Свет11

Польшча збіраецца пастрожыць умовы выдачы дазволаў на працу іншаземцаў

У Польшчы актыўна абмяркоўваюць новы законапраект аб доступе іншаземцаў да рынку працы. Адной з адчувальных зменаў можа стаць выдача дазволаў на працу толькі ў тым выпадку, калі наймальнік працаўладкоўвае іншаземца па працоўнай дамове, піша Most.

Фота ілюстрацыйнае

У шэрагу выпадкаў іншаземцы маюць вольны доступ да рынку працы. Ён даецца ўладальнікам Карты паляка, карты сталага побыту (пастаяннага ДНЖ) або карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, гуманітарнай візы (D21) або гуманітарнага ДНЖ, а таксама ў шэрагу іншых выпадкаў. Акрамя таго, дазвол не трэба атрымліваць грамадзянам Украіны.

Тым, хто не мае вольнага доступу да польскага рынку працы, для працаўладкавання трэба атрымліваць дазвол на працу.

Новы законапраект уводзіць палажэнне, пры якім такія дазволы будуць выдавацца толькі ў тым выпадку, калі наймальнік працаўладкоўвае іншаземца па працоўнай дамове (umowa o pracę). Грамадзянска-прававыя дамовы — дамова даручэння (umowa zlecenie) і дамова падраду (umowa o dzieło) — у гэтым выпадку не падыдуць.

Міністэрства працы тлумачыць такую меру шырокімі злоўжываннямі грамадзянска-прававымі дамовамі. Як піша партал Ulshr.pl са спасылкай на даныя мясцовага Мінпрацы, у 2023 годзе 70% дазволаў на працаўладкаванне іншаземцаў тычыліся найму па дамове даручэння або падобных дамовах. А ў цэлым у Польшчы па такіх дамовах працаўладкавана 15% работнікаў (грамадзян краіны і іншаземцаў).

Пры гэтым у большасці выпадкаў іншаземцы задзейнічаныя як рабочыя, офісныя служачыя, сельгасработнікі. Яны занятыя ў канкрэтнага працадаўцы, выконваюць працу на працягу пэўнага часу і ў канкрэтным месцы, пазначаным наймальнікам, а таму іх працоўныя адносіны адпавядаюць форме працоўнай дамовы.

А, напрыклад, у IT-сферы, дзе род заняткаў дазваляе ўжываць альтэрнатыўныя формы працаўладкавання, па дамове даручэння (umowa zlecenie) працуе толькі 3% супрацоўнікаў.

На думку Мінпрацы, наяўны стан рэчаў зніжае якасць польскага рынку працы, а таксама не забяспечвае належнай сацыяльнай абароны работнікаў-іншаземцаў. Акрамя таго, ён пагаршае становішча польскіх грамадзян: каб канкураваць за працоўнае месца з іншаземцамі, ім даводзіцца згаджацца на такія ж умовы найму. Таксама ў міністэрстве мяркуюць, што калі працадаўцам давядзецца браць іншаземцаў на працу паводле працоўнай дамовы, яны будуць больш уважліва ставіцца да падбору кадраў.

Прадпрымальнікі з такім падыходам не згодныя. Крытыкі гэтай меры прапануюць выдаліць яе з тэксту законапраекта, паколькі яна прывядзе не да паляпшэння становішча работнікаў-іншаземцаў, а да таго, што іх будуць браць на працу наогул без афармлення — гэта значыць пашырыцца чорны рынак. А вось для бізнэсу, які працуе легальна, павялічацца выдаткі на персанал.

Праект закона прадугледжвае і іншыя новаўвядзенні:

  • Не будуць выдаваць дазволы на працаўладкаванне іншаземцаў арганізацыям, якія былі створаныя або працуюць галоўным чынам для палягчэння ўезду ў Польшчу грамадзян іншых краін.

  • Для зноў створаных арганізацый або тых, што выкарыстоўваюць віртуальныя офісы, будуць уведзеныя дадатковыя ўмовы выдачы дазволаў.

  • Абмяжуюць так званы «аўтсорсінг супрацоўнікаў». Мабыць, маюцца на ўвазе схемы, калі намінальна іншаземца працаўладкоўвае адно прадпрыемства, а рэальна ён працуе на іншым.

  • Замест так званага «тэсту рынку працы» (працэдуры праверкі, ці можна на прадпрыемства, якое хоча наняць іншаземца, працаўладкаваць беспрацоўнага, які стаіць на біржы працы) плануюць увесці больш хуткую і эфектыўную працэдуру.

  • Зробяць больш строгімі пакаранні за незаконнае працаўладкаванне іншаземцаў або падачу непраўдзівых звестак пра іх занятасць.

  • Памер штрафу будзе вызначацца прапарцыйна колькасці незаконна працаўладкаваных іншаземцаў.

  • Адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з працаўладкаваннем іншаземца і атрыманнем адпаведных дазволаў, плануецца рабіць у электронным выглядзе.

  • Памежная служба і Нацыянальная інспекцыя працы змогуць аператыўна кантраляваць законнасць працы іншаземцаў.

Каментары1

  • Свабодны чалавек
    30.08.2024
    Людзям прасцей будзе з'ехаць з краіны, чым зачымсьці нелегальна працаваць у польшы

Цяпер чытаюць

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА22

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску жанчына-бяспраўніца пратараніла дзве машыны, адна з якіх урэзалася ў трамвай

Paramount Pictures набыла правы на экранізацыю арыгіналу «Кашмару на вуліцы Вязаў» і плануе выпусціць новы поўнаметражны фільм

Габелен з Баё прывезлі ў Вялікабрытанію ўпершыню амаль за тысячу гадоў3

У 38 гадоў памёр суддзя Роб Дыперынк. Раней ФІФА адхіліла яго ад чэмпіянату свету з-за абвінавачванняў у дамагальніцтвах2

ЗША нанеслі некалькі ўдараў па Іране1

Эксперты папярэджваюць пра ўсплёск амаль невылечнай інфекцыі з цяжкай дыярэяй, якая перадаецца палавым шляхам9

Мадзяр расказаў, чаму Украіна не б'е па Крымскім мосце7

«Чакаюць трагедыі?» Кіроўцы б'юць трывогу праз стан моста цераз Случ паміж Мікашэвічамі і Жыткавічамі1

«Мёд для вушэй». Беларускамоўны ліфт у Мінску выклікаў фурор3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА22

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць