Памёр бізнэсмен Лучанскі, якога часопіс Time у 1990‑х назваў «самым небяспечным нязлоўленым злачынцам у свеце»
Яго імя фігуравала ў міжнародных расследаваннях аб арганізаванай злачыннасці і адмыванні грошай, а публікацыі пра яго станавіліся прадметам гучных судовых разглядаў.

У Вене памёр прадпрымальнік Грыгоры Лучанскі — заснавальнік міжнароднай сыравіннай групы Nordex, адзін з першых постсавецкіх мультымільянераў і шматгадовы партнёр маскоўскіх уладаў, піша «Агенцтва».
Яго імя фігуравала ў міжнародных расследаваннях аб арганізаванай злачыннасці і адмыванні грошай, а публікацыі пра яго станавіліся прадметам гучных судовых разбіральніцтваў. Дадзеныя «Праекта» таксама звязваюць Лучанскага з высокапастаўленымі чыноўнікамі маскоўскай мэрыі.
Лучанскі памёр 20 кастрычніка ва ўзросце 81 года. Развітанне адбудзецца 25 кастрычніка на Яўрэйскіх могілках у Рызе.
Грыгоры Лучанскі нарадзіўся ў 1945 годзе ў Ташкенце. Пасля заканчэння Маскоўскага інстытута сталі і сплаваў атрымаў размеркаванне ў Латвійскую ССР, дзе кіраваў рэспубліканскім штабам студэнцкіх будатрадаў і працаваў прарэктарам Латвійскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1983 годзе Лучанскага асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі за крадзеж універсітэцкай маёмасці. У 1985 годзе яго вызвалілі ўмоўна-датэрмінова. Сам Лучанскі тлумачыў крымінальную справу інтрыгамі тагачаснага кіраўніка КДБ Латвіі Барыса Пуга.
Група Nordex была зарэгістраваная ў Аўстрыі ў 1990 годзе. Ужо ў 1993 годзе Nordex увайшла ў пяцёрку найбуйнейшых экспарцёраў нафтапрадуктаў з краін СНД. Яе абарот ацэньваўся прыкладна ў 2 млрд даляраў.
У 1993 годзе Nordex удзельнічала ў пастаўках расійскай нафты ва Украіну ў абмен на харчаванне. Кампанію абвінавачвалі ў завышэнні кошту паставак і атрыманні 30 млн долараў прыбытку.
Nordex была звязана і з дзейнасцю кампаніі «Калумб», якую абвінавачвалі ў незаконным вывазе з Расіі 30 тысяч тон рафінаванай медзі ў сярэдзіне 1990-х. Лучанскі сцвярджаў, што жадаў дапамагчы скульптару Зурабу Цэрэтэлі і захаваць добрыя адносіны з мэрам Масквы Юрыем Лужковым. Пазней гэтае сяброўства апынецца ў цэнтры яшчэ аднаго скандалу.
З 2003 па 2011 год падкантрольная Лучанскаму Маскоўская аўтамабільная кампанія (МАК) кіравала ЗІЛам. Пасля скасавання дамовы ЗІЛ запатрабаваў ад МАК праз суд каля 1,1 млрд рублёў, але прайграў справу.
У 1993 годзе Лучанскі сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам на мерапрыемстве па зборы сродкаў для Дэмакратычнай партыі, а ў 1995 годзе атрымаў запрашэнне на новую вячэру з прэзідэнтам, якое затым адклікалі з-за падазрэнняў у сувязях бізнэсмена з арганізаванай злачыннасцю.
У сярэдзіне 1990‑х Лучанскага западозрылі ў датычнасці да незаконнай перавозкі зброі на транспартным самалёце Ан-124, які належаў Nordex. Прадпрымальнік сцвярджаў, што ніколі не гандляваў зброяй.
У 1994 годзе намеснік міністра ўнутраных спраў Расіі Міхаіл Ягораў заявіў у Сенаце ЗША, што Nordex фактычна ўзначальвае чачэнец па імені Умар, брат якога звязаны з наркамафіяй. Пазней МУС заявіла пра памылку.
У 1996 годзе амерыканскі часопіс Time у расследаванні аб расійскай арганізаванай злачыннасці назваў Лучанскага чалавекам, «якога многія лічаць самым небяспечным злачынцам у свеце, якому не прад'яўлены абвінавачанні». У 1999 годзе брытанская газета The Times звязала яго з адмываннем грошай і арганізаванай злачыннасцю. Лучанскі падаў на газету ў суд і выйграў справу аб паклёпе.
У сваім расследаванні 1996 года Time апісваў кантакты Лучанскага з прэм'ерам Расіі Віктарам Чарнамырдзіным, віцэ-прэм'ерам Алегам Саскаўцом і прадстаўнікамі адміністрацыі Барыса Ельцына.
У 2021 годзе Лучанскі сцвярджаў, што на пачатку 1993 года фінансава падтрымаў Гаўрыіла Папова і Ягора Гайдара.
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
Без каштоўная медыцына адукацыя пенсіі дэкрэтны водпуск гэта зло якое " левакі" на прыдумлялі ...