Кныровіч: Палітвязні адмовіліся выходзіць на волю. Бо ўмовай можа быць здрада сабе
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што па стане на 8 ліпеня, на волю выйшлі 18 палітвязняў — 14 мужчынаў і 4 жанчыны, а таксама, што частка палітвязняў адмовілася пакідаць месцы адбыцця пакарання на прапанаваных рэжымам умовах. Як гэта патлумачыць? Ёсць два варыянты, піша на «Белсаце» прадпрымальнік і экс-вязень Аляксандр Кныровіч.
Першы — угода, прапанаваная Лукашэнкам, нявыгадная.
Так, менавіта так. І каб зразумець, у чым тут праблема, трэба ўспомніць пра стандартную практыку прадстаўлення беларускіх зняволеных (не толькі па палітычных артыкулах) да ўмоўна-датэрміновага вызвалення (УДВ). Нягледзячы на тое, што закон дазваляе змякчаць пакаранне па цяжкіх артыкулах пасля адбыцця паловы тэрміну, па асабліва цяжкіх — пасля двух трацінаў, да УДВ таксама можна прадстаўляць за пэўную колькасць гадоў да канца тэрміну, на практыцы ж вы не знойдзеце (за рэдкім выключэннем) асуджанага, які атрымаў такі падарунак раней за апошні год прызначанага тэрміну пакарання. Нават калі вы маеце справу з ідэальным зняволеным, які актыўна выпраўляўся ўвесь тэрмін. Усё адно гэта адбудзецца за тры-чатыры месяцы да канца тэрміну, радзей — за паўгода.
Так сістэма страхуецца ад нечаканасцяў. І гэтую практыку можна зразумець. Калі адпушчаны на волю грамадзянін зробіць у тыя апошнія месяцы што-небудзь заганнае, дык адказваць будуць тыя, хто яго адпусціў. Таму матывацыі адпускаць зняволеных на волю ў адміністрацыі калоніі адназначна ніякае і, калі б не «паказнікі выпраўлення» (а ёсць у статыстыцы і такія, не здзіўляйцеся), яны б усіх трымалі «да званка». Так спакайней. Ім. Але так нельга — даваць справаздачу наверх трэба, таму УДВ за пару месяцаў — масавая з’ява.
Улічваючы гэтую акалічнасць, уявіце сабе палітвязня, якому прапануюць выйсці па памілаванні за пару тыдняў (ці месяцаў) да канца тэрміну.
Але ўмовай гэтага выйсця з’яўляецца здрада сабе — трэба прызнаць віну ў тым, чаго ты не рабіў, і накіраваць гэтую паперку са сведчаннем сваёй здрады на імя чалавека, якога ты не лічыш законным кіраўніком краіны і вельмі не хацеў бы пра нешта прасіць.
На волі і ў зняволенні час ідзе з цалкам рознай хуткасцю. І калі нам тут здаецца, што нават лішні дзень там — невыносны жах, і, калі можна выйсці хутчэй, трэба выходзіць, то знутры ўсё ўладкавана крыху іначай.
Чалавек прывыкае да ўсяго, нават да зняволення. Пасля двух-трох гадоў адседкі выпрацоўваецца звычка, навык. Пара тыдняў ці месяцаў перастае граць істотную ролю, калі, вядома, няма нейкіх асаблівых сямейных абставінаў. Можна і пацярпець.
Таму такая ўгода — некалькі дадатковых тыдняў на волі за здраду ўласным перакананням — цалкам можа быць адхіленая. Дзякуй, але не.
Такая логіка працуе менавіта на адлегласці ў некалькі тыдняў, месяцаў. І пра частку палітвязняў, якія выходзяць цяпер на волю менавіта на такім этапе адбыцця пакарання, паведамляюць медыя.
Ёсць і другі варыянт. Гэта выпадак, калі мы маем справу з чалавечым подзвігам, мужнасцю.
Я, вядома, маю на ўвазе выпадкі, калі палітвязні адмаўляюцца прызнаваць віну, пісаць прашэнні пра памілаванне, нягледзячы на велізарныя тэрміны, якія ім трэба будзе правесці ў калоніі. Гэта з’ява зусім іншага парадку.
Мне не давялося пісаць такіх прашэнняў. Не праз нейкую асаблівую асабістую мужнасць, проста я дакладна ведаў бесперспектыўнасць у маім выпадку такіх просьбаў, а таму й не бачыў сэнсу прыніжацца.
Аднак, я на свае вочы назіраў, як улетку 2021 года ў калонію прыязджалі пракурорскія і прапаноўвалі палітвязням пісаць прашэнні. Потым кожнаму з тых, хто адбывае пакаранне па палітычных артыкулах (якіх у нас нібы няма) прыйшлі яшчэ і «лісты Васкрасенскага» з такой жа прапановай.
На той момант палітвязняў было каля 600, пагадзіліся пісаць прашэнні каля 300. Гэта значыць палова проста адмовілася ўступаць у гэты зневажальны дыялог.
Палова. Гэта важна. Гэтак жа, як важная стойкасць Статкевіча пры папярэдняй адседцы. Нагадаю, тады Лукашэнку давялося яго адпускаць праз вонкавы ціск за год да заканчэння тэрміну, са словамі: «Ну ён бы хоць прашэнне напісаў…» Не, не напісаў. І цяпер не напіша.
2020 год завяршыўся зусім не для ўсіх. І мужнасць гэтых людзей натхняе, патрабуе быць адказным, прапануе нам мераць уласнае жыццё вось такой, буйной мераю. Усяго толькі прапануе, не больш за тое.
P.S. Беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць выхаду на волю зняволеных, якія маюць цяжкія захворванні, задоўга да заканчэння тэрміну. Іх вызваленне не патрабуе ні напісання прашэнняў пра памілаванне, ні нават іх уласнае згоды.
Праваабаронцы: Некаторыя палітвязні адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі вызвалення
Траціна памілаваных палітвязняў і так павінны былі выйсці на свабоду цягам месяца
Выпусцілі старшыню БНФ Рыгора Кастусёва
«Ён ужо дома». Дачка Рыгора Кастусёва расказала пра першую гутарку з бацькам пасля вызвалення
Каго з палітвязняў могуць выпусціць пасля анонсу Лукашэнкі?
Кныровіч: «Бабарыка – ідэаліст. Гэта не памылка, а хрысціянская ахвярнасць»
Кныровіч: Будучы прэзідэнт Беларусі знаходзіцца цяпер у Беларусі
Каментары