Музыка77

Нямецкі джазавы гурт заспяваў па-беларуску

Для праекта «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» сусветнавядомы калектыў Leon Gurvitch Project запісаў па-беларуску твор «Акіян у цішы».

Твор перакладзены Алесем Камоцкім. Заснавальнік гурта, піяніст Леон Гурвіч зьехаў з роднага Менску ў 22 гады. Ён дасягнуў вядомасьці на Радзіме і стаў сапраўднай славутасьцю ў Нямеччыне, стварыўшы саўндтрэк да стужкі ўладальніка «Оскара» Мэнахэма Голана і запісаўшы сумесны альбом з уладальнікам «Грэмі» Фрэнкам Лонданам.

Джазмэн зь Нямеччыны з радасьцю адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». «Мне падаецца цікавай ідэя падтрымкі беларускай культуры з боку музыкаў. Да ўсяго мне прыйшлася даспадобы нетрадыцыйная канцэпцыя гэтага праекту і яго рэалізацыя вядомымі музыкантамі, якія пэўным чынам зьвязаныя зь беларускай зямлёй», — зазначыў піяніст, кампазытар, аранжыроўшчык і аўтар больш чым 300 музычных твораў.

Леон нарадзіўся ў Менску ў 1979 годзе і зрабіў імклівую музычную кар’еру. Ён вучыўся ў дзяржаўным музычным ліцэі і Акадэміі музыкі. Ужо з 14 гадоў ён акампанаваў вядучым беларускім акторам у спэктаклі «Perpetuum Mobile» Расейскага драматычнага тэатру. У 19 гадоў ужо выкладаў у дзяржаўнай музычнай школе, у 20 гадоў стварыў «Менскі джазавы аркестар». Але малады музыка адчуў, што ў гэтых межах яму занадта цесна. У 2000 годзе ён утварыў яшчэ адзін калектыў — Leon Gurvitch Jazz-Project, зь якім вырашыў увасабляць у жыцьцё ўласныя ўяўленьні пра музыку, спалучыўшы джаз і фольк. З уласным калектывам супрацоўнічаў з Інстытутам Гётэ і часта выступаў на прыёмах у амбасадах Нямеччыны, Ізраілю, ЗША.

У 2001 годзе Леон прымае рашэньне зьехаць у Гамбург,
дзе працягвае працаваць з сваім джазавым праектам. У гэтым жа годзе менскі музыка напісаў саўндтрэк да фільму «Death Game», спрадусаванага ўладальнікам «Оскару» Мэнахэмам Голанам, а пасьля яшчэ была супраца з сусьветнавядомым рэжысэрам Пэтэрам Цадэкам. Гурт Гурвіча мае пастаянныя запрашэньні на самыя прэстыжныя эўрапейскія джаз-фэстывалі, езьдзіць у туры па Нямеччыне, Швайцарыі, Нідэрляндах ды іншых краінах, робіць сумесныя праграмы з знакавымі джаз-пэрсонамі, такімі, як Пол Бродзі і Ўладзімер Чэкасін. У 2008 годзе праект Леона Гурвіча пачаў супрацу з Фрэнкам Лонданам, славутым джазавым трубачом зь Нью-Ёрку, уладальнікам «Грэмі» (2007), а летась запісаў зь ім сумесны дыск Eldorado на вядомым нямецкім лэйбле «Morgenland». Пры гэтым Леон яшчэ пасьпявае даваць майстар-клясы, выкладаць у кансэрваторыі імя Брамса і тэатральнай школе Stage School, да ўсяго пяць гадоў ён кіраваў царкоўным хорам, тры гады быў дырыжорам міжнароднага філярманічнага аркестру Гамбургу, а потым кіраваў аркестрам Брамса…

Як прызнаецца Леон,

нават пры такой шчыльнай працы ў Нямеччыне, на свае карані ён не забываўся.
Адзін зь яго музычных праектаў «Live Painting — Jazz — Improvisation» аб’яднаў музыкантаў зь Беларусі, якія жывуць у Нямеччыне. Для гэтага праекту была запісана кампазыцыя «Божая радунька»: «Захацелася паімправізаваць на народную тэму, атрымаўся творчы экспэрымэнт, дзе сыйшліся акустычныя інструмэнты з электронікай», — з захапленьнем распавядае музыкант. У сваю канцэртную праграму ён пэрыядычна ўключае песьні, зьвязаныя зь беларускай тэматыкай, як «Варыяцыі на беларускія тэмы», «Я табун сьцерагу», тую ж «Божую радуньку».

Для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» Леон упершыню ўзяўся за выкананьне аўтарскага твору на роднай мове: «Я адгукнуўся на пажаданьне завадатараў праекту адыйсьці ад фальклёру ды прадставіць беларускую музыку ў сучасным выглядзе, таму вырашыў узяць кампазыцыю „Infinite Ocean“, якую я стварыў ужо ў Гамбургу, у 2004 годзе. Часта выконваю яе на эўрапейскіх джазавых фэстывалях і мне здалося, што яна цудоўна загучаць па-беларуску». Арыгінальны тэкст да гэтага твору напісала джазавая сьпявачка Іна Высоцкая, якая доўгі час саліруе ў Leon Gurvitch Project. Яна ж яе і выканала.

Дзякуючы аўтару беларускага тэксту Алесю Камоцкаму, кампазыцыя загучала на беларускай мове.

«Мне вельмі імпануе такая музыка і творчасьць Леона ў прыватнасьці. Памятаю яго яшчэ па менскіх часах, нават быў на яго апошнім беларускім канцэрце ў філярмоніі. І тэкст перакладаўся вельмі лёгка, бо музыка ў тым дапамагала», — кажа Алесь.

Адмыслова для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» запіс «Акіяна ў цішы» быў зроблены на сольным канцэрце Leon Gurvitch Project у тэатры «Pollitburo» ў Гамбургу 14 траўня 2010 году.

Апошні свой канцэрт у Менску Леон Гурвіч даў у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ў далёкім 2001 годзе, але сувязь з Радзімай падтрымлівае праз сваіх сябраў і калегаў. Часам зь Менску яму перадаюць прыемныя навіны, калі яго твор гучыць у этэры беларускага радыё ці трапляе на джазавую складанку. Леон спадзяецца, што ў будучыні сыграе яшчэ вялікі сольны канцэрт у родным Менску.

Leon Gurvitch Project — Акіян у цішы (музыка — Леон Гурвіч, словы — Іна Высоцкая, беларускі тэкст — Алесь Камоцкі)

    Акіян у цішы самотных сноў.
    Месяц пракладае сьветлы шлях.
    Рушу праз пустэчу да цябе.
    Неба,
    вецер дай,
    хвалі ўзьняць
    пара.
    Прагну шторму,
    Бо ён
    адзін
    паскорыць рух
    мой.

    Ды ці ж ты патрапіш зразумець мой сьвет?
    І мой шлях.Дзе чарговы крок
    вышэй за мінулы…
    Як палёт
    Туды, дзе варта быць,
    Туды, дзе на нас
    чакае воля.

    Подых твой у сэрца мне
    Полымем шлях прабіў,
    спаліўшы ноч…
    Мары любяць той агонь,
    грэюцца і вабяць
    У сваю вышыню.
    Над мітусьнёй
    узьляцець,
    не глядзець на зямлю,
    Неба дасягнуць,
    У вочы яму зірнуць,
    і знайсьці цябе
    Наперад разам быць,
    забыцца на ўсё —
    Тут толькі ты і я.

Спампаваць песню можна тут, або тут

Каментары7

Цяпер чытаюць

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук хацеў перавесці без камісіі грошы і страціў 150 рублёў

МЗС Расіі: Сітуацыя складваецца не на карысць Кіева13

«Тут у паловы «карчоў» з Брэста дзіркі скотчам залепленыя». Што могуць праверыць у аўтамабілі на беларуска-польскай мяжы і калі развернуць?

Гістарычны пералом: колькасць пажылых людзей у свеце ўпершыню перавысіла колькасць маленькіх дзяцей16

У нядзелю ў Мінску зменіцца рух грамадскага транспарту

Навукоўцы вызначылі птушку з самым прыгожым спевам2

Украіна абвясціла на чацвёра сутак рэжым цішыні3

Навукоўцы разгадалі таямніцу нараджэння Месяца10

Пад Мінскам паказалі новыя сарты вінаграду, прыдатныя для беларускага клімату1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць