Меркаванні

Яшчэ пра Росіцу, марыянаў, грэка-каталікоў і кроў

У «НН» №30 ад 18 жніўня прачытаў артыкул «Пілігрымка ў Росіцу» аўтарства Кастуся Шыталя з Докшыцаў. Аўтар чамусьці цалкам праігнараваў удзел у гэтым сьвяце грэка-каталікоў: сьвятароў, сэмінарыстаў, вернікаў.

У «НН» №30 ад 18 жніўня прачытаў артыкул «Пілігрымка ў Росіцу» аўтарства Кастуся Шыталя з Докшыцаў. Добра, што друкуеце матэрыялы пра падзеі рэлігійнага жыцьця ў Беларусі, бо беларусам сёньня яўна не хапае веры ў сябе і салідарнасьці. Аднак у гэтым артыкуле ёсьць пэўная недаказанасьць. Аўтар чамусьці цалкам праігнараваў удзел у гэтым сьвяце грэка-каталікоў: сьвятароў, сэмінарыстаў, вернікаў. Іх, дарэчы, на ўрачыстасьцях было больш за два дзясяткі. Грэка-каталіцкія пілігрымы прыехалі зь Менску, Полацку, Воршы, Барысава, Горадні, Берасьця, Івацэвічаў...

Мо аўтар палічыў, што дастаткова згадкі пра прэзэнтацыю новай кнігі Рыгора Барадуліна «Рымскі дыпціх» і ўдзел у сьвяце барда Алеся Камоцкага, бо дзядзька Рыгор і А.Камоцкі – вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы? Але ж К.Шыталь ні словам не ўзгадаў пра гэта. Як і пра тое, што да арганізацыі гэтай літаратурна-музычнай імпрэзы падчас росіцкіх урачыстасьцяў спрычыніліся беларускія грэка-каталікі, а кнігу з гэтым новым творам Р.Барадуліна выдала грэка-каталіцкая парафія Сьвятапакутніка Язафата ў Полацку. Урэшце, дапускаю, што ўсяго гэтага К.Шыталь ня ведаў.

Толькі ж дзіўна тады, як жа наш брат не заўважыў у праграме сьвята і не пачуў за гадзіну да апоўначы 11 жніўня малітвы-акафісту да Маці Божай, які сьпявалі грэка-каталікі. Не заўважыў ён таксама падчас урачыстай лацінскай імшы, якую апоўначы служыў віцебскі ўладыка У.Блін, што разам маліліся ня толькі лацінскія сьвятары, але й пяць сьвятароў бізантыйскага абраду з дыяканам ды яшчэ таксама і армяна-каталіцкі сьвятар. Хіба часта ў нас у Беларусі можна патрапіць на набажэнства, дзе разам моляцца каталікі адразу трох розных абрадаў: лацінскага і двух усходніх – беларуска-бізантыйскага і армянскага?! Пэўна, ранкам, 12 жніўня, а 8-й гадзіне аўтар артыкулу таксама яшчэ спаў, калі была адслужана ўсходняя літургія з удзелам шматлікіх пілігрымаў і мясцовых вернікаў...

Гэтыя ўрачыстасьці ў памяць закатаваных фашыстамі Росіцкіх мучанікаў сталі выдатнай нагодай, каб яскрава выявіць праўдзівую сутнасьць Каталіцкай Царквы – паўсюднасьць і еднасьць у разнастайнасьці абрадаў і народаў. На жаль, гэты асаблівы характар урачыстасьцяў застаўся абсалютна па-за ўвагай К.Шыталя ў яго допісе. Склалася ўражаньне, што аўтар, як і шмат хто, у лепшым выпадку памылкова атаясамлівае Каталіцкую Царкву выключна з Рыма-Каталіцкім Касьцёлам, г.зн. з адным лацінскім абрадам (якіх у Каталіцкай Царкве насамрэч паўтара дзясятка), падобна як тыя ня вельмі адукаваныя людзі ўсіх каталікоў запісваюць у палякі. Ня хочацца думаць, што тут мела месца сьвядомае ігнараваньне беларускіх грэка-каталікоў, маўляў, што там пісаць пра гэтых нейкіх незразумелых ці то праваслаўных, ці то каталікоў. Між тым, прысутнасьць сьвятароў і вернікаў усходняга абраду ў Росіцы, у мясьцінах, дзе працавалі на місіях друйскія марыяне, якія так марылі служыць для адраджэньня Уніі ў Беларусі, зусім не выпадковая.

Блаславёны мучанік Юры Кашыра быў ахрышчаны паводле бізантыйскай традыцыі, бо паходзіў з праваслаўнай сям’і, дзе продкі былі ўніятамі. Маці яго, як і многія былыя ўніяты, як толькі гэта стала магчыма пасьля царскага ўказу пра верацярпімасьць, вярнулася ў Каталіцкую Царкву. Адно што мусіла прыняць лацінскі абрад, бо тая царская міласьць адраджэньня Уніі, г. зн. Каталіцкай Царквы бізантыйскага абраду, не дапускала... Сам жа Юры Кашыра ўжо ў сьвядомым узросьце (у 18 гадоў) стаў каталіком.

Блаславёныя росіцкія сьвятары ў час выпрабаваньня, перад абліччам нялюдзкасьці і фашыстоўскай нянавісьці далі сьвету сьведчаньне пастырскай адданасьці, мужнасьці, годнасьці і любові да бліжніх, добраахвотна разьдзяліўшы цярпеньні простых людзей (вернікаў як заходняй, так і ўсходняй традыцыі, як палякаў, так і беларусаў), прыняўшы разам зь імі мучаніцкую сьмерць. Вось жа дзіўна сёньня, у мірных умовах забываць на гэтае сьведчаньне любові і еднасьці, тым больш беларусам.

Варта таксама адзначыць яшчэ адзін факт, пра які не згадаў у сваім артыкуле Кастусь Шыталь: каб ушанаваць памяць беларускіх мучанікаў-марыянаў, з Рыму ў Росіцу прыбыў генэрал Ордэну марыянаў а. Ян Рокаш.

Асабіста мне сёлета ўпершыню здарылася патрапіць на ўрачыстасьці ў Росіцу з нагоды ўшанаваньня памяці блаславёных мучанікаў Юр’я Кашыры і Антона Ляшчэвіча, якія належалі да Друйскага кляштару марыянаў. Чытаючы гістарычныя і палемічныя матэрыялы пра Друйскі кляштар айцоў-марыянаў, які, па задуме блаславёнага біскупа Віленскага Юр’я Матулевіча ствараўся для душпастырскай працы сярод беларусаў, мне таксама хацелася даведацца, што ж цяпер у гэтых мясьцінах. Ці маюць рацыю тыя, хто скептычна ацэньвае плён працы беларускіх марыянаў, якіх польскія ўлады перад самай вайной гвалтоўна выселілі з Друі, а іншых адправілі на місію ў далёкі Харбін, што стала падставай, каб сьцьвярджаць, што ад беларускасьці ў гэтых мясьцінах ужо і духу няма. Ня ведаю, якія ўражаньні вынес для сябе зь сёлетніх урачыстасьцяў у Росіцы цяперашні зьверхнік Ордэну айцоў-марыянаў – паляк з нацыянальнасьці. Вайна і шматлікія людзкія ахвяры шмат зьмянілі ў гэтым краі, і мне здаецца, ачысьцілі сумныя старонкі беларуска-польскіх дачыненьняў. Вось жа кроў мучанікаў-марыянаў Юр’я Кашыры і Антона Ляшчэвіча не была праліта марна. Бо сёньня ў Росіцкім касьцёле пануе беларускі дух, сёньня тут гучыць літургічная малітва і рэлігійныя песьні выключна ў роднай мове, сюды прыходзяць і прыяжджаюць шматлікія пілігрымы з усяе Беларусі, якія ўзносяць малітвы падзякі за нашых мучанікаў у сваёй роднай беларускай мове. З прыемнасьцю для сябе заўважыў, што і ў часе начной працэсіі праз усю дарогу да месца мучаніцкай сьмерці блаславёных вернікі – як маладыя, так і старыя, маліліся ды сьпявалі розныя песьні выключна па-беларуску. Для мяне – ня дзіва! Бо працуюць тут ужо маладыя айцы-марыяне – шчырыя беларусы. Яны – тое зерне, што сеялі мужныя вызнаўцы веры: заснавальнік Друйскага кляштару архімандрыт Андрэй Цікота і архімандрыт Фабіян Абрантовіч, якія прынялі мучаніцкую сьмерць у савецкіх лягерах і за бэатыфікацыю якіх сёньня моляцца нашы вернікі.

Між іншым, цікава адзначыць, што армянска-каталіцкі сьвятар айцец Петрас (Эрнэст) Есаян, што браў удзел ва ўрачыстасьцях у Росіцы, – ураджэнец Беларусі, які служыць цяпер у Ераване – таксама выдатна валодае беларускай мовай і ў свой час праходзіў сьвятарскую фармацыю ў марыянаў...

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць