Сі Дзіньпін зладзіў у партыі чыстку, найбуйнейшую з часоў Культурнай рэвалюцыі
Сі Дзіньпін правёў найбуйнейшую за паўстагоддзя чыстку ў Камуністычнай партыі Кітая: пад крымінальны пераслед трапілі 628 тысяч чалавек, піша Financial Times.

За час кіравання Сі Дзіньпіна ў Кітаі адбыліся самыя маштабныя з часоў Мао Дзэдуна рэпрэсіі супраць партыйных чыноўнікаў.
Прычым чым даўжэй Сі застаецца ва ўладзе, тым большы размах набываюць чысткі. Пад выглядам барацьбы з карупцыяй і парушэннямі партыйнай дысцыпліны колькасць крымінальных спраў у часе яго трэцяга тэрміну, які пачаўся ў 2023 годзе, павялічылася ў 14 разоў у параўнанні з папярэднім пяцігадовым перыядам. Эксперты папярэджваюць, што атмасфера страху сярод чыноўнікаў перашкаджае кіраўніцтву краіны аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю.
Паводле ацэнак прафесара дзяржаўнага кіравання каліфарнійскага каледжа Клерман-Макена Міньсіня Пэя, за 11 з 13 гадоў кіравання Сі, па якіх ёсць адпаведная статыстыка, каля 628 тысяч партыйных функцыянераў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці і, верагодна, атрымалі турэмныя тэрміны. Для параўнання: у 2024 годзе ў кітайскіх турмах знаходзілася 1,69 мільёна чалавек. Такім чынам, менавіта чысткі закранулі значную частку зняволеных.
Паводле падлікаў Пэя, розныя формы палітычных, адміністрацыйных і судовых пакаранняў закранулі каля 7,2 мільёна членаў Камуністычнай партыі Кітая. Сярод іх было не менш за 632 высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх у Кітаі называюць «тыграмі». Да гэтай катэгорыі адносяць службовых асоб у рангу намесніка міністра, намесніка губернатара правінцыі і вышэй.
Яшчэ большыя лічбы прывёў намеснік сакратара Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны і намеснік кіраўніка Дзяржаўнага наглядальнага камітэта КНР Джан Фухай.
Паводле ягоных звестак, з 2012 года, калі Сі прыйшоў да ўлады, дысцыплінарныя і наглядальныя органы завялі па ўсёй краіне 8,105 мільёна спраў і прыцягнулі да адказнасці 7,922 мільёна чалавек. Сярод пакараных былі 963 высокапастаўленыя службовыя асобы, якія знаходзіліся пад асаблівым наглядам Цэнтральнага камітэта партыі.
Сі Дзіньпін стаў прадстаўніком пятага пакалення кітайскіх кіраўнікоў. Пасля смерці Мао Дзэдуна ў 1976 годзе ў краіне замацавалася практыка змены кіраўніцтва кожныя дзесяць гадоў, пасля двух пяцігадовых тэрмінаў. Аднак Сі парушыў гэтую традыцыю: ён не вызначыў пераемніка і дамогся абрання на трэці тэрмін. Чарговы з'езд КПК павінен адбыцца восенню 2027 года, і чакаецца, што там яго зноў пераабяруць — ужо на чацвёрты тэрмін.
На нядаўнім пленуме Цэнтральнага камітэта КПК, дзе адсутнічала каля чвэрці дэлегатаў, Сі вынес на разгляд рэзалюцыю аб узмацненні партыйнага кантролю. Колькасць удзельнікаў пленума, якія трапілі пад пераслед, стала рэкорднай. Паводле Міньсіня Пэя, узмацненне кантролю напярэдадні з'езда 2027 года невыпадковае: яно павінна забяспечыць Сі падтрымку для захавання ўлады яшчэ на пяць гадоў.
Маштаб дысцыплінарных пакаранняў таксама істотна павялічыўся. У часе другога тэрміну папярэдніка Сі Ху Дзіньтао штогод у сярэднім 145,8 тысячы партыйных функцыянераў атрымлівалі дысцыплінарныя спагнанні, а каля 5460 чалавек прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
Пры трэцім тэрміне Сі дысцыплінарныя пакаранні штогод закранаюць у сярэднім больш за 800 тысяч чалавек. У 2025 годзе гэты паказчык дасягнуў рэкордных 983 тысяч. Колькасць прадстаўнікоў партыйнай наменклатуры, якія штогод трапляюць пад крымінальны пераслед, цяпер складае каля 75 тысяч.
Падобных маштабаў чыстак не было з часоў кіравання Мао. Пры гэтым у Кітаі больш за 99% крымінальных спраў звычайна заканчваюцца абвінаваўчымі прысудамі.
Сі Дзіньпін тлумачыць узмацненне кантролю неабходнасцю змагацца з карупцыяй і «сур'ёзнымі схаванымі пагрозамі ўнутры партыі, дзяржавы і ўзброеных сіл». У выніковым дакуменце пленума партыйным чыноўнікам фактычна далі зразумець, што ў іх ёсць толькі два варыянты: поўнае падпарадкаванне кіраўніцтву або выключэнне з партыі.
Намеснік кіраўніка дысцыплінарнай камісіі Джан Фухай заявіў пра пераканаўчую перамогу антыкарупцыйнай кампаніі. Ён пахваліў вынікі барацьбы са злом і заклікаў пільнавацца прынцыпу нулявой цярпімасці да карупцыі.
Аднак эксперты Transparency International не бачаць асаблівых поспехаў у гэтай сферы. З 2012 года Кітай палепшыў свае пазіцыі ў індэксе ўспрымання карупцыі арганізацыі толькі на чатыры пункты — з 39 да 43. Паказчык ніжэйшы за 50 сведчыць пра сур'ёзныя праблемы з карупцыяй.
Спецыяліст па кітайскай палітычнай эканоміі, прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Дыега Віктар Шы звяртае ўвагу, што пяць гадоў таму ўлады ўжо спрабавалі рэфармаваць дзяржаўныя інстытуты, каб пазбавіцца ад чыноўнікаў, якія парушаюць дысцыпліну. Аднак цяперашні рост колькасці абвінавачанняў у карупцыі сведчыць, што гэтыя меры не далі чаканага выніку.
На думку Шы, масавыя чысткі могуць мець сур'ёзныя негатыўныя наступствы для дзяржаўнага кіравання. Калі абвяшчаецца нулявая цярпімасць да карупцыі, чыноўнікі пачынаюць канкураваць паміж сабой, збіраючы доказы парушэнняў з боку калег, каб пазбавіцца ад сапернікаў у барацьбе за больш высокія пасады.
Страх перад пераследам можа таксама фактычна паралізаваць мясцовыя органы ўлады. Чыноўнікі будуць баяцца брацца за буйныя праекты, бо іх рэалізацыя прадугледжвае ўдзел шматлікіх падрадчыкаў і абарот вялікіх грашовых сродкаў, што стварае рызыку абвінавачанняў у карупцыі.
Старшая эканамістка Oxford Economics Шэйна Юэ лічыць, што пагроза пераследу можа супярэчыць эканамічным мэтам Пекіна і яшчэ больш пагоршыць становішча краіны. Кітайская эканоміка і без таго фактычна знаходзіцца ў стане стагнацыі. Сярод асноўных праблем — залішнія вытворчыя магутнасці, слабы спажывецкі попыт і працяглы ўжо пяць гадоў крызіс на рынку нерухомасці. Акрамя таго, краіне не ўдаецца пераадолець дэфляцыю, якая шкодзіць эканамічнаму развіццю.
Паводле Юэ, мясцовыя чыноўнікі могуць пачаць аддаваць перавагу дэманстрацыі палітычнай лаяльнасці, а не пошуку новых эканамічных рашэнняў і эксперыментам.
Яшчэ адным наступствам палітыкі Сі становіцца ўзмацненне так званага эфекту «рэхакамеры». У такой сістэме падначаленыя паведамляюць кіраўніцтву толькі тую інфармацыю, якую яно хоча пачуць, і хаваюць рэальныя сацыяльныя і эканамічныя праблемы.
Дырэктар Інстытута Кітая Лонданскага ўніверсітэта SOAS Стыў Цанг лічыць, што вышэйшае кіраўніцтва краіны ўжо апынулася ў падобнай інфармацыйнай ізаляцыі. На яго думку, кантроль Сі над сістэмай будзе толькі ўзмацняцца. Ён адзначае, што апошні пленум быў прысвечаны перадусім пытанням лаяльнасці, дысцыпліны і кантролю.
У Пекіне прайшоў самы малалікі пленум ЦК Кампартыі Кітая. У партыі ідуць маштабныя чысткі
Кітай упершыню пацвердзіў падрыхтоўку сустрэчы Сі, Трампа і Пуціна
Кітай цяпер мае больш вайсковых караблёў, чым ЗША. Высновы?
Трамп запатрабаваў ад Сі Дзіньпіна спыніць падтрымку Ірана
Трамп з Сі Дзіньпінам дэманстравалі ў Вашынгтоне «сапраўды вялікае сяброўства»
У Кітаі вычысцілі вярхоўнага генерала. Гэтаму папярэднічала вялікая перастрэлка
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары