча, могуць з’ехаць. Ён пачаў шукаць варыянты і знайшоў у інтэрнэце квіткі на самалёт Адэса-Анталія. На аўтобусе праз Кіеў ён дабраўся да Адэсы. Перш за ўсё пабег глядзець, ці працуе аэрапорт — той быў зачынены.

Тады Сяргей вырашыў з'ехаць на маршрутцы ў Румынію — кіроўца патрабаваў 100 еўра за месца (і аплату быў згодны браць толькі ў гэтай валюце).

Чарга на мяжы Украіны і Румыніі. Фота: Сяргей Ульянаў

— Разам са мной ехала шмат украінскіх мужчын. Яны пыталіся: «А ты як плануеш выехаць за мяжу?». І мне было так сорамна казаць, што я беларус, бо я мог з’ехаць, а яны — не. На памежным кантролі былі сапраўдныя драмы: жанчыну з дзецьмі прапускаюць, яе мужа — не, усе плачуць. Невыносна балюча на гэта глядзець. Я разумеў, што мне з-за нацыянальнасці прайсці мяжу будзе складана. Мяне пратрымалі пяць гадзін — вывучалі змесціва тэлефона, двух камп’ютараў. Потым знайшлі маё запрашэнне на працу ва Украіну, дамову, па якой мой працадаўца здымаў для мяне кватэру. Сказалі: «Ну, значыць, не агент» і прапусцілі. Далей я сеў на паром да Румыніі.

Дазвол прайсці мяжу. Фота: Сяргей Ульянаў

Не без прыгод Сяргей змог вылецець у Турцыю.

— Два месяцы я займаўся тым, што маніторыў інфармацыю ў розных тэлеграм-каналах (у тым ліку і беларускіх), каб дапамагчы кампаніі распрацоўваць лагістычныя маршруты: яна займалася пастаўкамі тавараў у крамы і трэба было зрабіць так, каб фуры з таварамі ў выніку даехалі да людзей. У кампаніі нават гаварылі, што мы змагаемся на эканамічным фронце.

Але пытанне з грашыма не страчвала актуальнасці. Украінскую картку беларусу заблакіравалі, а на новую турэцкую працадаўца не мог пераводзіць зарплату, бо міжнародныя пераводы з Украіны таксама былі забароненыя, каб перашкодзіць адтоку грошай з краіны. У выніку выйсце знайшлі, але заробак Сяргей атрымліваў маленькімі часткамі на працягу даволі вялікага перыяду часу — апошнюю частку атрымаў, ужо калі знаходзіўся у ЗША.

Сяргей Ульянаў. Фота: асабісты архіў героя

Сяргей пачаў думаць, у якой краіне ён зможа жыць — у Беларусь вяртацца было небяспечна. Сяргей гей, таму, выбіраючы будучыню, ён думаў пра тое, што хоча жыць у краіне, дзе яму не трэба будзе хаваць арыентацыю.

— Яшчэ ў 2010 годзе мае сябры папрасілі прытулак у ЗША з нагоды таго, што іх дыскрымінуюць на радзіме з-за сэксуальнай арыентацыі. Я тады пачаў таксама думаць пра гэта. Але ж сябры гаварылі, што трэба мець хаця б 10—15 тысяч даляраў на адваката, грошы на здым кватэры, на ежу, бо першы час нельга працаваць. У мяне не было такіх грошай, таму я вырашыў збіраць, але гэта было не вельмі сумяшчальна з рэальнасцю: па-першае, у мяне была не самая вялікая зарплата, па-другое, я імкнуўся ўкладваць у музыку, каб пачаць зарабляць творчасцю. Я нават не паспрабаваў пагугліць, ці магчыма пераехаць без вялікай сумы на рахунку — а на самой справе, існуе магчымасць шмат чаго атрымаць бясплатна. Ёсць шэлтары, дзе можна жыць, ёсць арганізацыі, якія даюць ежу, ёсць бясплатныя адвакаты. Рэальна сэканоміць дзясяткі тысяч даляраў.

