Меркаванні44

«І так і будзе, пакуль будзе існаваць гэты «беларускі парадак». Лявон Вольскі пра закрыццё выставаў Быкава і Малевіча

«Бо вальнадумства — гэта не толькі бел-чырвона-белы сцяг на карціне», піша Лявон Вольскі на сайце Будзьма.

Карціна Казіміра Малевіча «Скача чырвоная конніца» 1932 года

«Абстракцыянізм — як вораг чалавека і чалавечнасці» 

Так называўся артыкул у часопісе «Юны мастак», які я выпісваў у дзяцінстве. Выпісваў, бо хацеў быць мастаком. І вось у гэтым «разгромным» артыкуле былі рэпрадукцыі карцінаў гэтых варожых аўтараў — Джэксана Полака, Энды Ўорхала, Піта Мандрыяна. І мне, юнаму мастаку, чамусьці гэтыя працы падабаліся значна болей за савецкія карціны з серыі «Сельская раніца» ці «Рабочы поўдзень»…

Каб зразумець такі жывапіс, трэба самаадукоўвацца 

Я вырас, пасталеў і аднаго разу патрапіў у госці, дзе сабраліся розныя ўплывовыя людзі. І адзін з іх, банкір, раптам пачаў горача прамаўляць пра тое, што Малевічаў квадрат — гэта поўная лухта. Маўляў, такое любы лёгка намалюе, а вось як Шышкін ці то Айвазоўскі — дык трэба талент і ўменне. Я нават не пачаў яго аспрэчваць. Які сэнс?

Чалавек жыве паводле сваёй сістэмы каардынатаў, і там няма месца Малевічу, Кандзінскаму ці то Суціну. Для гэтага чалавека мастацтва — гэта калі прыгожа і зразумела. Ён так і скажа: гэта — прыгожая карціна. Вось — дрэвы, вось — неба, вось — мядзведзікі. Прыгожа. А якісьці Лёнік Тарасевіч ці то Джэксан Полак — гэта нешта малазразумелае, «калякі-малякі». 

Каб зразумець такі жывапіс, трэба самаадукоўвацца, быць «у тэме», чытаць і наведваць выставы. А навошта? 

І так жа ж ясна: вось гэта — прыгожая карціна, на ёй мора, карабель пад ветразямі і заход сонца. Добра намалявана, як на фотаздымку. А вось гэта — абы-што — нейкая пачварка нема крычыць на мосце, абхапіўшы далонямі галаву. Гэта непрыгожая карціна.

Дыктатура не разумее «прасунутых» плыняў

Таталітарным краінам не падабаецца сучаснае мастацтва. Любое — жывапіс, музыка, літаратура. Дыктатура не разумее розных там «прасунутых» плыняў — авангард ці арт-рок. Дыктатуры трэба, каб усё было проста й зразумела. Калі жывапіс — нацюрморт, пейзаж, жанравая сцэнка. Калі музыка — песня з простай гармоніяй і тэкстам пра каханне (толькі без эротыкі!) ці родную зямлю. Калі літаратура… вось тут — праблема, бо чытаць лянота (ды й часу няма). Але калі па-беларуску — гэта ўжо само па сабе падазрона. 

І яшчэ раздражняе, што ва ўсяго гэтага, як казалі нацысты, «дэгенератыўнага мастацтва» ёсць свая публіка, розныя фанаты й заўзятары. «Дык што гэта, — думае дыктатура, — гэтая публіка — гэта ж мой народ, мой, можна сказаць, электарат, мае падначаленыя! І што, ім сапраўды падабаецца вось гэта?! Яны хочуць сказаць, што разбіраюцца ва ўсім лепей за мяне? Не, такога быць не мусіць. Гэта няправільна. Гэта трэба забараніць!».

І забаранялі. І рэпрэсавалі. І нават знішчалі незразумелых творцаў. І змагаліся з Entartete Kunst у Нямеччыне, і граміў Хрушчоў выставу авангардыстаў і крычаў: «І на радыё, і на тэлевізіі, і ў друку ўсіх прыхільнікаў гэтага выкарчаваць!». І абвясцілі вайну ў СССР абстракцыянізму й фармалізму. І змагаліся з джазам, а потым — з рокам… З усім, што не ўпісвалася ў інтэр’ер савецкай казармы, дзе ўсе мусяць быць апрануты па форме і мець кароткія акуратныя фрызуры.

Як забаранялі і забараняюць у незалежнай Беларусі

У незалежнай Беларусі забаранялі (і забараняюць) усё сучаснае мастацтва — рок-музыку і бардаўскую песню, паэзію, прозу і публіцыстыку, драматургію, кіно, выяўленчае мастацтва. Нават фота забараняюць. 

Вось, напрыклад, шматпакутнае слова — «выстава». Чаму шматпакутнае? Таму што ў Беларусі практыка забаронаў, звязаных з рознага кшталту выставамі, проста неверагодная. Цэнзуравалі, здымалі асобныя карціны, складалі чорныя спісы мастакоў, якім не дазволена выстаўляцца ў гэтых «святых сценах». Забаранялі фотавыставы, выставу «Машына дыхае, а я не», прысвечаную барацьбе беларускіх медыкаў з COVID (а потым «паводле рашэння МНС зачынілі й арт-прастору «Месца», дзе адбывалася экспазыцыя), зачынялі выставу скульптуры ў Гародні (а потым — і галерэю, у якой праходзіла выстава), праз два дні пасля адкрыцця забаранялі мастацкую выставу «Лес» у менскай арт-прасторы VERSHY, заўчасна прычынялі выставу «Першапачатак» у гістарычным музеі (яна была прысвечаная 80-годдзю Саюза беларускіх пісьменнікаў), у Заслаўі забаранялі выставу «Заходнебеларуская Атлантыда», зачынялі праз таямнічае тэлефанаванне галерэю ў фальварку «Добрыя мыслі»… І гэта ўсё адбывалася не толькі пасля 2020 года, калі градус рэпрэсіяў узмацніўся, але й значна раней. Галерэю ў «Добрых мыслях», напрыклад, прыкрылі ў далёкім 2011-м.

А з нядаўняга — заўчасна перарвалі выставу, прысвечаную стагоддзю Васіля Быкава (планавалася — да 5 траўня, але пратрымалася толькі 10 дзён) і прыпынілі мастацкую выставу «1,10 квадрата» (110 гадоў «Чорнаму квадрату» Казіміра Малевіча). Папрацавала толькі тры дні. Напісалі: «З тэхнічных прычынаў часова не працуе». Але ўсе разумеюць, што такое «тэхнічныя прычыны» і што такое «часова».

І так і будзе, пакуль будзе існаваць гэты «беларускі парадак». Таму што вальнадумства — гэта не толькі бел-чырвона белы сцяг на карціне. І не толькі партрэт антысаветчыка Аўгена Жыхара. І не толькі рукапісы Васіля Быкава, які (узаемна!) не любіў гэтую ўладу. І не толькі фотаздымкі, якія адлюстроўваюць сапраўдную беларускую рэчаіснасць. Гэта і «Чорны квадрат» Малевіча — гэткі лаканічны, таямнічы і прыцягальны. Ён разбэшчвае, правакуе на розныя непатрэбныя думкі, зацягвае ў сябе…

І ад гэтага нездаровага ўплыву нашую публіку лепей ізаляваць. І замяніць Малевіча з Кандзінскім на Шышкіна і Хруцкага (нашага суайчыньніка, дарэчы!), апальныя рок-гурты — на «Вараваек» і Лепса, а беларускую экстрэмісцкую літаратуру — на Пушкіна. Так, на аднаго Пушкіна, ён быў плённы аўтар — і паэзію пісаў, і прозу, і драматургію. Чытаць — не перачытаць!

Каментары4

  • Цікава
    06.02.2024
    > У незалежнай Беларусі забаранялі (і забараняюць) усё сучаснае мастацтва

    Лолшто? Гэта цяперашнюю губернію з губернскім народцам і губернскай адміністрацыяй Лявон называе незалежнай Беларуссю з "беларускім парадкам"? Цікавая ў яго карціна свету. 
  • Критик
    06.02.2024
    Малевича в советское время никто не запрещал, его картины были в экспозициях Москвы и Ленинграда. А этому Зейдэлю-Вольскому понятно не нравилось всё советское и рабоче-крестьянское. Ворхал ему ментально ближе, хотя, к примеру, многие известные критики не считают его работы достойными восхищения, например выдающийся Роберт Хьюз.
    Чтобы понять почему Вольского-Зейдэля тянет к Ворхалу достаточно перечитать биографию последнего. Рыбак рыбака чувствует издалека.
  • Лол
    06.02.2024
    Гэта не беларускі, а лукашысцкі парадак. Прашу не блыць.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шараговай аперацыі5

У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шараговай аперацыі

Усе навіны →
Усе навіны

18-гадовую расіянку ў Турцыі асудзілі на 15 гадоў за тое, што яна пакінула немаўля ў прыбіральні аэрапорта4

Беларускую 20-рублёвую манету прадаюць на аўкцыёне за 15 тысяч рублёў

Хлопец спявае пад дзвярыма былой дзяўчыны серэнады. Кепска ўсім1

У Польшчы беларуса судзяць за перавозку мігрантаў, што была 25 гадоў таму

Зяленскі: Крокам да завяршэння вайны можа стаць вызваленне ўсіх украінскіх палонных

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч4

Старэйшы сын Надзеі Скардзіна пачаў займацца біятлонам ФОТА7

Стала вядома, як будзе вяшчаць «Белсат» з сакавіка5

Прэзідэнт Літвы лічыць магчымым уступленне Украіны ў ЕС праз пяць гадоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шараговай аперацыі5

У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шараговай аперацыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць