Грамадства22

Палітолаг, абвінавачаная па справе «аналітыкаў Ціханоўскай», падалася на прытулак у ЗША. Яна распавяла пра сябе 

Палітолаг Кацярына Шмаціна апынулася ў спісе з 20 чалавек, якіх рэжым Лукашэнкі называе «аналітыкамі Святланы Ціханоўскай» і абвінавачвае ў спробах захопу ўлады. 

Кацярына Шмаціна, адна з абвінавачаных па справе «аналітыкаў Ціханоўскай». Фота прадастаўлена гераіняй выданню Cardinal News

Кацярыне Шмацінай 32 гады, яна нарадзілася і вырасла ў Мінску, а цяпер жыве ў амерыканскім горадзе Александрыя (прыгарад Вашынгтона — сталіцы ЗША). Яна палітолаг і дактарантка Політэхнічнага ўніверсітэта Вірджыніі. Пра сябе Кацярына расказала амерыканскаму выданню Cardinal News.

У Беларусі яна вывучала права на юрыдычным факульцеце БДУ і не асабліва цікавілася палітыкай унутры краіны. Але падчас вучобы ёй стала бачна, наколькі ідэалагізаванымі былі курсы і як дэканату не падабалася беларуская мова.

«Правы чалавека і некаторыя іншыя курсы былі выключаныя з нашай праграмы. Было шмат людзей, якія рыхтаваліся да таго, каб проста стаць чыноўнікамі, якія не задаюць ніякіх пытанняў прэзідэнту. Мы маглі бачыць гэтую ідэалогію паўсюль. У кожнай групе быў хтосьці, хто працаваў з дэканам, а дэканат працаваў з КДБ.

Калі я падчас вучобы размаўляла па-беларуску, у мяне звычайна не ўзнікала непрыемнасцяў, аднак мяне некалькі разоў выклікалі ў дэканат, дзе спрабавалі пераканаць перайсці на рускую», — успамінала Шмаціна.

Пасля сканчэння БДУ ў 2014-ым Кацярына пайшла працаваць у міжнародную юрыдычную фірму, большасць кліентаў якой знаходзілася ў Еўрасаюзе. Так жанчына ўбачыла, наколькі моцна адрозніваецца еўрапейскае заканадаўства ад беларускага, і таму вырашыла займацца палітыкай. 

Падчас працы ў некалькіх заходніх НДА, атрымання магістарскай ступені па міжнародных адносінах у амерыканскім універсітэце Сірак'юса, а таксама падчас валанцёрства ў Сусветным банку і Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Кацярынай зацікавіліся ў КДБ.

Кацярына Шмаціна. Фота з асабістага архіву палітолага

Асцярогі за асабістую бяспеку ў Шмацінай узмацніліся, калі на ўездзе ў Беларусь быў затрыманы адзін палітычны аналітык, які павінен быў з ёй сустрэцца ў Мінску. Сілавікі пры затрыманні канфіскавалі ў мужчыны тэлефон, у якім была інфармацыя аб запланаванай сустрэчы і кантакт Кацярыны Шмацінай. Яна вырашыла, што трэба з'язджаць з краіны.

«Я правяла ноч у чужым доме і выдаляла ўсе даныя са сваіх прылад, а затым наўмысна ад іх пазбавілася, каб не прыцягваць лішняй увагі пры праходжанні мяжы». 

Кацярына тады адразу зляцела ў Кіеў.

Пасля пераезду за мяжу яна стала працаваць у розных еўрапейскіх аналітычных цэнтрах, напрыклад, у Беларускім цэнтры стратэгічных даследаванняў у Літве. Жанчыну таксама запрашалі выкладаць у Германію і Чэхію, у яе бралі каментары для еўрапейскіх выданняў.

У выніку палітолаг вырашыла пераехаць у ЗША, каб працягнуць кар'еру палітычнага аналітыка, дзе і даведалася пра распачатую ў Беларусі супраць яе і іншых беларускіх аналітыкаў крымінальную справу. Па яе словах, для іх гэта стала сюрпрызам.

«Некаторыя з нас нават не ведалі адзін аднаго на момант абвяшчэння крымінальнай справы, хоць нас і прадставілі як «групу па захопе ўлады». 

Я проста выконвала сваю працу, як палітычны аналітык: пісала артыкулы, праводзіла даследаванні, выкарыстоўвала адкрытыя крыніцы. Але, даведаўшыся аб працэсе, я адчула палёгку, бо раней баялася, што іншыя людзі проста спісвалі мае хваляванні аб пераследу на параною, якую лёгка зблытаць з асцярожнасцю». 

Кацярына расказвае, што ёй, як і іншым фігурантам справы, выдалі дзяржаўных адвакатаў, якія пазбягаюць кантактаў. Яна трапіла таксама ў расійскі вышуковы спіс.

Актывісты, журналісты, палітыкі, добраахвотнікі. Каго з беларусаў абвясцілі ў вышук у Расіі

Цяпер Шмаціна падала заяву на атрыманне палітычнага прытулку ў ЗША.

***

Нагадаем, 31 мая ў Мінскім абласным судзе ў фармаце спецвытворчасці пачаўся разгляд крымінальнай справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай».

Абвінавачваюць адразу 20 чалавек: Аляксандра Дабравольскага, Рыгора Астапеню, Філіпа Біканава, Юрыя Дракахруста, Андрэя Казакевіча, Ганну Красуліну, Яўгена Крыжаноўскага, Дзяніса Кучынскага, Вераніку Лапуцька, Аляксандра Лагвінца, Ганну Любакову, Васіля Навумава, Марыю Рогаву, Пятра Рудкоўскага, Алесю Руднік, Наталлю Рабаву, Паўла Усава, Таццяну Чуліцкую, Аляксандра Шлыка, Кацярыну Шмаціну.

20 фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай». Фоты: Следчы камітэт

Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачваюць у здзяйсненні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» ў час выбараў-2020 і пасля іх:

  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК РБ);
  • удзел у экстрэмісцкім фармаванні і ўваходжанне ў склад такога фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч. 3 арт. 361-1 КК);
  • спрыянне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады; здзяйсненне іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; закліках, скіраваных да замежнай дзяржавы, замежнай і міжнароднай арганізацыі, здзяйсненне дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту (ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі ад 26 траўня 2021 года));
  • спрыянне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб (ч. 6 арт.16, ч. 3 арт. 130 КК РБ). 

Акрамя таго, Аляксандра Дабравольскага абвінавачваюць у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Усе абвінавачаныя пакінулі Беларусь, іх маёмасць у краіне была арыштаваная.

Мы лічым гэтую «справу» працягам бесперапыннай атакі супраць беларускай незалежнай аналітычнай, экспертнай і журналісцкай супольнасці з боку беларускіх уладаў. А таксама звяртаем увагу на тое, што абвінавачваць экспертаў і журналістаў у спробах захопу ўлады і экстрэмізме — гэта абсурд», — выступілі з заявай абвінавачаныя аналітыкі.

Каментары2

  • Гоман
    26.06.2024
    Падалася не ў той жа Летуве, а ў ЗША! Такія "аналітыкі", як і "праваабаронцы" данатныя, толькі моляцца на Лукашэнку, што не толькі даў ім на хлеб з маслам, але і ў жыццё вывеў.
  • Джып
    26.06.2024
    Гоман, бот, а якая табе розніца ў якой краіне ахвяры лукашысцкіх рэпрэсій і пераследу падаюцца на абарону?

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно9

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно

Усе навіны →
Усе навіны

Наколькі эфектыўныя біялагічныя дабаўкі з магніем?3

Мінінфарм забараніў распаўсюджваць у Беларусі 35 друкаваных выданняў. Што за яны — пакуль загадка1

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»27

«Нягледзячы на спосаб легалізацыі, трэба пазначаць і пратэсную дзейнасць». Юрконіс пра сітуацыю з Верамейчыкам9

У Ваўкавыску жывуць блізняты-рэкардсменкі — жанчынам споўнілася па 99 гадоў1

Стала вядомая колькасць загінулых пасля першага ўдару ракетамі Storm Shadow па тэрыторыі Расіі2

У Італіі арыштавалі расійскіх шпіёнаў. Адной з задач было стварэнне карты месцаў, не ахопленых відэаназіраннем

Марзалюк: Мяне раздражняе гэтая мантра — «у нас едіная історія, у нас едіный язык»34

Маргарыта Ляўчук нарэшце атрымала пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно9

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно

Галоўнае
Усе навіны →