Фота: інстаграм Сяргея Ульянава

Цяпер Сяргей расказвае ў блогу пра гэта для ЛГБТ-людзей, каб яны ведалі, што ўсё магчыма. Вядома, калі ёсць грошы, шмат чаго ў жыцці робіцца значна прасцей. Але ёсць і варыянты для тых, каму трэба выжываць.

— Дзіўна, калі ў мой блог прыходзяць людзі, якія пішуць: «Па ім відаць, што ён натурал! Хлусіць, быццам бы гей, толькі каб атрымаць прытулак у ЗША». Мяне булілі ў школе, мяне збівалі ва ўніверсаме «Цэнтральны», мне было ўсяго 16 гадоў, калі маці даведалася пра маю арыентацыю і мяне выгналі з хаты. Дарэчы, калі я патэлефанаваў у службу псіхалагічнай падтрымкі, мне адказалі: «Ты грэшнік, памаліся і ўсё пройдзе», пасля чаго ў мяне была спроба суіцыду (потым я напісаў песню для падлеткаў, якія знаходзяцца у такой няпростай сітуацыі). І вось у гэтыя моманты нешта ніхто не сумняваўся ў тым, што я гей. А зараз раптам атрымліваецца, што я выглядаю недастаткова па-гейску.

Каб вылецець з Турцыі ў Мексіку, беларусу трэба мець або мексіканскую візу, або шэнгенскую. Сяргею пашанцавала, і ён змог зрабіць польскую візу.

— Квэст пачынаецца яшчэ ў аэрапарту Турцыі: сярод тых, хто ляціць у Мексіку, спрабуюць вызначыць тых, хто насамрэч плануе перасекчы мяжу ЗША. Таму нават на борт пускаюць не ўсіх. Мяне не хацелі пускаць без мексіканскай візы, але я быў так упэўнены ў сваёй слушнасці, што змог прайсці.

Наступная частка квэсту чакае ўжо ў Мексіцы: там таксама спрабуюць адсеяць тых, чыя сапраўдная мэта — Амерыка. Некаторых адпраўляюць назад у Турцыю. Камусьці пры гэтым ставяць у пашпарт забарону на ўезд у краіну на год.

— Ужо ў мігранцкай турме ў ЗША я пачуў шмат неймаверных гісторый. Быў, напрыклад, хлопец, які ў Мексіцы атрымаў забарону на ўезд. Але ён не страціў надзею і другі раз прыляцеў у краіну, выкарыстоўваючы пашпарт свайго брата-блізнюка. Потым, калі здолеў трапіць у Амерыку, адправіў брату яго пашпарт па пошце.

Перасекчы мяжу з ЗША ў Сяргея атрымалася толькі з адзінаццатай спробы — на гэта спатрэбілася каля месяца. Кажа, што вельмі матывавала думка аб тым, што вяртацца яму няма куды.

Каб прайсці мексіканска-амерыканскую мяжу, Сяргей хаваўся ў багажніку аўтамабіля. Фота: інстаграм Сяргея Ульянава

Пасля Сяргей правёў пяць дзён у прымежным ізалятары, дзе падаў просьбу аб атрыманні прытулку. Потым яшчэ 21 дзень у міграцыйнай турме, пакуль яго кейс разглядалі.

— Калі я расказваю пра гэта, многія жахаюцца: «Як так, табе патрэбна дапамога, а цябе адпраўляюць у турму». Насамрэч, нічога жахлівага ў гэтым няма: я ж не на Акрэсціна месяц пражыў і тым больш не адседзеў ні за што два гады ў беларускай турме. Амерыканская турма для мігрантаў — гэта не гатэль пяць зорак, але ўмовы там нармальныя.

Сяргей кажа, што ён не баяўся таго, што яго можа пакрыўдзіць ахова турмы, а вось «добрыя рускія», якія таксама падаваліся на прытулак, палохалі.

— У ЗША цяпер шмат расіян, якія просяць прытулак з-за таго, што на радзіме ім пагражае небяспека з-за палітычных поглядаў. Але тое, што людзі выступаюць супраць Пуціна і вайны не робіць іх аўтаматычна талерантнымі. Сярод «добрых рускіх» шмат гамафобаў. І гэта сапраўды цікава: людзі, якія прыязджаюць за палітычнай свабодай, супраць таго, каб іншыя атрымалі тую свабоду, якая патрэбна ім. Вядома, у мігранцкай турме ўсе пытаюцца, з якім кейсам ты падаешся. Але я разумеў, што расказваць пра сябе праўду вельмі небяспечна.

Фота: інстаграм Сяргея Ульянава

15 чэрвеня 2022 года Сяргея выпусцілі на волю. Сумневаў на тэму таго, куды ехаць не было — у Лос-Анжэлес, бо там шмат магчымасцяў для акцёраў. Сам Сяргей скончыў факультэт рэжысуры свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры.

— Я заўсёды марыў быць акцёрам. Але з 16 гадоў, калі мяне выгналі з дому, мне прыходзілася працэнтаў 80 свайго часу траціць на тое, каб зарабляць. У вольны час я хадзіў на кастынгі і спрабаваў займацца творчасцю.

Першы год у ЗША Сяргей атрымліваў дапамогу ад дзяржавы — 200 даляраў, якія можна патраціць толькі на ежу, і 750 даляраў на іншыя патрэбы. Ён кажа, што насамрэч, для Лос-Анжэлеса гэта невялікія грошы.

Літаральна днямі ён атрымаў пацвярджэнне, што яму ўхвалены дазвол на працу — і ўжо праз дзве гадзіны быў у акцёрскім агенцтве. Чакаючы дазвол, Сяргей змог уступіць у Амерыканскую гільдыю кінаакцёраў — гэта атрымалася дзякуючы таму, што каля дзесяці гадоў мужчына здымаўся ў розных міжнародных праектах.

Фота: інстаграм Сяргея Ульянава

— Сцэнарысты ўжо скончылі свой страйк — яны дабіліся таго, чаго хацелі. Так што пакуль я чакаю, калі акцёры перастануць страйкаваць. Вядома, для беларуса гэта выглядае проста неймаверна — людзі змагаюцца за свае правы і ніхто іх за гэта не збівае, не саджае ў турму. Галоўнае, што ў іх атрымліваецца дабіцца выніку. Мне вельмі прыемна жыць у дэмакратыі і хочацца рабіць самае лепшае для гэтай краіны.

Каментары4

  • Мора
    09.10.2023
    Ёсік, новы беларускі, біяметрычны
  • Ёсік
    09.10.2023
    Мора, дзякуй. Але чаму спытаў - ён павінен быць Ulyanau Syarhej, мо канешне не дакладна, прабачце, але ніяк не так, як на фота. Які ж ты беларус, калі на ангельскую мову сваё прозьвішча з расейскай падаеш. І не трэба зараз пісаць, што памежнікі дрэнна чытаюць, не так успрымаюць і г.д. Ну дык назавіся расейцам і няма пытаньняў. Нешта не чуў я, каб мая сваячка нешта ў Францыі тлумачыла аб прозьвішчы сваім і мужыка ейнага, сябра перад немцамі таксама не сароміцца сваім прозьвішчам і імя, ды шчэ імя па бацьку. А прозьвішча Шашунковіч Рыгор Самуілавіч. Ведаю аднаго былога дырэктара саўгаса, які аб расейцах клапаціцца больш, чым аб беларусах. То не зразумеюць Хуткасны рэжым, то чытаць не ўмеюць, то не ведаюць кірыліцы.
  • Сергей Ульянов
    10.10.2023
    Знаете что, Ёсик?
    Я думаю, Вы правы. Слишком много я подстраивался под большинство.

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

У Ашмянах сёння было мінус 8,8°С2

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →