Архіў

Сяргей стаў Саідам

№ 1 (263), 4 студзеня 2002 г.


Сяргей стаў Саідам

Дакладнай статыстыкі, колькі беларусаў за апошнія гады перайшлі ў іслам, няма. З 1994 г. такіх выпадкаў толькі ў Менску і адно толькі Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне налічыла 95. У асноўным гэта дзяўчаты, што павыходзілі замуж за арабскіх студэнтаў (89). Праўда, усяго паміж хрысьціянкамі й мусульманамі зарэгістравана 223 шлюбы. Такім чынам, толькі кожная трэцяя беларуска, пашлюбаваўшыся з мусульманінам, прыняла мужаву веру.

Рэдкія беларускія хлопцы, што ўдаліся ў мусульманства, адмаўляюць, што зрабілі гэта зь нейкае моды. Толькі адзін прызнаўся, што прыняў іслам сярод іншага яшчэ і таму, што гэтая рэлігія найхутчэй распаўсюджваецца, а сваё мусульманскае імя ўспомніў не адразу: “Джафар… не, Шарыф!”

Сяргей Дзядко ў 27 гадоў стаўся ў ісламе Саідам, што значыць “шчасьлівы, радасны”, але ў пашпарце пакінуў старое імя.

Сяргей Дзядко: Бо гэта не прынцыпова. Гэтаксама па жаданьні робіцца й абразаньне.

“НН”: Скуль вы прыйшлі ў іслам: з каталіцызму ці з праваслаўя?

С.Д.: З праваслаўя, але я быў пахрышчаны ў яго несьвядома, не ад душы. Не, не малым, проста, калі была мода на экстрасэнсаў, я быў пайшоў да аднаго зь іх, але ён мне сказаў, каб я прыйшоў тады, калі пахрышчуся. Праваслаўе мяне не задавальняла ў прынцыпе. Я не прымаў абразоў, бо трэба стасавацца з самім Богам. Дарэчы, у ісламе пакланеньне каму-небудзь, апрача Аллага, ёсьць самым вялікім грахом. Не падабалася, што сьвятары ўзялі на сябе права адпускаць грахі. Паводле ісламу, гэта можа зрабіць толькі Бог, ад дробных грашкоў ачышчае штодзённая пяціразовая малітва. Царква — ня Бог. Мой пераход у іслам адбыўся ня проста так: дагэтуль я пацікавіўся і вывучыў іншыя сусьветныя канфэсіі. Іслам вывучаў два гады, паступова прымаючы ягоныя прынцыпы, якія супадалі з маімі асабістымі. Напрыклад, ня браць у рот ні кроплі алькаголю. Бо за гэтым цягнецца лаянка, распуста, забойства. Я ня п’ю ўжо шэсьць гадоў, а ў мусульманстве — чатыры гады.

“НН”: А ці цяжка ў беларускіх умовах выконваць штодня ўсё, што мусіць рабіць вернік-мусульманін, тыя ж малітвы чытаць?

С.Д.: Малітва доўжыцца максымум дзесяць хвілінаў. Як часта і зусім не патроху мы сядзім і нічога ня робім, ні аб чым не задумваемся! А малітва — гэта і хвала Аллагу, і ачышчэньне ад грахоў. Кожны дзень у нас абавязковая пяціразовая малітва: пяціхвілінная зранку, яшчэ да працы, потым апоўдні, пасьля яшчэ празь дзьве гадзіны, увечары і ноччу па дзесяць хвілін. Маліцца мне ўдаецца заўсёды. Неяк знаходзіўся ў офісе ў знаёмага, падышоў час малітвы — я сказаў яму пра гэта. Ён: калі ласка, няма праблемаў. Паслаў газэту на падогу, бо трэба, каб было чыстае месца, і памаліўся. Нельга яшчэ маліцца там, дзе дужа багата народу і тлумна. Напрыклад, на дарозе, на рынку.

“НН”: Здаецца, у ісламе забаронены ня толькі алькаголь, але й сьвініна?

С.Д.: У хрысьціянстве й юдэйстве таксама забаронена есьці сьвіней. Сьвіньні жаруць абы-што — усялякія адкіды, у тым ліку фэкаліі. Іншае мяса есьці можна, праўда, калі яно здабыта адмысловым чынам і з мусульманскай малітвай. Звычайна на нашых птушкафабрыках курэй забіваюць токам, кроў запякаецца ў мясе. Утвараюцца таксыны, шкодныя для здароўя чалавека. Правільней забіваць курыцу так: пераразаць горла, каб кроў выцякала. На Камароўцы зь месяц таму зьявілася месца, дзе гандлююць мясам мусульмане. У іх я яго і купляю. Наагул ёсьць шмат людзей, хто проста лічыцца мусульманінам ад нараджэньня, але Кур’ану не трымаецца, гэтыя ж шчырыя мусульмане, я іх ведаю асабіста. Ужываць мяса жывёлы, забітай ня так, як сьлед, дазваляецца толькі ў выключных выпадках, калі няма чаго есьці.

Што да іншых табу, то прававернаму мусульманіну няма чаго рабіць на дыскатэках, дзе жанчыны апранутыя ў нястрогае адзеньне. Гэта грэх для вока. Ужо ня кажучы пра дотыкі ў танцах. У беларускім грамадзтве стала нормай, што першае-другое спатканьне сканчаецца ў мужчыны з жанчынай, як той казаў, лягічна. Паводле ісламскіх законаў, калі жанаты ўчыніць здраду ды будуць чатыры сьведкі гэтага, то гэта сьмяротная кара, калі нежанаты — сто ўдараў палкай. Шмат падману і ў беларускім бізнэсе. У сапраўдных мусульман такога не здараецца. Дарэчы, у ісламе лічыцца, што чалавек нараджаецца чыстым мусульманінам, а псуе яго якраз нэгатыўнае навакольле.

“НН”: А самі вы ці жанатыя і з кім?

С.Д.: Зь беларускай. Яна ўзяла іслам за 4 месяцы да вясельля паралельна са мной.

“НН”: Ці сутыкаліся вы калі з нэгатыўнай рэакцыяй на тое, што вы беларус і мусульманін?

С.Д.: Сваякі, сябры і знаёмыя паставіліся да гэтага нармалёва, ніякіх канфліктаў не было. Праўда, калісь выходзіў на мяне супрацоўнік КДБ. Ведаеце ж, апошнім часам іслам раўняюць аж з бандытызмам. Хоць гэта абсалютна гуманная рэлігія. Той з органаў пачаў задаваць розныя пытаньні, давялося тлумачыць сутнасьць ісламу. Стэрэатыпы якраз ад таго, што многія ня ведаюць, што такое іслам. Ніводзін прапаведнік ніколі ня будзе заклікаць да гвалту. Тэрарызм да ісламу ніякага дачыненьня ня мае. Нават у самім выразе “ісламскі экстрэмізм”, што часта гучыць у апошні час з тэлевізару, ёсьць вялізная недарэчнасьць. А да тэрарызму я стаўлюся з абсалютным асуджэньнем, тым больш што калісьці служыў у спэцаддзеле па барацьбе з тэрарызмам.

Гутарыў Ігнат Чакацкі

Паводле перапісу 1999 г., у Беларусі стала жыве 28 тысяч мусульманаў. Разам з тымі, хто жыве ў Беларусі нястала, іх у 2—3 разы болей. Гэта беларусы-мусульмане (татары), азэрбайджанцы, таджыкі, аўганцы, туркі і чачэнцы.


Каментары

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»8

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

У Новай Баравой машына на поўным ходзе збіла двух пешаходаў7

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»19

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

«Мы селі і сядзелі, а што рабіць?» У Старадарожскім раёне тры пенсіянеркі правялі цэлую ноч у лесе1

«Дынама» стартавала ў Лізе канферэнцый з паразы, прычым прапусціла на перадапошняй хвіліне ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»8

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →