Архіў

Сяргей Харэўскі. Экскурсія ў няісны музэй

№ 40 (249), 1 кастрычніка 2001 г.


 Экскурсія ў няісны музэй

Сяргей Харэўскі

 

Праходзьце, праходзьце, во ў гэтыя весьнічкі. Думалі, ведаеце, зрабіць жалезныя якія, але пакінулі гэтыя. Як бярэшся, дык заўсёды цёплыя. Бэз? Ой, ня ведаю... Кажуць, яму больш за паўсотні гадоў. Нібы Вітольд Бялыніцкі садзіў. Ён любіў пісаць бэз. А сад... Яблыні гэтыя, пэўна, яшчэ даваенныя. Вось па гэтай сьцяжыне — проста да тае габрэйскае “Ямы”. Сюдою туды ня ходзяць. Ходзяць адтуль. А гэта — тыя самыя скульптуры, што стаялі на Палацы Прафсаюзаў. А гэта — з Прывакзальных вежаў. Так, іх тут і выраблялі. Гэта працы Сяргея Адашкевіча. Цяпер іх замянілі на больш трывалыя копіі, а арыгіналы — тут. А гэта — працы Акіма Курачкіна. Не ўсьміхайцеся. Такія стаялі колісь па ўсёй Беларусі. Во гэта Маркс, а гэта — помнік савецкім салдатам з Паставаў... Не! Гэта са Слоніму, а гэты — з Паставаў, ці з Полацку... Ім усім у гэтым садзе добра. Во як гэтаму Дуніну-Марцінкевічу на лаве. Гэта Шатэрнік зрабіў. І Колас таксама ягоны. Колас тут сам бываў часта. Яго партрэт тут пісаў Зянон Паўлоўскі. І яны разам зь Бялыніцкім-Бірулем тут утрох, бывала, бралі чарку. Ну дык праходзьце ў дом, праходзьце... Вось налева — мэмарыяльная майстэрня скульптара Адашкевіча. Ён тут працаваў ад 48-га да 2000 г. Гэта маршал Жукаў. Яго расфарбаваў сам Адашкевіч. Гэтак пажартаваў, калі яму адлучылі сьвятло й ацяпленьне. А гэта колішнія беларускія грошы, на якіх выяўленыя ягоныя скульптуры: Мастацкі музэй, вакзал, прафсаюзны палац. Гэта — баян Адашкевіча. Ён добра на ім граў. Бывала, па вечарох зьбіраліся суседзі-мастакі, падпявалі яму. А гэта — ягоны Багушэвіч, Скарына, Каліноўскі. Як прайшоў рэфэрэндум, дык заказчыкі адмовіліся забіраць. Ну, дык ім самае месца тут, дзе й былі створаныя. Вось мапа ўсяго Татарскага перадмесьця й Замкавай вуліцы, створаная самім скульптарам у 1950-м. І рознымі колерамі пазначана, што тут нішчылі з году ў год. Бадай, іншага такога дакумэнту няма нідзе.

Астатнія майстэрні вырашылі не пэрсаніфікаваць, бо тут прайшлі адно за адным пакаленьні й няма як аддаць некаму перавагу. Вось у гэтым пакоі працаваў Зянон Паўлоўскі, тут ён і памёр. Пасьля тут працавалі іншыя мастакі. А тую майстэрню дзялілі Марачкін з Маркаўцом. А тут працаваў сам Яўген Кулік.

Гэтая экспазыцыя прадстаўляе нам творы мастакоў Заходняе Беларусі міжваеннага часу, якія тут зьберагаліся й рэстаўраваліся — Драздовіча, Сергіевіча, Сеўрука. Іх тут перахоўвалі й паднаўлялі. Як і гэтае разьбярства часоў барока. А гэта — покуць абразоў, што па-зьбіралі мастакі са зруйнаваных сьвятыняў у 70—80-я.

А гэта сапраўды цікавая рэч. Раяль ХІХ ст., нямецкае работы, карэльская бяроза, слановая костка. На гэтым раялі акампаніявалі Александроўскай і Бабію... Яны былі тут нярэдкімі гасьцямі. Вось іхныя партрэты, напісаныя тут: Ларыса Пампееўна, Зінові Восіпавіч... А гэты прапіл на раяльнай паліроўцы зрабіў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Ён пілаваў на гэтым раялі палкі для транспарантаў на першыя апазыцыйныя мітынгі. А вось і тыя транспаранты. Іх тут цэлая калекцыя, разам з плякатамі й харугвамі, што вырабляліся таксама тут, ад канца 80-х. Мастацтвазнаўца Міхась Раманюк разам з Шунейкам першымі прыдумалі калекцыянаваць гэтае мастацтва. Насамрэч, гэтую агітацыю стваралі ў гэтых сьценах выдатныя мастакі: Крукоўскі, Купава, Марачкін... Усё тут. Праўда, агітацыя — не зусім тое слова. Гэта была прапаганда беларушчыны ў выглядзе мітынговага рэквізыту. Раней трымалі гэта па хатах, але, як бачыце, маштаб зусім не кватэрны.

А гэты стэнд распавядае пра іншых гасьцей мастакоў. Вось пра філёлягаў, літаратуразнаўцаў і філёзафаў: Сьцяпан Александровіч, Фёдар Янкоўскі, Леў Мірачыцкі, Уладзімер Конан, Аляксей Каўка. Здымкі, на якіх мы бачым іх на розных вечарынах у гэтых сьценах, іхныя кнігі з аўтографамі мастакам-гаспадарам, фрагмэнты дзёньнікаў. Мастацтвазнаўцы тут былі Міхась Раманюк ды Сакалоў-Кубай. Літаратары Генадзь Тумас, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў... Ну, літаратараў тут багата, доўга пералічаць, паглядзіце самі. А вось фатаздымкі, зробленыя тут падчас гасьцяваньня старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. А вось і Галіна Русак. А вось чэскі беларусіст Вацлаў Жыдліцкі, а вось — дачка Фэрдынанда Рушчыца, Барбара, і малюнак яе славутага бацькі.

Што да музыкаў і танцораў, я памаўчу, глядзіце самі. Ад “Песьняроў” з “Харошкамі” да цяперашніх бардаў і рокераў. Касэты, плякаты, гітары. А! Гэта й насамрэч вартая штука. Гэты прайгравальнік прынёс Алесь Марачкін адмыслова, каб на вечарыне памяці Забэйды-Суміцкага паслухаць грамзапісы зь ягонымі сьпевамі. Пачакайце, зараз пастаўлю... Паслухаем. А можам і паглядзець. Вось тут — пакой для відэапрагляду. Ну, гэта тут аматарскіх шмат стужак. Маркавец здымаў, Шатэрнік, амэрыканскія беларусы. Вось здымкі розных кампаніяў 25 сакавіка 2000 г., як тут ладзілі пэрформанс Разанаў з Маркаўцом. А вось унікальныя відэастужкі з архіваў КГБ. А гэта цэлы фільм Уладзімера Коласа “Дамова з Гітлерам”. Памятаеце, там мастак Задорын прыводзіць у гэтыя майстэрні, да Сяргея Малішэўскага, галяндзкага галерэйшчыка. Ну, дык гэта ўсё тут было.... Не стаміліся? То пройдзем яшчэ ў адну залю. Тут прадстаўленыя мастацкія творы, на якіх выяўлены гэты дом альбо ягонае навакольле. Вось тут творы Яўгена Ціхановіча і ягонага сына Генрыха, некалькі рэчаў, напісаных Бялыніцкім-Бірулем, малюнкі Яўгена Куліка, эцюд Адольфа Гугеля, 50-х яшчэ гадоў, “Выгляд з акна”, што напісала Раіса Кудрэвіч, і акварэлі Ткачонка, Шнарэвіча, Апіёка. Вось гэта — творы Красоўскага, тут — Сулкоўскі. Гэта малюнкі іхных дзяцей, а гэта іхных вучняў... Усе перабывалі тут. Здаецца, збольшага ўсё. Хадземце. Так, мастакі сюды ходзяць. Хто тут працаваў, дык маюць уласныя ключы. Гэта ж усё яны й стварылі. Паціху, вось сюды... і направа. Бярыце, бэз, бярыце. Яго чым болей ломіш, дык ён гусьцейшы, пышнейшы пасьля расьце. Прыходзьце часьцей. У нас вечарыны ладзяцца, як колісь”.


Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме23

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Бабруйскам 12-гадовыя школьніцы падпалілі чарот, а потым тушылі яго кока-колай

Лукашэнка — Турчыну: У вас ёсць прэзідэнцкія схільнасці3

Школьнік загінуў пад коламі электрычкі ў Смаргоні1

Рубіа: Мы афіцыйна адмяняем 83% праграм USAID19

Кампанія А1 стане дыспетчарам таксі3

Лукашэнка прызначыў новага памочніка па Гомельскай вобласці3

Раман Галоўчанка стаў кіраўніком Нацбанка10

Галоўчанку адправілі ў адстаўку. Новы прэм'ер — Аляксандр Турчын8

Лукашэнка адправіў у адстаўку Паўла Калаўра, які кіраваў Нацбанкам 10 гадоў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме23

Зяленскі паслаў Трампу ліст з прабачэннямі за інцыдэнт у Белым доме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць