Выставілі на таргі McLaren, які везлі расіяніну, але канфіскавалі праз чатыры гады судоў. Стартавы кошт уражвае
У гэтай эксклюзіўнай машыны цікавая і даволі складаная гісторыя, якая дазволіла ёй заставацца са смешным прабегам нават праз шэсць гадоў пасля выпуску.

Пралічыліся, але дзе?
Гэты аўтамабіль везлі з Літвы ў Беларусь яшчэ восенню 2021 года, то-бок да вайны і санкцый, але канчатковым пакупніком быў расіянін. Пры гэтым размытняць машыну планавалі ў Беларусі.
Спорткар McLaren 720S 2019 года выпуску везлі на лафеце праз літоўска-беларускую мяжу. З тэрыторыі Еўрасаюза машына выехала без праблем, а вось на беларускім баку пачаліся праблемы.

Справа ў тым, што згодна з прадстаўленымі дакументамі, кошт двухгадовага спорткара з прабегам каля 300 кіламетраў складаў усяго 17 990 еўра. Такая цана выклікала аргументаваныя падазрэнні ў беларускай мытні. Яны вызначылі, што рэальны кошт аўто — 261 579 еўра, што ў 14,5 разу больш за заяўлены.
Чаму на таргі выставілі толькі цяпер?
Нягледзячы на тое, што справа бярэ пачатак з лістапада 2021 года, канчатковае рашэнне канфіскаваць аўто суд прыняў толькі ў лютым 2026 года.
Чаму гэты працэс цягнуўся больш за чатыры гады — невядома. Але вядома, што спорткар увозілі на льготніка — інваліда другой групы, каб размытніць аўто па ўказе №140, то-бок з 50‑працэнтнай зніжкай.

Пры гэтым, як высветлілася, рэальным пакупніком амаль новага McLaren быў нейкі расіянін, а Беларусь была патрэбна толькі для таго, каб зэканоміць на мыце.
Справа ў тым, што аўто ва ўзросце да 3 гадоў мыта лічыцца па стаўцы 48% ад кошту (але не менш за 5,5 еўра за куб. см). Адпаведна, калі мыту аформіць на льготніка, то стаўка будзе 24% (2,75 еўра за куб. см).
У выніку Гродзенская мытня падлічыла, што заніжэнне кошту магло прывесці да ўхілення ад выплаты мытных плацяжоў на суму больш за 280 тысяч рублёў.

Сачыце за лічбамі
Калі браць указаную ў суправаджальных дакументах суму 17 990 еўра і пры гэтым правесці мытную рэгістрацыю аўто на беларускага льготніка, як тое і планавалася, то мытныя плацяжы склалі б усяго каля 11 000 еўра.
А калі браць кошт ад мытні (які выглядае куды больш рэалістычным) і размытняць аўто па поўным тарыфе, бо рэальны ўласнік ніякіх ільгот не мае, то заплаціць давялося б каля 125 000 еўра.
Аднак жаданне зэканоміць больш за 110 тысяч еўра на мыце абярнулася чатырма гадамі судоў і канфіскацыяй аўто.
Цяпер ужо шасцігадовы спорткар McLaren 720S з прабегам 313 кіламетраў выставілі на продаж на гродзенскай пляцоўцы канфіскату ад ГД «Усходні».

Стартавая цана аўтамабіля — 1 041 444 рублі, што складае каля 307 500 еўра па цяперашнім курсе. У апісанні стан аўтамабіля пазначаны, як задавальняючы: дробныя нязначныя драпіны па кузаве, акумулятар разраджаны. Ключ запальвання ёсць, рухавік запускаецца.
Першыя таргі мусяць адбыцца 24 красавіка.
Каментары
1) Они полные идиоты
2) Что-то пошло не так и оформлять стал не тот, на кого рассчитывали
3) Просто вместо 179 900 написали 17 990 (думаю этот вариант самый правдоподобный). Потому и судились годами в надежде доказать, что просто нолик забыли добавить