Культура66

Адам Мальдзіс: Я на тым баку, які на сённяшні дзень слабейшы

Мэтр беларусістыкі, прафесар Адам Мальдзіс сустрэўся 5 верасня з жыхарамі Баранавіч.

Знакаміты навуковец расказаў, чым беларускія жанчыны мацнейшыя за мужчын, дзе трэба шукаць нашы скарбы і навошта ён звяртаўся па дапамогу да легендарнай прарочыцы Вангі.

Пра моцных і слабейшых

Нарадзіўся я на беларуска-літоўскім памежжы, у Астравецкім раёне. І нават цяпер, калі я бываю ў Вільні, дзе жыве шмат маіх сяброў-літоўцаў, яны часта пачынаюць пілаваць мяне: кідай, Адомас, валяць дурня, маўляў, ніякі я не беларус, а літовец. Я ім на тое кажу: «Вы і без мяне людзі магутныя, вы ўжо 20 гадоў паварыліся ў сваім катле і цяпер самі можаце вырашаць свой лёс… А я застаюся на тым баку, які на сённяшні дзень слабейшы». І мае сябры нічога не могуць сказаць мне насуперак.

Пра беларусаў у свеце

Апошнія гадоў 30 я складаю базу дадзеных па беларускай культуры, па нашых скарбах, што знаходзяцца за мяжою, па нашых суайчынніках-эмігрантах. Чаму я займаюся беларускім замежжам? Чаму гэта важна? Па-першае, таму што пры савецкай уладзе ніякага беларускага замежжа нібыта не існавала. Той, хто выязджаў за мяжу, няхай сабе хаця б у Казахстан, ужо быў нібыта і не беларус. А хто, не дай божа, з’язджаў на капіталістычны Захад, імгненна рабіўся ворагам народа. І таму атрымлівалася, што нават такія нашы знакамітыя навукоўцы, як Барыс Кіт, які падараваў амерыканцам паліва для ракет, якому цяпер 104 гады і які жыве ў Франкфурце, адносіліся да «нячэсных» беларусаў. Пра такіх раней не пісалі. Цяпер жа, калі мы пачалі складаць энцыклапедычны даведнік «Беларусы ў свеце», высветлілася, што сёння фактычна кожны чацвёрты беларус жыве за мяжою.

Назваць дакладную лічбу будзе цяжка, гледзячы каго лічыць за беларусаў — толькі тых, хто нарадзіўся тут і пасля пераехаў жыць у іншую краіну, ці і тых таксама, чые карані паходзяць з нашай зямлі. У кожным разе нельга забывацца на такіх знакамітых асобаў, як пісьменнікі Дастаеўскі і Грын альбо кампазітары Стравінскі і Шастаковіч, якія або самі, або іх бацькі нарадзіліся ў Беларусі, але пасля эмігравалі. І як можна забыцца на беларусаў у Сібіры, куды нашы землякі масава пераехалі жыць падчас Сталыпінскай рэформы і дзе заснавалі цэлыя паселішчы. Тыя беларусы і сёння размаўляюць на беларускай мове, якая лепшая і чысцейшая, чым у многіх з нас, бо ў іх няма амаль ніякіх кантактаў з суседзямі: там па 100 кіламетраў у кожны бок да бліжэйшага паселішча.

Пра мужчынскую трагедыю і жаночую моц

У нас існуе такая мужчынская трагедыя: калі беларус з’язджаў кудысьці працаваць, жаніўся там, напрыклад, з рускай ці ўкраінкаю, дык неўзабаве сам рабіўся «рускім» або «ўкраінцам». Я ведаю толькі адну пару, у якой гэты закон не спрацаваў. Адзін беларус з Вілейшчыны асеў у Вялікабрытаніі і ажаніўся там з валійкаю. Яны абодва ніяк не змаглі асвоіць англійскую мову ды так і жылі, размаўляючы на розных мовах. Затое гэта была самая шчаслівая пара, бо яны ніколі не сварыліся. А як сварыцца? Хіба на мігах?..

Заўсёды так было: мужчыны кіравалі светам, а намі кіравалі жанчыны. У мяне часам здзіўлена пытаюцца: чаму нашы князі былі пераважна літоўскага паходжання, а дзяржаўнаю моваю ВКЛ раптам стала старабеларуская? Ды ўсё вельмі проста. Гэтыя вялікалітоўскія князі жаніліся з беларускімі князёўнамі, тыя везлі з сабою сваіх сёстраў, іншых крэўных, служанак, на іх пасля жаніліся рыцары ВКЛ, і ўжо праз адно пакаленне ўвесь вялікакняжацкі двор размаўляў на старабеларускай мове. Не дарма, напэўна, родную мову называюць матчынай… Наш знакаміты гісторык Мікола Ермаловіч так і казаў, што гэта мы заваявалі літоўцаў, а не яны нас, гэта мы пакарылі іх, хаця літоўцы з гэтым не пагаджаюцца.

Пра страчаныя беларускія скарбы і радасць Берыі

З усіх беларускіх скарбаў і духоўнай культуры ў нашых музеях, бібліятэках і архівах засталося толькі 5–10%. Астатняе было вывезена. Вайна перакочвалася праз Беларусь то на Усход, то на Захад. Мы ўваходзілі ў склад то адной вялікай дзяржавы, то іншай, і нашу спадчыну вывозілі то ў Варшаву і Кракаў, то ў Маскву і Ленінград, не запытваючы, аддаем мы яе ці не аддаем. І сёння ніхто дакладна не скажа, колькі было вывезена за мяжу. Толькі Слонімскі і Гродзенскі музеі захаваліся пасля вайны больш-менш цэлымі. Асабліва шмат каштоўнасцяў было вывезена з Магілёва. Калісьці менавіта гэты горад бальшавікі хацелі зрабіць беларускай сталіцай, бо Мінск быў занадта блізка да мяжы з Польшчаю. Таму яшчэ да вайны беларускія каштоўнасці, у тым ліку і цудатворны абраз Бялыніцкай Божай маці, і шмат старажытных кніг у залатых і срэбных акладах, масава звозілі ў Магілёў. А напярэдадні Другой сусветнай вайны ўсё вывезлі ў Расію. У «Звяздзе» друкаваліся ўспаміны шафёра, які ў 1941 годзе, перад наступам немцаў, вывозіў усе гэтыя скарбы з Магілёва ў Маскву разам з 1-м сакратаром ЦК КПСС Панамарэнкам. Шафёр узгадаў, як іх сустрэў асабіста Берыя, які ад задавальнення ажно прыцмокваў языком.

Пра слуцкія паясы і зацягнутае маўчанне

Толькі ў Маскве, паводле маіх падлікаў, знаходзіцца каля 300 слуцкіх паясоў. А на іх радзіме, у Слуцку, няма ніводнага цэлага пояса. Не так даўно з Масквы ў Мінск на выставу прывозілі чатыры нашы слуцкія паясы. Пра тое, каб прывезці болей, не кажучы ўжо, каб нешта аддаць ці прадаць нам, няма і гаворкі… Але ў нашым Нацыянальным музеі ёсць карціны іх Шышкіна і Айвазоўскага, якія тут могуць быць, а могуць і не быць. Дык я прапаноўваў: давайце мяняцца… Але рускія ўсё маўчаць, думаюць.

Пра крыж Еўфрасінні Полацкай і прарочыцу Вангу

Кудысьці ў расійскія сховішчы вядуць і сляды яшчэ адной зніклай беларускай святыні — Крыжа Еўфрасінні Полацкай, пошукам якога я займаюся ўжо каля 40 гадоў. У свой час я нават звяртаўся па дапамогу да вядомай балгарскай прарочыцы Вангі. Яна тады толькі сказала: «Чаго гэтыя беларусы турбуюцца? Хутка знойдзецца іх крыж». Што ж, я спадзяюся, што калісьці добрая воля ў дачыненні да Беларусі ўсё ж будзе праяўлена і наша святыня вернецца на радзіму.

Даведка

Адам Мальдзіс — вядомы беларускі гісторык і літаратуразнаўца, доктар філалогіі, прафесар. Яго найбуйнейшыя навуковыя дасягненні — рэдактарская праца над 6-томным біябібліяграфічным даведнікам «Беларускія пісьменнікі», а таксама дзясяткі кніг па гісторыі беларускай літаратуры і культуры і літаратурных узаемасувязях. Прафесар Мальдзіс — экс-прэзідэнт, а ад 2010 года — ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, іншымі медалямі, а таксама некалькімі ганаровымі адзнакамі суседніх краін.

7 жніўня 2012 года Адам Мальдзіс адзначыў сваё 80-годдзе.

Вярнуць на радзіму!

На сустрэчы з баранавіцкай грамадскасцю прафесар Мальдзіс звярнуўся з просьбаю дапамагчы знайсці страчаныя падчас вайны фонды Баранавіцкага краязнаўчага музея, куды былі звезены каштоўныя экспанаты з навакольных маёнткаў. «Мяне і Камісію пры Савеце Міністраў па вяртанні беларускіх каштоўнасцяў з-за мяжы, сябрам якой я ёсць, вельмі турбуе лёс страчаных экспанатаў вашага музея, дзе да вайны было сабрана шмат твораў выяўленчага мастацтва, у тым ліку і заходнееўрапейскіх мастакоў, — звярнуўся да грамадскасці Адам Мальдзіс. — У вас былі карціны Сальватора Роза, галандскіх мастакоў, магчыма, Рэмбрандта, якія даўно трэба было пачаць шукаць.

Але ў савецкі час, калі Баранавічы перасталі быць абласным цэнтрам, на іх проста махнулі рукою…» Паводле звестак прафесара, улетку 1942 года немцы ладзілі ў Баранавічах мастацкую выставу, верагодна, з фондаў музея, дзе сярод іншага можна было пабачыць карціны вядомага ў свеце беларускага мастака Міхася Сяўрука, выразаныя з дрэва фігуры «Хрыстос з ягняткам» ішкальдскага майстра (каля 1700 года), «Святыя Пётра і Павел» майстра з Мядзведзічаў (каля 1600 года) і іншыя старажытныя каштоўнасці. Вядома, што ў Баранавічы нейкім чынам трапіла калісьці нават мэбля з Нясвіжскага замка Радзівілаў.

«Усе калекцыі баранавіцкага музея ў 1944 годзе вывезены на Захад, аднак кім і куды дакладна, мы не ведаем, — распавёў Адам Мальдзіс. — Але калі яны зніклі падчас вайны, дык па законе аб рэстытуцыі каштоўнасцяў, падпісаным краінамі ААН, іх трэба вярнуць на радзіму». На думку прафесара, даведацца больш пра баранавіцкія каштоўнасці дапамаглі б звесткі пра лёс былога дырэктара музея, збіральніка ўсіх яго скарбаў Леанарда Турскага, які напрыканцы вайны выехаў у Польшчу.

Турскі мог вывезці з сабою нейкую частку каштоўных экспанатаў музея. Мальдзіс звярнуўся да баранавіцкіх гісторыкаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі, каб тыя паспрыялі вырашэнню праблемы: «Стары сусед кожнага з нас можа што-небудзь узгадаць пра тыя часы і дапамагчы адшукаць сляды да спадчыны. Уважліва размаўляйце з людзьмі, шукайце і вывучайце мясцовую прэсу перыяду акупацыі…» Прафесар паабяцаў агучыць гэту тэму ў газеце «Голас радзімы», якая выдаецца для беларускай дыяспары і распаўсюджваецца ў 54 краінах свету. «А раптам хто-небудзь і адгукнецца?!« — падбадзёрыў Адам Мальдзіс.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве8

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуская чыгунка закупіць 20 кароткіх электрычак на 4 вагоны. Вось што пра гэта вядома8

Трамп хоча перайменаваць Армузскі праліў у свой гонар9

Былыя жонка і дзяўчына Пратасевіча аб’ядналіся і прыйшлі да яго новай нявесты, каб адпомсціць. І пагражаюць судом29

Фінляндыя ініцыявала праверку, ці сапраўды аплачаная Еўропай амерыканская зброя ідзе Украіне

Вядомая расійская спявачка і яе беларускі муж, дарадца Кадырава, перавялі на лячэнне трохгадовай Ксюшы з СМА больш за 100 тысяч еўра4

Трамп прэзентаваў залаты трактар16

Гэтая актрыса атрымала найбольш «Оскараў» у гісторыі — але ніколі не прыходзіла іх атрымліваць3

У Варшаве сёння вялікі Марш да Дня Волі, панясуць 330‑метровы бел-чырвона-белы сцяг10

Цяпер вядоўцам трэвэл-шоу «Арол і рэшка» можна стаць за грошы. Колькі трэба заплаціць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве8

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць