Архіў

Вынікі 90-х: тэоляг Ірына Дубянецкая ў гасьцях у “Нашай Нівы”

№ 38 (195), 18 — 25 верасьня 2000 г.


 

Адчуваньне багоў-стваральнікаў

Вынікі 90-х: тэоляг Ірына Дубянецкая ў гасьцях у “Нашай Нівы”

 

Ірына Дубянецкая – бібліст, філёляг. Дачка Міхала Дубянецкага, дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў 1978—1985 г., сястра паэткі Галіны Дубянецкай. З 1990-га — рэдактарка часопіса “Унія”. Ліцэнцыят тэалёгіі. Рыхтуе дактарат з сакральнае тэалёгіі (“Космас і хаос у Бібліі”) і ліцэнцыят з арыенталістыкі (“Цывілізацыя ўгарытаў”) у Лёвэнскім (ня блытаць зь Лювэнскім) унівэрсытэце.

 

“Што ні кажыце, а мы ўсё ж такі маем дзьве Беларусі. Мы ляцім адным самалётам — адкуль бы я ні ляцела, з Брусэлю ці з Варшавы – самалёт адзін, і людзі сядзяць побач. Вось побач са мной сядзіць чалавек, які ляціць у Мінск, а я лячу ў Менск. І, апроч грамадзкага транспарту, мы ніколі не скрыжоўваемся. Я шмат гадоў пражыла ў Менску і ня ведаю, ці жыла я ў Мінску ўвогуле хоць адзін дзень свайго жыцьця. Я, мусіць, вельмі цьмяна ўяўляю нават, што такое Мінск — ведаю толькі па аповедах маіх сяброў.

Мы маем дзьве Беларусі. Вось, напрыклад, сьвяткавалі дзень Аршанскай бітвы. Гэта не істотна, колькі чалавек прыйшло, але прыйшлі тыя людзі, для якіх гэта — вялікае сьвята. Ёсьць дзьве краіны, у якіх дзьве розныя сталіцы, хай яны супадаюць тэрытарыяльна, але яны ўсё роўна знаходзяцца ў нейкіх розных вымярэньнях. Тыя дзьве Беларусі маюць розныя календары, розныя сьвяты. Я нават ня памятаю, якія сьвяты сьвяткуе лукашэнкаўская дзяржава, я ня ведаю, калі ў іх дні незалежнасьці і ці ёсьць яны ў іх увогуле, і ці ёсьць у іх дзень канстытуцыі.

Што яшчэ цікава – у той Беларусі, якая хацела б сабраць разам усіх, хто гаворыць і піша па-беларуску, ёсьць дзьве беларускія мовы – беларуская і БССРаўская. Рэч ня ў правапісе. Розьніца — у якасьці.

Вазьміце, напрыклад, паэзію. Колькі апошніх гадоў я чытала толькі тую паэзію, што друкавалі “Наша Ніва”, “Крыніца”, што распаўсюджваецца па руках, ну і, безумоўна, тое, што піша мая сястра — і якім паэтычным набыткам я ўзбагацілася за гэтыя апошнія гады! Паэзія вельмі якасная, яе вобразнасьць узбагачаецца, і кшталцуецца мова людзей, якія пішуць, — праўда, іншы раз маладыя паэты друкуюцца трошкі зарана.

Але, зь іншага боку, зараз прыляцела ў Менск, гляджу — ляжыць нумар “ЛіМу”, які называецца “Дзень паэзіі”. Добра, думаю, “ЛіМ” узяў на сябе сьвятую справу. Я пачала чытаць — і гадзінаў шэсьць не магла ад гэтага адарвацца. Не магла паверыць сваім вачам! Там такія рэчы… Кшталту “парфума сьцякала з вачэй”... “Сумоўе” блытаюць ці то з сумам, ці то з самотай… Спачатку падумала, што ў іх нешта ня тое з карэктарам, потым бачу — карэктар ні пры чым. Ідзе велізарная колькасьць вершаў розных аўтараў — людзі пішуць вершы, ня ведаючы мовы. Гэта ўжо ня проста непісьменнасьць маладых (якая, дарэчы, таксама страшэнна заўважная). Там няма гаворкі пра паэзію як такую, там немагчыма нават сказаць: вось гэта добры верш, а вось гэта — нядобры. Калі знаходзіш верш з васьмі радкоў, дзе няма ніводнай памылкі, ужо думаеш: “Вось, добра”. І гэта не графаманія. З адной беларускай літаратуры ўзьнікаюць дзьве розныя субстанцыі: адна кшталцуе мову, а другая... Вось што я маю на ўвазе пад дзьвюма Беларусямі.

Ёсьць такое меркаваньне, што зараз у Беларусі заняпад. Проста нейкая частка людзей — нават творчых — паверыла ў тое, што яны жывуць у заняпадзе, дык яны і сапраўды павінны “заняпасьці”.

Цікавая праблема выбару — верыць у тое, што ў нас усё блага і робіцца горш і горш, ці верыць, што ў нас усё добра і робіцца лепш і лепш.

Мы з маёй сяброўкай разам выехалі і потым звычайна разам прыяжджалі ў Беларусь і разам вярталіся ў Ангельшчыну. У нас пыталіся: “Ну, як там Беларусь?” У залежнасьці ад таго, у каго з нас першай пыталіся, яны атрымлівалі дыямэтральна процілеглае ўяўленьне. Мая сяброўка казала, што жабрацтва расьце, народ бяднее, кволыя парасткі прадпрымальніцтва зьнішчаюцца, ніхто нічым ня хоча займацца, людзі пачынаюць сьпівацца і г.д. Калі пыталіся ў мяне, я расказвала, што я схадзіла на дзьве прэм’еры, усё так файна, так добра робяць! Опэра палепшала, балет таксама. Не пасьпееш вокам зірнуць, прыяжджаеш на наступнае лета — а тут ужо новае прыгожае, якаснае выданьне. Кніжкі нейкія пачалі выдавацца. Там за год спрабуеш хоць як-небудзь разбудзіць спакойную, сытую і лянівую ўнівэрсытэцкую атмасфэру то ў Ангельшчыне, то ў Бэльгіі, а тут мяне будзяць! У Беларусі адбываецца такое намнажэньне энэргіі, і ня трэба ніяк прыстасоўвацца да ўсталяванай плыні сьвядомасьці, усталяванай мэнтальнасьці, тут яшчэ можна “ствараць сьвет”, сьвет хоча быць створаным, сьвет хоча быць зьмененым, сьвет залежыць ад нас, і тут, на Беларусі, гэта адчуваеш лепш, чым у якім іншым месцы.

Чым большы ўнутраны духоўны патэнцыял назапашаны, тым прасьцей у палітычным сэнсе.

Калі вярнуцца да паралелі дзесяцігадовай даўнасьці, Дэклярацыя Незалежнасьці падалася цудам менавіта таму, што гэты патэнцыял быў недастатковы. У 1990-м адна цётка, памятаю, сказала мне ў друкарні, дзе друкаваўся наш часопіс “Унія”: “Што, кілбасы ў крамах паболее ад таго, што вы “Менск” напісалі замест “Мінск”?” Цяпер так ніхто ўжо ня скажа. Хоць сапраўды грамадзтва застаецца падзеленае, але тая праца, якая беларусамі рабілася і некуды нібыта зьнікала, насамрэч нікуды не прападала, а назапашвалася ў паветры, і паветрам тым дыхаюць іншыя людзі. Гэтыя людзі ня будуць чытаць шыкоўную беларускую паэзію. Але яны, якія ходзяць штодня па вуліцах паралельнага гораду, Мінска, дыхаюць тым самым паветрам.

І цяпер я заўсёды маю прывілеі ўва ўсіх установах — у паліклініках, у крамах, бо ім усім так хочацца мне дагадзіць, што я “так прыгожа размаўляю па-беларуску”.

Мне здаецца, што ў Мінска ёсьць адна запаветная мара: ён мроіць пра адно-адзінае, але падсьвядома самому сабе ў гэтым не прызнаецца: ён хоча зьліцца зь Менскам, каб гэтыя дзьве розныя прасторы сталі адной асобай. Такое падваеньне асобы ў чалавека называецца шызафрэніяй. Зараз ідзе падваеньне Беларусі — гэта таксама можна назваць шызафрэніяй. Гэта сапраўды падваеньне, сапраўды раскол. Менск жыве настолькі паўнакроўна і настолькі цікава, а Мінск, калі заўважае гэта, можа і сьвядома хоча нейкім чынам далучыцца да гэтага, а калі не заўважае, дык падсьвядома гэтага хоча. Мінск вельмі хоча зьліцца зь Менскам і таму, мне здаецца, наколькі пашыраецца Менск, настолькі памяншаецца Мінск, бо Менск пашыраецца за кошт таго, што частка Мінска робіцца Менскам. Хутчэй за ўсё так.

Памятаю, як я балюча перажывала, калі Вярхоўны Савет не пагадзіўся зьмяніць назву сталіцы. Я памятаю тыя дэбаты, спачатку чытала ў газэце пра іх, потым глядзела па тэлебачаньні, і памятаю, што я так выбухнула эмацыйна, што ўсе дзівіліся. Я нават лаялася. А людзі зь Мінска не маглі гэтага зразумець і казалі: ”Ну і што. А я прывык. А мы прывыклі”. Да чаго вы прывыклі?

Гэта як бы з рознай памяці і рознай гісторыі, з рознага мінулага — гэтыя Менск і Мінск. Бо ў Мінска гісторыя караценькая, маленечкая, а ў Менску — о-го-го! Я штогод звычайна еду на Гарадзішча, адкуль Менск пачынаўся. А людзі зь Мінска ня ведаюць, што гэта такое і навошта яно ўвогуле ёсьць. І чым яшчэ адрозьніваюцца Менск і Мінск — Менск ня можа, напрыклад, падняць Гарадзішча, каб яно стала паркам ці запаведнікам, турыстычным месцам, ня можа, бо грошай ня мае. А Мінск мае, але нічога ня робіць. Бо ён сам ня ведае, што лепш, і заўжды вагаецца. З аднаго боку, ён і ня хоча там нічога рабіць, бо хлеба ў крамах не паболее, калі ты Гарадзішча ўпарадкуеш, а з другога боку, Мінску таксама хочацца, каб было добра. Не, я не кажу, што ніколі не была ў Мінску, я выпадкова патрапляла — раз ці два — на нейкія сьвяты, яны ў нас часта бываюць пад вокнамі – я вырасла на праспэкце Машэрава. І вось тады глядзіш, як сьвяткуе Мінск... Я лічу, што музыка, якая там гучыць, проста страшная, брыдкая. Часам робяць сцэны з фальклёрнымі танцамі, народнымі калектывамі, бывае, якіх-небудзь бабак прывязуць для калярыту і кінуць сярод п’янага тлуму. А звычайна, выйдуць румяныя ружовашчокія дзеўкі-хлопцы у псэўданародных размаляваных строях. Бачыце, у Беларусі нават фальклёры два. Тое, што называецца фальклёрам у краіне з сталіцай Мінск, зусім не называецца фальклёрам у краіне з сталіцай Менск. Іншыя людзі, іншае разуменьне сьвята, іншыя рэчы іх радуюць.

Але ніколі ня можа так скласьціся, што аб’яднаньне адбудзецца ў бок Мінска. Тая дзяржава, што думае і гаворыць на мове, якая называецца падобна да назвы гэтай дзяржавы, — тое, што не “Рэспубліка Беларусь”, тое, што проста “Беларусь” — яно ніколі не зьліецца зь іншай дзяржавай.

Вельмі рэдка, але бывае, што ў нас беларускай мовы не разумеюць людзі. У нашым доме зрабілі абутковую краму, мы думалі купіць там сабе абутак. Я паглядзела — там усё скураное, я такога не ўжываю — і я спыталася: “У вас абутак толькі са скуры?” Якімі вачыма на мяне той хлопец паглядзеў! Па-мойму, ён не зразумеў ніводнага слова з таго, што я сказала. І потым, калі ён патлумачыў мне нейкім чынам, што ён нічога ня цяміць, і ягоная памочніца
пераклала, я пытаюся: “Адкуль вы такі?” А ён кажа: “Атсюда”. “Што значыць “атсюда”, Вы што, у гэтай краме нарадзіліся?” — “Із Мінска”.

Вы кажаце, такія людзі зараз камфортна сябе адчуваюць у нас. Напэўна, так, гэта іхнае нармальнае жыцьцё. Але недзе на ўзьмежку іхнае сьвядомасьці таксама ёсьць Менск са сваім іншым жыцьцём, ёсьць гэтыя “бэнээфаўцы, якія са сваімі сьцягамі ўвесь час чагосьці цягаюцца”. І нават калі яны жывуць не ў сталіцы, а дзесьці на вёсцы ці ў любым мястэчку Беларусі, у іх падсьвядомасьці сядзіць, што “дзесьці ёсьць нейкія яны, якія чагосьці хочуць, а мы нічога ня хочам”. Людзі ёсьць людзі, нармальныя людзі — гэта не змагары, нармальныя людзі хочуць жыць спакойна тут і цяпер. А на якой мове гаварыць, у якой дзяржаве жыць — якая розьніца людзям, па сутнасьці. Я ня думаю, што колькасьць людзей, якія ўтульна сябе адчуваюць, ніколі ня чуючы беларускай мовы, сапраўды расьце. Тут рэч нават ня ў мове. Тут справа ідэалягічнага парадку. Раней была загана іншая: толькі пачуе хто-небудзь беларускую мову — адразу пытаецца: “А Вы што, БНФ?” Цяпер так ніхто ня будзе пытацца. А раней, яшчэ да БНФ, пыталіся: “А Вы што, вучыцельніца?” Мне здаецца, цяпер агульнае стаўленьне — сярэдняе, масавае — настолькі больш гатовае да ўспрыняцьця чагосьці новага, чагосьці іншага, настолькі больш скіраванае ўнутрана ў іншую Беларусь, што як бы хто ні спрабаваў абмежаваць свой сьвет праблемамі сёньняшняга дня — усё роўна нікуды ня дзецца ад таго, што час зьмяніўся, паветра зьмянілася, сытуацыя зьмянілася. Гэта ведаюць і абмяркоўваюць людзі на ўсіх узроўнях, самыя простыя, што называецца “сярэднестатыстычныя”.

Спрабавалі неяк зноў пусьціць беларускія карані ў разьбеларушчанай Вільні, гэта прываблівала. Недзе ў годзе 1992-м — 1993-м, можа троху пазьней, мы сустрэліся тут у Менску зь Сержуком Вітушкам, ён быў зьехаўшы ў Вільню, я — у Ангельшчыну. Калі тут відавочна ўжо пайшла наперакасяк палітычная сытуацыя, мы зь ім гаварылі — і яму, і мне сябры жартам закідалі: “Чаго ты хочаш, ты ж зьехаў”. Ніхто ніколі ня скажа, што было б, калі б мы ня зьехалі, гэта можна толькі прагназаваць. І Вітушка казаў мне тады, што трэба разыграць віленскую карту і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Вось ён яе ўжо дзесяць гадоў разыгрывае — па-мойму, гэтая карта бітая. Добра, калі будуць беларускія цэнтры паўсюль, але казаць, што Вільня застаецца нашай — настолькі ўжо міталягізаванай у сучаснасьці — сталіцай… І “Наша Ніва”, віленская легенда, хіліцца да Менску — ня толькі з-за таго, што рабіцца ў Менску — прасьцей матар’яльна, але гэта неяк больш мэтазгодна.

Нароўні зь Вільняй паўстаюць два іншыя моцныя беларускія цэнтры — гэта Варшава і Прага. Зараз велізарны прыток сілаў зь Беларусі ідзе ў Прагу. Магчыма, раней гэта было зьвязана з Радыё “Свабода”, але цяпер ня толькі зь ім, цяпер там утвараецца беларускі цэнтар.

Лёндан заўсёды быў вельмі беларускім. Калі жывеш у Лёндане, дык здаецца, што ўвогуле цэнтар Беларусі — гэта Лёндан. Праўда, людзі з усіх краінаў кажуць, што калі жывеш у Лёндане, то здаецца, што Лёндан – гэта і іхная сталіца. Вельмі шмат беларусаў праяжджаюць празь Лёндан альбо едуць у Лёндан па нейкія свае патрэбы. Там айцом Аляксандрам Надсанам утвораны цудоўны беларускі цэнтар, там выдатная бібліятэка імя Францішка Скарыны. Там усё дапамагае прывесьці думкі ў яснасьць. Калі гаворыш зь людзьмі, якія пачалі змагацца за волю і незалежнасьць гадоў на сорак-пяцьдзясят раней за нас, выехалі зь Беларусі ў часе другой сусьветнай вайны, а цяпер жывуць у Вялікай Брытаніі, разумееш, наколькі розныя мы. Але мы зь іх вырасьлі. У нас паняцьце незалежнай вольнай Беларусі нашмат шырэйшае, чым у іх, таму што пад незалежнай і вольнай мы разумеем яшчэ і духоўна моцную, культурна разьвітую, прыгожую Беларусь — такую, якой яна і ёсьць.

А тое, што лучыць розныя пакаленьні беларускіх незалежнікаў — — гэта пачуцьцё густу, меры, фантазія, паэтычнасьць. Тысячу разоў казалі, што мы — нацыя паэтаў. Гэта адна з асаблівасьцяў Беларусі й беларусаў.

Сярод беларускіх культурных цэнтраў ёсьць яшчэ Беласток. Вільня — духоўная сталіца Беларусі на працягу стагодзьдзяў, але й Беласток — гэта фантастыка. (Мы — адзіная краіна ў сьвеце, якая, выйграўшы вайну, страціла тэрыторыю.)

У 80-я, на пачатку 90-х, мы езьдзілі ў Вільню, каб проста глынуць паветра, напоенага беларускай архітэктурай — гэта быў адзіны горад, які захаваў велізарную колькасьць беларускай прыгажосьці. У Менску толькі на маёй памяці столькі зьнішчылі, засталося ў Магілёве троху, у Горадні троху, у Полацку троху, у Менску троху, а ў Вільні захавалася ўсё. Туды прыяжджаеш і бачыш, што такое беларуская архітэктура, што такое віленскае барока. Вільня — заўсёды Вільня.

А як мяняўся Менск на пачатку 90-х! Спачатку панарасталі гэтыя маленькія крамачкі. З аднаго боку, гэта добра, а з другога — брыдка, калі куды вокам ні кінь, акрамя тых крамачак нічога не відаць. Іх пачалі зьнішчаць. Потым паўсюль зьявіліся музычныя шапікі, і так гучна! Цяпер я іх зусім ня чую, а тады проста пад вокнамі крычалі. А цяпер гэты рытм зьменаў у гарадзкім асяродзьдзі трохі замарудзіўся. Зараз калі зьмена ідзе, то дробная.

Я нядаўна чула развагі, што Беларусь уся — і эканамічная, і палітычная — утрымліваецца на грошы беларускай мафіі ў Маскве (пераважна палешукоў). Там, маўляў, ёсьць нейкая колькасьць людзей — частку зь іх я ведаю асабіста — якім пакуль што выгадная такая сытуацыя, якая існуе ў Беларусі, але яны гатовыя інвэставаць у Беларусь такія грошы, якіх ніводная постсавецкая прастора папросту ня бачыла. Ня ведаю, наколькі гэта праўда ці няпраўда, але яна ёсьць — нейкая трэцяя Беларусь, пра якую мы ня ведаем, гэта Беларусь фінансава забясьпечаная, багатая, якой усё роўна, Мінск ці Менск. Ня ведаю, у які бок гэтыя людзі паўплываюць, калі час зьменіцца, а час зьмяняецца — хочам мы таго ці ня хочам — і зьмяняецца ў вельмі добры бок.

Вось, многія беларускія дзеячы прыяжджаюць на Захад і скардзяцца, што дзяржава спыняе фінансаваньне. Перастае падтрымліваць беларускія праекты, выдавецтвы, газэты. Скрозь прыводзяць прыклад таго, што беларушчыну заціскаюць у Беларусі — спыненае фінансаваньне. Маўляў, мы круцімся, нам няма на што жыць. Яны не разумеюць, што гэтаму на Захадзе не спачувае ўжо ніхто. Ніхто ня можа зразумець, а чаму, зрэшты, вам дзяржава плоціць. Людзі прывыклі, што плоціць дзяржава, але хто плоціць, той і музыку замаўляе. Вельмі мне падабаецца, што нарэшце ёсьць сьвядомасьць, што плаціць за сябе трэба самім, самім знаходзіць сродкі, самім спрабаваць акупляцца, але не шукаць грошай у дзяржавы. Вельмі важна, што цяпер беларусы пачынаюць станавіцца на ногі — хоць гэта вельмі цяжка і вельмі балюча. Уявіце сабе, што дзесяцігодзьдзямі прывыклі, што заробак прыходзіць аднекуль у пэўны час у пэўным памеры, быццам сам сабою. Заробак, ня толькі ў бізнэсе, але асабліва ў творчасьці, не павінен прыходзіць ад дзяржавы ў пэўны час у загадзя прызначанай колькасьці — гэта вельмі важна для пачуцьця незалежнасьці і для ўсталяваньня незалежнасьці, бо палітычная незалежнасьць ня прыйдзе ў фінансавай залежнасьці і ня прыйдзе ў мэнтальнай залежнасьці. А ў нас часта плачуць, што вось мы хочам гэтую дзяржаву зьмяніць, дзяржава бяка, мы хочам незалежную вольную Беларусь з добрым беларускамоўным разумным чалавекам на чале, але мы хочам пры гэтым, каб тая дзяржава, якую мы хочам зьмяніць, нам плаціла; мы будзем пісаць нашыя кніжкі супраць гэтай дзяржавы на грошы дзяржавы — гэта ж немагчыма! Гэта глыбока няправільна, бо ніколі ня прыйдзе ніякая палітычная незалежнасьць, калі няма незалежнасьці ўнутранай.

Адчуваньне, што сьвет залежыць ад мяне, ад таго, як я яго зраблю, зь якім мы жылі ў 1990 годзе, зьнікла. Але, па-мойму, яно вяртаецца на іншым узроўні. Адна рэч — агульная хваля рамантыкі, якая захлынае, калі робіш — як ідзеш у бойку. Цяпер гэтае пачуцьцё грунтуецца не на энтузіязьме: больш-менш вымалёўваецца пэрспэктыва разьвіцьця культуры. Цяпер гэта адчуваньне, што я адказны за сьвет, бо сьвет будзе такі, якім я яго ствару.

Я цэлы гэты год думала наконт часу. Можа, таму, што сёлета — дзесяць гадоў з 1990 году, калі ўсё адбылося, усе незалежныя выдавецтвы паўсталі, паўстала царква, Дэклярацыя Незалежнасьці была абвешчаная, парлямэнцкая апазыцыя БНФ утвораная — дзесяць гадоў усяму. У “Свабодзе” была гаворка з Пазьняком пра гэта. Ён кажа: “Цяпер, зь цяперашнім досьведам, гледзячы назад, я магу сказаць, што гэта быў цуд, што гэта было немагчыма, гэта супраць усіх законаў лёгікі, каб 25 чалавек перамаглі ўсю велізарную старую сыстэму”. Потым неяк у мяне пыталіся, як гэта было магчыма. Па лёгіцы, калі перабіраеш усё тое, што адбывалася, — гэта было немагчыма. А потым думаеш: чаму ўсё тое, што здавалася немагчымым, было магчыма?

Шмат у якіх людзей, асабліва ў тых, хто вельмі актыўна ўдзельнічаў у беларускіх рухах другой паловы 80-х — пачатку 90-х, зьявілася настальгія па тым часе. Па часе, які тады набрыньваў — таксама, здавалася, зь нічога. Спачатку ў 80-х раптам ніадкуль вырастаюць нейкія аб’яднаньні, тут жа выбух літаратурнай актыўнасьці (аб’яднаньне “Тутэйшыя” і ня толькі). У нас было адчуваньне багоў-стваральнікаў: здаецца, што ўсё завязваецца, усё магчыма, усё атрымліваецца.

Ня кожнаму пакаленьню даецца перажыць такі магутны творчы усплёск.

Ня толькі мы ствараем час, час таксама патрабуе свайго: ёсьць час для творчасьці, час для назапашваньня, час для адпачынку. Пасьля гэтага вельмі бурнага пэрыяду наступіў спад. Зьмянілася палітычная сытуацыя — з прыгожай мары пра Беларусь раптам паўстае страшэнная небясьпека для хоць якой Беларусі. Час зьмяніўся, і напачатку гэта падавалася трагічным, асабліва пасьля двух рэфэрэндумаў.

Я ведаю добра, як гэта ўспрымалася старымі беларусамі-эмігрантамі. Яны казалі: раней мы заўсёды маглі сказаць, што гэта былі чужынцы, якія навязвалі нам сваю волю. Пасьля тых двух рэфэрэндумаў так ужо ня скажаш — народ сам адракаецца сваёй гісторыі, сымболікі, дзяржавы. Было вельмі цяжка патлумачыць ім, што людзі засталіся, якія былі, проста час зьмяніўся.

1990-ы быў часам нейкага прыгожага ствараньня, фантастычны быў час. Цяпер зусім ня так, цяпер беларускае жыцьцё ў Беларусі — зусім іншая зьява. Яно не настолькі інтэнсыўнае, але яно цікавейшае, дзесьці больш разнастайнае.

Тое, што цяпер робіцца, робіцца нашмат больш прафэсійна.

Час, які ўсім здаваўся часам спаду, насамрэч — час назапашваньня. Ён сапраўды — і эмацыйна, і творча — пайшоў на ніз вельмі здорава, але ў мяне такое адчуваньне, што ён паварочвае ізноў угару, павярнуў ужо, і праз год-два мы пабачым зусім іншую карціну. Магчыма, гэта будзе яшчэ нашмат цікавей, ярчэй, чым той канец 80-х — пачатак 90-х. Прынамсі, нешта роўна вялікае паўстане, бо патэнцыял цяпер большы, чым быў тады. Цяпер у нас проста неверагодны патэнцыял! Паглядзіце на тыя ж выданьні, якія былі тады, “Студэнцкую думку” ці “Навіны БНФ”. Што б тады ні выдавалася, усё з рук у рукі хапалі, чыталі — цяпер бы гэтага не чыталі зусім. Цяпер ёсьць “Фрагмэнты”, ці “ARCHE”, ці “Наша Ніва” – гэта ўсё высьпявала паступова, каб выйсьці на такі ўзровень прафэсіяналізму. Вярніце цяпер час “Студэнцкай думкі”, калі там даваўся слоўнік для тых, хто хоча падвучыцца гаварыць па-беларуску, і ў ім тлумачылася, што “вятрыска – гэта ласкавы ветрык”. Такія рэчы цяпер у прынцыпе немагчымыя.

Чым мне вельмі падабаецца наш час — тым, што ён паказаў нам, дзе мы стаім, што ёсьць што і хто ёсьць хто. Яно з аднаго боку можа паказацца сумным, з другога боку гэта вельмі цікава, але ў любым разе — гэта фэнамэнальна”.

“НН”


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная13

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

Дырэктарка дзіцячага цэнтра, дзе размаўляюць выключна на рускай, абвінавачвае чыноўнікаў і дзяржаўных журналістаў у хлусні27

Гісторыя ў ЕГУ — гэта гістфак вашай мары. Еўрапейскі дыплом з навучаннем на беларускай мове пры інтэнсіўным вывучэнні англійскай. І поўная свабода1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная13

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць