“Бабілён”, “Борат”, “Добры немец” і “Марыя Антуанэта”
Чатыры карціны, што намінаваліся на "Оскара-2006".
Бабілён (Babel)
ЗША – Мэксіка – Францыя, 2006, каляровы, 142 хв.
Рэжысэр: Аляхандра Гансалес Іньярыту
Ролі выконваюць: Брэд Піт, Кейт Бланшэт, Гаэль Гарсіа Бэрналь, Кашы Якуса, Адрыана Бараза, Рынка Кікучы, Гарыет Ўолтэр, Трэвар Марцін
Жанр: Драма
Адзнака: 8 (з 10)
7 намінацый на “Оскара”, узнагарода за найлепшы саўндтрэк.
Куля, выпушчаная ў Марока неасьцярожнымі падлеткамі, трапляе ў амэрыканку, якая была з мужам на турыстычнай экскурсіі. Гэтая трагедыя выкліча падзеі ў Мэксыцы, Японіі і Злучаных Штатах. Сьвет – Бавілёнская вежа, дзе ўсе зьвязаныя адны з адным, не разумеюць адзін аднаго – і адзін на аднаго ўплываюць.
Глуханямая японка, якая ня можа перажыць самазабойства маці – мае зьвесткі пра мараканскую кулю, мэксыканская няня заблукае з амэрыканскімі дзеткамі, а афрыканскі падлетак стане ахвярай вайны з тэрарызмам.
Як і ў стужках “Сука-любоў” і “21 грам” Аляхандра Гансалес Іньярыту выкарыстоўвае свой фірмовы прыём скрыжаванага мантажу. Ён зьмешвае падзеі ў Марока, паездку няні з амэрыканскімі дзецьмі ў Мэксыку – і пакуты ў японскім горадзе. Пры гэтым дзеі разгортваюцца не адначасова, а апераджаюць адна адну, адстаюць, спрабуюць дагнаць – што выклікае мітусьню, шум… і шок ад фатальнае зьнітаванасьці.
Для кожнага месца – свае жэсты й свая інтанацыя. Аўтызм нямоты – у індустрыйнай Японіі, сьпёка, прага, пыл – на афрыканскай зямлі, карнавальны гул Мэксыкі – і пагоня на амэрыканскай мяжы.
Рэжысэр прымушае Кейт Бланшэт падоўгу ляжаць у крыві (што актрысе вельмі не спадабалася), зьдзірае з твару Брэда Піта галівудзкую маску – ягоны герой спакутаваны, стомлены й жывы.
Карціна агаломшвае сусьветным гоманам: мовы зьмешваюцца з гукамі пустыні й гарадзкімі шумамі.
Рэжысэр збудаваў Бабілёнскую вежу. Але цагліны гэтае вежы халаднавата-прафэсійныя – і ня вельмі злучаюцца між сабою.
Зь 1 сакавіка – сэансы ў менскіх кінатэатрах: “Аўрора”, “Масква”, “Кастрычнік”.
Фільм маецца й на лічбавых носьбітах
Борат (Borat: Cultural Learnings of America for Make Benefit Glorious Nation of Kazakhstan)
ЗША, 2006, каляровы, 84 хв.
Рэжысэр: Лары Чарльз
Ролі выконваюць: Саша Барон Коэн, Кен Даўншн, Памэла Андэрсан
Жанр: Камэдыя-бурлеск
Адзнака: 4 (з 10)
“Залаты глёбус” за найлепшую мужчынскую ролю ў камэдыі, намінацыя на “Оскара” за найлепшы адаптаваны сцэнар
Тэлевядоўца з Казахстану Борат адпраўляецца ў Злучаныя Штаты, каб зрабіць рэпартаж “пра найвялікшую краіну ў сьвеце”. Па ходу ён зьбіраецца ажаніцца з Памэлай Андэрсан.
Карціна з удзелам брытанскага MTV-ага коміка Сашы Коэна здымалася мэтадам “падставаў”. Тэлевізійны комік апрануў маску ідыёта Бората (ісламскі Казахстан здымаўся ў Румыніі!) – і пад выглядам прыдуманага герою апытваў звычайных амэрыканцаў, якія прымалі гульню за сапраўдны рэпартаж. (Судовыя позвы ад абдураных амэрыканцаў не прымусілі сябе доўга чакаць). Але найбольшае абурэньне фільм выклікаў у Казахстане. Коэн панапрыдумваў сабе Казахстан – адылі гэты напрыдуманы вобраз і абсьмяяў.
У традыцыях тэлебурлеску, дзе сьмешнае – гэта брутальнае й нізавое, герой доўга носіцца па экране аголеным, ломіцца ў казахскую амбасаду і адпускае MTV-шныя жартачкі.
Карціна ўяўляе цікавасьць для брытанскіх аматараў Сашы Коэна – і тых амэрыканцаў, зь якіх зьдзекваўся актор.
Фільм маецца на лічбавых носьбітах.
Добры немец (The Good German)
ЗША, 2006, чорна-белы, 105 хв.
Рэжысэр: Стывэн Содэрбэрг
Ролі выконваюць: Джордж Клуні, Кейт Бланшэт, Тобі Магвайр, Джон Родэр, Джэк Томпсан, Равіль Ісьянаў
Жанр: Палітыка-вайсковы фільм-нуар
Адзнака: 6,5 (з 10)
Рэжысэр Стывэн Содэрбэрг намінаваўся на “Залатога мядзьведзя” Бэрлінскага кінафэсту, кампазытар Томас Ньюмэн намінаваўся на “Оскара” за лепшую музыку
У пасьляваенным Бэрліне вайсковы карэспандэнт Джэйк Гейсмар (Джордж Клуні) сустракае сваю былую палюбоўніцу Лену Брант (Кейт Бланшэт). Ейнага зьніклага мужа апантана шукаюць амэрыканская й савецкая выведка…
Карціна Содэрбэрга – гэта фільм-нуар у шатах палітычнага дэтэктыву, шпегаўскага трымценьніка – і вайсковага сьледзтва. Стылёвая чорна-белая карціна з глыбокімі сьценямі й змрочным асьвятленьнем, куды ідэальна ўпісваецца сапраўдная хроніка. Фатальная жанчына Кейт Бланшэт – зь бліскучымі вачыма й гарлавым хрыпам.
Ахвяры жарсьці…
Гнюсныя тайны…
Амаль безнадзейныя спробы ўцёкаў.
Але гісторыя правісае. Застаецца стыль. Зь немымі воплескамі ўспамінаў, мокрымі парасонамі – і вайсковым попелам.
Марыя Антуанэта (Marie Antoinette)
ЗША – Францыя – Японія, 2006, каляровы, 123 хв.
Рэжысэр: Сафія Копала
Ролі выконваюць: Кірстэн Данст, Стыў Куген, Азія Арджэнта, Джудзі Дэйвіс, Джэйсан Шварцман, Шырлі Гэндэрсан, Роўз Бірн
Жанр: Касьцюмна-біяграфічны фільм
Адзнака: 5,5 (з 10)
Намінацыя на “Залатую галіну” Канскага кінафэсту, “Оскар” за дызайн касьцюмаў, кінапрыз ад Францускай нацыянальнай сыстэмы адукацыі
14-гадовую аўстрыйскую прынцэсу Марыю Антуанэту выдалі за францускага дафіна Людовіка XVI. Малімонныя норавы Вэрсалю вельмі адрозьніваліся ад аўстрыйскіх – і гераіні прыйшлося прыкладаць намаганьні, каб стацца сваёй. Але пакрысе жыцьцё пераўтварылася ў легкадумную вечарынку… Якая завершыцца рэвалюцыяй.
Стрыманыя постаці “вэрсальскіх” акторак (вылучаецца Азія Арджэнта ў ролі вульгарнай мадам Дзюбары), дэкарацыі, касьцюмы. Сьвята колераў і дызайну, крэмавыя й ружовыя смакоцьці. Для стужкі былі створаныя сотні эксклюзіўных мадэляў абутку. Ударны нумар: кліпава-дзёрзкі мантаж марнатраўнага шыку пад сучасную музыку…
Калі тая вечарынка скончылася крываваю рэвалюцыяй – то чым мусяць скончацца сёньняшнія?
Карціна маецца на лічбавых носьбітах.
Каментары