Мова99

Дзе адзначыць Дзень роднай мовы: падзеі ў Беларусі і замежжы

Калі вам патрэбны быў штуршок, каб пачаць гаварыць па-беларуску, то вось ён. Частка імпрэз запланавана непасрэдна на 21 лютага, а штосьці пройдзе ўжо сёння.

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Свята ўстанавіла ЮНЕСКА ў 1999 годзе ў памяць пра трагедыю 1952 года ў Бангладэш (на той час гэта была частка Пакістана), калі забілі студэнтаў, якія змагаліся за тое, каб бенгальская мова стала дзяржаўнай. Галоўная ідэя гэтага дня — абараняць моўную разнастайнасць і падтрымліваць мовы пад пагрозай.

З 2009 года ЮНЕСКА ўключыла беларускую ў спіс моў, якім пагражае знікненне.

З экспазіцыі філіялу Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў в. Яхімоўшчына. Фота аўтара

Мінск

20 лютага адбудзецца агульнабеларуская дыктоўка ад Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Афлайн яна пройдзе ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа (вул. Сурганава, 15). Таксама можна будзе далучыцца і анлайн — на сайце «Культура» Беларускага радыё (radiokultura.by) ці на хвалі 102.9 FM.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча, 7а) 21 лютага а 16:00 пройдзе моўна-літаратурны квіз. Гасцей чакаюць загадкі па вершах Алеся Разанава, фразеалагічны «Кракадзіл», літаратурныя «пярэваратні», рыфмаванкі і кніжны абмен. Уваход — 10 рублёў.

22 лютага а 14:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. Максіма Багдановіча, 13) плануецца куратарская экскурсія па выставе «Вясна ўвосень» да 95‑годдзя Уладзіміра Караткевіча. Родную мову прапануюць глыбей пазнаць праз літаратуру.

Нацыянальны мастацкі музей цэлы тыдзень ладзіць мерапрыемствы да Дня роднай мовы (тут падрабязны расклад). 19 лютага, напрыклад, будзе лекцыя «Мінскі і сібірскі перыяды жыцця і творчасці Яна Дамеля: новыя звесткі» (18:00). А 21 лютага — сустрэча з куратарам выставы «Перад красой тваёй маўчаць» Кацярынай Калянкевіч і мастачкай Крысцінай Мельнік-Субцэльнай, майстар-клас па алейным жывапісе, канцэрт POLIFONICA men і POLIFONICA kids «Гуканне вясны». У нядзелю 22 лютага а 14:00 — паэтычны батл ад студэнтаў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праўда, тэма для Тыдня роднай мовы нечаканая — «Ясенін VS Маякоўскі» (на завяршэнне работы выставы «Ясенін. Бясконцая легенда»).

Брэст

21 лютага ў Брэсцкім тэатры лялек (вул. Леніна, 56) Дзень роднай мовы адзначаць, сыграўшы спектаклі на беларускай «Піліпка і ведзьма» і «Дзівак з Ганчарнай вуліцы».

Гродна

20 лютага з 11:00 да 12:00 у Новым замку (вул. Замкавая, 22, чытальная зала) запланавана музейная дыктоўка, якая пройдзе бясплатна, але каб трапіць на яе, неабходны папярэдні запіс: 71-86-88, +375 (29) 776-65-88.

Віцебск

21 лютага ў канцэртнай залі «Віцебск» (пр. Фрунзэ, 1) адбудзецца свята «Э.Т.Н.О.: энергія традыцый — спадчына грамадства». Падчас яго пройдзе дыктоўка «Беларусь — краіна міру», майстар-класы па рамёствах, народныя танцы, выстава «Жывыя ніткі традыцый», нават знаёмства з мовай хіндзі. Напрыканцы праграмы чакаецца канцэрт. Квіткі — 15 рублёў.

Гомель

19 лютага а 18:00 у Музеі гісторыі горада Гомеля (Паляўнічы домік, вул. Пушкіна, 32) адбудзецца музычны вечар. Камерны склад сімфанічнага аркестра выканае творы Ігара Лучанка, Эдуарда Ханка, Канстанціна Ельскага і Міхала Казіміра Радзівіла. Яднанне з беларускай мовай адбудзецца праз мову музыкі.

Вільня

21 лютага а 17:00 у Доме нацыянальных супольнасцяў (Raugyklos g. 25) чакаецца культурная імпрэза з музыкай і паэзіяй, сярод удзельнікаў якой Павел Севярынец і капэла «Ойра». Уваход вольны.

Варшава

22 лютага з 13:00 да 16:00 у Беларускім моладзевым хабе (ul. Dożynkowa 6a) у Дзень роднай мовы зладзяць дзіцячы фестываль «Наш кірмаш». Наведвальнікаў чакае музыка, сустрэча з пісьменнікам Андрэем Скурко, тэатральнае чытанне і прэзентацыя «Патаемнай спадчыны», майстар-класы, кніжны кірмаш (Gutenberg, «Янушкевіч», byProsvet, Słowianka). Выступіць і Лявон Вольскі.

21 лютага а 16:00 у краме Vyraj (al. Armii Ludowej 12) таксама адбудзецца беларуская дыктоўка. Тэкст будзе чытаць Зянон Пазняк, а ўдзельнікаў, што пакажуць найлепшыя вынікі, чакаюць прызы.

Кракаў

У хабе Prastora.krk (ul. Mikołajska 4/6) у Дзень роднай мовы адбудзецца сустрэча ад курсаў «Мова Нанова», падчас якой будзе лекцыя Цімоха Акудовіча пра Радзівілаўскую мапу XVII стагоддзя, дыктоўка і моўная практыка, розыгрыш копіі мапы. Уваход за данат.

Уроцлаў

Суполка беларусаў Уроцлава ладзіць анлайн-конкурс эсэ ад суполкі беларусаў. Тэмы — «Мова майго дзяцінства», «Слова, якое мяне ратуе» і іншыя. Пераможцаў выбірае галасаванне ў Instagram.

Кіеў

У суботу 21 лютага ініцыятыва «Дзея» запрашае адзначыць Дзень роднай мовы з грамадскай арганізацыяй «Каліноўцы». У праграме: невялікая лекцыя пра шлях станаўлення сучаснай беларускай мовы і яе адметнасці, агульная дыктоўка і квіз. Пачатак а 14‑й гадзіне ў галерэі Трыпціх Арт.

А 22 лютага клічуць на паказ фільма «Байцоўскі клуб» у беларускай агучцы. Сеанс а 17:00 на вул. Басейная, 5Б.

Каментары9

  • Ёсік
    19.02.2026
    белорус, чаму абражаеш тых, хто размаўляе па-беларуску, дзетак сваіх выхоўвае па-беларуску? Фрыкі, кажаш? Вось падобныя табе, калі чуюць беларускую мову, вочы свае закатваюць, абавязкова прапануюць разгаварыць на нармальным языке, але самі дзэкаюць, цэкаюць. Сарамлівая нацыя.
  • магіляўчанка
    19.02.2026
    Сумую за Магілёў...
  • БЛР
    19.02.2026
    Смешны ад тых днёў, калі штодзённа розныя беларускія праекты тыпу Зеркало ці Мост не ў стане дня без расейскай пражыць, а многія каментатары, блогеры ці дзеячы новай апазіцыі за мяжой не ў стане слова сказаць па-беларуску, далей сваю руссскую ахоўваюць.

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Краіны Персідскага заліва пачынаюць сумнявацца ў гарантыях ЗША7

У Варшаве беларусы святкуюць Дзень Волі ФОТЫ16

У Мінску на праспекце Дзяржынскага мужчына вельмі дзіўна сябе паводзіў: бегаў па праезнай частцы і спыняў машыны ВІДЭА

Дзісна, Тураў і Васілевічы — самыя маленькія гарады Беларусі. А хто яшчэ ў топе?5

«Хачу наведаць бабулю ў Беларусі». Як жывуць і адаптуюцца дзеці беларусаў-эмігрантаў у Еўропе4

«Ён не думаў, што будзе цалаваць мяне ў сраку». Трамп выказаўся пра адносіны з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі13

«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з акцёрам Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі2

Ад званкоў «з банка» да фэйкавых інвестыцый. Як махляры крадуць грошы з картаў1

Еменскія хусіты заявілі пра сваё далучэнне да вайны супраць Ізраіля4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць