Спорт

Хто ад Беларусі ўжо адабраўся на Алімпіяду-2024, а хто яшчэ можа паехаць

Некаторыя топы белспорту, здаецца, ужо гарантавана ў пралёце.

Фота: Michel Euler / AP

8 снежня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта афіцыйна абʼявіў, што дапусціць на Алімпійскія гульні — 2024 у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія пройдуць кваліфікацыю. Асобна ўдакладнялася, што ніякіх дадатковых спаборніцтваў і іншых шанцаў не будзе — трэба ўпісвацца ў дзейныя сістэмы міжнародных адбораў.

Разбаньваць беларускіх атлетаў у нейтральным статусе ў некаторых відах пачалі раней, таму на момант заявы МАК ужо налічыў некалькі ліцэнзій у грамадзян Беларусі. Праўда, спачатку іх было нібыта тры, а праз некалькі дзён у прэс-рэліз унеслі праўкі — і колькасць павялічылася да пяці.

З якіх відаў спорту гэтыя людзі і колькі ўвогуле пуцёвак на АГ рэальна атрымаць спартсменам з беларускім пашпартам, разбіралася «Трыбуна».

Барацьба

Беларускіх барцоў вярнулі на міжнародную арэну ў нейтральным статусе своечасова для таго, каб на поўную паўдзельнічаць у размеркаванні ліцэнзій. Першы этап — ЧС-2023, дзе пуцёўкі на АГ атрымлівалі людзі з топ-5. Другім этапам стане еўрапейскі кваліфікацыйны турнір у красавіку (ліцэнзіі атрымаюць фіналісты), трэцім — сусветны адбор у траўні (там трэба трапіць у топ-3).

Але двое беларускіх прадстаўнікоў справіліся ўжо на ЧС: Ванэса Каладзінская стала другой у вольнай барацьбе (да 53 кг), а натуралізаваны расіянін Абубакар Хаслаханаў — пятым у грэка-рымскай (да 97 кг). Фармальна ліцэнзіі не імянныя, а для алімпійскага камітэта краіны, але ў беларускім выпадку атлеты могуць патрапіць на АГ толькі наўпрост праз МАК, так што замена бачыцца немагчымай.

Колькі ліцэнзій на АГ: дзве.

Акадэмічнае веславанне

У гэтым відзе алімпійскія ліцэнзіі еўрапейцы могуць узяць на трох спаборніцтвах: ЧС-2023, еўрапейская рэгата ў будучым красавіку і фінальная кваліфікацыя ў траўні. І ўжо на сусветным першынстве, якое прайшло ў верасні, Яўген Залаты скарыстаўся шанцам — у адзіночцы заняў сёмае месца, а пуцёўкамі забяспечваліся топ-9 атлетаў. Праўда, міжнародная федэрацыя заявіла, што ліцэнзію, якую Залаты фармальна ўзяў для алімпійскага камітэта краіны, прытрымае да афіцыйнага рашэння МАК па допуску — але вось яно ёсць, а значыць, атлет можа рыхтаваць дакументы на допуск.

Ёсць віды і на другую пуцёўку — Таццяна Клімовіч на ЧС стала 10-й, то-бок была зусім побач. На еўрарэгаце будуць даступныя яшчэ тры месцы — патрапіць у іх цалкам рэальна.

Колькі ліцэнзій на АГ: адна.

Веласпорт

У шашэйным раздзеле кваліфікацыя ўжо скончылася — і ў Беларусі тут ёсць ліцэнзія. Яна атрыманая за знаходжанне ў межах 21-45-га месца ў жаночым сусветным рэйтынгу да 17 кастрычніка 2023-га (у якім назва Belarus заменена на сем зорачак).

У рэйтынгу міжнароднага звязу раварыстаў (UCI) вышэй за астатніх беларускіх шашэйных гоншчыц на сёння Ганна Церах, але прэтэндэнтак на адзіную пуцёўку фармальна пяць (яны маюць 10 і больш пунктаў у рэйтынгу, гэта крытэр допуску).

А вось на трэку ўсё вырашыць сусветны рэйтынг на 14 красавіка 2024 года. Вось толькі там каціруюцца вынікі ўзроўню Кубкаў свету, ЧЕ і ЧС — а беларускія трэкавікі ва ўсім гэтым даўно не ўдзельнічаюць (не трапляюць у спісы дапушчаных у нейтральным статусе), таму і на прахадныя месцы прэтэндаваць не могуць. 

Маўнцінбайк і BMX у Беларусі пакуль не развіты настолькі, каб гаварыць пра АГ і ў звычайных умовах.

Колькі ліцэнзій на АГ: адна.

Плаванне

У гэтым відзе ёсць кваліфікацыйны шлях выканання нарматываў па часе. Аднак міжнародная федэрацыя плавання (World Aquatics) выразна ўказала, што паказваць заліковыя секунды можна толькі на «ўхваленых спаборніцтвах» з ейнага календара. Яшчэ адно пытанне — што, па правілах кваліфікацыі, спартсменаў з патрэбным часам (OQT) заяўляюць НАК, а ў беларускім выпадку гэта немагчыма. Зрэшты, і сама World Aquatics запрашае спартсменаў з паказаным «часам разгляду» (OCT, яно яшчэ і на пяць працэнтаў большае за нарматыўнае). Аднак такія запрашэнні рассылаюцца ў апошнюю чаргу — калі засталіся месцы. Іх на ўсе АГ 852, без максімумаў па канкрэтных дыстанцыях.

Доступ на патрэбныя спаборніцтвы ў беларускіх плыўцоў нядаўна аднавіўся. У пачатку кастрычніка чацвёра прадстаўнікоў віду (цяпер такіх ужо сем) атрымалі міжнародныя допускі ў нейтральным статусе. На першым жа дазволеным этапе Кубка свету 20-22 кастрычніка ў Венгрыі OQT паказала Анастасія Шкурдай — на дзвюх дыстанцыях на спіне, 100 м (праплыла за 59,90, на дзевяць сотых хутчэй за нарматыў) і 200 м (паказала 2:09,67, запас ад нарматыву больш за секунду). Ледзь не ўклалася ў OQT Аліна Змушко на 100 м брасам — пры нарматыве ў 1:06,70 праплыла за роўна 1:07 (тым самым упісалася ў OQT). Зрэшты, і ў Змушко, і ў лідара мужчынскай часткі каманды Іллі Шымановіча яшчэ будзе магчымасць выканаць нарматывы — у канцы лютага пачнецца ЧС, куды адабраліся спартоўцы.

Колькі ліцэнзій на АГ: адна, рэальныя яшчэ дзве.

Лёгкая атлетыка

А ў гэтым відзе вынік на алімпійскі нарматыў можна паказваць увогуле на любым афіцыйным спаборніцтве, прызнаным хаця б на ўзроўні федэрацыі краіны. З патрэбнымі вынікамі ўжо справіліся шэсць беларускіх лёгкаатлетаў — праўда, у адным выпадку гэтага не хапае для трапляння ў квоту (так раздаецца толькі палова месцаў у кожным відзе, астатнія — па сусветным рэйтынгу). Астатнюю пяцёрку ад АГ фактычна аддзяляе афіцыйная згода МАК — яна павінна быць мацнейшай за нежаданне міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі пускаць на Гульні.

Колькі ліцэнзій на АГ: фармальна нуль, дэ-факта пяць (і могуць быць яшчэ).

Тэніс

Тут усё проста — права на АГ будуць мець тыя, хто ўвойдзе ў топ-56 адзіночнага рэйтынгу ATP і WTA да 10 чэрвеня 2024 года. І Арына Сабаленка, якая сёння займае другі радок, не вылеціць за межы патрэбнай мяжы, здаецца, нават калі ўвогуле не будзе гуляць да АГ. Вікторыя Азаранка, якая цяпер на 22-м месцы, таксама вельмі наўрад ці пакіне неабходную зону. У мужчын жа падняцца ў топ шанцаў ні ў кога не відаць — там найлепшы пакуль Ілля Івашка са 182-га месца.

Адзінае «але» — у правілах міжнароднай федэрацыі тэніса (ITF) прапісана, што тэнісіст, які сабраўся на АГ, мусіць згуляць хаця б пару матчаў за зборную ў 2023-24 гадах, а беларускія каманды ад міжнародных матчаў адхіленыя. Але следам адразу ідзе ўдакладненне, што камісія ITF можа зацвердзіць спартсмена і без гэтага — раптам ён толькі ўвайшоў у тэнісную эліту, прайграў у зборнай канкурэнцыю або «гістарычна ўдзельнічаў» у камандных спаборніцтвах. Апошні пункт якраз больш чым пасуе Сабаленка і Азаранка — праблем узнікнуць не павінна.

Колькі ліцэнзій на АГ: павінна быць дзве.

Цяжкая атлетыка

У гэтым відзе кваліфікацыя з выгляду простая: галоўнае — паказаць на адным з патрэбных турніраў адзін вынік, які ўвойдзе ў зводны топ-10 найлепшых з усіх такіх турніраў. Але ёсць і другі крытэрый — паўдзельнічаць мінімум у пяці абавязковых спаборніцтвах у 2023-24 гадах. Зрэшты, беларускіх цяжкаатлетаў вярнулі на міжнародныя турніры акурат да моманту, калі гэтых спаборніцтваў засталося роўна пяць (пасля іх і будзе складзены выніковы рэйтынг).

На свежым кваліфікацыйным турніры ў Катары адзначыліся і захавалі шанцы на Парыж Пётр Асаёнак (12-ы ў рэйтынгу да 89 кг), Яўген Ціханцоў (5-ы, да 102 кг) і Эдуард Зязюлін (8-ы, 102+ кг). Выступіла і Сюзана Валадзько, але, у адрозненне ад суперніц, няўдала — і зʼехала з 7-га на 11-е месца ў рэйтынгу.

Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі (IWF) таксама пакідае за сабой права зрэзаць квоты для суайчыннікаў тых, хто пасля АГ-2020 падвяргаўся допінг-бану. А паколькі ў беларускіх цяжкаатлетаў за гэты тэрмін пачаліся ўжо тры дыскваліфікацыі, то і тут могуць узнікнуць варыянты. Увогуле, калі да Гульняў дабяруцца Ціханцоў ды Зязюлін — будзе ўжо паспяховая кваліфікацыя, але як бы не давялося выбіраць аднаго з іх.

Колькі ліцэнзій на АГ: пакуль нуль, рэальныя адна-дзве.

Гімнастыка

Прадстаўнікі віду, па-за якім беларускія спартсмены на АГ апошні раз бралі золата ў 2012-м, маюць сумныя перспектывы, каб патрапіць у Парыж. Для гэтага трэба спачатку атрымаць допуск на спаборніцтвы міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG), які нібыта абяцаны з пачатку 2024 года.

У спартыўнай гімнастыцы для еўрапейцаў засталося 12 індывідуальных квот, якія разыграюць на Кубку свету і ЧЕ, а таксама два «месцы ўніверсальнасці» — для спартсменаў з НАК са звычайна маленькімі дэлегацыямі на АГ. Наўрад ці беларускія прадстаўнікі тут нешта зачэпяць — зрэшты, на АГ-2020 было 77-е месца, так што, па сутнасці, нічога не страчана, у адрозненне ад наступных падвідаў.

У мастацкай гімнастыцы, апроч адзінага «месца ўніверсальнасці», засталося яшчэ роўна адно месца — на чэмпіянаце Еўропы, дзе можна саступаць толькі прадстаўніцам тых краін, у якіх дзякуючы ЧС-2022 і 2023 пуцёўкі на АГ ужо ёсць. Гэта значыць, што нават у тэорыі трэба неяк абганяць расійскіх канкурэнтак. Але галоўная праблема — у практыцы, дзе 1 снежня еўрапейская федэрацыя гімнастыкі заявіла, што адмаўляецца слухаць FIG і галасуе супраць допуску беларускіх і расійскіх спартсменак. У FIG ёсць права зрабіць кваліфікацыйным замест ЧЕ якое-небудзь іншае спаборніцтва — але ўявіць гэта пакуль складана.

У скачках на батуце месцаў засталося болей — да 12 (у залежнасці ад вынікаў) як у мужчын, так і ў жанчын. І іх заваяваць цалкам рэальна — яны разыгрываюцца на Кубку свету-2023/24 (гэта значыць пад эгідай FIG), у лютым-сакавіку 2024-га пройдзе тры з пяці этапаў, а агульны залік будзе складзены па ўсяго двух найлепшых выніках кожнага атлета. Адна бяда — ліцэнзіі не імянныя, і фармальна атлеты могуць атрымаць толькі адну для свайго НАК, што для беларускіх спартоўцаў неактуальна. Зрэшты, можна паверыць, што FIG дасць пуцёўку найлепшаму батутысту і батутыстцы з нашай краіны, калі яны патрапяць у выніковы топ (на што ў мужчын шанцы выглядаюць значна больш пераважна).

Колькі ліцэнзій на АГ: нуль, магчымая адна ў батутыстаў.

Іншыя віды

З відаў, дзе беларускія прадстаўнікі былі на АГ-2020, нават тэарэтычных шанцаў на Парыж ужо няма хіба што ў конным спорце — усе турніры прайшлі, сусветны рэйтынг глядзяць на 31 снежня 2023-га, а беларускіх вершнікаў там няма.

У боксе, дзе кваліфікацыяй займаецца непасрэдна МАК праз скандал з міжнароднай федэрацыяй, у 2024-м пройдзе два адборачныя турніры, дзе сумарна размяркуюць 6-9 месцаў для кожнай вагавой катэгорыі. Ці змогуць адабрацца беларускія баксёры — застаецца толькі здагадвацца, на адным канкрэтным турніры можа адбыцца і нечаканы поспех, і раптоўны правал.

У веславанні на байдарках і каноэ беларускіх весляроў на ЧС-2023 пры наяўнасці «нейтральнага» допуску не пусціла нямецкая федэрацыя, якая праводзіла турнір. Без яго застаецца зусім няшмат ліцэнзій, якія разыграюць у траўні ў Венгрыі — па дзве на розных дыстанцыях для адзіночак і па адной для двоек. Медальнай на апошніх АГ беларускай чацвёркі ўжо дакладна не будзе ў Парыжы.

У дзюдо для кваліфікацыі на АГ трэба быць высока ў сусветным рэйтынгу, чаго беларускія прадстаўнікі не дабіліся. У тхэквандо, акрамя пазіцыі ў топе, можна прабіцца непасрэдна на еўрапейскай кваліфікацыі ў сакавіку — але трэба трапляць у фінал сваёй катэгорыі. Думаецца, два беларускія медалісты ЧС-2023 здольныя на гэта.

У пентатлоне таксама ёсць пуцёўкі па сусветным рэйтынгу, але праз бан там няма беларускіх пяціборцаў. Застаецца фактычна адзін шанец — узяць медаль на чэрвеньскім ЧС-2024, але і туды спачатку яшчэ трэба атрымаць допуск.

У стральбе, што кулявой, што з лука, яшчэ будуць кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў 2024-м. Пытанне ў допуску — пакуль беларускія федэрацыі толькі пішуць лісты, дэ-факта застаючыся ў бане.

У яхтынгу ў 2024-м пройдзе пяць адборачных спаборніцтваў для розных класаў. Пытанне ў тым, ці трапіць туды нехта з Беларусі, дзе пакуль «калупаюцца ў сваёй кашы на возеры». Ды і патрапіць на АГ нятанна — ва ўмовах допуску патрабуюць страхоўку аж на 2 мільёны еўра.

На гэтым, уласна, «беларускія» віды з мінулых АГ заканчваюцца. На з'яўленне новых разлічваць таксама не выпадае — у тых жа настольным тэнісе і фехтаванні працягваецца заняпад.

Што ў выніку?

Атрымліваецца, на сёння ёсць якраз пяць ліцэнзій, якія з другой спробы і налічыў МАК: дзве ў барацьбе, па адной у акадэмічным веславанні, веласпорце і плаванні. У галаве яшчэ дзве ў тэнісе (там федэрацыя напэўна будзе толькі за) і 5+ у лёгкай атлетыцы (дзе трэба пераадолець супраціў функцыянераў). Яшчэ некалькі можа быць у тых жа барацьбе, веславанні і плаванні, хоць нешта ды павінна быць у цяжкай атлетыцы, пры добразычлівасці сусветнай гімнастыкі можа атрымацца адна квота ў батуце. Іншыя віды спорту сумарна наўрад ці дадуць больш за пару пуцёвак — і тое будзе ўжо поспех.

Агулам можна прагназаваць 15-20 ліцэнзій.

Сурʼёзна паменшыць іх колькасць могуць агульны нядопуск лёгкаатлетаў і стоп-сігнал праз прыналежнасць да беларускіх «сілавікоў», якую на пачатак 2023-га мелі як мінімум барчыха Каладзінская, вясляр Залаты, цяжкаатлет Зязюлін, а таксама ўладальнікі «нарматыўных» вынікаў Алена Дубіцкая (штурханне ядра) і Аляксей Каткавец (кіданне кап'я).

Каментары

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Дынамалёт» не даляцеў да Калінінграда і вымушана вярнуўся ў Мінск2

Падарыў кватэру сваяку, а пасля пашкадаваў. Ці можна адмяніць дагавор?

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат15

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →