Меркаванні55

Беларуская глыбіня. Вялікае княства бурштынавае

Піша Павел Севярынец.

Вось, Я кладу ў Сіёне
Камень кутні выбраны, каштоўны…
І Пятра 2:6

У тых краях, дзе я адбываю «хімію», упершыню давялося бываць першакурснікам геалогіі БДУ ўлетку 1995 — ужо пасля «рэферэндуму» аб адмене бел­чырвона­белага сцяга, але яшчэ да «Маладога Фронту». Кіраўнік нашай групы, дацэнт Міхась Нагорны (з чыёй лёгкай рукі беларускія геолагі пачалі вучыцца па-беларуску) прывёз нас на практыку ў крэйдавы кар’ер каля Сяльца — каб паказаць нам, недабітым рамантыкам эпохі Адраджэння, цуд у глыбіні такой звычайнай (нічога цікавага!) беларускай зямлі.

Уявіце сабе вялізную варонку, у якой мог бы змясціцца дзевяціпавярховы дом. Дно, выгрызенае экскаватарамі, белае­белае, чыстая крэйда. Вышэй, у вапняковай тоўшчы, рэшткі марскіх зорак і празрыстыя «чортавы пальцы» белемнітаў. Вышэй — металёвыя ядры марказітавых канкрэцыяў, памерам з яблык (разбіваеш — і знутры пераліваецца застылы прамяністы выбух металёвых іголак). Потым — рэзкая мяжа і чорны пласт (розум ледзь дае веры гэткай гіганцкай шахматнай гульні ў цябе пад нагамі!): вугаль. Сыпкія камякі слаістага бляску. Следам — праслоі крэмняў з гладкімі, бы карамелькі, рознакаляровымі халцэдонамі — быццам разарваныя каралі, сыплюцца, ценькаюць па стромкім схіле… І пясочак кварцавы, крышталёвы… І лёгкі налёт перагною… І лісце травы… І неба.

Але спадар Міхась, пакалупаўшыся ў вуголлі, падкінуў на далоні нейкі мурзаты каменьчык. О, бурштын!

Бурштын?!

Трэба было бачыць тую залатую ліхаманку, што ахапіла тузін хлопцаў і дзвюх дзяўчат.
Пакідаўшы заданні, планшэты і рыдлёўкі, перапэцканыя чорным пылам, мы кінуліся разграбаць і перабіраць той вугаль голымі рукамі — каб праз паўгадзіны (шчаслівыя афрабеларусы!) паказваць адзін аднаму поўныя жмені сапраўднага тутэйшага бурштыну.

«Бурштын Беларусі» — так называўся і мой універсітэцкі дыплом, які праз 5 гадоў, мяты і перакрэслены, паляцеў мне ў твар цераз увесь кабінет дэкана геафака.

«Што гэта за беларуская мова? — крычаў дэкан Іван Іванавіч. — Што за мяккія знакі, што за «геа­лёгія»!.. Можаце лічыць сябе адлічаным!»

Але пасля прэс­-каферэнцыі мяне раптам выклікалі ў дэканат: «Хутчэй прыязджайце, абараняйце! Камісія ў зборы».

Дзяржаўная камісія на чале з віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Радзімам Гарэцкім паставіла за перакрэслены чырвоным маркерам «Бурштын Беларусі» выдатна.

Ужо потым я даведаўся, што «прыняць на тарашкевіцы» распарадзіўся рэктар БДУ Аляксандр Казулін.

На найвялікшае ў Беларусі радовішча бурштыну ў Гатча-Осаве, за 40 км ад Купліна — мяне і накіравалі на першай працы ў «БелГЕА» ў 2000-м. І калі б не супрацоўнікі ў цывільным, што наведваліся да дырэктара з настойлівай прапановай пазбавіцца ад падазронага маладога спецыяліста, — паехаў бы мясіць гумовымі ботамі тарфяное балота яшчэ тады.

Нараджэнне бурштыну — гісторыя, вартая біблійнага драматызму. Вялікія хвоі (від ужо вымер), што раслі паміж Чорным морам і Балтыкай па берагах пратокаў ды выспаў ад сённяшняй Прусіі да Крыма, у адказ на сернае заражэнне па разломах зямной кары пачалі выдзяляць смалу. Бліжэй да зямлі, ля камля, перапоўненыя серай, набрыньвалі вялікія непразрыстыя камякі, а на вецці, ачышчаныя слязьмі, павісалі празрыстыя кроплі.

Дрэвы падалі, перагнівалі, і бурштын на доўгія тысячагоддзі захоўваўся ў тарфяніках ды вуглях. Вось так са спрадвечных часоў у гэтым Міжмор’і, паміж скурчанымі звілінамі Еўропы і непамыснымі прасторамі Азіі, ляжыць найвялікшае ў свеце радовішча мурашоў і кузурак, замураваных у застылым святле. Пахаваная Атлантыда. Падземныя россыпы, руіны залатога веку, абшар пахаванай цывілізацыі ВКЛ. Каралявец. Паланга. Віленшчына. Міншчына. Галіччына. Беларасцейшчына… Вялікае княства Буршт ынавае.

Мінскія старажылы памятаюць: пасля вайны на Чэрвеньскім кірмашы сярод брыкетаў торфу можна было набраць цэлае вядро бурштыну. Толькі каму ён тады быў патрэбны?..

Калі добра прыгледзецца да тае зямлі, якую мы, няўважлівыя і няўдзячныя, топчам нагамі, у Беларусі можна знайсці
і крывавыя згусткі гранатаў, і бліскучыя зубцы горнага крышталю, і яшму (біблейскі яспіс, з якога, паводле Апакаліпсісу, збудаваныя муры Нябеснага Ерусаліма), і іскрысты, са сцюдзёнымі сполахамі, у кварцытавай масе, авантурын, і дымчаты кварц, і самароднае золата, і нават алмазы. Бел¬чырвона­белы сільвініт, мядовы сердалік ці сонечны бурштын могуць стаць беларускім нацыянальным каменем, падобна бразільскім ізумрудам, індыйскім перлам або грэцкаму мармуру.

Кожнаму народу творца даў свае скарбы, свае схаваныя знакі, свае запаветы ў камені. Мы шукаем кропак апірышча і не ведаем, што па ўсім тутэйшым прасторы, пад нашымі смутнымі краявідамі, у глыбокіх пластах балотаў, між хмараў гнюсу і крывасмокаў, у намножанай за стагоддзі твані тояцца скамянелыя сонечныя слёзы — Вялікае Княства Святла і Прыгажосці, якое калісьці падараваў беларусам Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Ад крамы да храма

Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў

Беларуская глыбіня. Малітва на Плошчы

Беларуская глыбіня. Усмешка Васьковіча

Бкларуская глыбіня. Віскулі

Беларуская глыбіня. Папараць-людзі

Беларуская глыбіня. Шэсцьсот тамоў Крашэўскага

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Каментары5

Цяпер чытаюць

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца

Усе навіны →
Усе навіны

Тэрмін чакання МРТ і КТ скарацілі да 30 дзён

У начным небе над Беларуссю назіралі серабрыстыя аблокі ФОТЫ

Амерыканская альпіністка засталася жывой пасля падзення з вышыні 450 метраў

Што вядома пра аднакурснікаў-беларусаў Колі Лукашэнкі, што скончылі з ім Пекінскі ўніверсітэт9

На чэмпіянаце свету з’явілася новая любімая фанатка. Усе шалеюць ад заўзятаркі зборнай Парагвая ШМАТ ФОТА13

«Ні з кім не кантактаваў, з пакою амаль не выходзіў». Што вядома пра зніклага ў Іспаніі беларуса

Эксперты вызначылі асобу загінулага альпініста, цела якога ляжыць на Эверэсце ўжо 30 гадоў1

Францыя ўстанавіла рэкорд чэмпіянатаў свету! Але гэта дрэнны знак3

«Нам сказалі: вызваліць стайні да 1 ліпеня». Чым скончыўся канфлікт вакол коней у Ратамцы4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца

«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць