Архіў

Ігар Лялькоў. “Што гэта за Ўласаў”, або Яшчэ раз пра “Купалаў кажушок”

№ 1 (263), 4 студзеня 2002 г.


“Што гэта за Ўласаў”, або Яшчэ раз пра “Купалаў кажушок”

Гісторыя пра “кажух ад Купалы”, пераказаная ў “НН” ад 19 лістапада 2001 г., падалася большасьці чытачоў цалкам легендарнай. Аднак дакумэнты, што доўгі час захоўваліся ў сакрэтным архіве асобага сэктару ЦК КПБ, а зараз знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Беларусі, сьведчаць, што чуткі, нібыта Купала й Колас дапамагалі “ворагу народу” Аляксандру Ўласаву, нарадзіліся не на пустым месцы. Былыя супрацоўнікі “Нашай Нівы”, а на той час — “жывыя клясыкі” беларускай савецкай літаратуры (да Купалы з Коласам далучыўся Зьмітрок Бядуля), сапраўды зрабілі шляхетную спробу ўратаваць свайго колішняга рэдактара. Спроба тая была тым больш ганаровай, што аўтары пададзенага ніжэй ліста разумелі, чым рызыкавалі. Разумеў гэта і ягоны адрасат.

 

Што праўда, перад тым як заступіцца за Ўласава, Янка Купала ў чарговы раз прадэманстраваў сваю ляяльнасьць да ўлады — перадаў у ЦК КП(б)Б ліст, накіраваны яму Аляксандрай Уласавай адразу пасьля арышту ейнага мужа. Пра менавіта такое разьвіцьцё падзеяў сьведчыць наступны дакумэнт:

 

№ 1357 11 сьнежня [193]9

Наркаму ўнутраных справаў БССР – тав.Цанаву

Накіроўваецца ліст Уласавай Аляксандры, адрасаваны на імя Янкі Купалы ў справе затрыманьня ейнага мужа – Уласава – у г.Маладэчне, з рэзалюцыяй сакратара ЦК КП(б)Б т.Панамарэнкі “тав. Цанава – гэты ліст атрымаў Купала. Прашу даведку, што гэта за Ўласаў”.

Ліст падлягае вяртаньню ў Асобы сэктар ЦК КП(б)Б.

Заг. Асобага сэктару ЦК КП(б)Б (Камінскі)

 

На жаль, ліста Ўласавай у справе няма, аднак пэўныя высновы можна зрабіць і безь яго. Па-першае, ейны зварот да Купалы выклікаў разгляд справы Аляксандра Ўласава ў самых высокіх эшалёнах БССРаўскага кіраўніцтва. Па-другое, савецкі намесьнік у Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, апеты ў свой час Барысам Сачанкам як найлепшы сябар “нацыянальнай творчай інтэлігенцыі” (гл.: Сачанка Б., Сьняцца сны аб Беларусі, Менск, 1990, с.146—148), нават ня ведаў, “што гэта за Ўласаў” і якое месца ён займае ў гісторыі беларускай культуры. Па-трэцяе, цяпер можна зусім пэўна сцьвярджаць, што расправа над Уласавым адбылася пад пэрсанальным кантролем першых асобаў Савецкай Беларусі і ейнага НКВД. Сёньня ёсьць магчымасьць назваць прозьвішча чалавека, асабіста адказнага за зьнішчэньне легендарнай постаці беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ ст. Мяркуйце самі:

 

№ 1390

22 сьнежня 1939

Нам. наркама ўнутраных справаў БССР – тав. Рашэтнікаву.

Накіроўваецца ліст Уласавай Аляксандры на імя Янкі Купалы й Ваш адказ ад 14/ХІІ – 39 г. за № 8992 аб праверцы фактаў, выкладзеных у лісьце, з рэзалюцыяй сакратара ЦК КП(б)Б т.Панамарэнкі.

Пра вынікі па справе Ўласава А.Н. паведамце т.Панамарэнку зь вяртаньнем перапіскі.

Заг. Асобага сэктару ЦК КП(б)Б

(Камінскі)

[На адвароце]: Рэзалюцыя: т.Рэшэтнікаў – прашу разабрацца ў справе асабіста. (Панамарэнка).

(Машынапіс, водпуск, НАРБ, ф.4, воп.21, спр.1691, арк.340.

Пераклад з расейскай.)

 

А праз чатыры месяцы Панамарэнка атрымаў допіс, пра які я згадваў у пачатку гэтай зацемкі. На простым лісьце паперы, ад рукі (спэцыялісты пры жаданьні здолеюць вызначыць, чыім менавіта аўтографам ёсьць тое пасланьне), у мове, зразумелай для ўладароў “першай у гісторыі дзяржавы беларускіх работнікаў і сялянаў”, то бок па-расейску, тры самыя вядомыя і ўплывовыя на той час беларускія пісьменьнікі выступілі ў абарону чалавека, які калісьці даў ім “шлях у жыцьцё”. Няёмка мне было браць на сябе адказнасьць за пераклад на беларускую мову сумеснага твору ажно трох клясыкаў беларускае літаратуры, таму прапаную тэкст у арыгінале:

 

Секретарю Центрального Комитета Коммунистической Партии большевиков Белоруссии тов. П.К.Пономаренко

В сентябре месяце 1939 г. органами НКВД был арестован в г.Молодечно Александр Никитич Власов. С именем Власова неразрывно связана организация первых белорусских газет – “Наша Доля” и “Наша Ніва”. В “Нашей Доле” он был ближайшим и одним из руководящих сотрудников. После того, как “Наша Доля” была закрыта (в 1906 г.), а ее редактор был осужден к заключению в крепость, стала выходить другая белорусская газета “Наша Нiва”, редактором которой был Власов. Мы также принимали активное участие в названных газетах как их сотрудники, помещая свои статьи и стихи, протестуя в них против самодержавного произвола, против социального и национального угнетения белорусского народа. Мы хорошо знаем Власова как человека, преданного трудовому народу, как культурного работника и собирателя разрозненной белорусской интеллигенции с тем, чтобы поставить ее на службу народа. Против русской культуры Власов никогда не относился отрицательно и в своей деятельности не ставил вопроса об отрыве белорусского народа от народа русского. В настоящее время Власов уже старик, и было бы несправедливо для него, если бы он на склоне своих лет не принял участия в строительстве новой социалистической культуры народа, за который он боролся и много отдал лет своей жизни. Поэтому мы просим Вас, тов.Пономаренко, пересмотреть вопрос о Власове и отнестись снисходительно к его ошибкам, если они у него были, и дать ему возможность реабилитировать себя на советской работе.

Якуб Колас

Янка Купала

Змитрок Бядуля

26 IV 1939 г. [відавочная памылка, трэба — 1940 г.]

Рукапіс, арыгінал, аўтографы аўтараў, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусі, ф.4, воп.21, спр.1810, арк.75.

 

Вынікам цытаванага звароту мог быць хіба толькі адносна мяккі вырак колішняму польскаму сэнатару: 5 гадоў лягеру — найменшы тэрмін з тых, якія атрымлівалі “беларускія буржуазныя нацыяналісты”. Але паважны век, перанесеныя ў турме пакуты й страшная сібірская лягерная зіма не далі Ўласаву перажыць і першы год за калючым дротам...

Што ж да “Купалавага кажушка”, то цяпер мы, прынамсі, ведаем: калі б нават гэтая гісторыя й была цалкам легендарнай, нейкая кропля праўды ў ёй ёсьць. І ў кроплі гэтай, як гэта заўжды бывае, адлюстраваўся акіян сталых сюжэтаў нашай падсавецкай гісторыі: “каты і ахвяры”, “тыя, хто саджаў, і тыя, каго саджалі”, “беларусы і прыхадні”, “з кім вы, майстры культуры?” etc., etc., etc.

А на клясыкаў нашых падсавецкіх усё ж такі зараз мусім глядзець з трохі большай павагай.

Ігар Лялькоў


Каментары

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»10

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

У Новай Баравой машына на поўным ходзе збіла двух пешаходаў7

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»19

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

«Мы селі і сядзелі, а што рабіць?» У Старадарожскім раёне тры пенсіянеркі правялі цэлую ноч у лесе1

«Дынама» стартавала ў Лізе канферэнцый з паразы, прычым прапусціла на перадапошняй хвіліне ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»10

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →