Архіў

Нашы ў горадзе

№ 27 (184), 4 — 10 ліпеня 2000 г.


 

НАШЫ Ў ГОРАДЗЕ

Прапанова да чытачоў

Кожны мой паход у суседні гастраном ужо даўно ператварыўся для мяне ў своеасаблівую гульню-двубой. За прылаўкам мяне чакае злобны зьверабаб, ад якога я ўжо год дарэмна чакаю «калі ласка» замест звычайнага рыку «следушчый!». Зьверабаб лічыць мяне нацыяналістычным вар’ятам, а я зьверабаба лічу няшчаснай жанчынай, якая ўсё жыцьцё займаецца не сваёй справай.

Ужо больш за дзесяць гадоў я мару пра час, калі ў крамах, лазьнях ды ўладных кабінэтах на маё «дзякуй» пачую нязьменнае ветлівае «калі ласка». Бяз гэтай дробязі ўсе нацыянальныя сьцягі па-над былымі райкамамі будуць адно толькі дэкарацыямі. За прамінулыя гады мая незалежная краіна ня стала больш зручнаю для жыцьця ў ёй мяне, беларускамоўнага чалавека. І лягчэй за ўсё сьпісаць сваю ціхую крыўду на неспрыяльную для тваіх сьветлых патрыятычных парываў дзяржаву. Але шукаць праўду там, дзе лягчэй знайсьці сабе апраўданьне, — занятак няўдзячны. Калі за гэтыя дзесяць гадоў мы ўсе, хто называўся сьвядомым, не прывучылі астатніх да свайго йснаваньня й да сур’ёзнасьці выбранай намі гульні, дык на каго тады наракаць, акрамя сябе? Марыць можна хоць да сьмерці, размаўляючы па-беларуску адно ў душы.

Адзін музыка аргумэнтаваў мне сваё нежаданьне размаўляць на людзях тым, што беларуская мова ў расейскамоўным асяродзьдзі становіцца ледзь ня ўзьнятым сьцягам. А ён ня хоча быць сьцяганосцам з бляскам сьвятое праўды ў вачох. Я прыняў ягоныя аргумэнты. Бо і сам не люблю, калі на мяне глядзяць, як на прапаведніка. Мне больш да душы ладзіць з навакольнага ідыятызму займальныя гульні. Напрыклад, хто каго перагаворыць. Грошы выйграць тут нельга. Але затое які можна адчуць кайф, калі суворы міліцыянт ці смурная афіцыянтка раптам з усьмешкаю пераходзяць на тваю мову.

Неяк мы зь сябрам-расейцам спусьціліся каўтнуць па сто грам у кавярню «Сьвітанак», што на Праспэкце. Узяўшы прадукт і ўладкаваўшыся ў куточку забягалаўкі, раптам пачулі беларускія словы. Дакладней, у гармідары кабачка мы не пачулі расейшчыны. Дзіва тут ніякага не было. За адным столікам сабралася кампанія на чале зь вядомым паэтам, за другім верхаводзіў знаны рэп-музыка. Астатнія ж наведнікі прыцішылі гамонку на тон ніжэй. Нейкі новы наведнік пажартаваў: «Ого! Няйначай нашы ў горадзе!» Ягоны жарт вітаўся ўсім кабачком. «Тут толькі для белых», — выкрыкнуў нехта пад агульны рогат. Расейская меншасьць намагалася падладзіцца пад большасьць. «Пасуньцеся, калі ласка», — пачуў я ад зусім не інтэлігентнага выгляду мужыка зь півам. «Ведаеш, — сказаў мне сябра, — беларуская мова цалкам магла б выконваць ролю, падобную да той, што адыгрывала француская ў Расеі сто гадоў таму». Я з радасьцю пагадзіўся. Толькі ж не выконвае. І ўсё з-за маёй сарамяжлівасьці ды сьціпласьці.

«Нашы ў горадзе». Мне гэта спадабалася. А цікава, ці хто-небудзь задаваўся пытаньнем – ці шмат у Беларусі месцаў, дзе мы можам пачувацца гаспадарамі. Белымі людзьмі. Прынамсі, пару адрасоў у Менску я ўжо ведаю. Гэта, акрамя згаданага «Сьвітанку», кавярня «Бульбяная», дзе ёсьць ня толькі беларускія дранікі, але таксама беларускае мэню й абслугоўваньне. Гэта страхавая кампанія «ТАСК», дзе я страхаваў сваю грамадзянскую адказнасьць аўтааматара, і дзе агент, пачуўшы ад мяне забытую родную мову, абслужыў мяне, як у замежным кіне. А на разьвітаньне прызнаўся, як ён усё жыцьцё ня любіць расейскую, за пакінуты ёю глыбокі шнар на ягонай чыстай беларускай душы падчас пярэбараў зь вёскі ў сталіцу. Гэта й цырульня «Фантазія», дзе я ўжо год стрыгуся ў адной і той самай майстаркі ня толькі дзеля яе майстэрства, але й дзеля павагі да мовы кліента. Колькі такіх адрасоў было на маім патрыятычным шляху! І колькі я забыўся! А забывацца на іх ня варта. Асабліва сёньня. Калі нашы фірмачы, вывешваючы кідкія шыльды, усё радзей робяць свой выбар на нашу з вамі карысьць. Зрэшты, гэта іх праблемы. Нам пакуль яшчэ ёсьць куды падацца. Як шумнай кампаніяй, так і паасобку. І ня толькі пад’есьці. Але й атрымаць юрыдычную даведку, падлячыць зубы, адрамантаваць аўтамабіль. Ці — выправіцца на адпачынак у Ізраіль. Ці мала яшчэ куды трэба беламу чалавеку!

 

Вось жа каб не губляўся ніводны адрас, дзе нас зразумелі. Як і той, дзе нам нахамілі. Цікавая б тады гульня атрымалася. Проста фантазія зашкальвае. Зьбіраючыся ў любы куток краіны, я б цьвёрда ведаў – у якую краму заходзіць варта, у які гатэль сяліцца можна, а якім сэрвісам карыстацца для псыхалягічнага здароўя небясьпечна. І якія месцы трэба абыходзіць стараной. А для гэтага патрэбна ня так і шмат. Карыстацца роднай моваю ў побыце ня толькі ў другі дзень месяца, спадзеючыся на адпаведнае абслугоўваньне. І паведамляць у нашу рэдакцыю пра кожны выпадак выдатнай працы ці, наадварот, дыскрымінацыі. Са сьціплай газэтнай рубрыкі праз год ці два можа атрымацца салідны даведнік. А яшчэ праз пэўны час гульня набудзе ўжо і эканамічны сэнс. Для тых, хто не забыўся чароўнага слова «Дзякуй». О!.. А яшчэ празь нейкі час… Зрэшты, нічога ня будзе, пакуль мы не ўзгадаем, што «кліент заўжды мае рацыю». І абслугоўваньне нас на нашай мове – гэта ня ласка й не падачка. А ўсяго толькі прафэсійны абавязак пэрсаналу, які атрымлівае грошы з нашай кішэні. Не такой і малой кішэні, калі ўявіць, што кожны чытач «НН» замовіць па адным куфлі піва ў адным і тым бары. Мова — ня сьцяг, а эканамічны фактар. Прынамсі, павінна быць такой.

 

Але па хлеб у іншую краму я не пайду. Настрою злобны зьверабаб мне ўжо не сапсуе, а я надзеі на перамогу не губляю.

 

P.S.

Пішэце нам пра кожную нармальную ці нездаровую рэакцыю на нашу мову паўсюль, дзе трэба плаціць. А мы будзем друкаваць вашыя допісы. Мы павінны ведаць, дзе варта пакінуць свае грошы.

 


 

НАМОРДНІК

Абвешчаная «Нашай Нівай» талака, калі б мы ўсе гуртом наваліліся на тыя дысгарманічныя русізмы ды саветызмы, што трывала абселіся ў беларушчыне і быццам ня маюць сваіх мілагучных адпаведнікаў, захлынулася ў пошце. Надрукаваць усяго мы не змаглі. Сотні наватвораў на пыласосы з унітазамі запаланілі б не адзін нумар газэты. А яшчэ ж патрэбны разбор! Таму рэдакцыя пастанавіла ісьці гэтым шляхам павольна, але зь якаснымі вынікамі. Мы вырашылі прапаноўваць Вам толькі адно слова, а Вы — ці то з памяці, ці з фантазіі — дастанеце свае варыянты і дашлеце нам. Тады як запынімся на найлепшым варыянце, возьмемся за наступнае слова-раскірэку.

Нядаўнія падзеі 25 Сакавіка, калі ў Менску сноўдалі міліцыянты з сабакамі, паставілі дэмакратычных беларускіх журналістаў у тупік. Трэба было паведаміць, што міліцэйскія сабакі — гэтыя страшныя ратвэйлеры — былі на вуліцах Менску без наморднікаў. Згадзіцеся, важная дэталь у журналісцкім допісе. Але як той наморднік выславіць па-беларуску, каб і гучала, і зразумела было. Шукалі-шукалі, раіліся-раіліся... І не знайшлі. Напісалі наморднік. Дай Бог, каб тае гісторыі больш не паўтарылася, але слова быццам само папрасіла сабе замену. Вось жа гэта й ёсьць наша першая прапанова ў рубрыцы «Мова-2000». Спадары і спадарыні, філёлягі і фізыкі, ахоўнікі парадку і кінолягі, прапануйце, калі ласка, беларускі адпаведнік расейскага слова НАМОРДНІК.

Чакаем адказаў.

Мовавед 


Каментары

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай11

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

Самую дарагую кватэру ў студзені прадалі ў доме, які часта блытаюць з офісным будынкам2

Нягледзячы на маразы, пад Мінскам збіраюць ураджай спелых клубніц2

На пажары ў Гродне, дзе загінулі тры чалавекі, яшчэ пяцярых уратавалі

Украінка са Славянска перапахавала мужа, каб яго магіла не апынулася пад акупацыяй5

На слуханнях КР Пракоп'еў высвятляў, чаму Ціханоўская села там, дзе села63

У Японіі папулярны фестываль адмянілі з-за наплыву турыстаў

Ганна Каралёва фінішавала ў лыжным скіятлоне на 34‑м месцы3

Зяленскі: Беларусь уцягваюць у вайну. Гэта будзе вялікая трагедыя37

У расійскай Уфе невядомы з нажом напаў у інтэрнаце на студэнтаў, параненыя шэсць чалавек1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай11

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць