Апошнімі днямі беларускія ўлады заявілі пра адвод сваіх войскаў ад украінскай мяжы і заклікалі Польшчу да дыялогу. Спыталі ў аналітыка Аляксандра Фрыдмана, што могуць значыць гэтыя заявы.
Праз Украіну — сігнал Захаду
Пад час нарады 13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра «ліквідацыю напружанасці на мяжы з Украінай». Ён даручыў адвесці войскі з паўднёвых рубяжоў у месцы пастаяннай дыслакацыі.
Міністр абароны Віктар Хрэнін адразу пасля нарады з удзелам Лукашэнкі заявіў аб неадкладным вывадзе войскаў з мяжы з Украінай.
Тое, што адбываецца на мяжы з Украінай, Фрыдман называе шоу. Хоць дадае, што цяжка ацэньваць, што там сапраўды было.
«Але калі падыходзіць да сітуацыі рацыянальна, то Украіне няма ніякага сэнсу ствараць дадатковую напружанасць на сваіх межах і пашыраць лінію фронту.
Нават беларускія прапагандысты не здольныя знайсці нейкі сэнс, чаму Украіна павінна быць зацікаўлена ў абвастрэнні сітуацыі».
Уцягванне Беларусі ў вайну, на думку аналітыка, не адпавядае не толькі інтарэсам самой Украіны, але і Захада.
«Лукашэнка казаў, што сітуацыя напружаная, а цяпер вырашыў прадэманстраваць, што ён гэтую сітуацыю «разруліў». Усё там цяпер добра, ніякай пагрозы няма. Ён з усімі дамовіўся і адвёў пагрозу вайны», — кажа Фрыдман.
Аналітык такія паводзіны называе пэўным сігналам да Захаду, маўляў «глядзіце, я не зацікаўлены ў тым, каб было абвастрэнне і пачалася вайна».
«Але на Захадзе гэта і так ведаюць», — упэўнены аналітык.
Пры гэтым Фрыдман не выключае, што ў Беларусі былі пэўныя кантакты з Украінай па гэтых пытаннях.
«Днямі Буданаў у адным з інтэрв'ю таксама казаў, што ён не бачыць пагроз з боку Беларусі. У той жа дзень Лукашэнка пачынае адводзіць войскі. Таму магчыма там і былі нейкія кантакты і кансультацыі».
Польскі кірунак і шантаж Пачобутам
Літаральна адразу пасля «зняцця напружанасці» на паўднёвым кірунку міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў загаварыў пра гатоўнасць Беларусі да дыялогу з Польшчай па сітуацыі на мяжы.
Фрыдман звяртае ўвагу, што гэтыя заявы не новыя, паколькі на словах беларускі бок ужо неаднаразова казаў пра запрашэнні, прапанову дыялогу і г.д.
«Але ж у Беларусі выдатна ведаюць, што ад іх чакаюць палякі. У Польшчы ёсць два канкрэтныя патрабаванні. Першае звязана з уцекачамі на мяжы, а другое — з вызваленнем Анджэя Пачобута.
Чытайце таксама: «Хацеў бы выйсці — напісаў бы прашэнне». Лукашысты працягваюць спробы зламаць Пачобута
У Беларусі ведаюць, што як толькі будзе вызвалены Пачобут, могуць з'явіцца магчымасці да дыялогу», — адзначае аналітык.
На думку Фрыдмана, Лукашэнка не ідзе на гэты крок, бо, па-першае, не жадае аддаваць Пачобута без гарантый, што нешта атрымае ўзамен. А па-другое, ён не хоча выглядаць чалавекам, на якога націснулі.
Нядаўняе вызваленне некаторых палітвязняў (сярод іх быў цяжкахворы старшыня БНФ Рыгор Кастусёў) аналітык называе спробай перагуляць палякаў.
«Вось, глядзіце, Пачобута вы не атрымліваеце, але мы кагосьці вызвалілі і напружанасць на мяжы крыху зменшылі, мы крокі да дыялогу робім. То-бок нейкія крокі яны робяць, але не тыя, якія ад іх чакае польскі бок».
Звяртаючыся да выступу міністра замежных спраў Рыжанкова, Фрыдман адзначае, што ў ім была выказана пэўная незадаволенасць пазіцыяй Польшчы.
«Агучанае ім можна разглядаць як пэўны заклік да палякаў —што давайце ўсё ж такі яшчэ раз паспрабуем. Бо калі вы не адкажаце на нашыя прапановы і не пойдзеце з намі на дыялог і будзеце далей размаўляць мовай ультыматумаў, то нічога ў вас не атрымаецца».
Сікорскі пакрыўджаны на Лукашэнку?
Галоўнай праблемай, чаму бакі не могуць дамовіцца, Фрыдман называе поўную адсутнасць даверу з абодвух бакоў.
«Даверу на дадзены момант ніякага няма. А каб нейкі дыялог адбыўся, павінен быць хаця б базавы ўзровень даверу. Трэба ўлічваць і асабісты чыннік. Цяпер за знешнюю палітыку Польшчы адказвае Радаслаў Сікорскі, які мае асабісты негатыўны досвед адносінаў з Лукашэнкам», — кажа Аляксандр Фрыдман.
Аналітык мяркуе, што Сікорскі памятае, як у 2010 годзе прыязджаў у Мінск разам са сваім нямецкім калегам Гіда Вестэрвэле.
«Яны вялі з Лукашэнкам перамовы, рабілі прапановы, а ён іх падмануў і на «Плошчы-2010» адбылося тое, што адбылося. У дадатак пасля былі абразлівыя заявы на іх адрас з боку Лукашэнкі».
На думку аналітыка, Сікорскі ўпэўнены, што з Лукашэнкам можна размаўляць толькі жорсткай мовай з ціскам і ўльтыматумамі, бо іншую мову ён не разумее.
Таму, калі Лукашэнка анансаваў вызваленне хворых, Сікорскі адразу адрэагаваў, што Лукашэнка ведае, чаго насамрэч патрабуюць палякі і чарговы раз згадаў пра Анджэя Пачобута.
«У гэты момант стала зразумела, што Пачобут не выйдзе. Бо калі было так, што кіраўнік польскага МЗС сказаў пра яго і яго выпусцілі, то гэта было бы вельмі крыўдна і непрыемна для Лукашэнкі».
Ці не існуе рызыкі пераціснуць на Лукашэнку?
Фрыдман пагаджаецца, што ў сітуацыі, калі беларускі рэжым робіць пэўныя пазітыўныя крокі, хоць і не тыя, якія ад яго чакае Польшча, а тыя адказваюць новымі абмежаваннямі і ўльтыматумамі, Лукашэнка можа адмовіцца ад далейшых паслабленняў.
Тым не менш, аналітык упэўнены, што гэтым разам такія гульні не спрацуюць.
«Лукашэнка імкнецца гуляць па сваіх правілах. Ад яго патрабуюць тое і тое, але ён ігнаруе тыя патрабаванні і робіць тое, што лічыць патрэбным.
Але гэта пакуль не спрацоўвае і Лукашэнку гэта моцна не падабаецца, бо ён ужо так ці інакш прызвычаіўся перамагаць гэтых заходнікаў».
Вырашыць сітуацыі на мяжы можа аказацца не пад сілу Лукашэнку.
«Хутчэй за ўсё гэта пытанне расійскае, таму спыніцца павiнна Масква. А гэта не ў іх інтарэсах, каб спыніўся міграцыйны крызіс», — лічыць Фрыдман.
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары