Адказвае культавы ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан.
Украінскі паэт і празаік Сяргей Жадан прыехаў у Беларусь, каб прэзэнтаваць беларускі пераклад сваёй кнігі «Anarchy in the UKR». Раман, значная частка якога апісвае падзеі Памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне, замацаваў за Жаданом статус аднаго з самых аўтарытэтных украінскіх літаратараў. Дарэчы, сам Сяргей Жадан падчас Памаранчавай рэвалюцыі быў камендантам намётвага мястэчка ў Харкаве. Беларускі пераклад тэксту зрабіў Алег Жлутка. Пасьля дзвюх прэзентацый у Мінску Сяргей Жадан даў кароткае інтэрв’ю радыё «Свабода»:
— Якія ўражанні ад паездкі ў Беларусь?
— Апошні раз я быў гады чатыры таму. І вельмі хацеў ізноў прыехаць, бо ў мяне ў Беларусі і ў Мінску шмат сяброў. Мне бракуе з імі камунікацыі. Надзвычай спадабалася беларуская публіка — яна прыемная і адкрытая. Цудоўныя былі прэзентацыі, і прыемна было пабачыць даўніх знаёмых.
— Як вы ахарактарызуеце тое, што адбываецца ва Украіне?
— Мне здаецца, што ва Украіне цяпер перадрэвалюцыйная сітуацыя. Пытанне толькі ў тым, калі пачнуцца супольныя перамены. Мне хочацца спадзявацца, што яны пачнуцца вельмі хутка.
— Ці голас пісьменнікаў, прадстаўнікоў культурнай эліты заўважаны цяпер украінскім грамадствам?
— Я б вельмі асьцярожна ставіўся да выкарыстання слова «эліта». Але ў прынцыпе да пісьменнікаў ёсць пэўны інтарэс, да іх прыслухоўваюцца, на іх рэагуюць, іх падтрымліваюць. Так ці інакш яны ўплываюць на сітуацыю. Ад пісьменнікаў часам вымагаюць зусім не літаратурных заяваў, учынкаў і пазіцый.
Час ад часу ў нас здараюцца такія сытуацыі, калі да пісьменнікаў спрабуюць ставіцца як да правадыроў. Мне гэта ня вельмі падабаецца. Мне здаецца, што
гэта адбываецца выключна праз недахоп аўтарытэтаў у палітыцы, у грамадскай думцы. Праз адсутнасць пазітыўных персанажаў, да якіх можна прыслухоўвацца.
Ад пісьменнікаў часам вымагаюць зусім не літаратурных заяваў, учынкаў і пазіцый.
— У Беларусі крытыкі, чытачы і літаратары ламаюць коп’і наконт савецкай спадчыны беларускай літаратуры. Ці ёсьць падобная дыскусія ва Украіне?
— Украінская савецкая літаратура — гэта вельмі размаітая з’ява. Там ёсць розныя пісьменнікі і іх вельмі шмат. Проста ўсё гэта адпрэчыць, адкінуць, на маю думку, не вельмі канструктыўна. Ва ўсялякім разе я час ад часу перачытваю гэтых пісьменнікаў і лічу, што да іх трэба больш уважліва ставіцца як да літаратурнай спадчыны, да класікі.
Аўтаматычна выкідаць усіх, хто працаваў, падтрымліваючы савецкую ўладу, гэта не вельмі разумная думка.
— Ваш раман «Anarchy in the UKR» у расейскім перакладзе ўвайшоў у Расеі ў кароткі спіс прэміі «Нацыянальны бестселер». Як вы ставіцеся да спробаў расейскіх крытыкаў уключыць вашую творчасць у кантэкст расейскай літаратуры?
— Я даволі іранічна стаўлюся. Думаю, што гэта хутчэй жэст ветлівасці. Расейская літаратура сама па сабе цяпер вельмі цікавая, не думаю, што ім кагосьці бракуе. Прыемна, што мяне нехта чытае, рэагуе на тое, што там выходзіць. Але я не сказаў бы, што ў мяне ў Расеі нейкі надзвычайны поспех.
— Як, на ваш погляд, суіснуюць ва Украіне ўкраінамоўная і расейскамоўная літаратура?
— Бясспрэчна, ёсьць расейскамоўныя папулярныя аўтары. Гэта Андрэй Куркоў, які жыве ў Кіеве, піша
— Сяргей, чаму ў вас няма мабільнага тэлефона?
— Ён мне проста замінае.
— Гэта неяк звязана з вашымі антыглабалісцкімі поглядамі?
— Не, (смяецца) гэта не звязана з антыглабалісцкімі поглядамі, а проста з побытавымі нязручнасцямі. Я не прыхільнік тэорыі змовы. Я не думаю, што праз мабільныя тэлефоны і персанальныя камп’ютары нас усіх адсочваюць і кантралююць. Мне гэта проста не патрэбна.
— Калі папрасіць вас коратка апісаць Беларусь — якой яна падалася вам у гэты прыезд?
— Ведаеце, мне здаецца, што Беларусь надзвычай чыстая. Я разумею, што я зараз выказваю пэўны стэрэатып кшталту «Беларусь уся вычышчаная, усе гэтыя постсавецкія штукі», але вось гэты стэрэатып якраз адпавядае рэчаіснасці. Я ўчора ехаў па Беларусі, і мне адразу кінулася ў вочы, што ў параўнанні з Украінай Беларусь сапраўды прыбраная. У вас няма смецця ўздоўж дарог, на самім памежных пункце. Украіна ў гэтым плане больш паўднёвая. Яна нагадвае хутчэй Турэччыну альбо які Егіпет, якіясьці арабскія краіны, дзе людзі, скарыстаўшы які посуд ці ўпакоўку, проста кідаюць яе побач.
У гэтым адрозьненне паміж беларусамі і паміж украінцамі: украінцы больш паўднёвыя, больш эмацыйныя і меней рацыянальныя. Гэта сапраўды кідаецца ў вочы ў Беларусі.
-
У Вялікай Бераставіцы знеслі ўнікальны заезны двор ХІХ стагоддзя. На сцяне з савецкіх часоў вісела шыльда «ахоўваецца законам»
-
Мінкультуры расказала пра спробы вяртання беларускіх каштоўнасцяў, страчаных падчас войнаў
-
У сеціве з’явіўся першы вялікі альбом велікодных спеваў на роднай мове. Паслухайце
Каментары