№ 44 (253), 29 кастрычніка 2001 г.
Касмэтычны
рамонт у кішэнях пэнсіянэраў
Узрост выхаду на пэнсію будзе павялічвацца на 6 месяцаў штогод. Працуючыя пэнсіянэры будуць вымушаныя выбіраць між зарплатай і пэнсіяй. Назапашвальныя пэнсійныя фонды пакуль не заменяць цяперашняй “салідарна-разьмеркавальнай” сыстэмы. Стварэньне больш эфэктыўнай пэнсійнай сыстэмы залежыць ад паляпшэньня адносінаў Беларусі з Захадам.
Яшчэ ў сярэдзіне 1980-х кожная бабуля мела за справу гонару адкласьці з пэнсіі “дзясятку” сыну на “Масквіч” і рубель унуку на цукеркі. Цяпер ужо ня тое. Сярэдняя пэнсія ў 69 тысяч рублёў кампэнсуе толькі 4/5 мінімальных спажывецкіх выдаткаў. Таму калі няма больш-менш заможных сваякоў, няма й выбару. Застаецца або пераходзіць на хлеб ды малако, або ісьці зьбіраць пустыя пляшкі, або да скону ня бачыць прасьветліны ад працы на гародзе. Самае сумнае, што пры захаваньні цяперашняй пэнсійнай сыстэмы нейкіх лепшых варыянтаў для пэнсіянэраў не прадбачыцца, нават калі Беларусь выкараскаецца з эканамічнага крызысу.
Пэнсійная сыстэма Беларусі пабудаваная на простым прынцыпе “салідарнасьці пакаленьняў”. Сэнс яго такі. Сын, што працуе цяпер, павінен адлічваць частку заробку ў Пэнсійны фонд на выплату пэнсіі бацьку. Прыйдзе новае пакаленьне, і ўжо сын стане ўтрыманцам свайго нашчадка. Так сапраўды магло б працягвацца да бясконцасьці, калі б не дэмаграфічныя зьмены. Сем’і сталі заводзіць меней дзяцей, насельніцтва імкліва “старэе”. “Ціск” на працоўную частку насельніцтва ўзрастае.
Статыстыка падае, што за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць занятых у эканоміцы Беларусі зьменшылася на 15%, у той час як пэнсіянэраў наадварот паболела на 12%. Таму калі ў 1990 г. на аднаго пэнсіянэра ў краіне прыпадала 2,2 працоўнага, то цяпер — 1,6. Пры такой нараджальнасці, як цяпер, надзеі на паляпшэньне сытуацыі няма. Недзе ў 2015 г. адзін працоўны павінен будзе забясьпечваць аднаго пэнсіянэра. А далей Беларусь пяройдзе мяжу, за якой вырашыць праблему годных пэнсій немагчыма стане нават звышрадыкальнымі захадамі — з улікам дзяцей каля 70% насельніцтва краіны будуць утрыманцамі. Вядома, хаця б на нейкі час пэнсійны абвал магло б стрымаць падвышэньне адлічэньняў у Пэнсійны фонд з заробкаў працуючых грамадзянаў. Скажам, замест цяперашніх 35% ад заробку пераводзіць туды ўсе 50. Але ня трэба быць прафэсійным эканамістам, каб разумець, што такі цяжар ня здольная вытрымаць ніводная эканоміка ў сьвеце. Да таго ж, ужо цяпер відавочна, што нават пры новай стаўцы грошай у кішэнях беларускіх пэнсіянэраў усё адно больш ня стане.
Пагрозу заўважылі ня сёньня, размовы пра рэфармаваньне пэнсійнай сыстэмы ў Беларусі чуваць даўно. Чатыры гады таму ўрад Лінга абвясьціў, што пэнсіі мусяць калі-небудзь падзяліцца на сацыяльныя (гэты мінімум гарантуецца кожнаму й аплачваецца зь бюджэту), страхавыя (назапашаныя ў Пэнсійным фондзе) ды дадатковыя недзяржаўныя. Амаль усе пагаджаюцца, што хібаў у сыстэме “салідарных пенсіяў” аж зашмат. Па-першае, яны цалкам залежаць ад “бягучага стану справаў” у эканоміцы. Можна ўсё жыцьцё акуратна сплачваць грошы ў Пэнсійны фонд, а ў выніку атрымаць мізэр, паколькі ў гэты момант у краіне малыя заробкі ды крызыс выплатаў. Па-другое, цяпер адлічэньні фармальна робяцца “ад усіх і для ўсіх”, але пры гэтым дзяржава вызначыла, што былы работнік апарату ЦК КПБ чамусьці мае перавагу над былым прафэсарам, а шахцёр — над калгасьнікам. Мала таго, з супольнага фонду фінансуюцца ня толькі шматлікія льготы, але таксама сацыяльныя праграмы, якія дачыненьня да пэнсій увогуле ня маюць — зь яго кампэнсуюцца пуцёўкі ў санаторыі, дапамогі на дзяцей ці выплаты інвалідам.
Нарэшце, галоўнае. “Салідарна-разьмеркавальная” сыстэма не пасуе да беларускіх умоваў ужо таму, што яе нерэальна прыстасаваць да новых дэмаграфічных рэалій. Ствараць нейкія рэзэрвы пэнсійных грошай можна толькі тады, калі працуючыя цяпер перакладваюць іх на асабістыя рахункі. Кажучы інакш, калі яны пачынаюць назапашваць сабе пэнсію самі.
Сёлета беларус зь “сярэднестатыстычным” заробкам сплачвае на пэнсіі каля 300 даляраў у год. Уявім сабе сытуацыю, што дзьве траціны ад гэтай сумы ён па-ранейшаму аддае ў супольны Пэнсійны фонд на “салідарныя пэнсіі”, а траціну пакідае “для сябе”. У выніку атрымаецца, што калі пералічваць штогод на асабісты рахунак тыя ж 100 даляраў і класьці іх у банк пад 10% (сярэдні працэнт для валютных укладаньняў), то праз 40 гадоў на рахунку будзе ўжо 48600 даляраў. Гэтых грошай безумоўна хопіць гадоў на дваццаць заможнага жыцьця на пэнсіі. Можна зьняць назапашаныя грошы і трымаць дома, “выплачваючы” сабе 200 даляраў у месяц. А можна пакінуць на рахунку і жыць, карыстаючыся з працэнтаў. Тады на год атрымаецца 5346 даляраў, а на месяц — 445,5. Як кажуць, ужо штосьці.
Сутнасьць сыстэмы назапашвальных пэнсійных фондаў вельмі простая: чалавек сам зьбірае грошы САБЕ на будучую пэнсію. Толькі не кладзе іх у банк асабіста, а робіць гэта праз спэцыяльны Пэнсійны фонд, які лепей апякуецца грашыма, лепей ведае, куды іх выгадней укладаць і дзейнічае пад кантролем і страхоўкаю дзяржавы, каб не было так, што банк лопнуў і чалавек застаўся бяз грошай на пражыцьцё ў старасьці.
Выгада для пэнсіянэраў быццам бы відавочная. Але для будучых, а не цяперашніх. Для цяперашніх такі пераход азначаў бы аўтаматычнае зьмяншэньне пэнсіяў на траціну. Каб такога не адбылося, дзяржаве патрэбныя дадатковыя грошы. Знайсьці іх можна двума спосабамі. Скарачэньнем дзяржаўных выдаткаў — а яны і так не вялікія. Або пошукам замежных крэдытаў, а іх Беларусь не атрымлівае з-за дрэнных адносінаў з Захадам. Таму перайсьці на назапашвальную сыстэму ў Беларусі пакуль не наважваюцца.
Акрамя кампэнсацыі стратаў 33% адлічэньняў цяперашнім пэнсіянэрам, ёсьць і іншая складанасьць: як абараніць ашчаджаныя на рахунках сродкі ад усялякіх “чорных аўторкаў” ды “жнівеньскіх дэфолтаў”? На сёньня адносна абароненымі могуць лічыцца толькі інвэстыцыі сродкаў у кампаніі ці банкі Заходняй Эўропы і ЗША (хоць там працэнтная стаўка па ўкладаньнях ніжэйшая за ўнутрыбеларускую). Але дзеля гэтага зноў жа патрэбныя іншыя афіцыйныя стасункі з Захадам. Дый для пошуку грошай на ажыцьцяўленьне рэформы краіне, відаць, не абысьціся без заходніх крэдытаў. Пакуль адносіны з Захадам не наладзяцца, пэнсійная рэформа можа быць хіба што “касмэтычным рамонтам” без адчувальнага выніку.
Аб’яднаньне Міністэрстваў працы й сацыяльнай абароны, якое адбылося ў верасьні, ніяк не назавеш выпадковым. Наваствораны “гібрыд” узначаліла вядомая досыць лібэральнымі поглядамі сп.Морава. Можна меркаваць, што ў краіне рыхтуюцца “непапулярныя меры”, якія мусяць паслабіць “ціск” пэнсіянэраў на эканамічна актыўнае насельніцтва.
Мераў такіх чакаецца некалькі. Паколькі спадзяванка заахвоціць адтэрміноўку выхаду на пэнсію (меркавалася за кожныя два месяцы “пасьляпэнсійнай” працы падвышаць памер пэнсіі на 1%) аказалася проста эканамічна нявыгаднаю, пэўна, што пэнсійны век падвысяць прымусова, хаця і паступова — па 6 месяцаў штогод на працягу 5 гадоў. Зьмены закрануць і парадак ільготнага выхаду на пэнсію. “Датэрміновыя пэнсіі” ня зьнікнуць, аднак з цягам часу іх пачнуць плаціць са спэцыяльна створаных галіновых пэнсійных фондаў, якія будуць фінансавацца прадпрыемствамі, што выкарыстоўваюць працу ў шкодных умовах. А працуючыя пэнсіянэры будуць выбіраць паміж уласна пэнсіяй і зарплатай. Вынятак зробяць толькі для вяскоўцаў, бо інакш тыя хутка разьбягуцца са сваіх калгасаў, школак і фэльчарска-акушэрскіх пунктаў.
І ўсё ж безь пераходу да назапашваньня грошай на асабістых рахунках агонія беларускай пэнсійнай сыстэмы толькі расьцягнецца. Рашыцца на радыкальную пэнсійную рэформу ўрад пакуль ня можа, бо калі прыме рашэньне аб пачатку такой рэформы, дык можа адбыцца сапраўдны сацыяльны выбух. Але ў выпадку паляпшэньня адносінаў з Захадам такі пераход можа адбыцца.
Сяржук Іваноўскі
Каментары