32-гадовага заснавальніка адной з найбуйнейшых крыптабіржаў свету пасадзілі на 25 гадоў
На працягу многіх гадоў Сэм Банкман-Фрыд лічыўся суперзоркай фінтэх-індустрыі, і яго часта называлі фінансавым вундэркіндам.

Суд у Нью-Ёрку ў чацвер прысудзіў былога прадпрымальніка Сэма Бэнкмана-Фрыда да 25 гадоў турмы па справе аб крадзяжы васьмі мільярдаў даляраў у кліентаў заснаванай ім і пазней збанкрутаваўшай крыптавалютнай біржы FTX, піша Бі-бі-сі.
Пасля двухгадзіннага слухання ў судзе Манхэтэна акруговы суддзя Льюіс Каплан адхіліў сцвярджэнні Бэнкмана-Фрыда аб тым, што кліенты яго біржы нібыта не панеслі ніякіх страт, і пастанавіў, што яго дзеянні былі злачыннымі. Каплан таксама звярнуў увагу на тое, што Бэнкман-Фрыд не раскаяўся ў зробленым.
У выніку 32-гадовага былога мільярдэра прызналі вінаватым у махлярстве, якое цяпер называюць адным з найбуйнейшых у гісторыі ЗША. Крыптавалютная біржа FTX была ацэненая ў 32 млрд даляраў, перш чым яна збанкрутавала ў 2022 годзе.
«Ён ведаў, што здзейсніў злачынства, — заявіў Каплан перад тым, як вынесці прысуд. — Ён ведаў, што ён злачынец. Ён шкадуе, што пралічыўся, калі зрабіў стаўку на тое, што гэта сыдзе яму з рук. Але ён не збіраецца ні ў чым прызнавацца, і гэта яго права».
Бэнкман-Фрыд, які прыбыў у будынак суда ў турэмнай бэжавай футболцы, пацвердзіў, што кліенты біржы FTX на самай справе пацярпелі, і нават прынёс прабачэнні сваім былым калегам па працы, аднак сваёй віны не прызнаў. Ён збіраецца абскардзіць прысуд.
«Яго наўмысная і бясконцая хлусня прадэманстравала нахабнае грэбаванне чаканнямі кліентаў і непавагу да вяршэнства закона», — адзначыў у сваёй заяве пракурор Манхэтэна Дэміян Уільямс.
Як заявіў суддзя Каплан, кліенты FTX страцілі 8 млрд даляраў, інвестары, якія ўклаліся ў акцыі FTX — 1,7 млрд, а крэдыторы хедж-фонду Alameda Research, заснаванага Бэнкманам-Фрыдам, пазбавіліся яшчэ 1,3 млрд.
Суддзя таксама заявіў, што Бэнкман-Фрыд схлусіў падчас давання паказанняў, калі сказаў, што не ведаў, што яго хедж-фонд патраціў дэпазіты кліентаў, узятыя ў FTX.
Федэральныя пракуроры дамагаліся турэмнага зняволення тэрмінам ад 40 да 50 гадоў. Аднак адвакат Бэнкмана-Фрыда Марк Мукасей настойваў, што больш дарэчным было б пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пяць з невялікім гадоў.
«Кліенты пацярпелі, і я зусім не хацеў пераменшыць значэнне гэтага. Мне здаецца, я недастаткова сказаў пра гэта падчас працэсу, і хачу за гэта папрасіць прабачэння», — заявіў на судзе Бэнкман-Фрыд.
«Яны ўклалі ў гэта шмат сіл, а я ўсё гэта выкінуў на вецер, і гэта цісне мяне кожны дзень», — сказаў ён наконт сваіх калегаў па біржы.
Трое былых калегаў мільярдэра, выступаючы ў судзе ў якасці сведак, заявілі, што ён даручыў ім выкарыстоўваць сродкі кліентаў FTX для пакрыцця страт Alameda Research. Усе трое прызналі сябе вінаватымі ў махлярстве.
Падчас слухання адвакат Мукасей пастараўся зрабіць усё, каб яго падабароннага не ставілі ў адзін шэраг з такімі сумна вядомымі ашуканцамі, як Бернард Мэдаф.
«Сэм не быў бязлітасным серыйным забойцам фінансавага свету, які кожную раніцу адпраўляўся прычыняць шкоду людзям», — сказаў Мукасей, ахарактарызаваўшы свайго кліента як «недарэчнага батана-матэматыка», які ўпарта працаваў над тым, каб вярнуць кліентам грошы пасля краху FTX.
Сам Бэнкман-Фрыд у сваю абарону заявіў, што насамрэч дапусціў шэраг памылак, у прыватнасці, не стварыў спецыяльны аддзел па кіраванні рызыкамі, але пры гэтым ён катэгарычна адмаўляў, што меў намер каго-небудзь падмануць або скрасці грошы кліентаў.
Выпускнік Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Бэнкман-Фрыд падчас буму крыптавалют, па даных часопіса Forbes, зарабіў 26 млрд даляраў, калі яму не было і 30.
Ён быў верным паслядоўнікам руху эфектыўнага альтруізму, які заахвочвае таленавітых маладых людзей зарабляць шмат грошай і аддаваць іх на дабрачынныя мэты.
Ён таксама быў адным з найбуйнейшых донараў Дэмакратычнай партыі ЗША.
Аднак, па словах пракурораў, культываваны ім імідж адказнага чалавека быў закліканы хаваць шматгадовы крадзеж сродкаў кліентаў.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары