27 студзеня 2004 года ў спартыўнай зале пасялковай школы, дзе займалася 50 чалавек, абваліўся дах. Многія дзеці сур’ёзна пацярпелі, трое вучняў і настаўнік загінулі. Лукашэнка загадаў строга пакараць за «галавацяпства», справа ператварылася ў паказальную, віна некаторых асуджаных дагэтуль выклікае пытанні.
У час Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 годзе найбольш моцна ад радыеактыўнага забруджвання пацярпелі Гомельская і Магілёўская вобласці. Адным з самых забруджаных на Магілёўшчыне аказаўся Краснапольскі раён. Тут было адселена 56 населеных пунктаў, больш за 10 тыс. чалавек, а гэта палова тагачаснага насельніцтва, эвакуяваны ў больш чыстыя месцы. Сітуацыя была настолькі крытычнай, што прапаноўвалася ліквідаваць раён.
Гэтага зроблена не было. Каб хоць неяк падтрымаць жыццё ў раёне, сілы сканцэнтравалі на Краснаполлі, невялікім гарадскім пасёлку, які таксама аказаўся ў зоне забруджвання, але адсяленню не падлягаў. У 1988 годзе пачалі будаваць новую школу, але вельмі хутка стала бракаваць грошай, падмуркі закансервавалі на 11 гадоў.
Сродкі на пацярпелы рэгіён адшукаліся толькі ў 1999 годзе, аднавіліся працы і на школе. Спачатку ў 2001 годзе здалі прыбудову, у якой размясціліся 396 дзяцей з пачатковай школы, а ў 2002 годзе — асноўны будынак. Паводле праекта, распрацаванага інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», школа была разлічана на 1251 вучня.
Усяго праз два гады пасля здачы школы адбылося нечаканае. У аўторак 27 студзеня ў спартыўнай зале праходзіў звычайны ўрок фізкультуры. Зала была вялікая, магла змясціць адразу два класы, так было і ў той дзень. Адначасова ў зале займаліся 9 «Б» і 10 «А» класы, агулам там знаходзілася 47 навучэнцаў і трое настаўнікаў.
Спартыўная зала размяшчалася ў цэнтры будынка і была перакрыта металічнымі фермамі. У той час на даху ляжаў 40-сантыметровы слой снегу, які ніхто не прыбіраў.
У 9:20 адна з фермаў з’ехала са сваёй апоры, за ёй на школьнікаў пасыпаліся жалезабетонныя пліты крыцця. Дах, як прыгадвалі відавочцы, склаўся як «картачны домік».
«Як па пстрычцы пачуўся рэзкі шоргат, трэск. Як быццам стралялі са стрэльбы, толькі раз у 100 разоў мацней. Зрэагаваць і некуды ўцячы проста не было часу».
«Выразна, як у запаволеным кіно, запомніўся хлопец з 10-га класа, які стаяў пасярод залы з баскетбольным мячом. Ён толькі і паспеў, што галаву падняць», — прыгадвалі былыя навучэнцы.
Кавалкі даху абвальваліся проста на дзяцей — на галаву, плечы, прыціскала ногі. Хто мог, бег праз раздзявалкі. Выхад з мужчынскай быў закрыты, школьнікі ў паніцы выламалі дзверы.
Пацярпелых адвезлі ў раённую бальніцу, з цяжкімі траўмамі — у Магілёў. Але пад заваламі аказалася 5 школьнікаў і настаўнік фізкультуры.
Для выратавання дзяцей прыбыў 40-тонны кран, але праз асаблівасць канструкцыі школы, яго стралы не хапала, каб зрабіць расчыстку залы. Толькі праз некалькі гадзін прыбыў 140-тонны кран. Адзін са школьнікаў загінуў на месцы ад атрыманых траўмаў, бліжэй да 7-й гадзіны з-пад завалаў дасталі трупы іншых навучэнцаў.
Усяго загінулі трое школьнікаў — Саша Прусаў, Аня Акіншына і Віця Баброў. Фізрук Пётр Любашэнка, якога таксама накрыла канструкцыямі, памёр пазней у бальніцы.
Пра здарэнне неадкладна паведамілі Аляксандру Лукашэнку. Як звычайна бывае ў такіх сітуацыях, ён узяў расследаванне на «асабісты кантроль» і ахрысціў трагедыю «галавацяпствам». «Спытаем строга». І спыталі.
Па факце гібелі людзей пракуратура Магілёўскай вобласці завяла крымінальную справу. Па ўказанні Лукашэнкі была створана камісія па расследаванні прычын гэтага надзвычайнага здарэння, якую ўзначаліў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Цюцюноў.
Лукашэнка таксама даручыў тагачаснаму генеральнаму пракурору Віктару Шэйману правесці расследаванне прычын трагедыі і падкрэсліў, што ўсе вінаватыя павінны быць знойдзены і панесці адказнасць, нягледзячы на той факт, што школа пачынала будавацца яшчэ ў 1980-я гады.
У час следства было высветлена, што дах спартзалы абрынуўся, бо на Магілёўскім заводзе металаканструкцый была няякасна звараная металічная ферма.
Здавалася б, што кола вінаватых не выйдзе па-за межы гэтага прадпрыемства, бо больш ніхто не мог адказваць за дрэнную заводскую зварку. Але «асабісты кантроль» Лукашэнкі азначаў, што судзілішча будзе паказальным.
26 красавіка 2005 года Магілёўскі абласны суд назваў васьмярых вінаватых, якія былі асуджаныя да розных тэрмінаў — ад чатырох да шасці гадоў. Гэта майстар зборна-зварачнага цэха Кажанова, інжынер па наглядзе Казлоў, прараб перасоўнай механізаванай калоны № 112 Лявонаў, начальнік Краснапольскага ПМК Ганчароў, а таксама іжынер УКБ райвыканкама Сталяроў, начальнік УКБ Удот і галоўны інжынер праекта інстытута «Магілёўграмадзянпраект» Іванчанкоў.
Нават у сваякоў загінулых узніклі пытанні да гэтага спісу вінаватых. Ніхто не разумеў, як адказнасць могуць несці людзі, якія не мелі дачынення да дрэнна зваранай фермы, як, напрыклад, начальнік УКБ Удот. Замест Лявонава манціраваў ферму ягоны зменшчык, які да таго часу ўжо памёр, а таму не мог быць прыцягнуты да суду, Кажанова была ў момант зваркі фермы на бальнічным, Казлоў ажыццяўляў нагляд не за зваркай, а за пад’ёмным абсталяваннем.
Вядома, многія хацелі б унікнуць ад адказнасці і маглі скажаць факты, таму нельга давяраць кожнай гісторыі абвінавачаных, але паказальная ў гэтым плане была гісторыя галоўнага інжынера Алега Іванчанкова.
Яго абвінавацілі ў халатным наглядзе за будаўніцтвам школы. Але рэч была ў тым, хто яму гэты аб’ект дастаўся ў «спадчыну» ад іншага галоўнага інжынера, які з’ехаў жыць у Германію. У той момант фермы былі ўжо даўно пастаўлены.
У 1998 годзе, калі Іванчанкоў прыняў аб’ект, на ім заставалася зрабіць толькі ўнутраныя інжынерныя сеткі, аддзелку і добраўпарадкаванне. Канструкцыі былі ўзведзены задоўга да таго, пры папярэдніку.
У НДПТІБ Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва была праведзена прафесійная экспертыза, вынікам якой стала выснова, што віны Іванчанкова ў абвальванні даху няма.
Паводле ўспамінаў калег Іванчанкова, яны збіралі подпісы пад зваротам, у якім тлумачылі, што інжынер не меў дачынення да ўзведзеных канструкцый, бо прыняў аб’ект нашмат пазней і пераправяраць якасць працы свайго папярэдніка не было ніякіх падстаў. Фактычна на яго месцы мог аказацца любы іншы інжынер, якому б кіраўніцтва інстытута скінула давесці гэты аб’ект.
Ні заключэнне акадэмікаў, ні звароты калег ніяк не паўплывалі на вырак суда — як прыгадваюць апошнія, ім проста сказалі «не лезьце, гэта палітычная справа, яго ўсё роўна пасадзяць». І пасадзілі.
Па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса («Службовая халатнасць, якая прывяла па неасцярожнасці да смерці чалавека») абвінавачаныя атрымалі розныя тэрміны — ад 4 да 6 гадоў. Траіх асуджаных, як ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, даволі хутка выпусцілі па амністыі, астатнім прыбралі па годзе.
Пазней бацькі траіх загінулых і 20 пацярпелых дзяцей падалі ў суд іскі на кампенсацыю маральнай шкоды. Сем'і загінулых патрабавалі 100 млн рублёў, або па тагачасным курсе — 46 тыс. даляраў, пацярпелых — ад 10 млн да 20 млн. рублёў. Выплацілі ў дзесяць разоў менш, грошы спагналі з прадпрыемстваў, дзе працавалі асуджаныя.
Ужо да наступнага першага верасня школу аднавілі, школьнікі вярнуліся за парты. У памяць пра трагедыю быў пастаўлены адмысловы стэнд, пасля гэтага да яе стараліся больш публічна не звяртацца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары