«Белая Русь» пакуль не вызначылася з датай пазачарговага з’езда
РГА «Белая Русь» пакуль не вызначылася з датай пазачарговага з’езда, на якім будзе разглядацца пытанне пераўтварэння арганізацыі ў палітычную партыю, паведаміў намеснік старшыні аб’яднання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шацько.
Ён адзначыў, што 5 кастрычніка прайшло пасяджэнне рэспубліканскага савета «Белай Русі», на якім абмяркоўваліся праекты статута і праграмы будучай палітычнай партыі. «На пасяджэнні ўнесены прапановы ў дакументы. Створана арганізацыйная група, якая будзе займацца іх дапрацоўкай», — сказаў Шацько.
Паводле яго слоў, адбудзецца яшчэ адно пасяджэнне рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання, на якім, верагодна, будзе прынята рашэнне пра дату з’езда.
«Цяпер у рэгіёнах праходзяць канферэнцыі з нагоды пераўтварэння ў партыю. Яны будуць працягвацца да 10 лістапада», — паведаміў прадстаўнік аб’яднання.
У верасні Шацько заяўляў, што пазачарговы з’езд пройдзе ў снежні.
Паводле сайта «Белай Русі», на 1 верасня 2011 года колькасць членаў арганізацыі склала 2,1% працаздольнага насельніцтва Беларусі, ці 123.297 чалавек. Колькасць пярвічных арганізацый — 6.797.
Старшынёй РГА «Белая Русь» з’яўляецца першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў.
Каментары