У вядомага аўтамабільнага партала, які прыпыняў працу праз наезд сілавікоў, змяніліся ўладальнікі. Вось хто гэта
У студзені запрацаваў аўтамабільны партал ABW.BY, які ў лістападзе мінулага года абвясціў аб сваім закрыцці. У выдання, як паведамлялася, з'явіліся новыя ўладальнікі. «Люстэрка» высветліла, хто цяпер валодае ABW.BY.

Рэдакцыя ABW.BY 17 студзеня паведаміла аб змене ўладальнікаў: «Сёння ў ABW.BY новыя заснавальнікі, якія падхапілі эстафету 30-гадовай гісторыі газеты «Аўтабізнэс».
На сайце выдання ў якасці ўладальніка паказаная кампанія «Бонусторг», якая валодала парталам і раней.
Аднак калі раней ёй валодалі Святлана Асташанка (90,1%) і з 1998 года ««Слівкі бай» (9, 9%), то з 19 студзеня імёны ўласнікаў змяніліся.
Цяпер гэта Аляксей Мартыноўскі і Аляксей Цвірка, кожнаму з якіх належыць доля ў 50%, вынікае са звестак Адзінага дзяржрэгістратара.
Яшчэ ў 2021 годзе на самім партале распавядалі аб кампаніі бізнэсменаў. Іх называлі ўладальнікамі фірмы WestMotors, якая прывозіць машыны ў Беларусь з-за мяжы.
Перад закрыццём партала, пра якое паведамлялася ў лістападзе мінулага года, у кампаніі змяніўся кіраўнік. 30 кастрычніка ім стаў Алег Любінскі.
Нагадаем, 28 кастрычніка мінулага года ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК з'явілася відэа затрымання дырэктара партала ABW.BY Віталя Палякова. Яго прымусілі сказаць, што ён браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама назваць свой заробак.
Паводле звестак сілавікоў, уладальнікі сайта ABW.BY таксама з'яўляліся ўласнікамі slivki.by, bamper.by, рэстарана «Арбат», паба «Пена» і ў дадатак мелі ДНЖ і іншы бізнэс у Еўрасаюзе. Сілавікі таксама прыгразілі тады ўладальнікам бізнэсу, якія, паводле іх слоў, цяпер адпачываюць у экзатычных краінах: «Стаміліся, набіраюцца сіл. Яны ім спатрэбяцца. Хутка».
Раней у студзені 2023 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў галоўнага рэдактара ABW.by Юлію Мудрэўскую да 1,5 года калоніі паводле артыкула аб парушэнні грамадскага парадку, а рэдактара спецпраектаў партала Юрыя Гладчука — да 2,5 года калоніі.
8 лістапада заснавальнікі ТАА «Бонусторг», якому належыць ABW.by, паведамілі, што закрываюць праект. У заяве яны пастараліся дыстанцыявацца ад сувязі гэтага рашэння з палітычнай сітуацыяй у краіне.
19 лістапада на сайце ABW.by быў апублікаваны развітальны ліст калектыву праекта пад назвай «ABW.BY: замест эпілога». У ім рэдакцыя падзякавала сваім чытачам за адданасць, падтрымку і крытыку, рэкламадаўцаў — за давер, а экспертаў, прадстаўнікоў ДАІ і іншых ведамстваў, арганізацый і кампаній — за супрацоўніцтва і прадстаўленую магчымасць рыхтаваць цікавыя і карысныя матэрыялы.
Каментары