З 11 па 14 красавіка ў Мінску пройдзе выстава «Адпачынак-2012»
У XV Міжнароднай турыстычнай выставе возьмуць удзел больш за 200 экспанентаў з 13 краін.
У XV Міжнароднай турыстычнай выставе «Адпачынак-2012» прымуць удзел больш за 200 экспанентаў з 13 краін. Пра гэта паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга 9 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 11 красавіка ў 12.00 у выставачным цэнтры «Белэкспа» па адрасе: вул. Янкі Купалы, 27. У ім возьмуць удзел міністр спорту і турызму Алег Качан і міністр культуры Павел Латушка. Тэматыка экспазіцыі ўключае сезонны адпачынак, бізнес-туры, дзіцячы адпачынак, круізы, адукацыйныя туры, экскурсійныя праграмы. Таксама на выставе будуць прадстаўлены транспартныя паслугі, спартыўны інвентар, санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку, турыстычныя клубы, гасцінічны сэрвіс. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць атрымаць паслугі страхавання, набыць тавары для адпачынку і спорту, карты, буклеты і даведнікі.
Як адзначыў намеснік міністра, традыцыйна ў працы выставы ўдзельнічаюць усе краіны — суседзі Беларусі, Турцыя, Балгарыя, Куба. Сёлета павышаную цікавасць да Беларусі выказвае Расія, у тым ліку рэгіёны. Найперш расіяне зацікаўленыя ў праходжанні санаторна-курортнага лячэння на тэрыторыі Беларусі і адпачынку ў аграсядзібах. Таксама ёсць «вялікія рэсурсы» ў развіцці турызму паміж Беларуссю і Украінай, адзначыў Шульга. Паводле яго слоў, абмеркаванне магчымасцяў развіцця турызму паміж краінамі адбудзецца 10–11 мая падчас пасяджэння сумеснай камісіі па турызме.
Як паведаміў Шульга, праграма выставы прадугледжвае прэзентацыі, круглыя сталы, семінары па найбольш актуальных праблемах турыстычнай галіны. Сёлета асаблівая ўвага будзе нададзена Нясвіжскаму палацава-паркаваму ансамблю і Мірскаму замку.
Выстава будзе працаваць па 14 красавіка.
Каментары