Грамадства33

«Як думаеш — калі мы вернемся дахаты?» Дзённік беларускага добраахвотніка, які загінуў на вайне

На пачатку чэрвеня ва Украіне загінуў беларус, які правёў на вайне год. Ён далучыўся да аднаго з беларускіх падраздзяленняў у траўні 2023-га. Увесь час, што ён быў ва Украіне, мужчына вёў перапіску з сябрамі, дзе расказваў пра свае ўражанні ад пабачанага, перажыванні і планы на будучыню. Адзін з сяброў добраахвотніка пасля ягонай смерці перадаў «Свабодзе» сканы перапіскі.

Раман (справа) разам з пабрацімам падчас выкананьня баявой задачы ва Украіне. Архіўнае фота: belarusian volunteers in Ukraine 

Раман (імя загінулага зьмененае, яго сям’я застаецца ў Беларусі. — РС) прыехаў ва Ўкраіну з групай іншых добраахвотнікаў 10 траўня 2023 году. 7 чэрвеня 2024-га ад яго прыйшло апошняе паведамленьне.

10 траўня 2023

Я паехаў паціху. На сувязі, калі што. Памятай словы Хрыста: «Дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё — там і я сярод іх». Маліцца трэба адзін за аднаго. Дай Бог вам усяго добрага.

11 траўня 2023

Я ў Незалежнай, прывітаньне. Ехаць яшчэ шмат. Доўга праходзілі мяжу. Нешта трэба рабіць, бо два месяцы навучаньня безь фінансаў, у мяне ж толькі 10 эўра засталося. Сам ня думаў, што так складзецца. Да Кіева застаецца 400 кілямэтраў. Я не стаміўся, але мне давядзецца перастроіцца, зрабіць высілак над сабой.

Матывацыя ў мяне такая ж, як і ў іншых — вызваленьне Беларусі. Ну, і як хрысьціяне мы ня мусім маўчаць і праходзіць міма таго бязьмежжа, якое адбываецца. У палку розныя людзі — маладыя, гарачыя, ва ўзросьце. Намі ўсімі рухае любоў да свабоды.

Я тут паціху знаёмлюся зь людзьмі, адкрываю шмат харошых людзей, буду ўсё табе апісваць. Ты ж ведаеш — мне не складана.

Я чытаў, глядзеў навіны, і першае, што мне прыходзіла на розум, — мне трэба быць тут, дапамагаць людзям супрацьстаяць бязьмежжу. Ня думаю, што наша шчасьце вызначаецца дабрабытам. Гэта вялікі фактар, безумоўна, але я шчасьце расцэньваю як стан сваёй душы і сумленьня, калі там спакойна.

21 траўня 2023

Прывітаньне, усё добра. Сёньня будуць вучыць падрыўной справе — вучыцца ставіць міны, расьцяжкі. У мяне ўсё добра, як вы там?

Мы хутка перабяромся жыць у лес, у намёт. Былі ў Бучы — там усё адбудавана ўжо, у Ірпяні — там мірнае жыцьцё ўжо.

25 траўня 2023

Я з ночы, з нараду, маю 5 хвілін. Сёньня едзем у Кіеў на пахаваньне (гаворка пра разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім, які загінуў разам зь іншымі беларускімі ваярамі пад Бахмутам 16 траўня 2023 году. — РС).

Я, напэўна, застануся на базе, тут не хапае кіроўцаў. Але не, паеду далей са сваімі, прайду курсы мэдыцыны і буду рухацца бліжэй да перадавой, тут мне сумна.

5 чэрвеня 2023

Трэба адпачыць. Сёньня кілямэтраў 25 прайшоў у поўнай амуніцыі са зброяй, ноччу на пост. Апошнія 150 грыўняў аддаў, мэдыку букет набывалі за курсы. Таксама ж ня скажаш «Ня дам». Нічога мне не дасылай пакуль, на тыдзень яшчэ ў мяне ёсьць. Тут кормяць, неабходнае ёсьць усё. Адзінае, што ў звальненьне ня еду, бо няма сэнсу.

14 чэрвеня 2023

Прывітаньне, як справы? У мяне ўсё добра. У нас узмоцненыя заняткі, няма часу на размовы, яшчэ і начныя нарады, дык трохі непрывычна.

28 чэрвеня 2023

Я тут пад ***, на палігоне, у мяне ўсё добра. Шмат трэніруемся, некалькі дзён былі ў Кіеве, цяпер палігон. Буду ў мэдычнай эвакуацыі, але ўсё хутка зьмяняецца. Хай бы толькі оркі не ўзарвалі АЭС.

9 ліпеня 2023

Я ў *** на палігоне. Яшчэ тыдзень тут, потым у Кіеў, камісія і вайсковы білет. Будзе лягчэй. Тут такая сьпёка была, што я ледзьве не расплавіўся. Добра, што потым дождж пайшоў.

22 ліпеня 2023

Прывітаньне, у сябра тэрмін скончыўся, а яго не выпускаюць (з калёніі ў Беларусі. — РС). Тупа не выпускаюць, і ўсё, хоць усе тэрміны прайшлі. Мы не разумеем — што рабіць.

У мяне збольшага ўсё добра. Перавозіў шпіталь з Краматорску. Стаміўся як сабака. Я з дарогі, у ноч зноў палячу — у Дніпро.

31 ліпеня 2023

Учора хлопцам вайсковыя білеты далі — 5 месяцаў чакалі. Я пакуль ежджу на КАМАЗе вайсковым, шмат дзе бываю. Заўтра боекамплект вязу на Краматорск. Пра нашы страты ты ведаеш. Галоўнае, каб дапамаглі дзецям, у каго яны ёсьць. М. жыў за сьценкай, у суседнім пакоі — той, хто загінуў (за колькі дзён да таго ва Ўкраіне загінулі трое беларускіх добраахвотнікаў. — РС).

Учора Маргарыта Ляўчук у нас давала канцэрт. Сум і журбу разьвеяла, таленавітая дзяўчына. Маладзец яна і без пантоў.

27 жніўня 2023

У цэлым у мяне ўсё добра, не хапае вайсковага білета і грошай. Асабліва мне тут не надакучыла, усё-такі людзі тут, мова зразумелая. Але шмат бардаку і мала людзей, каб зайсьці ў Беларусь і вызваліць краіну — вось гэта блага… Але маё сумленьне чыстае. Я дапамагаю як магу. Завозіў на фронт цяжкую тэхніку, адтуль забіраў аўто. Многія людзі расчароўваюцца і едуць назад.

Мне, напэўна, не хапае асабістага жыцьця, стасункаў з жанчынай. Але гэта натуральнае жаданьне чалавека. А тут вайна. Многія пазбаўленыя і жытла, і роднай зямлі.

Не хапае царквы. Але без вайсковага білета я нікуды не магу паехаць. Дадому мне дарога закрытая. Я гэта добра разумеў, калі ўцякаў адтуль (Раман зьехаў зь Беларусі на пачатку 2023 году праз палітычны перасьлед. — РС). Ня ўсе людзі вытрымліваюць тут. Асабліва калі пабываюць на перадавой.

3 верасьня 2023

Прывітаньне, як справы? Я ў камандзіроўку паехаў. Ноччу фосфарнымі бомбамі абстрэльвалі. Нешта і тыя капейкі не прыйшлі, а я лекі замовіў ад нырак.

7 верасьня 2023

Мяне ўжо разьмеркавалі, еду бліжэй да фронту. Чакаю вайсковы білет.

24 верасьня 2023

Прывітаньне, заўтра дакумэнты (вайсковы білет. — РС) мне дадуць. Пакуль пакінулі тут, але я не хачу, хачу далей ехаць. Мяне ня хочуць адпускаць, усё зь нейкімі нэрвамі. Пакуль буду цягаць цяжкую гаўбіцу два месяцы.

1 кастрычніка 2023

Прывітаньне, даўно не пісаў табе. Я ў Купянску, адаптуюся да вайны. Страх Божы, што тут робіцца (увосень 2023 году ўкраінскае войска працягвала жорсткія баі за горад Купянск Харкаўскай вобласьці, які ў 2022 годзе быў часова захоплены расейцамі. — РС).

1 лістапада 2023

Ідзе паўнавартасная вайна, боль і гора людзей. Многія выехалі. Горад, дзе я цяпер — разбураны напалову. І вёскі вакол яго. Страшна. Мы такога гора ў сябе і блізка ня бачылі. Практычна ў кожнай сям’і нехта загінуў. Могілкі калі праяжджаеш — паўсюль украінскія сьцягі. У Кіеве калі быў — там усё ня так было. Калі назіраць гэта ўсё блізка — то страшна. Як пісала Сьвятлана Алексіевіч у кнізе «Ў вайны не жаночы твар».

10 лістапада 2023

Летам можа адпусьцяць у адпачынак. Думаю, каб дзе ў глушы дом наняць, пажыць. Дай Бог, убачымся. У нас тут зіма поўным ходам, сьнегу шмат, пурга, немагчыма ехаць.

8 лютага 2024

Я ў Харкаве цяпер. Езьдзіў у Кіеў зуб палячыць. Падаў дакумэнты на «ўдзельніка баявых дзеяньняў». Здаецца, вайсковым беларусам абяцаюць грамадзянства даваць. Адпачынак дазволілі без таго, каб разрываць кантракт. 15 дзён. Хачу летам да вас заехаць.

На вайне навіны ня дай Бог. Нядаўна прарыў быў, ледзь спынілі. У нас дзяжурства кожную ноч. Працую на мэдыцынскай эвакуацыі, на «нуль» ежджу па параненых. Паціху прывык да выбухаў вайны, але ўсё роўна страшна.

Прабач, што рэдка пішу.

12 красавіка 2024

Усё добра. Апошняя задача была проста жах. Летам прыеду да вас на адпачынак.

26 красавіка 2024

Цяпер на ратацыі. Папіў трохі (алькаголь. — РС). Калі нехта гіне — гэта вельмі дызмараліць. Можа, год яшчэ пабуду тут. Але калі ў такія штурмы будуць кідаць, як апошні, то наколькі нэрваў хопіць. Стаміўся, калі шчыра. Без малога ўжо год тут. Можа, заўтра паразмаўляем, бо самаадчуваньне проста жах.

Самае страшнае — калі ідзе рух войска. Калі сядзяць на пазыцыях — яно цішэй, нават калі кожныя 10 хвілін нешта прылятае. Цяпер рацыя не змаўкала: «Там 200, там 300».

Ехаў па параненага — два мінамётныя прылёты. Палохае, калі шчыра. А так увесь бой я чуў па рацыі. У цэлым мэдыцына справілася з задачай. Мне за гэтую задачу падзякавалі.

Мы спачатку глядзім дарогу, езьдзім у асноўным «па сераку» — што значыць «па змроку». Калі ноччу, то я маю прыбор начнога бачаньня. Там усё добра, на адрэналіне. На ратацыі, калі выпіваеш, то разумееш пасьля, што — усё, нэрвы згарэлі. Можа, мне пакуль у забесьпячэньне перавесьціся? Нэрвы супакоіць? У многіх псыхіка не вытрымлівае. Хто п’е, хто наркотыкамі займаецца, хто грошы прайграе ў онлайн-казіно. Такая тут рэальнасьць.

Усе прыфрантавыя гарады разьбітыя артылерыяй, жудаснае відовішча. Яшчэ ёсьць сабакі, якія паспыталі чалавечыны. Такія зграяй могуць і загрызьці. А так — неяк жывём. Страты забіваюць увесь баявы дух.

Малы адзін быў у нас, дык у яго парушылася псыхіка, пасьля кантузіі паехаў у Польшчу. Я проста памятаю — якім ён быў і якім ён стаў. Ты не ўяўляеш, колькі «рускі сьвет» прынёс сюды гора. Ці ёсьць канец і край гэтым маньякам, якія выжылі з розуму?

Разьвітаньне з загінулым беларускім добраахвотнікам Міраславам Лазоўскім у Кіеве

27 траўня 2024

Выяжджаем на задачу. Плянуецца вельмі рызыкоўная задача. Зь пяхотай і сумежнікамі (цывільныя структуры, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы вайсковых дзеяньняў. — РС). А так прылятае кожны дзень.

7 чэрвеня 2024

Мы на харкаўскім кірунку. Баі ідуць па ўсіх франтах. Я нармальна, здаецца. У адпачынак, напэўна, не атрымаецца трапіць гэтым летам. Буду тут. Я цяпер лічуся ў Сілах спэцыяльных апэрацый. Задачы рэдкія, але рызыкі калясальныя, недзе 80 на 20 адсоткаў.

Якое тут жыцьцё? Наймаем кватэру, заступаем на баявыя. Калі нехта гіне — шмат людзей сыходзіць, гэта моцна дызмаралізуе. Нас і так мала. Але неяк пакуль трымаемся. Людзі розныя. Часам сварымся, часам — нармальна.

Куды мне ўцякаць? Я пакуль тут буду, ужо прывык. Тут шмат праблем… Вайна, я так думаю, некалі мусіць закончыцца. Ніхто ня ведае, што будзе заўтра, адна надзея — на Пана Бога. Я ж у мэдыцыне, я кроў не лію, я дапамагаю і эвакуірую.

Паглядзім, усё можа зьмяніцца ў адзін момант. Рызыкую, так, але вайна ўся — гэта рызыка. Харкаў штодзень бамбяць. Ніхто тут ні ад чога не застрахаваны.

Я нідзе не сьвячуся, але да радні ў Беларусі прыходзілі. Як страшна жыць у тым канцлягеры.

  • Раман загінуў 9 чэрвеня 2024 году. Гэта адбылося падчас спробы забраць адзін з баявых разьлікаў на Харкаўскім кірунку для ратацыі. Аўтамабіль Рамана, у якім знаходзіўся яшчэ адзін добраахвотнік, падарваўся на міне. Абодва вайскоўцы атрымалі траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём, і памерлі на месцы. Іх целы ўдалося эвакуаваць.
  • Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі больш за 63 беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на баку Кіева. Імёны большасьці зь іх публічна не называюцца з прычыны перасьледу іх сваякаў у Беларусі.

Каментары3

  • Баец ПКК
    09.07.2024
    Загiнула не 63.а 65
  • NS
    09.07.2024
    Пакойся з мірам...
  • Вечная памяць Героям
    09.07.2024
    Вечная памяць беларускім дабраахвотнікам, загінуўшым у баях супраць расейскіх акупантаў.

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра смерць дзеда Колі Лукашэнкі — былога вязня ГУЛАГа, асуджанага за дапамогу «бандэраўцам»15

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →