Архіў

Адам Глёбус. Нашы тутэйшыя

№ 09 (218), 26 лютага — 5 сакавіка 2001 г.


 Адам Глёбус

Нашы тутэйшыя

 

1984. Янкоўскі й прыпынак

Актор Расьціслаў Янкоўскі чытае Зыгмунда Фройда. Ён у захапленьні ад тэкстаў аўстрыйскага псыхоляга. Я ем вінаград і слухаю ягоныя развагі пра лібіда. Вінаград мне падабаецца больш за тэорыі ў пераказе народнага артыста СССР. Нечакана Янкоўскі кажа: “Галоўнае, гэта спыніцца й азірнуцца. Разумееш... Спыніцца й азірнуцца”. І зноў вяртаецца да вялікага Зыгмунда. Шаснаццаць гадоў я ня згадваю гэтых “спыніцца й азірнуцца”, пакуль аднойчы ня чую за сьпінаю звону пабітага шкла. Спыняюся, азіраюся й згадваю Янкоўскага. І мяне пачынае мучыць пытаньне... Які звон прымусіў артыста спыніцца ў развагах пра лібіда? А мяне прыпыніў звон шкла, якое прыбіральшчыца высыпала зь вядра ў кантэйнэр са сьмецьцем.

 

1989. Коўтун і парада

Аўтарка романаў пра Цётку Валянцінка Коўтун падыходзіць да мяне й ціхенька так, па-сваяцку, кажа: “У выдавецкіх плянах стаіць зборнік “Паркан”. Я пагартала. Ты можаш усіх выкінуць і выдаць сваю кнігу пад гэтай назвай”. — “А як жа сяброўства, братэрства, дамоўленасьці, урэшце?” — “Якое сяброўства? Я табе разумную параду даю”. А я чужых парадаў ня браў і не бяру.

 

2000. Адамовіч і геі

У Стакгольме на парадзе геяў журналістка Ядзьвіга Адамовіч (Ціна Клыкоўская) у запале пачуцьцяў кажа фатографу Алене Адамчык: “Мы з табою галоўныя гейшы Беларусі”. Зразумела, Ядзя мае на ўвазе, што яны дзейсна спрыяюць гей-руху, а атрымліваецца тое, што атрымліваецца. І цяперака слоўца “гейша” можа пазначаць у нашай мове жанчыну, якая дапамагае геям адстойваць свае правы.

 

2000. Адамчык і Гальпяровіч

Радыёжурналіст Навум Гальпяровіч пераймае мяне на сустрэчы з замежнымі літаратарамі й кажа: “Не разумею я твайго бацькі Вячаслава, ён паводзіць сябе як клясык, надае значэньне кожнаму слову, кожнаму выступленьню, кожнай публікацыі... А жыцьцё значна прасьцейшае, яго трэба ўспрымаць лягчэй...” Гальпяровічу не пярэчу. Не разумее ён майго бацькі, і хай сабе. Галоўнае, я разумею.

 

2000. Абламейка
й прастытуткі

Радыёжурналіст Сяргей Абламейка любіць пагаварыць у этэры на тэалягічную тэму, а тут раптам пачынае разважаць на газэтных палосах пра… пра… прастытутак. Досыць цікава, што ў Каталёніі, пры жонцы, ён знаходзіць магчымасьць зайсьці ў прастытуткадайную ўстанову, а потым запісвае: “У барах прыморскіх мястэчак Каталёніі прастытуткі прыгажэйшыя, чым, напрыклад, у Празе. Зрэшты, яны могуць быць пражанкамі, якія выехалі на лета да мора на заробкі — чэшкі ў Чэхіі амаль не працуюць”. Збольшага дакладна. На мой густ, і ў Каталёніі б… не прыгожыя. Пра праскі славяна-цыганскі кантынгент казаць ня буду. Скажу пра памылку Абламейкі, які думае: “У Беларусь путаны на заробкі ня едуць”. А вось і едуць: з Арла і Тамбова, з абмерзлага Ўладзівастоку й татарскай Казані. Прастытуткі належаць да своеасаблівай вандроўнай нацыянальнасьці, яны жывуць і працуюць ня там, дзе нарадзіліся. Разбэшчанасьць і грошы на сэкс у Беларусі пакуль што ёсьць. Трэба дома бываць часьцей, спадару Абламейка, можа й нешта нейкае абломіцца.

 

2001. Галубовіч і пакінутае

Паэт Леанід Галубовіч кінуў піць, курыць і пісаць вершы. Па-сялянску шчыра й мудра ён яшчэ абвясьціў пра тое на ўвесь беларускі сьвет. Вядома, усе мы раней ці пазьней кідаем і піць, і курыць, і пісаць, але баімося ў тым прызнацца, бо бачым у кіданьні й старасьць сваю, і нямогласьць, і творчае бясплодзьдзе. Галубовіч усё зрабіў слушна, акрамя таго, што кніга “апошнія вершы леаніда галубовіча” выйшла ў мінулым стагодзьдзі.

 

2001. Дудараў і сьцяжкі

У тэатральнага дзеяча Аляксея Дударава на стале стаіць беларускі сьцяжок. Адзін бок таго сьцяжка бел-чырвона-белы, а другі — чырвона-зялёны з арнамэнтам. У залежнасьці ад перакананьняў наведніка сьцяжок паварочваецца тым ці іншым бокам. Напэўна, у Дударава тры душы. З адной ён ходзіць атрымліваць прэміі з рук Лукашэнкі, з другой бароніць тэатар “Вольная сцэна” ад лукашыстаў, а з трэцяй выгульвае сабачку ў сквэрыку на беразе Сьвіслачы. Нехта запярэчыць, маўляў, нямашака ў Аляксея такога эклектычнага сьцяжка. Скажу, такі сьцяжок варта было б выдумаць, бо патрэбны ён ня толькі Дудараву, а татальнай большасьці белчыноўнікаў.

 

2001. Скарынкін і прэмія

Артадаксальны рыфмаплёт Андрэй Скарынкін кажа, што, калі б яму прапанавалі прэмію імя Янкі Купалы, гэта было б тое самае, што Байрану прапанаваць прэмію імя Вазьнясенскага. Ён кажа, а “Свободные Новості” друкуюць. Тое, што хворых на манію велічы ў Менску хапае, — не навіна. Але пра менскага Байрана я чую ўпершыню, таму й пазначаю падзею.

 

2001. Вячорка й палітыка

Я прыйшоў да высновы, што апагеем палітычнае кар’еры Вінцука Вячоркі было месца карэктара пры прэсавым сакратару Зянона Пазьняка.


Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску масажыст Андрэй таемна здымаў голых кліентак27

У Мінску масажыст Андрэй таемна здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама апынуўся у СІЗА КДБ7

На гэтым тыдні можна схадзіць на бясплатныя экскурсіі па Мінску

Палякі пачалі атрымліваць прапановы працы за 35 еўра за гадзіну. Так іх могуць вербаваць6

ЕС перамаўляецца аб выключэнні расійскага алігарха Алішэра Усманава з санкцыйнага спісу. Часу зусім няшмат4

Лукашэнка: Каб і хацелі пастаўляць калій на Захад, то няма чаго9

У «Мінск-Свеце» дазволілі ставіць транспарт пад вуглом да праезнай часткі, але не ўсюды2

«Стала немагчыма дыхаць». Беларуса ў Польшчы збіла машына, але штраф выпісалі і яму10

Іконы, талон у паліклініку і нават лаваш. Што беларусы засоўваюць у банкаматы1

У школе ў дзяцей спыталі пра заробак бацькоў. Чыноўнікі адказалі, ці гэта карэктна6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску масажыст Андрэй таемна здымаў голых кліентак27

У Мінску масажыст Андрэй таемна здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць