Грамадства44

«Ніхто ў мяне не пытаўся». Жонкі палітвязняў расказалі пра тое, што не прынята абмяркоўваць

Неўзабаве мае выйсці кніга Вольгі Вялічкі пра жонак палітвязняў. Радыё Свабода пагаварыла з яе аўтаркай пра распаўсюджаны міф аб такіх жанчынах і пра тое, што варта ведаць ім самім, калі муж вяртаецца з турмы.

Вольга Севярынец чакае мужа на Акрэсціна ўлетку 2020 года. Тады Павел правёў за кратамі 45 сутак і быў асуджаны да новага адміністрацыйнага арышту

Псіхолаг Вольга Вялічка напісала кнігу пра жонак, у якіх мужы сядзяць у турме за палітыку. Кніга мае выйсці да канца года ў выдавецтве Gutenberg. Гэта ўжо другая кніга аўтаркі. Першая расказвае пра перажыванні дзяцей, чые бацькі ўвязненыя за палітыку, — «Ад 2 да 15: мая мама ў турме». Сёлета яна атрымала прэмію Алеся Адамовіча.

«Гэтая кніга наогул пра нас, беларускіх жанчын», — кажа пра сваю другую кнігу аўтарка.

Жонкі, якія гэтага не выбіралі

Вольга Вялічка пачала запісваць гісторыі дзяцей і жонак палітвязняў з 2022 года. Яна працуе як псіхолаг з былымі палітзняволенымі і іх сем'ямі. Усяго ў яе практыцы было каля ста такіх жанчын. У кнігу ўвайшлі гісторыі пятнаццаці з іх, некаторыя пад сапраўднымі імёнамі, іншыя ананімныя.

Сярод іх — Святлана Ціханоўская і Алеся Рак, жонка журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузнечыка.

Аўтарка выбірала розныя гісторыі і сітуацыі, у якіх апынуліся гэтыя жанчыны, каб чытач мог убачыць агульную карціну і зразумець, наколькі розным можа быць іх досвед.

«Іх спрабуюць называць нябачнымі гераінямі, спрабуюць гераізаваць, навязаць ім тое, што яны нібыта абавязаныя рабіць», — кажа аўтарка пра стаўленне часткі грамадства да жонак палітвязняў.

Яна хацела б, каб дзякуючы яе кнізе людзі ўбачылі «лёс звычайных жанчын, жонак, якія не згаджаліся на такое жыццё».

«Я не сустрэла ніводнай жанчыны, якая сказала б: «Добра, я пагадзілася быць жонкай чалавека, які будзе адбываць пакаранне ў турме». Гэта вялікі міф, які наша грамадства хоча бачыць. Нам патрэбныя героі. У ідэале гэтыя героі павінны быць мёртвымі героямі. А побач з гэтымі героямі павінны быць жанчыны. Вось такая ідэальная карцінка для нашага грамадства», — з доляй іроніі кажа суразмоўца.

Вольга Вялічка хацела даць голас жанчынам, якія праз гэты міф не могуць адкрыта расказаць пра тое, што яны адчуваюць і чым насамрэч жывуць.

У гэтых жанчын узнікаюць цалкам практычныя пытанні: «Дзе браць грошы?», «Як выхоўваць дзяцей?», «Пачынаецца школьны год, а ад мяне ўсё чагосьці хочуць», «Як падрыхтаваць сына ці дачку да таго, каб яны ў школе не расказвалі, што тата сядзіць у турме?», «Што рабіць з сексуальным жыццём?», «Што рабіць, калі я хачу яшчэ раз стаць маці або ўвогуле хачу стаць маці?»

«Я ахвярую сваім жыццём і жыццём сваіх дзяцей дзеля чаго? Я прасіла яго ставіць сям’ю на першае месца, а ён абраў змаганне», — пераказвае перажыванні такіх жанчын псіхолаг.

Натальля Пінчук упершыню абдымае свайго мужа праваабаронцу Алеся Бяляцкага пасьля ягонага вызваленьня. 14 сьнежня 2025 года

Яна заўважае, што калі некаторыя мужчыны свядома ішлі на рызыку і былі больш гатовыя да таго, што могуць трапіць у турму, то іх жонкі звычайна гэтага не выбіралі. Аднак ім усё роўна даводзілася спраўляцца з наступствамі.

«Зараз я вымушана разам з ім праз усё гэта праходзіць. Ніхто ў мяне не пытаўся: ці гатовая я, ці хачу я гэтага, ці не хачу, ці магу я праз гэта прайсці?» — паўтарае словы такіх жанчын Вольга.

Ня час пра гэта пісаць?

Аўтарка кнігі расказвае, што некаторыя людзі казалі ёй: цяпер не час пісаць пра перажыванні жонак палітвязняў.

«А калі будзе той час? Пакуль муж сядзіць у турме — «не час пісаць». Потым муж выйдзе з турмы — «не час пісаць». Потым ён будзе адаптавацца. А навошта ўжо тады пісаць? Гэта падобна да гісторыі 70‑гадовай даўніны, калі жанчыны чакалі мужоў з вайны. Заўсёды не час для адлюстравання жаночага лёсу», — кажа Вольга Вялічка.

Вольга Вялічка назірае, як пасля 2020 года многія беларусы гераізуюць і ідэалізуюць палітвязняў. Аднак палітвязні, паводле суразмоўцы, — гэта вельмі шырокая група людзей, якія маюць права паводзіць сябе не так, як ад іх могуць чакаць, і выказваць думкі, адрозныя ад уяўленняў іншых людзей.

«Гісторыі жанчын, якіх гвалтавалі палітвязні пасля вяртання з турмы, якіх білі палітвязні, якіх палітвязні прымушалі да розных рэчаў. Канешне, цяпер такое выносіць на публіку нібыта не час. Але хто вызначае, час гэта ці не час?» — разважае Вольга Вялічка.

Яна прыводзіць класічны прыклад са сваёй практыкі.

«Муж выйшаў з турмы. Жанчына яго чакала, клапацілася, хлеб выбірала, сыр, каўбасу, сала саліла. І яна хоча пра гэта пагаварыць, пра тое, які шлях яна прайшла. Выходзіць муж са сваімі пакутамі і даволі часта заяўляе ёй — я працытую адну са сваіх гераінь: «А што ты такога зрабіла? Гэта роля нармальнай, звычайнай жонкі». Тут няма нічога новага. Гэта патрыярхальны лад жыцця: мужчына — галава сям’і, «як я сказаў, так і будзе», жонка мусіць падпарадкоўвацца», — кажа псіхолаг.

Сяргей і Святлана Ціханоўскія на прэс-канферэнцыі ў Вільні на наступны дзень пасля вызвалення Сяргея. 22 чэрвеня 2025 года. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis 

На думку Вялічкі, калі жанчына выехала за мяжу і ўбачыла іншае стаўленне да жанчын у еўрапейскіх краінах, яна ўжо не пагодзіцца вярнуцца да старой ролі.

Суразмоўца падкрэслівае, што яна піша ў кнізе не пра выключэнні, а пра тыповыя сітуацыі, бо працавала з сотняй такіх гісторый.

Аўтарка папрасіла сямейных мужчын-палітвязняў прачытаць яе рукапіс і напісаць водгук. Чатыры такія рэцэнзіі, у тым ліку ад праваабаронцы Алеся Бяляцкага, увайшлі ў кнігу. Мэта — ураўнаважыць жаночы і мужчынскі погляд у кнізе.

«Мне б вельмі не хацелася, каб мы высвятлялі, хто перанёс больш: муж, які пакутаваў у ШІЗА, альбо жонка, якая гадавала дзіця без бацькі. Гэтыя параўнанні абсалютна недарэчныя. Пацярпелі ўсе. І нельга сказаць, што пацярпелі аднолькава. Кожны цярпеў па-свойму», — перакананая псіхолаг.

«Нічога не заканчваецца з выхадам мужа з турмы»

Важная думка ў кнізе, паводле аўтаркі, — нічога не заканчваецца з выхадам мужа з турмы.

«З выхадам з турмы ўсё толькі пачынаецца. Бо вярнуўся зменены чалавек — праз пакуты, несправядлівасць, здзекі. Чалавек быў у ненармальных умовах. І жонка пад абставінамі вымушанай адзіноты таксама змянілася. Яны думаюць, што будзе ўсё, як было. Але прыстасавацца да новага ладу жыцця пасля зняволення — гэта звышвялікая задача, праз якую, на жаль, не кожная пара здольная прайсці», — падсумоўвае псіхолаг.

Яна звяртае ўвагу, што такія пары, якія здолелі гэта зрабіць, ёсць. Іх можна назіраць і ў публічнай прасторы. Аўтарка апісвае ў кнізе ўсе этапы, якія праходзіць жонка палітвязня: ад ператрусу да пераводу ў следчы ізалятар, суда і збору на этап у калонію.

«Ліставанне як адбываецца, стасункі са свякрухай як адбываюцца, сексуальнае жыццё як адбываецца. Ёсць гісторыі жанчын, якія апісвалі сваё жыццё пасля вяртання мужа: дзе людзі пераадолелі крызіс; дзе людзі разышліся; дзе пераехалі ў іншыя краіны», — расказвае яна.

Распавядаючы пра тое, як жанчыны вырашаюць пытанне з сексуальным жыццём, калі муж за кратамі, Вольга ўспамінае выпадак, калі муж за кратамі дазволіў жонцы здрадзіць.

«Муж, калі дазволіў, сказаў: «Можаш наогул са мной развесціся». Жонка траўмаваная была тым, што яна для яго ўсё робіць, а ён ёй такое піша. «Калі ён мне такое піша, дазвол атрыманы, так я пайду і зраблю». Ці шкадавала яна пасля? Так, шкадавала», — расказвае суразмоўца.

Ёсць і гісторыі з гумарам, напрыклад, гісторыя Алесі Рак і Андрэя Кузнечыка.

«Калі мы жаніліся, я не захацела браць прозвішча мужа, таму што два Кузнечыкі — гэта не так цікава, як Кузнечык і Рак», — прыводзіць фрагмент Вольга.

Алеся Рак з мужам Андрэем Кузнечыкам і дзецьмі. Вільня, 24 лютага 2025 года

У кнізе ёсць парады ад аўтаркі жанчынам, якія чакаюць мужоў з турмы.

«Да вас вернецца чалавек, які фізічна змяніўся. Гэта будзе праяўляцца ў ягоным целе, у яго твары, у яго дзеяннях, у яго рэжыме жыцця. Каб прыстасавацца да вольнага жыцця, яму спатрэбіцца час. За той час, калі яго не было, вы прывыклі жыць сваім жыццём: імбрык закіпяціць, кашу зварыць. Вы прывыклі весці гаспадарку без яго. Вернецца чалавек, які на некаторы час будзе патрабаваць вашай апекі», — дзеліцца асноўнай высновай Вольга Вялічка.

Яна адзначае, што важна не зацягнуць з гэтай апекай. Не варта ператвараць мужа ў дзіця. Да прыкладу, у мужчын, якія прасядзелі менш за пяць гадоў, на адаптацыю сыходзіць паўгода — год.

«Залежыць ад характару чалавека. За амаль пяць гадоў працы ў гэтай тэме я прыходжу да высновы, што турма не змяняе чалавека. Яна ў разы абвастрае ўсе добрыя і негатыўныя рысы», — каментуе суразмоўца.

«Жанчына мала каго цікавіць. Цікавіць яе муж»

Псіхолаг адзначае, што таксама людзі, якія знаходзяцца побач з жонкамі палітвязняў, не заўсёды паводзяць сябе так, каб гэта дапамагала ім перажыць складаны час.

Калі незнаёмыя людзі падыходзяць на вуліцы, абдымаюць і выказваюць спачуванні, не ўсіх жанчын гэта падтрымлівае, не ўсім гэта патрэбна.

Ніна Лабковіч упершыню абдымае свайго мужа, праваабаронцу «Вясны» Уладзя Лабковіча пасля ягонага вызвалення ў Вільні. 18 сьнежня 2025 года.

«Магчыма, ёй трэба, каб паглядзелі за дзецьмі, каб завялі дзяцей на гурток, каб ежу прынеслі, прыгатавалі, каб на канцэрт запрасілі», — разважае суразмоўца.

Вольга Вялічка падкрэслівае, што часта людзі ў размове з жонкамі палітвязняў цікавяцца выключна лёсам зняволенага мужа, але не тым, як сябе адчувае цяпер сама жанчына.

«Сама па сабе жанчына мала каго цікавіць. Цікавіць яе муж. Яна, як мне падаецца, не моцна абавязаная дакладваць грамадству і супакойваць грамадства. Яна не пагаджалася быць гераіняй», — тлумачыць суразмоўца.

Вольга мяркуе, што ідэалізаваць жонак палітвязняў таксама не варта.

«Я мушу для справядлівасці сказаць, што ёсць жанчыны, якія карыстаюцца сітуацыяй з мужам дзеля сваёй выгады. Ганарацца, што ў іх муж — палітвязень, прысвойваюць сабе гэта як дасягненне», — дадае яна.

Аўтарка кнігі заўважае, што яе кніга расказвае гісторыі, якія перагукаюцца з гісторыямі беларускіх жанчын у розныя перыяды ў патрыярхальным грамадстве.

«Я чакаю крытыку ад мужчын. Любая адэкватная дыскусія — гэта добра. Таму буду радая, калі гэтая кніжка выкліча дыскусію», — кажа аўтарка.

Каментары4

  • Янка
    12.09.2026
    Усё так. Сваякі палітвязняў і ўсіх рэпрэсаваных, хто не здрадзіў сваім родным - гэта таксама нябачныя героі.
  • авохці
    12.09.2026
    " што ты такога зрабіла? Гэта роля нармальнай, звычайнай жонкі». Тут няма нічога новага. Гэта патрыярхальны лад жыцця"

    Пры чым тут патрыярхальны? Муж, у якога сядзіць жонка, жыве такое самае жыццё. Ходзіць на працу, у краму, гадуе дзяцей, піша і чакае лісты і сваю любую. І гэта роля нармальнага, звычайнага мужа.
    Зусім ужо не ведаюць, куды яшчэ прыткнуць гэтую патрыярхальнасць
  • Як Беларусь вызваляць будзем, калі ў кожнага пытацца?
    12.09.2026
    У змагання няма лёгкіх шляхоў, не трэба мерацца хто больш ахвяра і калупаць балячкі. Давайце думаць, што рабіць

Цяпер чытаюць

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах32

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Усе навіны →
Усе навіны

Расіі не ўдалася спроба ўпершыню за 8 гадоў запусціць гіпергукавую ракету «Авангард»2

У гонар Тэйлар Свіфт назвалі новы від аўстралійскіх клапоў6

«Мы ведалі, што ён спартсмен». Суседка забітай цяжарнай жанчыны расказала падрабязнасці пра яе28

Пад Гроднам знайшлі баравік, які прэтэндуе на рэкорд гэтага сезону ФОТАФАКТ2

Лукашэнка заклікаў не трымаць запасы ў далярах15

«Залатая эпоха Амерыкі». Трамп на з'ездзе рэспубліканцаў пахваліў сваю працу5

Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадае калій у ЗША9

Аказваецца, Коля Лукашэнка служыць у арміі71

Беларуска нарадзіла тройню — усе дзяўчынкі. Цяпер просіць у Лукашэнкі кватэру ў Мінску, бо Год беларускай жанчыны20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах32

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць