Грамадства33

Беларусь скасоўвае абмежаваньні на імпарт расейскага піва

Згодна з пастановай Савета міністраў ад 1 сакавіка 2007 году Беларусь скасуе абмежаваньні на імпарт расейскага піва, якія дзейнічалі апошнія чатыры гады. Дагэтуль рэалізацыя расейскага піва ў Беларусі вялася праз склады часовага захоўваньня і толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў адмысловага ўзору, што пацьвярджалі легальнасьць тавару. Беларускія бровары крытыкуюць лібэралізм ураду і прагназуюць выцясьненьне беларускага прадукту з унутранага рынку.

У апараце Савета міністраў цьвердзяць, што ахоўная схема ў дачыненьні да расейскага піва больш непатрэбная. Паводле экспэртаў, уведзеная раней маркіроўка забясьпечвае кантроль за ўвозам, перамяшчэньнем і захоўваньнем піва.

Расейскія вытворцы радыя

Кіраўніцтва Саюзу расейскіх півавараў вельмі ўсьцешанае рашэньнем беларускага ўраду. Пра гэта гаворыць прадстаўнік арганізацыі Ўладзімер Кузьняцоў.

Кузьняцоў: “Так, мы ведаем, што зьнятыя абмежаваньні на ўвоз і абарот расейскага піва ў Беларусь”.

Карней: “Гэта спросьціць працу расейскім броварам?”

Кузьняцоў: “Безумоўна. Мы ўчора распаўсюдзілі афіцыйны прэс-рэліз у сувязі з рашэньнем ураду Рэспублікі Беларусь, з тлумачэньнем нашай пазыцыі ў гэтым пытаньні”.

Паводле рэлізу, неапраўдана жорсткімі адміністратыўнымі захадамі супраць расейскага піва называецца між іншым збор за разавую ліцэнзію ў памеры 10700 даляраў за 10000 дал піва. Апроч таго, увоз расейскага піва ажыцьцяўляецца толькі праз склады часовага захоўваньня.

Паводле расейскіх бровараў, “дыскрымінацыйны характар” ўвозу і абароту піва на тэрыторыі Беларусі быў падставай для шматлікіх зваротаў як ва ўрад Расейскай Фэдэрацыі, так і да беларускіх уладаў. Пытаньне ўздымалася падчас двухбаковых перамоваў на самым высокім узроўні.

Беларускія бровары непакояцца

Аднак пазытыўная ацэнка з боку расейскіх бровараў на цяперашняе рашэньне Савету міністраў зусім не супадае з меркаваньнем беларускіх бровараў. Супрацоўнік аднаго з рэгіянальных піўзаводаў кажа, што цяпер беларускім вытворцам давядзецца выжываць ў вельмі складаных умовах.

Супрацоўнік бровару: “Цяперашні кошт для Беларусі – гэта звычайны дэмпінг. Калі ў Маскве піва каштуе даражэй, чым у Менску (той жа самы “Эфэс”, які вырабляецца ў Расеі), то гэта наўпрост сьведчыць пра звычайны дэмпінг у канкрэтнай сытуацыі. Цяпер проста ідзе вайна за рынак. А кошты ўздымуцца ўжо тады, калі нармальна тут яны асядуць. Тая ж “Балтыка” ужо цяпер трымае 12% усяго беларускага піўнога рынку”.

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, за 2006 год імпарт піва з Расеі склаў 5 мільёнаў дал, што на 47% больш у параўнаньні з папярэднім годам. Агульны аб’ём вытворчасьці піва ў Беларусі летась зафіксаваны на адзнацы 33 мільёны дал.

Беларускае піва падаражэе

Як кажа мой суразмоўца, гандаль беларускім півам на ўнутраным рынку ўскладняецца яшчэ й шэрагам зьнешніх фактараў.

Супрацоўнік бровару: “Па беларускім піве зараз чакаецца падвышэньне, падвышаць кошты будуць усе. Зьвязана гэта і з энэрганосьбітамі, і з падаткаабкладаньнем, і з усім на сьвеце. У беларускіх заводаў вельмі нізкая прадукцыйнасьць працы, і яны працуюць ва ўмовах, калі працэнт рэнтабэльнасьці зусім мізэрны. І на любую зьмену сабекошту яны рэагуюць адразу ж падвышэньнем коштаў. Тыя ж перавозкі, транспартныя паслугі падаражэлі. Тыя ж кацельні падаражэлі, даражэе сыравіна. І мы ад 19 лютага вымушаныя падняць цэны на 8%”.

Гандлёвыя непаразуменьні Беларусі і Расеі застаюцца

На тле адзінкавага паразуменьня паміж Расеяй і Беларусьсю ў піўной галіне нявырашанымі застаюцца праблемы ў іншых сфэрах. Напрыклад, пэрспэктывы супрацоўніцтва ў пастаўках на расейскі рынак цукру зь Беларусі.

Галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка раз-пораз абураецца, што забароненыя для рэалізацыі ў Расейскай Фэдэрацыі малдаўскія і грузінскія віны трапляюць у Расею праз трэція краіны ў якасьці вінаматэрыялаў.

Паводле Анішчанкі, ёсьць нагода казаць пра “алькагольную змову”, бо ўся вінная прадукцыя Беларусі на 80% складаецца з малдаўскай сыравіны. А з улікам таго, што паміж Беларусьсю і Расеяй няма мяжы, беларускі напрамак кіраўніка расейскай службы санэпідэмнагляду хвалюе не на жарт.

Ня вырашаны канфлікт паміж вытворцамі кандытарскіх вырабаў зь Беларусі і Расеі. На паліцах крамаў поўна цукерак, печыва, іншых слодычаў, вырабленыя пад адным брэндам, але ў розных краінах. І расейскія, і беларускія вытворцы кажуць, што маюць патэнты на выраб прадукцыі на сваёй тэрыторыі. Аднак трапіць на суседні рынак праблематычна. Між тым, як лічаць экспэрты, праблемы ў расейскіх кандытараў узьніклі якраз у адказ на ініцыятыву Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі абмежаваць пастаўкі беларускага цукру.

А нядаўна Камітэт Дзяржкантролю Беларусі пачаў апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы супраць асобаў, якія бяз мытных плацяжоў займаюцца нелегальным увозам мабільных тэлефонаў з Расеі.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы: хімікаты ў нарошчаных валасах могуць павышаць рызыку раку грудзей

Колькасць палітвязняў у Беларусі ўпершыню за чатыры гады знізілася да 897 чалавек2

УСУ заявілі пра знішчэнне ў Бранскай вобласці расійскіх ЗРК «Бук»1

У Мінску ўвялі максімальны кошт праезду ў маршрутках2

У Слонімскім раёне да вядомай валанцёркі чыноўнікі без папярэджання прыйшлі палічыць сабак, якіх яна ўтрымлівае за ўласны кошт5

На Падляшшы экспрэс «Зубр» збіў трох белавежскіх зуброў1

Пасажыры British Airways больш за 13 гадзін ляцелі з целам памерлай на борце жанчыны

Еўропа апынулася пад прыцэлам: іранскія ракеты паказалі нечаканую далёкасць19

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць