Эканоміка1515

Наколькі закрытая мяжа з Літвой уплывае на дастаўку тавараў і колькі літоўскіх фур і прычэпаў насамрэч захрасла ў Беларусі?

Паводле інфармацыі з беларускага боку, у Беларусі цяпер знаходзіцца каля 1100 фур з літоўскай рэгістрацыяй. Літоўская асацыяцыя аўтаперавозчыкаў Linava ж кажа, што, апроч цягачоў, засталіся яшчэ каля 3000 паўпрычэпаў. «Наша Ніва» разбіралася, як так выйшла і наколькі гэта можа паўплываць на дастаўку грузаў у Беларусь.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Літва прыняла рашэнне закрыць наземную мяжу з Беларуссю да 1 снежня ў адказ на тое, што з Беларусі працягвалі ляцець метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі. У адказ на закрыццё мяжы беларускі бок забараніў грузавікам, прычэпам і паўпрычэпам з літоўскай рэгістрацыяй заязджаць у Беларусь і вяртацца назад праз беларуска-польскую і беларуска-латвійскую мяжу.

З 4 лістапада такі транспарт можа перасякаць мяжу з Беларуссю толькі праз пункты пропуску на мяжы з Літвой.

Нічога прынцыпова новага не адбылося

Такія правілы — гэта не ноў-хау, якое Беларусь адмыслова прыдумала для Літвы. Для польскіх перавозчыкаў такія абмежаванні існуюць яшчэ з 18 лютага 2023 года.

На перыяд закрыцця мяжы Польшчай у верасні гэтага года 1453 грузавікі з польскай рэгістрацыяй не маглі пакінуць тэрыторыю Беларусі да аднаўлення працы пераходаў і заставаліся ў закладніках на платных паркоўках ТЛЦ.

За некаторымі выключэннямі (аўтавозы, негабарытныя перавозкі) польскія перавозчыкі ўжо не першы год мелі магчымасць заязджаць у Беларусь і вяртацца назад толькі праз пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы.

Апроч таго, прычэпы і паўпрычэпы з польскай рэгістрацыяй нельга выкарыстоўваць для перачэпак — толькі для перагрузкі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: БелТА

Атрымліваецца, што да нядаўняга часу літоўскія транспартнікі мелі значна больш спрыяльныя ўмовы для працы на беларускім кірунку, чым іх польскія калегі.

Важны нюанс з прычэпамі

Літоўскія фуры заязджалі і выязджалі з Беларусі праз любы зручны для іх пункт пропуску, а літоўскія прычэпы і паўпрычэпы масава выкарыстоўвалі, у тым ліку, польскія перавозчыкі.

Беларускі лагіст кажа, што, паводле яго назіранняў, каля паловы польскіх фур ездзілі ў Беларусь з літоўскімі прычэпамі.

«Палякі дзеля гэтага нават адкрывалі фірмы ў Літве, каб ездзіць у Беларусь з літоўскімі паўпрычэпамі, бо на іх не было такіх абмежаванняў, як на польскія.

Польскі або літоўскі перавозчык прыязджаў у Беларусь з літоўскім паўпрычэпам, які потым можна было перачапляць да беларускага цягача і, нічога не перагружаючы, ехаць з ім хоць у Маскву», — тлумачыць спецыяліст.

На выезд з Беларусі для літоўскіх прычэпаў да нядаўняга часу таксама не было ніякіх абмежаванняў.

Гэтая акалічнасць тлумачыць, чаму ў Літоўскай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava кажуць, што, апроч больш як тысячы фур, у Беларусі засталіся больш як тры тысячы літоўскіх прычэпаў.

Вываз прычэпаў як асобная праблема

Паводле звестак «Нашай Нівы», вялікую колькасць літоўскіх прычэпаў з Брэста перанакіроўвалі ў ТЛЦ «Бераставіца» яшчэ ў першыя дні дзеяння новых абмежаванняў.

За захоўванне прычэпа на ТЛЦ таксама трэба плаціць. Інфармацыі пра нейкія спецыяльныя тарыфы па 120 еўра за суткі, як у выпадку з Катлоўкай, не было, але і згодна са стандартным прайсам суткі прастою там не танныя.

За першыя двое сутак — 99 рублёў, далей — па 153 рублі (каля 45 еўра) у суткі.

Паводле слоў беларускага дальнабойшчыка, праз гэтыя абмежаванні многія польскія цягачы вярнуліся ў Польшчу не проста пустымі, а без паўпрычэпаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Раней кіроўца, які перасякаў беларуска-польскую мяжу ў першыя дні дзеяння абмежаванняў, казаў «Нашай Ніве», што на польскім баку ўсе прыгранічныя паркоўкі таксама былі запоўненыя паўпрычэпамі з літоўскімі нумарамі.

«Цяпер палякі змяняюць рэгістрацыю гэтых прычэпаў на польскую або іншую еўрапейскую, каб іх можна было выкарыстоўваць для перачэпкі без абмежаванняў, бо польская рэгістрацыя таксама не дазваляе перачапляць іх», — тлумачыць дальнабойшчык.

На думку суразмоўцы, менавіта эвакуацыя літоўскіх паўпрычэпаў можа стаць самым балючым пытаннем для іх уласнікаў, сярод якіх могуць быць не толькі літоўскія бізнэсоўцы, але і польскія ды беларускія.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Гэтая сітуацыя сапраўды вельмі складаная, бо, паводле новых правілаў, вывезці іх з Беларусі можна будзе толькі праз пункты пропуску на мяжы з Літвой. Калі яны адкрыюцца — невядома. Але нават у выпадку аднаўлення працы працэс вывазу некалькіх тысяч літоўскіх прычэпаў праз «Каменны Лог» і «Беняконі» можа расцягнуцца на вельмі працяглы перыяд.

