Трылер «Грамадзянін-мсціўца», які распавядае пра бізнэсмена, што жорстка помсціць злачынцам-мігрантам, імкліва ўзляцеў у рэйтынгах анлайн-сэрвісаў пасля таго, як Ілан Маск на 48 гадзін бясплатна выклаў яго ў X. Што гэта за фільм?

Фільм Citizen Vigilante («Грамадзянін-мсціўца») з Армі Хамерам у галоўнай ролі выйшаў у кінатэатрах ЗША 19 чэрвеня. Яго рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя стаў нямецкі кінематаграфіст Увэ Бол, якога часта называюць адным з самых супярэчлівых рэжысёраў сучаснасці.
Пра што фільм
Паводле сюжэта, амерыканскі бізнэсмен Сандэрс (яго ролю выконвае Армі Хамер) бярэ правасуддзе ў свае рукі і пачынае паляваць на злачынцаў-мігрантаў у неназванай еўрапейскай краіне. Паступова ён становіцца героем для часткі грамадства, аднак кіраўнік Інтэрпола лічыць яго пагрозай і паступова выходзіць на след самога мсціўцы.

Рэжысёр пачынае фільм сцэнай, у якой чарнаскуры мужчына ў капюшоне сярод белага дня забівае маці на вачах у яе маленькага сына. Пазней паказваюць яшчэ адзін эпізод: бацькі гвалтаўніка настойваюць, што выхоўваюць сына ў адпаведнасці з каштоўнасцямі Карана.
Сам Бол называе стужку «жорсткім палітычным фільмам» і сцвярджае, што натхніўся рэзананснай справай у Гамбургу ў 2016 годзе, калі трое падлеткаў, прызнаных вінаватымі ў групавым згвалтаванні, атрымалі ўмоўныя тэрміны.
Паводле слоў рэжысёра, нямецкая сістэма ўзроставай класіфікацыі FSK (Freiwillige Selbstkontrolle der Filmwirtschaft) адмовілася выдаваць фільму сертыфікат, бо палічыла, што ён «падбухторвае да гвалту супраць мігрантаў». Бол спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне праз суд, але безвынікова.
Крытыкі сустрэлі стужку вельмі сурова. Рэцэнзент Variety Тод Гілкрыст назваў фільм «гвалтоўнай, бязладнай і маральна банкруцкай правакацыйнай стужкай, разлічанай на эксплуатацыю самых нізкіх інстынктаў гледача», дадаўшы, што карціна «настолькі ашаламляльна кепская, што здаецца, нібы Бол наўмысна сабатуе вяртанне сваёй галоўнай зоркі».
Для Хамера гэта сапраўды стала першай буйной роляй пасля гучных абвінавачванняў у згвалтаванні і сэксуальным гвалце. У 2023 годзе пракуратура Лос-Анджэлеса адмовілася выстаўляць яму крымінальныя абвінавачванні, а сам акцёр адмаўляе ўсе абвінавачванні.
Шлях да поспеху
Нечаканы паварот у лёсе карціны адбыўся пасля таго, як Ілан Маск папрасіў дазвол бясплатна апублікаваць яе на сваёй старонцы ў X. Паводле слоў рэжысёра, Маск звязаўся не з ім асабіста, а з камандай яго падкаста Uwe Boll Raw. Спачатку Бол вырашыў, што паведамленне чыйсьці жарт. Аднак, пераканаўшыся, што запыт сапраўды паступіў ад Маска, ён пагадзіўся.
«Я не размаўляў з ім асабіста. Гэта адбылося вельмі хутка. Я не ведаю, чым ён займаецца штодня, але яго ўвага пераключаецца імгненна. Калі б мы не пагадзіліся, ён бы проста пайшоў далей», — цытуе Variety рэжысёра.
Як піша The Guardian, умяшанне Маска надало фільму асаблівы статус у «культурнай вайне», у якой мільярдэр рэгулярна падтрымлівае праварадыкальныя антымігранцкія настроі.
У чацвер, 25 чэрвеня, Маск бясплатна апублікаваў фільм на сваёй старонцы ў X, дзе ў яго каля 240 мільёнаў падпісчыкаў. На працягу наступных 48 гадзін трылер быў даступны ўсім карыстальнікам платформы.
Пасля гэтага карціна рэзка набрала папулярнасць: яна паднялася на другое месца ў рэйтынгу Apple TV у ЗША і на першае месца па колькасці пракатаў на Amazon.
Неўзабаве кампанія Quiver Distribution, якая займалася пракатам фільма ў ЗША, набыла правы на яго сусветную дыстрыбуцыю (за выключэннем Вялікабрытаніі, нямецкамоўных краін, Паўднёвай Карэі і Тайваня). У Паўночнай Амерыцы фільм ужо даступны ў iTunes, Amazon, Fandango і Google Play.
Рэжысёр прызнае, што рашэнне бясплатна выкласці фільм у X мае як плюсы, так і мінусы: «Вы атрымліваеце шмат піяру, але не шмат грошай. Праз чатыры—шэсць тыдняў мы зразумеем, ці прынесла гэта прыбытак у выніку».
На гэты момант пры бюджэце ў 2 мільёны даляраў фільм зарабіў каля 600 тысяч даляраў на лічбавых платформах.
Пасля нечаканага поспеху Бол ужо анансаваў працяг, дзеянне якога будзе разгортвацца ў ЗША або Вялікабрытаніі. Ён прызнаўся, што сцэнар яшчэ не напісаны, але выказаў упэўненасць, што Армі Хамер ахвотна вернецца да галоўнай ролі.
Keep watching Citizen Vigilante and we can start shooting Part 2 soon pic.twitter.com/wmf5MHMCwk
Цікавы факт: першапачаткова Бол хацеў назваць фільм The Dark Knight («Цёмны рыцар»), але пасля, як ён сам выказаўся, «сяброўскай размовы» са студыяй Warner Bros., якая валодае правамі на Бэтмена, быў вымушаны змяніць назву на Citizen Vigilante.
Каментары