Эканоміка2222

Каму належаць прадуктовыя крамы?

«Еўраопт», «Родная старонка» і «Рублёўскі» б’юцца за долю на рынку Беларусі.

У сферы рознічнага продажу ці, як цяпер модна казаць, рэтэйлу, ідзе працаваць усё больш беларусаў. Тыя, хто, не маючы адукацыі, раней ішоў у кандуктары ці прадаўцы латарэйных білетаў, усё часцей абіраюць працу ў супермаркетах. Некалькі месяцаў навучання — і яны касіры ці прадаўцы з заробкам ад 2,5-3 мільёны рублёў. І вакансіі ўсё адно застаюцца!

Еўрапейскія карпарацыі пакуль яшчэ не дайшлі да Беларусі. Праўда, французская Carrefour і літоўская Maxima ўжо заявілі пра свае планы. Але канкурэнцыі хапае і без іх. Рэтэйлавыя сеткі беларускіх бізнэсоўцаў б’юцца за спажыўца — гадавы зварот гігантаў перавышае $200—300 мільёнаў. Хто з іх дасягнуў найбольшых поспехаў?

Найбуйнейшай сеткай крамаў краіны можна лічыць Белкаапсаюз — больш за 10 тысяч аб’ектаў, большасць з якіх раскіданая ў вёсках.
Яго дзейнасць рэгулюецца дзяржавай. Несучы «сацыяльную нагрузку», арганізацыя не можа спаборнічаць з канкурэнтамі ні па асартыменце, ні па прыбытковасці. У гэтую катэгорыю можна аднесці і больш за 150 крамаў Беларускай чыгункі пад брэндам «ДарОрс».

Бізнэс з эміграцыі

Што да чыстых прыватнікаў, то больш за ўсё крамаў мае «Еўраопт» (ТАА «Еўрагандаль»). У навінныя стужкі гэтая сетка трапіла на мінулым тыдні, калі яе ўласнікі выкупілі сталічны ўніверсам «Нарач». Цяпер ён будзе працаваць пад жоўта-сіняй шыльдай «Еўраопта», як і 78 іншых крамаў па ўсёй Беларусі. 19 з іх адкрытыя ў сталіцы.

Прадукты ў іх таннейшыя, чым у канкурэнтаў, праўда, часам коштам камфорту кліентаў.

Рынкавыя дасягненні «Еўраопта» пастаянна выкарыстоўваюць дзяржаўныя прапагандысты. Пра паказальнае змяншэнне цэнаў у прыватных крамах паведамляе нават БелТА. А дырэктар кампаніі Андрэй Зубкоў заяўляў, што мінімальны заробак касіраў складае 3,5 мільёна рублёў, але можа дасягаць нават 8 мільёнаў. У кампаніі працуе ўжо больш за 8000 супрацоўнікаў, і іх колькасць будзе расці — у планах адкрыццё як мінімум 50 крамаў ва ўсёй краіне.

«Еўрагандаль» кантралююць бізнэсоўцы Сяргей Літвін і Уладзімір Васілька. Іх прыклад — адно са сведчанняў таго, што любіць радзіму лепш з адлегласці.
Эміграваўшы ў 2003 годзе, яны не спяшаюцца вяртацца ў Беларусь. Не дапамаглі ў гэтым нават запыты беларускіх уладаў аб экстрадыцыі бізнэсоўцаў. Цяпер яны жывуць у Вільні, з’яўляючыся таксама акцыянерамі Мінскага завода вінаградных вінаў і Мінскага млынкамбіната.

Палеская сетка

Другая па велічыні сетка краіны — «Родная старонка» (ААТ «НТС»). Ва ўсёй краіне налічваецца 50 крамаў. Праўда, гэтае ж акцыянернае таварыства кіруе яшчэ і сеткай «Кошык» (17 крамаў), а таксама 14 «безназоўнымі» крамамі ў Баранавічах. Летась рэтэйл прынёс кампаніі больш за $200 мільёнаў.

Уласнікі крамаў — беларус Ігар Чарняўскі і ўкраінец Мікалай Лагун. Першы пачынаў імпартам кансерваў і алкаголю. А вось уласнасць апошняга ацэньваецца сумай $100 мільёнаў. Ён валодае 99,9% «Дэльта-Банка» і страхавой кампаніяй.

«Цэнтр» сеткі знаходзіцца ў Гомелі, але, апроч таго, «НТС» — галоўны гулец на рэтэйлевым рынку Мазыра, Бабруйска і Брэста. Дарэчы, як і кіраўніцтва «Еўраопта», Чарняўскі і Лагун скупляюць мінскія ўніверсамы — «Паўночны» і «Гродна».

З міжнароднай дапамогай

Сетка «Рублёўскі» сканцэнтраваная ў Мінску. Тут знаходзіцца 34 з 38 крамаў з такой назвай. Выпускнік маскоўскай школы КДБ Сяргей Ткачук і яго кампаньён Аляксей Лойка ўзначальваюць холдынг RTL-Holding, куды, апроч «Рублёўскіх», уваходзіць невялікая сетка крамаў, некалькі лагістычных кампаній і імпарцёры харчавання. Паводле інфармацыі «Ежедневніка», Ткачук таксама валодае акцыямі мінскіх універсамаў «Цэнтральны» і «Першамайскі». Некалькі гадоў таму да развіцця сеткі спрычынілася Міжнародная фінансавая карпарацыя, якая выдала бізнэсоўцам крэдыт больш чым на $20 мільёнаў.

Тая ж арганізацыя дапамагла $16 мільёнамі і «Альфа-Групе», калі тая засноўвала сетку «БелМаркет». Расійская карпарацыя на чале з алігархам Міхаілам Фрыдманам мае шматмільярдны зварот сваіх падраздзяленняў — ад нафтагазавай ТНК да гандлёвых сетак «Пяцёрачка», мабільных аператараў і банкаў. 13 з 29 беларускіх крамаў «Белмаркета» знаходзяцца ў Магілёве.

Рыбныя флагманы

Свае прадуктовыя сеткі маюць і тры рыбныя мільянеры: уласнік «Віталюра» Аляксандр Яцук, генеральны дырэктар «Белвілесдэна» (крамы «Гіпа») Алег Бараноўскі і іх брэсцкі канкурэнт Аляксандр Машэнскі, уладальнік «Санта-Брэмара» і «Савушкавага прадукта». Пра апошняга з іх «Наша Ніва» падрабязна пісала ў №8 за 29 лютага 2012 года, нагадаем толькі пра ягоныя некалькі дзясяткаў крамаў, большасць з якіх знахо-дзяцца ў Брэсце.

Алег Бараноўскі з’яўляецца дырэктарам англійскай кампаніі «Белвілесдэн». Раней яна была адным з найбуйнейшых імпарцёраў рыбы, аднак цяпер яе асноўны профіль — крамы. У склад сеткі ўваходзяць пяць гіпермаркетаў «Гіпа» (тры з іх у Мінску), а таксама чатыры супермаркеты.

Выпускнік Інстытута фізкультуры «віталюравец» Аляксандр Яцук таксама мае статус спецімпарцёра рыбы і морапрадуктаў, і, як і Машэнскі, рэалізуе прадукцыю праз сетку ўласных крамаў. Іх у Мінску налічваецца ўжо 24, яшчэ тры знаходзяцца па-за межамі сталіцы. Беларускім спартыўным заўзятарам Яцук запомніўся як спонсар баскетбольнай мужчынскай каманды «Віталюр», якая чатыры раз запар выйгравала чэмпіянат Беларусі.

Пінчук у Расіі

Спартыўную маладосць узгадвае і мільянер Аляксандр Міхайлавіч Зарыбка. Ягонае імя па бацьку ўказанае нездарма, бо менавіта яно, разам са скарочаным імем, дала назву ягоным 25 крамам «Алмі». Апроч таго, ён валодае дзвюма крамамі «Закрама». Гіпермаркет з іх усіх пакуль што толькі адзін, ён знаходзіцца ў Гродне. Неўзабаве пачнецца будаўніцтва вялікай крамы ў Мінску, на месцы стаянкі каля станцыі метро «Каменная Горка».

Зарыбка нарадзіўся ў Пінску, але зрабіў бізнэс у Расіі. Яму належыць каля 33% акцый групы кампаній «Вікторыя», якая кантралюе некалькі сотняў крамаў ва ўсёй Расіі: «Квартал», «Вікторыя», «Танна», «Кэш» і «Сямейная скарбонка». Пінская маладосць нагадала пра сябе, калі мільянер вырашыў прафінансаваць стварэнне футбольнай акадэміі ў сваім родным горадзе.

Апошні раз Зарыбка трапляў у прэсу ў жніўні 2011 года, пасля таго як, знаходзячыся ў Маскоўскай вобласці за стырном «Мерсэдэса», пры перастраенні зачапіў матацыкл. 24-гадовы матацыкліст загінуў на месцы…

Дзяржаўныя палітыка выбудаваная такім чынам, каб дапамагаць супермаркетам выцясняць рынкі, паслугамі якіх беларусы карысталіся ў 1990-я і 2000-я. Укладаючы ў развіццё сваіх сетак, бізнэсоўцы робяць перспектыўныя інвестыцыі. З прыходам у краіну міжнародных карпарацый гэтыя сеткі могуць быць прададзеныя заходнікам за сотні мільёнаў даляраў.

Каментары22

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова14

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова

Усе навіны →
Усе навіны

У Прыднястроўі адключылі ацяпленне, гарачую ваду і газ12

У навагоднюю ноч ахова рэстарана ў цэнтры Варшавы збіла двух беларусаў61

«Столькі найлепшых мы не гублялі з 2022 года». Z-блогеры перажываюць пра два збітыя Мі-83

Расследавальнікі назвалі імёны 90 тысяч расіян, якія загінулі на вайне з Украінай1

Саннікаў: Калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя, я буду першым, хто скажа, каб здымалі ўсе санкцыі20

Сям'ю будуць ставіць на ўлік як «сацыяльна небяспечную», калі ў бацькоў была палітычная адміністратыўка11

«Забойствы ў адным будынку», «Рыплі», «Сёгун». Топ серыялаў, якія выйшлі ў гэтым годзе

Топ-5 валют, якія былі самымі прыбытковымі ў 2024 годзе2

Памёр экс-прэзідэнт Эстоніі, пры якім краіна здабыла незалежнасць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова14

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова

Галоўнае
Усе навіны →