Яшчэ да абвастрэння адносін паміж Беларуссю і Літвой праз метэаразонды з кантрабанднымі цыгарэтамі праз гэтыя пункты за суткі ў бок Літвы выязджала ў сярэднім па 80—130 фур (праз два пункты пропуску разам).

Што ўсё гэта азначае для Беларусі? 

Лагіст, з якім пагутарыла «Наша Ніва», кажа, што цяперашняе закрыццё мяжы Літвой адчуваецца не так балюча, як гэта было ў выпадку з Польшчай.

«Калі тады (падчас закрыцця мяжы Польшчай — НН) цэны на перавозкі ўзляцелі да касмічных маштабаў, то цяпер такога моцнага скачка ставак і запавольвання даставак не назіраецца.

Перавозчыкі паступова вырашаюць пытанні з прычэпамі, і дастаўка грузаў ідзе больш-менш нармальна, бо Латвія і Польшча працуюць без праблем», — кажа лагіст.

Уся надзея на Польшчу

Паводле слоў спецыяліста, цяпер перавозчыкаў больш цікавіць, як будзе развівацца сітуацыя з Польшчай, а не з Літвой.

«Калі палякі сапраўды адкрыюць «Брузгі» і «Бераставіцу», то гэта хутка кампенсуе закрыццё мяжы з Літвой. Канечне, трэба будзе паглядзець, як хутка будуць працаваць у «Бераставіцы», бо «Брузгі» спачатку абяцалі адкрыць толькі для пасажырскага руху».

Спецыяліст лічыць, што пры нармальнай працы «Бераставіцы» адзін гэты пункт пропуску на мяжы з Польшчай можа прапускаць за суткі больш транспарту, чым «Беняконі» і «Каменны Лог» разам узятыя.

Дарожныя знакі на ўездзе ў Польшчу праз пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца». Фота: «Наша Ніва»

«Па вялікім рахунку, у такім выпадку (калі Польшча адкрые дадатковыя пункты пропуску — НН) для нас увогуле не будзе мець вялікага значэння, будзе мяжа з Літвой адкрытая ці не», — лічыць спецыяліст.

Калі Польшча адкрые мяжу з Беларуссю?

Дакладнага адказу на гэтае пытанне няма. Першапачаткова планавалася, што пункты пропуску «Кузніца — Брузгі» і «Баброўнікі — Бераставіца» адновяць працу з 1 лістапада 2025 года, але гэтага не адбылося — фактычна па просьбе літоўскага боку, які, наадварот, у той час анансаваў закрыццё мяжы з Беларуссю. Тады Польшча перанесла адкрыццё на сярэдзіну лістапада.

Днямі міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў наступнае:

«Я на мінулым тыдні размаўляў з міністрам унутраных спраў Польшчы. Яны планавалі адкрыць гэтыя пункты 1 лістапада, але з салідарнасці з Літвой гэтага не зрабілі. Але, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пасля 15 лістапада, пасля 20-га. Думаю, гэта дакладна адбудзецца».

Аднак літоўскі міністр падкрэсліў, што краінам неабходна сумесна адрэагаваць на сітуацыю, якая склалася пасля закрыцця межаў з Беларуссю. 

Каментары15

  • ВАся
    13.11.2025
    Indrid Cold, Вы везде пишите, что работающие в литовском и польском дальнобое - это бывшие милиционеры. Хватит нести везде бред.
  • Indrid Cold
    13.11.2025
    ВАся, не, я пішу што там большасць былыя мусары якія выйшлі на песюнсію ў 45 гадоў. Усе мусары былыя міліцыянеры, але не усе міліцыянеры - мусары.
    Дальнабоямі як раз працуюць мусары былыя.
  • Nk
    13.11.2025
    Добры аналіз, які выдатна дэманструе, хто насамрэч больш пакутуе ад зачыненай мяжы.
    Дадзім яшчэ меркаванне літоўскіх лагістаў, якія скардзяцца, што замест іх ужо працуюць палякі.

Цяпер чытаюць

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты7

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты

Усе навіны →
Усе навіны

Тэлефоннай размовы Пуціна і Трампа пакуль не плануецца

Украіна атакавала НПЗ у Сызрані і марскі порт у Краснадарскім краі

Як жывуць людзі ў самай халоднай вёсцы планеты — там бывае мінус 71°C5

Сёння пройдзе лёсаванне чэмпіянату свету па футболе. Упершыню ў ім возьме ўдзел 48 камандаў

«Добрыя навіны ў найбліжэйшыя тыдні»: Вэнс заінтрыгаваў заявай адносна вайны ва Украіне.15

«Роўна ў той момант». Ірландыя расследуе палёт невядомых дронаў каля маршруту самалёта Зяленскага1

Штучны інтэлект пераварочвае порнаіндустрыю13

Чатыры краіны не будуць удзельнічаць у Еўрабачанні-2026, пратэстуючы супраць допуску Ізраіля15

«Упершыню я ледзь не загінула на Кубе». Беларуска расказала, як палову жыцця правяла ў падарожжах1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты7

Завадчанін Ігар, які вяртаўся дадому бухім, упершыню ў жыцці едзе за мяжу. А яшчэ ён халасты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць