«Цэны на кватэры тут не ніжэйшыя, чым у Берліне ці Парыжы». Як 120 гадоў таму здымалі кватэры ў Менску
Годных прапаноў прыстойных і адносна недарагіх кватэр у Мінску не так шмат, і іх трэба яшчэ добра пашукаць, піша citydog.io. У сваю чаргу, мінчане і тыя, хто імкнецца імі стаць, трубяць пра недахоп жылля ў двухмільённым горадзе, яго высокіх цэнах і недаступнасці. Як аказалася, гэтай традыцыі ўжо больш за сотню гадоў.
У матэрыяле выкарыстоўваліся дадзеныя манаграфіі «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» Захара і Сафіі Шыбекаў.
Крызіс жылля
Сто гадоў таму Мінск імкліва рос і ў канцы 19-га стагоддзя сутыкнуўся з вялікім попытам на жыллё. Звязана гэта было з шэрагам прычын: і чыгункай, якая адкрылася, і са з’яўленнем фабрык з вялікай колькасцю працоўных месцаў, і масавым прыездам людзей на заробкі і закупы. Усё гэта прывяло да таго, што ў Мінску пачаў рэзка расці попыт на жыллё. Калі ў 1896 годзе ў горадзе здавалася ў арэнду 11, 6 тыс. кватэр, то да 1911 года гэтая лічба вырасла ўдвая.
Юбілейная плошча
Рынак арэнды насіў сезонны характар: пасля летняга зацішша восенню ўзлятаў попыт і кошты. Інфармацыю пра здачу кватэр домаўладальнікі размяшчалі ў газетах, часопісах, у аб’явах на фасадах або варотах будынкаў. На лістках чырвонага колеру паведамлялі пра здачу кватэры, на зялёных — пакоя.
Наступіла новая мінская рэальнасць арэнды жылля. З ростам попыту немагчыма было даць рады. «Мінскія медычныя весткі» ў 1911-м пісалі: «Патрэбнасць у жыллі ў Мінску <…> такая ж вялікая, як і ў самых буйных цэнтрах. Кошты на кватэры тут не ніжэйшыя, чым у Берліне ці Парыжы».
Жыллё для забяспечаных людзей
Заплаціць 150 рублёў у месяц за кватэру ў цэнтры Мінска маглі сабе дазволіць толькі вельмі забяспечаныя людзі. Для параўнання, настаўнік пачатковых класаў зарабляў 25 рублёў у месяц, выкладчык гімназіі — 60. Рабочы буйнога прадпрыемства атрымліваў 70 рублёў, а пераважная большасць рабацяг — 15-30 рублёў. Зарплата гарадавых была яшчэ ніжэйшай: усяго 13 рублёў.
Што ж адрознівала кватэры за такія казачныя грошы? Размяшчэнне і выгоды: кватэры ў даходных дамах па сваіх выгодах практычна нічым не адрозніваліся ад сучасных. Так, у доме Яніцкага (Савецкая, 14) былі ўсе даброты цывілізацыі, даступныя на той час: вадаправод, каналізацыя, ванныя пакоі і прыбіральні.
Пакоі ўпрыгожвалі абкладзеныя мастацкай пліткай каміны, дарагія дываны, адпаведная мэбля, старадаўні гадзіннік на сценах.
Арандавалі жыллё тут толькі самыя багатыя і высокапастаўленыя людзі Мінска: віцэ-губернатар Меконгаў-Каютаў, вядомы натарыус Шчарбакоў, генерал Істомін і галоўная бізнесвумен Мінска Ядвіга Кастравіцкая, якая займала 8 пакояў. А Магдалена Радзівіл, напрыклад, арандавала ўвесь першы паверх дома Амбрапольскага.
У хатах прасцей — ровар і швейная машынка
Безумоўна, такія казачныя сумы на жыллё маглі дазволіць сабе далёка не ўсё. Прасцейшыя даходныя дамы былі больш даступныя, але ні пра якую ванную гаворка, натуральна, не ішла. Змяняліся ў іх і элементы побыту.
У кватэры сярэднезабяспечанага мінчука можна было ўбачыць швейную машынку (часцей за ўсё кампаніі «Зінгер»), парцалянавы і металічны посуд, бліскучы самавар (братоў Баташовых), гітары, грамафоны, ровары і іншыя прадметы дробнабуржуазнага быта.
Захаваліся такія дамы ў розных частках Мінска. У Траецкім прадмесці ў даходным доме Вігдорчыка (вул. Траецкая набярэжная, 6) здымаў кватэру Дамінік Луцэвіч — бацька Янкі Купалы. Па прыездзе ў Мінск ён працаваў рамізнікам.
Шмат даходных дамоў было і ў яўрэйскай частцы, у тым ліку пабудаваны ў 1899 годзе даходны дом мешчаніна Штубрына.
«Гэта не жылыя памяшканні, а нейкія змрочныя хлявы і скляпы, поўныя волкасці і ўсялякай заразы»
Многія даходныя дамы пуставалі, паколькі простыя рабочыя не маглі сабе іх дазволіць. Яны не маглі засяліцца ў цэнтры Мінска, дзе за адзін маленькі пакойчык у 1897-м трэба было заплаціць каля 10 рублёў у месяц (паводле звестак 1913 г., сярэдні заробак занятых у прамысловасці па ўсёй Расійскай імперыі быў 24,2 руб.).
Па звестках 1903 г., працоўныя мінскіх ускраін марнавалі на арэнду жылля да 26%. Безумоўна, лічбы па факце былі большыя, бо тут не ўлічваліся выдаткі на ацяпленне і асвятленне.
Тым больш, што квартплата стала расла. Так, сярэднегадавы кошт кватэр у 1893 г. складаў 200 рублёў, а ў 1911-м — ужо 500 рублёў. Кошт пяціпакаёвак вырас з 400 да 700 рублёў. Але асабліва хутка паднімаўся цэннік на самыя хадавыя аднапакаёўкі і «двушкі». Кошт на іх вырас у 2,5 разы. Прычынай стала перанаселенасць горада, павелічэнне гарадскіх падаткаў і вялікі кошт на зямлю.
Кватэры падзяляліся на цесныя маленькія пакойчыкі. У газетах пісалі, што домаўладальнікі здавалі нават гаспадарчыя пабудовы, дзе за сцяной таўшчынёй у адну цэглу, бывала, рохкалі свінні, знаходзілася месца для дроў ці прыбіральня. Дамы былі перанаселены, асабліва ў гандлёвай частцы Мінска.
Ні пра якія санітарныя нормы размова не ішла. Вось так ацаніў умовы жылля працоўных горада адзін з мінскіх лекараў: «Мне даводзілася наведваць годныя жалю кватэры, дзе не толькі хвораму на сухоты, але і здароваму чалавеку і нават іншай жывой істоце жыць нельга. Гэта не жылыя памяшканні, а нейкія змрочныя хлявы і скляпы, поўныя волкасці і ўсялякай заразы». Але нават і такі кут быў даступны не кожнаму.
Рабочым даваліся інтэрнаты-баракі
Уладальнікі фабрык і заводаў па магчымасці імкнуліся забяспечыць сваіх працаўнікоў жыллём, бо амаль усе яны былі перасяленцамі з вёсак. Умоваў у іх практычна не было, аднак выбіраць не даводзілася.
Самыя ж бедныя здымалі ложак у начлежных дамах, ці «начлежках», за 5 капеек ноч. Была нават опцыя зняць палову ложка: гэта значыць дзяліць сваё і так нязручнае ложа з незнаёмым чалавекам.
У «Памятнай кніжцы Мінскай губерні і календары на 1898 год» былі напісаны абавязковыя правілы паводзін у начлежцы:
Асобы, якія шукаюць начлег, прымаюцца летам з 7 гадзін вечара, а зімой з 6 і карыстаюцца начлегам да 8 гадзін раніцы. Выйсці з начлежкі раней за 6 гадзін раніцы можна толькі з дазволу, атрыманага напярэдадні ад наглядчыка.
Адзін і той жа чалавек дапускаецца ў начлежку не больш за 5 разоў у месяц. Таму кожны начуючы павінен быў сказаць наглядчыку сваё імя і ўзрост. Увечары людзі атрымлівалі цёплую ежу ці гарбату, раніцай тры шклянкі гарбаты і кавалак хлеба. Кожнаму выдавалася начная бялізна, да гэтага чалавек павінен быў зняць сваё адзенне, вымыць ногі і рукі.
Прымаліся ў прытулак толькі цвярозыя. Гучныя размовы, песні, картачныя гульні, курэнне і распіццё строга забараняліся.
Фота: Megapolis-real.by, Pastvu.com, Wikipedia.org, Problr.by, Realt.onliner.by, Travel.by, Minsknews.by, Vadim-i-z.livejournal.com, CityDog.io, Veloby.net, Pikabu.ru, Planetabelarus.by, Tvoya-stolica.livejournal.com.
Каментары