Трымаючы ў руках зборнік турэмных эсэ Міколы Статкевіча, я чакаў знайсці там пафас, развагі пра дэмакратыю, турму, свабоду… Усё аказалася больш цікава. Праз кароткія тэксты паўстае партрэт аўтара, яго філасофія і матывацыя. Як забіць у сабе раба? Чаму людзі ламаюцца? Што не так з Беларуссю і ўсімі намі? Адказы — між радкоў. Піша Алесь Кіркевіч на Budzma.org.

«У штрафным ізалятары пісаць забаранялася, ды й не было чым. Але ніхто не мог забараніць мне думаць. Таму…» Мікола Статкевіч правёў у турмах і ізалятарах 14 гадоў. Чытаць — забаронена ці няма чаго. Пісаць — няма чым. А калі ўсё ж напішаш — «адшманаюць». Тыя эсэ, якія трапілі ў кнігу — выключэнні. Грунтам для іх сталі назіранні і саманазіранні, успаміны. Аказваецца, сябе і тых, хто побач, таксама можна «чытаць» — як кнігу.
У кароткіх зацемках Статкевіча больш філасофіі, чым на кафедры філасофіі. Бо яно — жыццёвае, не кніжнае. Усе героі — жывыя людзі, а не выдуманыя персанажы. Усе высновы — парады па выжыванні.
«Ёсць пяць гадоў, каб вярнуць краіне свабоду…»
«Калі ў краіне ўсталёўваецца рэпрэсіўны рэжым, то ў людзей (…) ёсць пяць год, каб вярнуць краіне свабоду. Потым грамадства стамляецца, губляе веру ў перамены і пачынае прыстасоўвацца (…). А рэжым умацоўвае свае структуры падаўлення і кантролю…» — піша аўтар на пачатку.

З 1994 года мінула 32 гады. Усе кропкі невяртання пройдзеныя. У чым тады сэнс супраціву? Навошта і для каго? Статкевіч — чалавек чыну, а не слова. Ён такі, бо не можа быць іншым. Пакаранне за здраду самому сабе — пакуты сумлення, якія забіваюць не горш за кулю. Не кожнага, а таго — у каго сумленне ёсць.
Зборнік складаецца з дзвюх частак: «Шлях чалавека» і «Шлях нацыі». Першая — гэта тэрыторыя сацыял-дарвінізму, вынесенага з халодных турэмных камераў. Воля да жыцця, іерархія, ролі ў групе, інстынкты, падзел на «сваіх» і «чужых», сіла асобы і сіла ўчынку. Мікракосм турэмнай камеры не прабачае памылак. Уцячы няма куды. Як сябе паставіш — тым і будзеш.
Твой сусед — не праектны менеджар з трыма адукацыямі, а 60‑гадовы мужычок, які забівае педафіла ўдарам лыжкі ў вока. Або — «хімікі», якія п’юць шклоачышчальнік, а пасля высвятляюць, хто галоўны. Здаецца, якая тут філасофія? Сацыяльная. Гэта — грамадства ў мініяцюры. Тое грамадства, якое ў вочы ніколі не бачылі тыя, хто прафесійна пра яго разважае на форумах і панэлях. Вось яна — Беларусь.
Прытчы падпалкоўніка Статкевіча
Стыль Статкевіча перагукаецца з Маркам Аўрэліем ды Заратустрам Ніцшэ. Часам — з апавяданнямі Джэка Лондана. Напрыклад, эпізод пра салдата, які знік на «кропцы» супрацьпаветранай абароны на Крайняй Поўначы яшчэ ў часы СССР. Хлопец выйшаў «па патрэбе» — і згубіўся сярод завірухі. Няма. Шукаць без сэнсу.
Сярод снегу чалавек нейкі час блукае, пасля спыняецца, ловіць ілюзію «цяпла», засынае і — ледзянее. Але здарыўся цуд. Выпіўшы камандзір усё ж паехаў шукаць салдаціка і… знайшоў. Жывога. Некалькі сутак чалавек блукаў сярод снежнай пустыні ды — выжыў. Выжыў, бо не спыніўся. Эсэ так і называецца «Спыніцца — значыць загінуць».
Жыццёвыя прыпавесці аўтара падаліся мне найбольш цікавымі. Зразумела, што чалавек збірае ў памяці шмат гісторый, але не кожная стае прыпавесцю. Прыпавесць мае сэнс, да якога можна вяртацца, пераказваць.
Калі думаю пра Статкевіча, мне бачыцца акурат гэты салдат, які блукае сярод завірухі на краі свету. Валіцца з ног, але — ідзе далей.
«Усе беларусы неблагія людзі, пакуль ім не загадаюць благое»
У кнізе Статкевіча праз усе тэксты праглядаюць два персанажы: «вольны чалавек» ды — «масавы чалавек». У персанажаў няма імёнаў: кожны чытач сам падставіць імёны з уласнага досведу.
Вольны — гэта «звышчалавек», які знайшоў сваё «Я», сваю душу. Ён робіць выбар на карысць волі і стварае вакол сябе тэрыторыю свабоды. Няважна, ці на праспекце Незалежнасці, ці ў турэмнай камеры.
«Масавы чалавек» таксама робіць выбар. Штодня абірае быць рабом, то-бок сітуацыю, калі выбар за яго робяць іншыя — больш моцныя. І гэта таксама выбар, не будзем яго зневажаць. Ён не благі, ён… такі, які ёсць. «Усе беларусы неблагія людзі, пакуль ім не загадаюць благое», — піша Статкевіч.
Аўтар дае цікавы індыкатар ломкі грамадства: «Для мужчын адчуванне няздольнасці абараніць сваю жанчыну — першы крок да пераўтварэння ў раба». Як прыклад Статкевіч прыводзіць масавыя гвалты савецкіх салдат над немкамі ў 1944/45 гадах. Гэта не выпадковасць, а спосаб зламіць волю соцыума. Калі не можаш спыніць, то — вучышся не заўважаць. Так і стаеш рабом. Узгадайце цяганне за валасы дзяўчат на мітынгах у Беларусі, якое пачалося задоўга да 2020 года.
«Не рызыкуючы, мы рызыкуем у сто разоў болей»
У чым жа трагедыя Беларусі? Справа не ў ідэалогіі, бо «кожная ідэалогія — гэта ўчынкі яе адэптаў». Трагедыя ў тым, што вольных — мала. І кожны з іх плаціць за волю дарагі кошт. Быць вольным — гэта рызыка. Але, «не рызыкуючы, мы рызыкуем у сто разоў болей». Рызыкуем пераўтварыцца ў пачвараў, самі гэтага не заўважыўшы.
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары