Чаму сабакі пазяхаюць услед за гаспадарамі, але рэдка ўслед за іншымі сабакамі?
Каб знайсці адказ, навукоўцы даследавалі паводзіны ваўкоў і іх помесяў з сабакамі.

Калі адзін чалавек пазяхае, іншыя побач таксама нярэдка пачынаюць пазяхаць. Такая з'ява назіраецца і сярод жывёл, але ў сабак ёсць цікавая асаблівасць. Яны могуць пераймаць пазяханне чалавека, а вось пазяханне суродзічаў рэдка выклікае ў іх падобную рэакцыю. У ваўкоў, ад якіх паходзяць сабакі, усё інакш.
Каб разабрацца ў прычынах, вучоныя Інстытута эвалюцыйнай антрапалогіі Макса Планка ў Лейпцыгу і Рымскага ўніверсітэта Сапіенца правялі даследаванне, на вынікі якога звяртае ўвагу The Economist.
Навукоўцы назіралі за 20 чыстакроўнымі ваўкамі і 13 помесямі ваўкоў і сабак, якія з'явіліся ў выніку скрыжавання ў дзікай прыродзе на працягу двух-трох пакаленняў. Жывёлы жылі невялікімі зграямі ў прасторных вальерах у горных раёнах Германіі і Італіі.
За кожнай жывёлай назіралі падчас 22 сеансаў працягласцю па 15 хвілін. Даследчыкі фіксавалі, калі воўк пазяхаў і ці паўтаралі яго дзеянне іншыя члены зграі.
Што высветлілі
Калі чыстакроўны воўк бачыў, як пазяхае іншы воўк, у 41% выпадкаў ён таксама пазяхаў на працягу наступных дзвюх хвілін. Сярод помесяў ваўкоў і сабак, якія атрымалі частку генаў ад хатніх сабак, такая рэакцыя назіралася толькі ў 24% выпадкаў.
Даследчыкі мяркуюць, што прычына можа быць звязаная з прыручэннем сабак. За 30‑40 тысяч гадоў жыцця побач з людзьмі яны паступова навучыліся лепш заўважаць чалавечыя паводзіны. Пры гэтым адчувальнасць да некаторых сігналаў суродзічаў магла зменшыцца.
Атрыманыя вынікі падтрымліваюць гэтую гіпотэзу, але пакуль не даказваюць яе канчаткова.
Навукоўцы таксама высветлілі, што заразлівасць пазяхання не залежала ад становішча жывёлы ў іерархіі зграі. Іншымі словамі, пазяханне важака не аказвала асаблівага ўплыву на астатніх.
Затое часцей за іншых заразлівае пазяханне выклікалі тыя ваўкі, якія найбольш актыўна ўзаемадзейнічалі з рознымі членамі зграі. Пры гэтым асабістая блізкасць паміж дзвюма жывёламі не мела істотнага значэння.
Гэта адрознівае ваўкоў ад некаторых прыматаў, напрыклад шымпанзэ і баноба, у якіх пазяханне часцей перадаецца паміж блізкімі суродзічамі або сябрамі.
Чаму гэта важна
На першы погляд, розніца ў пазяханні можа здавацца дробяззю. Але даследчыкі бачаць у ёй магчымую пагрозу для дзікіх папуляцый ваўкоў.
Ваўкі вельмі сацыяльныя жывёлы, і іх выжыванне шмат у чым залежыць ад згуртаванасці зграі і здольнасці дзейнічаць разам падчас палявання. Навукоўцы асцерагаюцца, што разам з сабачымі генамі ў дзікія папуляцыі ваўкоў могуць трапляць і іншыя спадчынныя асаблівасці паводзін, якія пакуль застаюцца незаўважанымі. Калі яны парушаць узаемадзеянне паміж жывёламі, гэта можа знізіць шанцы ваўкоў на выжыванне і паспяховае размнажэнне.
Пакуль гэта толькі гіпотэза. Аднак ужо выяўленая розніца ў пазяханні паказвае, што скрыжаванне з сабакамі можа ўплываць на сацыяльныя паводзіны ваўкоў.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары