Літаратура33

У чаканні біёграфа

25 мая споўнілася б 75 гадоў паэту Міколу Купрэеву. Піша Анатоль Сідарэвіч.

З якога боку падступіць?

Вазьму тэму «Паэты маёй стараны».

Для тэмы гэтае павінны быць нейкія абмежаванні ў прасторы. Ганцавіцкі раён? Чаму б і не? Ладны кавалак Случчыны, цэлая Круговіцкая воласць. І кавалак Піншчыны — Хатыніцкая воласць. Ды яшчэ кусочак Дабраслаўскае воласці. А раз Дабраслаўская воласць, значыць, і Сташаны.

Калі ўжо Сташаны, дык не Малкавічы. Калі зірнем на мапу Ганцавіцкага раёна, убачым, што самы паўднёвы пункт Ганцавіцкага раёна, калі не лічыць майго Задуб’я, — Малкавічы, але яны павінны саступіць званне самага паўднёвага пункта маёй стараны Сташанам, хоць ёсць спакуса дабрацца да Ясельды і паплысці па ёй, зазірнуць у Парэчча, Велясніцу і Рудку — вёскі незабыўнае Жэні Янішчыц, ды ўсё ж абмяжуемся Сташанамі («сто шан для Сташан»).

Раз ужо Сташаны наш паўднёвы крайні пункт, паўночным абярэм Востраў. (Ведама, яно спакусліва праз Машукоўскі лес выбрацца з Палесся да палевікоў і далучыць да нашай стараны вёску Леаніда Галубовіча). А самы ўсходні (ці паўночна-усходні) пункт — вёска Чудзін.

Такім чынам, Чудзін, Сташаны і Востраў — крайнія пункты маёй паэтычнай стараны. І Малкавічы не забудзем.

Пакуль жывыя сведкі, трэба было б пісаць біяграфію аднаго з паэтаў маёй стараны — Міколы Купрэева.
Вось для мяне пытанне: дзе ён раней працаваў — у Сташанах, Малкавічах ці ў Чудзіне. Калі працаваў? Ды мы такія — часта біяграфіі пішам, калі і сведкі ўжо сышлі ў нябыт.
У 1980-х, калі рабілі Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі, артыкул пра Міколу Купрэева прадугледжаны не быў. Як і пра Алеся Наўроцкага.
Мала храналагічнай канкрэтыкі і на багатым ганцавіцкім краязнаўчым сайце (учора на ім распачаўся тыдзень Міколы Купрэева).

Хто возьмецца пісаць дэталізаваную біяграфію паэта? Не ведаю. Тут жа падзялюся назіраннем.

Дзе б ні працаваў Мікола Купрэеў у маёй старане, там (ці адтуль) меўся яшчэ хоць бы адзін паэт.
Каб не казаць доўга пра Чудзін, кожнаму параю пачытаць казкі палешукоў у запісах Сержпутоўскага. Колькі там паэзіі! А калі браць наш ужо час,
у Чудзіне нарадзіўся і ў Чудзінскай школе, дзе працаваў Мікола Купрэеў, вучыўся паэт Алесь Каско. На хутары Запрапасць пад Малкавічамі нарадзіўся, а ў Малкавіцкай школе, дзе працаваў Мікола Купрэеў, вучыўся паэт Іван Лагвіновіч. У Сташанах, дзе працаваў Мікола Купрэеў, нарадзіўся і вучыўся паэт Анатоль Шушко
. Ёсць у Міколы Купрэева верш, прысвечаны жыхарам Вострава, і верш памяці самага знакамітага «астравіцяніна» — паэта Міхася Рудкоўскага.

Пішучы пра Міколу Купрэева, не магу не згадаць яшчэ двух паэтаў, надзеленых, як і ён, талентам празаіка.

Не магу не згадаць Міхася Стральцова і Алеся Наўроцкага. З імі Міколу Купрэева яднае не толькі месца нараджэння (Усходняя Беларусь), але й год нараджэння — 1937.

Так здарылася, што

яны, народжаныя ў год Вялікага тэрору, былі ў шэрагу разбуральнікаў сацыялістычнага рэалізму ў нашай літаратуры. Міхась Стральцоў — праз вернасць класічным запаветам і канонам, Алесь Нароўцкі — праз адсутнасць тутэйшай літаратурнай вывучкі і няўпісанасць у тутэйшую паэтычную «школу», Мікола Купрэеў — праз ледзь не дэманстрацыйнае выяўленне свайго Я, праз выклік таталізуючаму калектывізму.

Нехта з біёграфаў, гісторыкаў літаратуры, пішучы пра агульнае і індывідуальнае ў творчасці трох пісьменнікаў 1937 года нараджэння, напіша пра іх драматычны лёс, неўладкаванасць, апрычонасць. І пра тое, што

іх жыццёвая драма спалучалася (а ў выпадку Алеся Наўроцкага і спалучаецца), як ні парадаксальна, з прыжыццёвым прызнаннем іх таленту.

Тут я пераходжу да тэмы ўспрыняцця творчасці Міколы Купрэева крытыкай, калегамі. Будучаму біёграфу нельга будзе абысці і пытанне пра тое, як яна, крытыка, уздейнічала на творчасць, на асобу пісьменніка.

У тыя 60-я грэх было жаліцца на адустнасць увагі да дэбютантаў. Першы зборнік Міколы Купрэева не быў выключэннем. Свае рэцэнізіі Сцяпан Гаўрусёў, Уладзімір Гніламёдаў, Хведар Жычка, Аляксей Майсейчык і Валянцін Тарас змясцілі ў «Чырвонай змене», маскоўскім часопісе «Дружба народов», часопісе «Полымя», брэсцкай абласной газеце «Заря» і часопісе «Маладосць». Ведама, было б цікава супаставіць тагачасныя ацэнкі паасобных вершаў паэта з тым, што на пачатку ХХІ стагоддзя было выбрана для анталогіі «Я хацеў вам сказаць...», якая выйшла ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», але абавязкова трэба адзначыць, што водгукі на першую кнігу былі прыхільныя зычлівыя. Хіба што дысанансам прагучала слова Уладзіміра Варно (хто памятае такога аўтара?) у газеце «Літаратура і мастацтва». Дый тую рэцэнзію, па-мойму, нельга аднесці да разраду аглабельнай крытыкі. Ці я не маю рацыі?

І ўсе ж, пытанне:

чаму, нягледзячы на прыхільнае ўпрыняцце яго першага зборніка амаль усімі рэцэнзентамі, чаму, нягледзячы на зычлівае стаўленне да яго і Янкі Брыля, і Уладзіміра Калесніка, і іншых літаратараў старэйшага пакалення, чаму, нягледзячы на добрую чытацкую рэцэпцыю, Мікола Купрэеў на доўгі час застаўся на маргінэсе літаратурнага жыцця?
Ён не быў, як Алесь Наўроцкі, дысідэнтам. Нават наадварот: у нечым ён быў звычайны савецкі чалавек. Але ж нешта замінала яму ўпісацца, як Міхасю Рудкоўскаму ці Міхасю Стральцову, у берасцейскае ці ў менскае літаратурныя колы, нешта ж не давала яму выйсці са статусу сельскага настаўніка і супрацоўніка райгазеты. Гэта даволі складаная даследчыцкая тэма.

У кожнага пісьменніка ёсць калі не адаратары, дык сябры. Яны, сябры, дапамаглі ў свой час вярнуцца ў літаратурнае рэчышча Міхасю Стральцову, які пад канец свайго кароткага жыцця ўразіў нас зборнікам-шэдэўрам «Мой свеце ясны». Васіль Сёмуха, якому (як рэдактару) перапала ад аднаго крытыка за першы зборнік Алеся Наўроцкага, у 1990-м узяўся рэдагаваць яго трэці зборнік — «Пакаленні і папялішчы». І гэта было вяртаннем Алеся Піліпавіча ў літаратуру. (Адзнака часу: я не знайшоў ніводнае рэцэнзіі гэтае кнігі, як, зрэшты, і другое кнігі вершаў Міколы Купрэева «Правінцыйныя фантазіі», што выйшла ў 1995 годзе.)

Літаратурнаму «рэнесансу» Міколы Купрэева паспрыяла ўвага да яго Леаніда Галубовіча, які з уласнага досведу ведаў, што за бяда напаткала чалавека.
Сам пазбыўшыся бяды, ён спагадаў чалавеку, які не знайшоў сілы волі пазбыцца яе і цярпеў праз гэта ад хваробаў. І прыйшоў яму на дапамогу. У тым, што ў друку 1990-х гадоў з’явіліся творы Міколы Купрэева, што выйшлі ягоныя кнігі паэзіі («Правінцыйныя фантазіі») і прозы («Палеская элегія»), а таксама ў тым, што пасмяротна ягоныя вершы апублікаваныя ў зборніку «Я хацеў вам сказаць...», — немалая заслуга Леаніда Галубовіча (вось чаму мне захацелася бачыць яго ў маёй паэтычнай старане).
Былі ў Міколы Сямёнавіча і іншыя спрыяльнікі, якія не махнулі на яго рукою, не адцураліся яго. І пра гэта, спадзяюся, з належнай увагай і тактоўнасцю напіша будучы гісторык літаратуры,
якога зацікавяць лёсы паэтаў маёй стараны і пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 1937-м.

25 мая 2012 г.

в. Задуб’е Ганцавіцкага раёна

* * *

Мікола Купрэеў нарадзіўся ў вёсцы Ямнае (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) ў сям’і настаўніка. У 1943 нацысты арыштавалі яго бацьку і забілі маці. У 1947 Мікола з бацькам пераехалі на Берасцейшчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёну, а ў 1953 — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёну. Выхоўваўся мачыхай.

Скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу (1957), факультэт беларускай і расейскай мовы і літаратуры Брэсцкага педінстытута (1962).

Працаваў у Чудзінскай і Малкавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёна, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газэты «Будаўнік камунізму». У 1988 пераехаў у вёску Папялёва Пружанскага раёна, выкладаў у базавай школе гісторыю. Тут выйшаў на пенсію з прычыны хваробы.

Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў (1994). У 1996 зборнік вершаў «Правінцыйныя фантазіі» быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнае прэміі імя Янкі Купалы і адзінагалосна падтрыманы на галасаванні. Аднак у самы апошні момант перамога Міколы Купрэева была скасаваная за іранічную згадку Лукашэнкі ў вершы «Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе». Замест гэтага паэт атрымаў прэмію Саюза пісьменьнікаў імя Аркадзя Куляшова і аднапакаёвую кватэру ў Пружанах.

Пасля выдання аповесцяў «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (1995) і «На вуліцы Карла Маркса з паэтам» (1997), якія вызначаліся надзвычайнай шчырасьцю ў адносінах да сябе і сваіх родных, бацька адмаўляўся пускаць Міколу ў родную хату падчас ягоных візітаў на радзіму. Мікола Купрэеў вымушаны быў ночыць у кацельнях, дзе працаваў яго школьны сябра.

Апошнія гады жыцця правёў у Пружанах. Памёр у доме састарэлых у пасёлку Лясны Баранавіцкага раёна. Пахаваны ў Міхнавічах (перадмесце Івацэвічаў). На ягоным надмагіллі выбітыя словы з верша «О, я многа хацеў вам сказаць…».

Паводле "Вікіпэдыі"

Вершы Міколы Купрэева

Закляцце

З трыбуны сышлі,
на руках мне разбілі ланцуг,
на нагах – кайданы
і замок знялі з вуснаў.
Сказалі:
“Ідзі з плугам у поле сваё,
з касой – у свой луг.
Спявай і крычы
што хочаш
на мове сваёй беларускай”.

Зноў на трыбуны ўзышлі.

А самі ж
рукі мае адвучылі араць і касіць,
ногі – шырока і вольна хадзіць гасцінцам,
звязалі свабоду па-свойму думаць і жыць
і роднае слова казаць,
і маліцца-хрысціцца.

Прашу:
зноў на рукі ланцуг падаць,
вусны замкнуць і ногі скаваць кандаламі,
зацягнуць на Незалежнасці пляц –
пасадзіць там
пад тымі нагамі.
Cтану каменны й халодны, як ён.
Будзеце тут святкаваць свае святы –
чорны ў яго не кідайце праклён,
у выраджэнні сваім
я быў сам вінаваты.

З гісторыі Падняпроўя

У траве начной ля Рагачова
радзіміцкія дзеўкі так крычалі.
На зямлі Міколы Сурначова
іх красу жаўнеры ў гразь тапталі.

Радзімічы іх чулі ў Рагачове,
і габрэі рагачоўскія іх чулі,
і цыганы кудлатыя ў Збарове,
што ля Дняпра на вогнішчах начуюць.

Як ноч пайшла сваёй дарогай
і на Юдзею памаліліся габрэі,
у Турскім лесе лёг Іван Купрэеў,
і піў віно з турынага ён рога.

А дзеўкі недзе плакалі, крычалі,
Варшаве ж і Маскве было ўсё роўна.
Расейска-польскія жаўнеры іх тапталі —
пасля ўжо й продку твар здзяўблі вароны.

Жанчына

Вачамі пазвала пад дрэва густое,
абняла, цалавала,
пайшла з-пад дрэва на свой падворак,
паклікала пеўня, а куры за ім,
сыпанула ім проса з падолу,
які трымала высока ў руцэ,
агаліўшы белыя ногі,
знайшла ў крапіве пад сцяною
маленькую ластаўку,
пасадзіла назад у гняздо,
зноў пад дрэва прыйшла,
пацалавала;
смеючыся, парвала на шыі каралі,
кінула ўверх —
расцвілі ў небе зоркі,
адштурхнула, шапнула: "Ідзі".

* * *

Выйшла з балота
ў вянку з журавінаў чырвоных
і белых туманаў.

Выйшла з лесу
ў вянку з багульніку горкага,
ядлоўцу калючага.

І сама пацягнула сябе за косы
зноў у лес і балота —
беларуская наша свабода.

Паводле "Дзеяслова"

Каментары3

Цяпер чытаюць

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт10

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскае тэлебачанне адшукала сярод сабраных на прэс-канферэнцыю журналістаў Стыва Разенберга. Аказалася, што гэта зусім не ён

Пазняк пра смерць Мелказёрава: «Як што лепшае — траціцца. Як што горшае — множыцца»5

Кітай знайшоў сотні тон золата проста ў моры

«Лісічкі на супчык». Беларусы і ў снежні працягваюць збіраць грыбы

Зяленскі заявіў пра канчатковае ўзгадненне з ЗША версіі мірнага плана2

«Людзям патрэбна цяпло». Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў2

У Мінску з’явяцца антывандальныя кантэйнеры для збору шкла1

Польская пракуратура расследуе смерць Мікіты Мелказёрава6

Паміж Уіткафам і Рубіа ідзе непублічнае суперніцтва адносна фармату мірнага плана па Украіне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт10

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць