Грамадства66

У Магілёве праз 30 гадоў вярнулі на старое месца савецкі танк Т-34

У сярэдзіне 1990‑х гадоў з-за будаўніцтва транспартнай развязкі ліквідавалі плошчу Перамогі і прыбралі помнік-танк. Праз трыццаць гадоў баявую машыну пасля рэстаўрацыі вяртаюць на гістарычнае месца.

Устаноўка танка Т-34 на новым пастаменце. Фота: mogilevnews.by

Танк Т-34‑85 з'явіўся ў Магілёве ў 1967 годзе ў гонар савецкіх воінаў 2‑га Беларускага фронту. Яго ўсталявалі ў цэнтры горада, на тагачаснай плошчы Перамогі, на скрыжаванні праспекта Міру і вуліцы Касманаўтаў.

Цікава, што тады машына была яшчэ на хаду: на пастамент яе па земляным насыпе самастойна заганяў мясцовы зваршчык Васіль Буга, які пасля прыварыў гусеніцы да п'едэстала.

У сярэдзіне 1990‑х гадоў, калі горад пачаў маштабную рэканструкцыю транспартнага вузла і ўзвядзенне новай эстакады, плошча Перамогі фактычна знікла. У 1995 годзе танк знялі. Пасля кароткага знаходжання «на складзе» ў вайсковай часці ў Пашкаве машыну перанеслі на 600 метраў на паўночны захад — на скрыжаванне вуліц Якубоўскага і Сурганава. Там помнік і прастаяў амаль трыццаць гадоў, стаўшы вядомым арыенцірам для магілёўцаў: усім было зразумелае «сустрэнемся ля танка».

Плошча Перамогі з танкам-помнікам на паштоўцы 1976 года. 
Плошча Перамогі з танкам-помнікам у савецкі час.
Устаноўка танка на новым месцы на рагу вуліц Якубоўскага і Сурганава ў 1990‑я гг. Фота: Могилев Live

На пачатку чэрвеня 2026 года гарадскія ўлады вырашылі вярнуць помнік на гістарычнае месца. Нагодай для гэтага стала чарговая маштабная перабудова скрыжавання праспекта Міру з вуліцамі Касманаўтаў і Якубоўскага. На гэтым месцы цяпер узводзіцца ўнутрыгарадская кальцавая магістраль, якую плануюць скончыць да 2028 года. Яна наўпрост злучыць вуліцу Каралёва з вуліцай Касманаўтаў і стане аб'язной дарогай для цэнтра горада. У межах праекта будуецца новая транспартная развязка з двума пуцеправодамі і падземнымі пераходамі, куды вырашылі арганічна ўпісаць стары помнік.

Апусцелы пастамент на рагу вуліц Якубоўскага і Сурганава. Фота: Яндэкс Карты
Рэстаўрацыя танка. Фота: Тэлерадыёкампанія «Магілёў»

Танк знялі з пастамента і адправілі на маштабную рэстаўрацыю ў вайсковую частку 63615. Вайскоўцы ачысцілі корпус ад старой фарбы і карозіі, аднавілі гусенічную стужку і часткова гумовы бандаж.

Кансультантамі выступілі гісторыкі з пошукавага клуба «Віккру». Яны прапанавалі нанесці на вежу новы бартавы нумар — «7». Менавіта пад такім нумарам ішоў у бой рэальны танк 43‑й асобнай гвардзейскай танкавай брыгады, якая ўдзельнічала ў вызваленні Магілёва ў чэрвені 1944 года.

Пры гэтым краязнаўцы адзначаюць гістарычны парадокс: сам магілёўскі помнік фізічна не мог вызваляць горад летам 1944-га. Гэтая канкрэтная машына была выпушчаная ў Ніжнім Тагіле ўжо пасля заканчэння вайны ў Еўропе — у другой палове 1945 года.

19 чэрвеня адноўлены Т-34 усталявалі на новым пастаменце на гістарычным месцы. Амаль. Уважлівыя гараджане ўжо заўважылі, што месца пастамента трохі змясцілася на поўнач, як і арыентацыя баявой машыны. Калі да 1995 года ствол танка глядзеў на паўночны захад (на «гарбаты» мост), то цяпер гармата накіравана строга на захад.

Афіцыйнае адкрыццё новай транспартнай развязкі з вернутым помнікам запланавана на канец чэрвеня.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Day
    22.06.2026
    Ўсе савецкае лахмоцце з часам павінна прыбрацца як і ўсе тое што нам навязана пад час акупацыі, русіфікацыі і каланіялізацыі.
  • Сяржук
    22.06.2026
    Братам-оркам лепш бы аддалі на фронт, ў іх бракуе танкаў. Можа б згарэла бы пара-тройка оркаў разам з ім ад дрона
  • дзе помнікі бальшавікам імперыялістам заўсёды - галеча
    22.06.2026
    Day, там дзе помнікі бальшавікам імперыялістам заўсёды - галеча, і дэспатызм няма выключэнняў

Цяпер чытаюць

У Францыі ад спёкі загінуў дальнабойшчык з Докшыцаў11

У Францыі ад спёкі загінуў дальнабойшчык з Докшыцаў

Усе навіны →
Усе навіны

Ужо амаль пяць гадзін пажарнікі не могуць згасіць пажар на гістарычным будынку ў цэнтры Мінска

Пуцін памераў кіламетрамі, колькі расійскай арміі яшчэ засталося да перамогі8

Найспякотней 28 чэрвеня было ў Маларыце — 37,6°1

Санду: Падчас перамоў Расіі і Украіны павінна быць пастаўлена пытанне аб вывадзе расійскіх войскаў з Прыднястроўя3

У Бранскай вобласці цішком адмянілі традыцыйны фестываль «Славянскае адзінства»

Жыхар Мінска вырасціў у лесе куст канопляў. А пачалося ўсё з корму для папугая1

У Венесуэле 11‑гадовага хлопчыка жывога дасталі з-пад завалаў праз 70 гадзін пасля землятрусу

У Мінску загарэўся дом на рагу Леніна і Карла Маркса1

«А цар жа несапраўдны!» У Расіі нарастае раздражненне Пуціным15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Францыі ад спёкі загінуў дальнабойшчык з Докшыцаў11

У Францыі ад спёкі загінуў дальнабойшчык з Докшыцаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць